ЛІЦЫ́НІЙ НАМЫСЛО́ЎСКІ (Ян) (пач 1560-х г., Намыслаў, Польшча — паміж 1633—36),
мысліцель-гуманіст, пісьменнік, педагог ВКЛ. Вучыўся ў Ягелонскім ун-це ў Кракаве. З 1585 рэктар арыянскай школы ў Іўі. З 1593 прапаведнік абшчыны арыян у Навагрудку. Зблізіўся з С.Будным і Ф.Соцынам, прапагандаваў сацыніянства сярод бел.-літ. антытрынітарыяў. У 1615 за атэіст. погляды адлучаны Навагрудскім сінодам ад сацыніянскай абшчыны. Аўтар вершаванага маральна-павучальнага твора «Сентэнцыі, неабходныя ў грамадскім жыцці» (Лоск, 1589; 225 сентэнцый і перасцярог, вытрыманых у духу Адраджэння). У 1592 выдаў на польск. мове «Анатомію і гарманічнасць хрысціянскага жыцця чалавека» (не збераглася, у 1636 перакладзена на ням. мову). Выказваў рацыяналістычныя рэліг.-філас. погляды («Зварот да братоў-евангелікаў», 1597), выступаў супраць кальвінісцкай шляхты (палемічны твор «Каталісіс», 1598). З лац. на польск. мову пераклаў трактат А.Бусбеквіса аб тур. палітыцы (Вільня, 1598). Мяркуюць, што Л.Н. — аўтар «Дапаможніка для авалодання вучэннем Арыстоцеля» (Лоск, 1586; на лац. мове пад псеўд. Gracianus Prosper). На бел. мову яго перакладаў Я.Парэцкі.
Літ.:
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЯРБУ́РГСКІЯ САЮ́ЗНЫЯ ДАГАВО́РЫ1740, 1743, 1764 паміж Расіяй і Прусіяй.
1) 27.12.1740 Расія і Прусія дамовіліся аб дружбе і ўзаемадапамозе ў выпадку нападу на іх трэцяй дзяржавы (але не тады, калі Расія ваявала з Турцыяй або Іранам, а Прусія — на З ад р. Везер у цэнтр. Германіі). Сакрэтнымі артыкуламі дзяржавы гарантавалі недатыкальнасць Курляндыі, абавязваліся не дапускаць умяшання трэціх краін у справы Рэчы Паспалітай, ахоўваць там правы праваслаўных і пратэстантаў.
2) 27.3.1743 Расія і Прусія ў асн. пацвердзілі ўмовы дагавора 1740, але гарантыі Прусіі не пашыраліся на землі Паўд.Усх. Фінляндыі, далучаныя да Расіі ў выніку вайны са Швецыяй (1741—43), а гарантыі Расіі — на Сілезію, захопленую Прусіяй у Аўстрыі.
3) 11.4.1764 Кацярына II пацвердзіла Пецярбургскі мірны дагавор 1762, але адмовілася ратыфікаваць саюзны трактат ад 19.6.1762. Расія і Прусія дамовіліся пра гарантыі адна адной еўрап. уладанняў і ваен. ўзаемадапамогу ў выпадку нападу на адну з краін.; 4 сакрэтныя і 1 сепаратны артыкулы выключалі ваен. дапамогу ў выпадку вайны Прусіі на З ад р. Везер, а Расіі — з Турцыяй, абвяшчалі абарону існуючых форм кіравання ў Швецыі, абавязвалі абодва бакі не дапускаць змен у канстытуцыі Рэчы Паспалітай і падтрымаць кандыдатуру Станіслава Аўгуста Панятоўскага на яе прастол.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЦКІ (Іосіф Вельямін) (свецкае Іван Феліксавіч; 1574, маёнтак Рута, Навагрудчына — 5.2.1637),
бел. царкоўны дзеяч, пісьменнік, педагог, філосаф. У Віленскай кальвінскай школе вывучаў латынь, грэч. мову, іўрыт. Вучыўся ў Празе, скончыў Вюрцбургскі ун-т. Каля 1600 паступіў у Грэчаскі калегіум у Рыме. Каля 1601 вярнуўся на радзіму. З 1602 рэктар Віленскай уніяцкай семінарыі, у якой правёў рэформы ў сістэме адукацыі, напісаў навукова-пед.трактат «Дыскурсус» (каля 1605). У Вільні зблізіўся з І.Кунцэвічам. У 1607 стаў манахам уніяцкага манастыра, выкладаў багаслоўе, лац. і царк.-слав. мовы. З 1608 мітрапаліт І.Пацей прызначыў яго сваім намеснікам. Намаганнямі Р. засн. манастыры ў Быцені, Жыровічах, Навагрудку. З 1609 архімандрыт, з 1613 уніяцкі мітрапаліт. Вёў палеміку з М.Сматрыцкім, праваслаўнымі. У палемічных творах «Падвойная віна», «Экзамен абароны» (абодва 1621), «Дадатак да экзамена абароны» (1622) і інш. выявіўся як майстар мастацка-публіцыст. слова, пісьменнік-аналітык. Схіляўся на бок дактрыны аб прыярытэтнасці свецкіх улад у краіне.
Літ.:
Турук Ф. Униатский митрополит Иосиф Вельямин Рутский (1613—1617) и его значение в истории униатской Западной русской церкви. Пг., 1916;
Прокошина Е.С.Мелетий Смотрицкий. Мн., 1966;
Саверчанка І.В. Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі. Мн., 1994.
французскі пісьменнік і філосаф, адзін з прадстаўнікоў франц.Асветніцтва. Ранняя лірыка прасякнута эпікурэйскімі і антыклерыкальнымі матывамі. Сталая проза розная па тэмах і жанрах: філас. аповесці «Кандыд, або Аптымізм» (1759), «Прастадушны» (1767), трагедыі ў стылі класіцызму «Брут» (1731), «Танкрэд» (выд. 1761), сатырычная паэма «Арлеанская нявінніца» (1735, выд. 1755), публіцыстыка, гіст. творы. Светапогляд яго супярэчлівы. Выступаючы прыхільнікам механікі і фізікі Ньютана, ён прызнаваў існаванне Бога-творцы, схіляўся да атаясамлівання Бога («вялікага геаметра») і прыроды. Дзейнасць яго звязана з барацьбой супраць рэліг. нецярпімасці і цемрашальства, крытыкай феад.-абсалютысцкай сістэмы, заганаў цывілізацыі. Асн. творы: «Філасофскія пісьмы» (1733), «Трактат пра метафізіку» (1734), «Нарыс пра норавы і дух народаў...» (1756), «Філасофскі слоўнік» (1764—69). Яго творчасць значна паўплывала на развіццё сусветнай, у т. л. беларускай, філас. думкі. На Беларусі і ў Літве творы Вальтэра пачалі пашырацца з сярэдзіны 18 ст. ў франц. арыгіналах і ў перакладах. У тэатрах Вільні, Нясвіжа і інш. гарадоў ставіліся яго п’есы.
Тв.:
Рус.пер. — Орлеанская девственница;
Магомет: Филос. повести. М., 1971;
Философские сочинения. М., 1988.
Літ.:
Державин К.Н. Вольтер. М., 1946;
Вольтер: Ст. и материалы. М.; Л., 1948;
Кузнецов В.Н. Вольтер и философия французского просвещения XVIII в. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУС ((Hus) Ян) (1371, мяст. Гусінец, Чэхія — 6.7.1415),
чэшскі мысліцель, пісьменнік, заснавальнік і ідэолаг ранняй чэш. Рэфармацыі, нац. герой чэш. народа. Скончыў Пражскі ун-т (1393), з 1401 дэкан у ім, з 1409 рэктар. З 1402 прапаведнік у Віфлеемскай капліцы ў Празе. Рэфарматарскія погляды Гуса сфарміраваліся пад уплывам вучэння Дж.Уікліфа і выкладзены ім у казаннях і шматлікіх працах (гал. «Трактат аб царкве», 1413). Адмаўляючы царк. аўтарытэты, Гус прызнаваў выключнай крыніцай веры Свяшчэннае пісанне, царкву лічыў містычным целам, галава якога — Хрыстос, а члены — людзі, абраныя Богам. Выкрываў злоўжыванні і маральны заняпад каталіцкага духавенства, патрабаваў секулярызацыі царк. зямель. Ідэалам для Гуса была раннехрысціянская царква. Асн. прынцыпам гуманізму і зброяй грамадскага пераўтварэння лічыў пазнавальны розумам «закон Божы», якім павінен кіравацца кожны чалавек. Выступаў супраць ням. панавання ў Чэхіі. Быў прыхільнікам мірнай тактыкі, лічыў мажлівым рэфармаваць царкву і грамадства з дапамогай каралеўскай улады. Яго асн. патрабаванні сталі лозунгамі гусіцкіх войнаў. Пераклаў на чэш. мову Біблію, удасканаліў сістэму чэш. арфаграфіі («Багемская арфаграфія», 1410). У 1412 адлучаны ад царквы. Выкліканы на царк. сабор у Канстанцу у Канстанц (1414), аб’яўлены ерэтыком і паводле пастановы сабору спалены.
Літ.:
Novotný V., Kybal V. Jan Hus. T. 1—5. Praha, 1919—31;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́НДЗІ, аль-Кіндзі Абу Юсуф Якуб ібн Ісхак (латынізаванае Аль-кіндус; Alchindus, канец 8 ст., Куфа, Ірак — паміж 860 і 879), арабскі вучоны, філосаф, першы прадстаўнік усх. арыстоцелізму. У сваіх працах спалучаў філас. думку араб. ўсходу з ант. філасофіяй, наблізіўся да неаплатанізму. Аўтар пераказу твораў шэрагу грэч. філосафаў і каментарыяў да «Катэгорый» і «Другой аналітыкі» Арыстоцеля, «Элементаў» Эўкліда і «Альмагесту» Пталамея. Пад уплывам поглядаў мутазілітаў імкнуўся пагадзіць ідэі і светапогляд грэч. філосафаў з асновамі ісламу, за што праследаваўся. Распрацаваў канцэпцыю аб 3 ступенях навук. пазнання: ад логікі і матэматыкі праз прыродазнаўчыя навукі да праблем філасофіі. Прапанаваў тэорыю пра 5 прасубстанцый (матэрыя, форма, рух, прастора і час). Абгрунтаваў канцэпцыю аб 4 відах розуму (актуальны, патэнцыяльны, набыты і які праяўляецца). Яго філас. погляды паўплывалі на развіццё сярэдневяковай араб. і еўрап. філасофіі. Напісаў каля 200 навук. прац (захавалася больш за 40 трактатаў).
Тв.:
Рус.пер. — Трактат о количестве книг Аристотеля и о том, что необходимо для усвоения философии;
О первой философии;
Книга о пяти сущностях;
Объяснение ближней действующей причины возникновения и уничтожения // Избр. произв. мыслителей стран Ближнего и Среднего Востока IX—XIV вв. М., 1961.
Літ.:
Григорьян С.Н. Средневековая философия народов Ближнего и Среднего Востока. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-КІТА́ЙСКІ КАНФЛІ́КТ 1969,
узброены канфлікт паміж СССР і Кітаем у выніку пагаршэння сав.-кіт. адносін у 1960-я г. і нявырашанага пагранічнага пытання. Кіт. бок патрабаваў перагляду рас.-кіт. дагавораў 19 ст. (гл.Айгунскі дагавор 1858, Пекінскі трактат 1860), каб граніца паміж дзвюма краінамі праходзіла па найб. глыбінях рэк Амур і Усуры. У 1950-я г. адпаведныя сав.-кіт. камісіі правялі работу па ўрэгуляванні гэтага пытання і вызначэнні новай граніцы, але з пагаршэннем сав кіт. адносін працэс быў спынены. Адначасова кіт. бок пачаў ва ультыматыўнай форме патрабаваць вырашэння пагранічнага пытання, на сав.-кіт. граніцы ім былі арганізаваны правакацыйныя акцыі хунвэйбінаў і шматлікія парушэнні кіт. пагранічнікамі. 2.3.1969 кіт. ваеннаслужачыя расстралялі на в-ве Даманскі на р. Усуры сав пагранічны нарад. 14—15 сак. тут адбыліся баі паміж сав. і кіт. войскамі з выкарыстаннем артылерыі і ракетных установак; усяго ў выніку канфлікту на Даманскім загінула 58 сав. ваеннаслужачых. 13 жн. некалькі груп кіт. ваеннаслужачых парушылі сав. граніцу ў раёне Жаланашколя (Казахстан). У выніку іх сутыкнення з сав. войскамі былі забітыя і параненыя. Сітуацыю разрадзілі перагаворы 11 вер. ў Пекіне старшынь урадаў СССР і Кітая — А.М.Касыгіна і Чжоў Эньлая. Перагаворы па вырашэнні пагранічных пытанняў пачаліся 20 кастрычніка. Канчаткова гэта праблема была ўрэгулявана ў 1990-я.г. пасля вызначэння б.ч.рас.-кіт. граніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІ́СКІ (Георгій) (у свеце Рыгор; 20.11.1717 1.12.1717, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна — 13.2.1795 24.2.1795),
украінскі і бел. царкоўны і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Скончыў Кіева-Магілянскую акадэмію (1743), у 1745—55 яе выкладчык, прафесар, рэктар. З 1755 епіскап магілёўскі (беларускі). Змагаўся за захаванне і адраджэнне праваслаўя на Беларусі. У 1757 адкрыў у Магілёве пры архірэйскім доме друкарню, дзе перавыдаў скарочаны тэкст «Катэхізіса» Ф.Пракаповіча ў сваім перакладзе на «рускі дыялект». Ініцыятар адкрыцця Магілёўскай духоўнай семінарыі. У 1765 дамогся ад караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага абяцання вярнуць праваслаўным іх правы, манастыры, храмы, але кароль не стрымаў слова. Звяртаўся за дапамогай да рас. імператрыц Лізаветы і Кацярыны П. Пасля трох замахаў на яго жыццё ў 1768 уцёк у Расію (Смаленск), дзе заставаўся магілёўскім епіскапам у выгнанні. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) вярнуўся ў Магілёў. З 1793 архіепіскап, чл. Сінода. Садзейнічаў вяртанню уніятаў у праваслаўе. Збіраў дакументы па гісторыі правасл. царквы (карлеўскія граматы і інш.). Аўтар твораў: «Мемарыял аб крыўдах праваслаўным», «Правы і вольнасці жыхароў грэчаскага веравызнання», «Трактат вечнай дружбы», «Збор павучальных слоў», духоўны дзённік «Думкі», драма «Уваскрэсенне мёртвых» і інш. На доме ў Магілёве, дзе ён жыў, мемар. дошка. Ў 1993 кананізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́СКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала ў 2-й пал. 16 ст. ў мяст. Лоск
(цяпер вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Была цэнтрам арыянскага кнігадрукавання ў ВКЛ. Засн. магнатам-арыянінам Янам Кішкам, які ў 1572 выкупіў у братоў М. і Г.Кавячынскіх абсталяванне Нясвіжскай друкарні і размясціў яго ў сваім замку ў Лоску. У Л.д. выдаваліся кнігі на польскай і лац. мовах (вядома каля 20 выданняў). Працавалі друкары Д.Ланчыцкі (1573—74),
Я.Карцан (1576—80), Ф.Балямоўскі (1586—89?). Ідэйным кіраўніком друкарні ў 1570 — пач. 1580-х г. быў С.Будны. Сярод найб. значных выданняў творы Буднага: «Новы запавет» (пераклад, прадмова, каментарыі), «Пра дзве сутнасці Хрыста», «Кароткі доказ таго, што Хрыстос не з’яўляецца такім жа Богам, як Бог-Айцец», «Супраць хрышчэння дзяцей» (усе 1574), «Пра свецкую ўладу» (1583). Сярод інш. выданняў — палемічныя творы М.Чаховіца, А.Волана, кнігі Я.Ліцынія Намыслоўскага, трактат Цыцэрона «Пра абавязкі» (1576, пераклад С.Кашуцкага), Э.Варамунда Фрыза «Пра фурыі, або Вар’яцтвы французскія» (1576, пераклад С.Буднага; пра падзеі Варфаламееўскай ночы 1572), твор А.Маджэўскага-Фрыча «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» (1577, пераклад Ц.Базыліка, прадмовы Волана, Буднага). Выданні Л.д. адметныя вострай палемічнай накіраванасцю, якая часта выходзіла за межы тэалагічных праблем і ўздымала пытанні дзярж. і сац. перабудовы грамадства. Друкарня перастала існаваць пасля смерці Я.Кішкі (1592).
Літ.:
Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII w. Z. 5. Wrocław;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКА́ЛЬ ((Pascal) Блез) (19.6.1623, г. Клермон-Феран, Францыя — 19.8.1662),
французскі матэматык, фізік і філосаф, адзін з заснавальнікаў гідрастатыкі. Атрымаў дамашнюю адукацыю, з дзяцінства выявіў выдатныя матэм. здольнасці. Навук. працы па арыфметыцы, тэорыі лікаў, алгебры, тэорыі імавернасцей, механіцы, філасофіі. Сфармуляваў метад поўнай матэм. індукцыі, знайшоў агульную прыкмету падзельнасці цэлых лікаў. Прапанаваў спосаб вылічэння бінаміяльных каэфіцыентаў (трохвугольнік П.), сфармуляваў адну з асн. тэарэм праектыўнай геаметрыі (гл.Паскаля тэарэма). Сканструяваў першую лічыльную машыну (1641 або 1642). Адкрыў адзін з асн. законаў гідрастатыкі (гл.Паскаля закон), эксперыментальна пацвердзіў існаванне атм. ціску (1648) і даказаў, што ён памяншаецца з вышынёй, выявіў гідрастатычны парадокс. З 1655 жыў у манастыры янсеністаў у Пор-Раялі. Аўтар філас. трактатаў і сатырычных твораў. Ў філас. творах развіваў думкі аб трагічнасці і кволасці чалавека, які знаходзіцца паміж двума бяздоннямі — бясконцасцю і мізэрнасцю (чалавек — «чарацінка, якая мысліць»). Шлях спасціжэння таямніц быцця і выратавання чалавека ад адчаю бачыў у хрысціянстве. Адыграў значную ролю ў фарміраванні франц. класічнай прозы. Яго імем названа мова праграмавання — паскаль і адзінка ціску — паскаль.
Тв.:
Рус.пер. — Трактат о равновесии жидкостей // Начала гидростатики. 2 изд. М.; Л., 1933;
Из мыслей // Ларошфуко Фр. де, Паскаль Б., Лабрюйер Ж. де. Суждения и афоризмы. М., 1990.