цьмя́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Ледзь прыкметы, ледзь бачны; няяркі (пра святло, агонь і пад.). Цьмяны агеньчык запалкі аблізаў па чарзе кожны з шнуроў. Лынькоў. Вечар поле цемраю ахутае, Цьмяны месяц прыплыве здалёк. Панчанка.

2. Цёмны, пацямнелы. Жаўранкі не баяцца такога дажджу, як сёння. Іх не відаць у цьмяным небе, а толькі песня звініць. Брыль. Мабыць,.. [жанчына] не спала ўжо некалькі начэй, — пра гэта сведчылі цьмяныя кругі пад вачыма. Васілёнак. // Без бляску, без выразнага колеру. [Андрэйка] ўзяў цьмяны каменьчык, пацёр яго аб шчаку, і той адразу нібы ажыў, заблішчаў. Бяганская. Калі на падаконніках і дзвярах фарба стала цьмянай, ёй можна надаць бляск. «Беларусь». // Невыразны, няясны. Цьмяны экземпляр машынапісу. □ З канверта вываліўся цьмяны здымак, зроблены фатографам-аматарам. Даніленка.

3. перан. Без бляску, невыразны (пра вочы, погляд). Вочы .. [маці] цьмяныя, калісьці шэрыя, ажыўляла прыкметная трывога і надзея. Мележ. Перад .. цьмяным, несвядомым позіркам [першабытнага чалавека] рассцілаліся тыя ж самыя голыя схілы скал. В. Вольскі.

4. перан. Без яснага, выразнага сэнсу; незразумелы. Цьмяная фармуліроўка. □ З далёкай Нямеччыны прыходзілі цьмяныя чуткі аб надыходзячай там рэвалюцыі. Лынькоў. // Ледзь улоўны, слабы; нязначны. Першы перавод прынёс у дом не толькі грошы, але і цьмяны пробліск надзеі. Пальчэўскі. Яшчэ здалёк Іна пазнала Артура, яе першае каханне, яе мару і цяперашнюю цьмяную надзею. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Вызначаны па ўмове, угавору; загадзя ўмоўлены. Умоўны стук. □ Камандзіры зверылі гадзіннікі, дамовіліся аб умоўных сігналах і пайшлі на бераг да сваіх плытоў. Няхай. На ўмоўны свіст спяшаецца Да дуба камісар. Куляшоў. Уранку сябры Пакідалі сяло, Ля дуба — Умоўнае месца было. Гілевіч.

2. Абмежаваны якімі‑н. умовамі, які мае сілу пры наяўнасці якіх‑н. умоў. Умоўнае асуджэнне.

3. Які вызначаецца чыімі‑н. адносінамі да чаго‑н.; адносны. Якія ўмоўныя, аднак, людскія разуменні: шчасце, няшчасце... Лынькоў. Праўда, «дом» для.. [Дзямковіча] цяпер быў паняццем чыста ўмоўным: дому ў яго не было. Палтаран.

4. Які не існуе на самой справе; які ўяўляецца, дапускаецца ў думках; уяўны. Разам з партызанскімі разведчыкамі [Саша і Жэня] перайшлі шашу — умоўную мяжу партызанскай зоны. Новікаў. Хлопец, што сядзеў за маёй спін[а]й, .. трымаючы ў роце цыгарэту, прасіў у мяне прыпаліць, чыркаючы ўмоўнай запалкай па ўмоўнаму карабку. Радкевіч. // Прадугледжаны ўмовамі, правіламі чаго‑н. Умоўны праціўнік. Умоўная задача. □ Замест умоўных дэкаратыўных скал.. разгарнуліся праўдзівыя пейзажы. «Беларусь». // Які з’яўляецца сімвалічным абазначэннем якога‑н. рэальнага прадмета. Чырвонай пункцірнай лініяй начарціў шлях Пыжыкавай мамы, як ён уяўляўся мне. Адзначыў умоўным тапаграфічным значком дом Наташы. Шыловіч.

5. У мастацтве — заснаваны на адмаўленні ад рэалістычнага паказу рэчаіснасці; сімвалічны. Умоўная дэкарацыя.

6. У граматыцы — які мае значэнне ўмовы. Умоўныя даданыя сказы. Умоўны лад дзеяслова.

7. Спец. Прыняты ў якасці асновы пры вызначэнні сярэдніх велічынь чаго‑н. Умоўнае паліва. Умоўная кармавая адзінка.

•••

Умоўны рэфлекс гл. рэфлекс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэ́раг, ‑а, м.

1. Сукупнасць аднародных прадметаў, размешчаных адно за другім, у адну лінію. Замест лесу цягнуўся шэраг камяністых узгоркаў, сярод якіх было параскідана шмат велізарных скал. Маўр. Месцамі стаялі густымі шэрагамі тонкія .. дубочкі. Бядуля. Куды дзяваліся яго [рынку] былое ажыўленне, святочны гул натоўпу, шэрагі вазоў. Лынькоў. Млечны шлях выплывае з імглы, Азараючы шэраг зямлянак. Танк. // Строй людзей у адну лінію; шарэнга. Скаваныя камандай «смірна», яны моўчкі глядзелі на нас — два шэрагі па дзевяць чалавек. Брыль. / Пра людзей, якія знаходзяцца ў такім страі. Бягом, з карабінкаю напагатове, [Ганна] ўрэзалася ў шэрагі белапалякаў. Нікановіч.

2. Сукупнасць чаго‑н., што ідзе адно за другім у пэўным парадку. Апавяданне распадаецца на шэраг эпізодаў. «Полымя». Па кампазіцыі «Вясна» К. Чорнага — гэта як бы шэраг асобных замалёвак, звязаных задумай расказаць, што за людзі «ў нас на вёсцы». Адамовіч. Беларускі паэт [А. Абуховіч] увёў у свой тэкст шэраг новых мастацкіх дэталей і жыццёвых падрабязнасцей. Казека.

3. Пэўная, звычайна невялікая колькасць чаго‑н. Зараз .. [Дзіму] непакоіў цэлы шэраг іншых пытанняў, звязаных з перасяленнем. Васілевіч. Поспеху [карціны] перашкаджала не толькі прафесіянальная неспрактыкаванасць, але і шэраг іншых прычын. Бракавала звычайнага іканаграфічнага матэрыялу. Ліс. / Пра пэўную колькасць якіх‑н. асоб. Шэраг паэтаў. □ Аўтар [П. Пестрак] паказвае жыццё глухой палескай вёскі Запалянкі, побыт рамеснікаў горада Глушэц, уводзіць шэраг персанажаў. Хромчанка.

4. Сукупнасць людзей, аб’яднаных якімі‑н. адносінамі, ідэямі, якой‑н. арганізацыяй. Рады быў Селіханаў, сустрэўшы Антося ў шэрагах Чырвонай гвардыі. Чарнышэвіч. І я сваё жыццё прынёс У тыя шэрагі, дзе б’юцца За долю лепшую — свой лёс. Хведаровіч. Ці шмат баявых адзінак улілося або ўліваецца ў шэрагі тых, чыёй зброяй з’яўляецца слова?.. Гілевіч.

•••

У першых шэрагах — у ліку самых лепшых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КУРЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́,

архіпелаг вулканічных астравоў паміж Ахоцкім м. і Ціхім ак., ад п-ва Камчатка (Расія) на Пн да в-ва Хакайда (Японія) на Пд. Уваходзяць у склад Сахалінскай вобл. Рас. Федэрацыі. Уключаюць больш за 30 значных і шмат дробных астраўкоў і скал. Пл. каля 15,6 тыс. км². Складаюцца з Вялікай (даўж. 1200 км) і Малой (даўж. 120 км) Курыльскіх град. К.а. падзелены Курыльскімі пралівамі. Глыбокія пралівы Крузенштэрна і Бусоль падзяляюць Вял. граду на 3 групы а-воў: паўн. (Шумшу, Парамушыр, Анекатан, Шыяшкатан і інш.), сярэднюю (Сімушыр, Кетой, Расшуа, Райкоке і інш.), паўд. (Кунашыр, Ітуруп, Уруп і інш.). На У ад в-ва Кунашыр за Паўд.-Курыльскім пралівам Малая Курыльская града (в-аў Шыкатан і інш.). Кожны востраў — вулкан, частка вулкана або ланцуг вулканаў (больш за 160 вулканаў, з іх каля 40 дзеючых), якія зліліся падножжамі або злучаны нізіннымі перашыйкамі. Астравы складзены пераважна з вулканагенных і вулканагенна-асадкавых парод. З карысных выкапняў ёсць сера і тэрмальныя воды. Бываюць землетрасенні і цунамі. Рэльеф гарысты, пераважаюць выш. 500—1000 м, макс. выш. 2339 м (г. Алаід на аднайменным в-ве). Клімат умерана халодны, мусонны. Сярэдняя т-ра лют. каля -7 °C, жн. ад 10 °C на Пн да 17 °C на Пд. Ападкаў за год да 1000 мм на Пд, каля 600 мм на Пн. Халоднае Курыльскае цячэнне ахалоджвае ціхаакіянскія берагі астравоў. Зах. схілы паўд. астравоў абагрэты цёплым цячэннем Соя. Зімовы мусон і цыклоны палярнага фронту прыносяць частыя мяцеліцы і штормы. На значных астравах густая сетка рэк і ручаёў. Шмат азёр, у т. л. кратэрных. Глебы пераважна дзярновыя, лугавыя і алювіяльныя, пад лесам — слабападзолістыя са значнымі дамешкамі вулканічнага матэрыялу. На паўн. астравах альхова-рабінавае крывалессе, кедравы сланік, нізкія кусцікі шыкшы (варанікі). На Пд трапляецца крывалессе з каменнай бярозы, курыльскі бамбук, ялова-піхтавыя і шыракалістыя лясы з ліянамі і бамбукам, месцамі рэдкалессе з курыльскай лістоўніцы. Для наземнай фауны характэрны мядзведзь, гарнастай, чорна-буры і чырвоны лісы, бурундук. Шмат птушак, асабліва марскіх, на скалах птушыныя базары. Мора багатае рыбай, асабліва ласасёвымі, крабамі, марскім зверам (нерпа, сівуч, марскі коцік, калан). Рыбалоўства, на Пд лясная гаспадарка. Развіта рыбаперапрацоўчая і кансервавая прам-сць. Гарады Курыльск (на в-ве Ітуруп), Севера-Курыльск (на в-ве Парамушыр). Пра гаспадарку К.а. гл. ў арт. Сахалінская вобласць.

Гісторыя. Да пач. 20 ст. К.а. насялялі айны. Першым з еўрапейцаў астравы наведаў нідэрл. мараплавец М.Г. дэ Фрыз у 1644. У Расіі першыя звесткі пра К.а. атрыманы ад землепраходца У.В.Атласава ў 1697. У 1711 астравы даследаваў, падрабязна апісаў і склаў іх чарцёж рас. служылы бел. паходжання І.П.Казырэўскі. У 1721 І.​М.​Яўрэінаў (таксама паходзіў з Беларусі) разам з Ф.​Ф.​Лужыным па заданні Пятра I правёў геад. вывучэнне К.а. і ўпершыню пазначыў іх на карце Расіі. У 1745 б. ч. астравоў нанесена на «Генеральную карту Расійскай імперыі» ў Акад. атласе. З канца 18 ст. пачалася рас.-яп. каланізацыя К.а. Паводле рас.-яп. дагавора 1855 в-аў Ітуруп і інш. астравы на Пд ад яго адыходзілі да Японіі, астатнія К.а. прызнаваліся ўладаннем Расіі. У 1875 у абмен на прызнанне Японіяй рас. суверэнітэту над в-вам Сахалін Расія перадала ёй сваю частку К.а., якія да 1945 знаходзіліся пад яп. кіраваннем. У час 2-й сусв. вайны ў адпаведнасці з рашэннем Крымскай канферэнцыі 1945 (апубл. ў лют. 1946) К.а. перададзены СССР і заняты сав. войскамі ў час Курыльскай дэсантнай аперацыі 1945; яп. насельніцтва з іх было эвакуіравана і заменена рас. перасяленцамі. З 1947 астравы ў складзе Сахалінскай вобл. Расіі. Японія не пагадзілася з перадачай Сав. Саюзу паўд. К.а. (Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан, града Хабамаі) і да гэтага часу выказвае свае правы на іх, што стала прычынай нязгоды Японіі падпісаць Дагавор аб міры з СССР, а з 1991 з Расіяй як яго правапераемніцай.

Літ.:

Бондаренко О.Я. Неизвестные Курилы: Серьезные размышления о статусе Курильских островов. М., 1992;

Высоков М.С. История Сахалина и Курил в самом кратком изложении. Южно-Сахалинск, 1994.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка); М.​Г.​Нікіцін (гісторыя).

т. 9, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГА́МСКІЯ АСТРАВЫ́ (Bahama Islands),

Садружнасць Багамскіх Астравоў (The Commonwealth of the Bahamas), дзяржава ў Вест-Індыі. Займае б. ч. аднайменных астравоў. На ПдУ іх — уладанне Вялікабрытаніі Цёркс і Кайкас. Пл. 13,9 тыс. км². Нас. 300 тыс. чал. (1994). Афіцыйная мова англійская. Сталіца і гал. порт — г. Насаў на в-ве Провідэнс. Краіна падзяляецца на 21 адм. Раён. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 ліп.).

Прырода. Астравы (каля 700, заселены 30) распасціраюцца на 1500 км з ПнЗ на ПдУ, ад п-ва Фларыда да а-воў Куба і Гаіці. Ад Фларыды аддзелены Фларыдскім пралівам, ад Кубы — Старым Багамскім пралівам. Астравы складзены пераважна з каралавых вапнякоў, больш за 2300 каралавых рыфаў і скал. Найб. астравы: Андрас (4,1 тыс. км²), В. Абака (2 тыс. км²), В. Багама (1,1 тыс. км²). Паверхня раўнінная, выш. да 60 м над узр. мора. Развіты карст. Карысныя выкапні: каменная соль (в-аў В. Інагуа) і араганіт (найбольшыя ў свеце радовішчы на шэльфе Багамскіх астравоў, цэнтр здабычы — а-вы Біміні). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 21—24 °C да 32 °C. Ападкаў 1000—1600 мм за год. Дажджавы перыяд з мая да кастрычніка. Шмат салёных азёраў, якія злучаюцца з морам. Частыя ўраганы. Недахоп прэснай вады. Зараснікі калючых хмызнякоў, участкі хваёвых і лістападных лясоў, на ўзбярэжжы гаі какосавых пальмаў.

Насельніцтва. Каля 85% — негры і мулаты, 15% — англічане, амерыканцы, канадцы, грэкі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 21,6 чал. на 1 км². У гарадах жыве 64% насельніцтва. Больш як палавіна насельніцтва сканцэнтравана на в-ве Нью-Провідэнс (пл. 207 км²). Самыя вял. гарады (1994): Насаў (172 тыс. ж.), Фрыпарт (26 тыс. ж., на в-ве В. Багама). Каля 40% працаздольных занята ў гандлі, банкаўскай справе і прам-сці, 25% — у абслугоўванні турыстаў.

Гісторыя. У першых стагоддзях н. э. астравы былі заселены індзейскімі плямёнамі аравакаў. У 1492 адкрыты Х.​Калумбам. На працягу 16 ст. значная частка індзейскага насельніцтва знішчана ісп. каланізатарамі ці пераселена на в-аў Гаіці. У 1629 тут узнікла першае англ. паселішча (в-аў Нью-Провідэнс). У канцы 17 ст. — прытулак піратаў. Паводле Версальскага дагавору 1783 — англ. калонія. Пасля вайны за незалежнасць англ. калоній у Паўн. Амерыцы (1755—83) сюды перасяляліся амер. лаялісты, у 18—19 ст. завезена вял. колькасць неграў з Афрыкі.

У 1964 Багамскія астравы атрымалі ўнутраную аўтаномію, з 1973 — незалежная дзяржава. Чл. ААН (з 1973). Фармальна канстытуцыйная манархія. Чл. брыт. Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы брыт. манарх у асобе прызначанага ім ген.-губернатара. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту: палата сходу выбіраецца на ўсеагульных выбарах, сенат прызначаецца ген.-губернатарам. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ерам — лідэрам партыі, якая атрымала большасць галасоў на выбарах.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — замежны турызм (60% дзярж. даходаў), фін. і гандл. дзейнасць. Доля ў валавым ўнутр. прадукце сферы абслугоўвання (з турызмам) складае 70%, прам-сці — 10%. Багамскія астравы — цэнтр турызму і зімовы курорт для жыхароў ЗША, а таксама Канады і Еўропы (каля 2,5 млн. чал. штогод). Буйны фін. цэнтр: дзейнічаюць аддз. больш як 400 банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў (падатковыя паступленні ад іх даюць да 20% дзярж. даходу). Вытв-сць электраэнергіі 929 млн. кВтгадз (1992). Нафтаперапр. з-ды буйных міжнац. кампаній (цэнтр — Фрыпарт). Прадпрыемствы цэм., фармацэўтычнай, металург. (вытв-сць стальных трубаў), харч. (у т. л. цукровай, вытв-сць рому і лікёру, таматнага соку, кансерваваных ананасаў і лангустаў) прам-сці. Традыцыйныя рамёствы, звязаныя з турызмам (вытв-сць вырабаў з сізалю, ракавін, чарапахавых панцыраў). Сельская гаспадарка развіта слаба, каля 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Плошча с.-г. угоддзяў каля 16 тыс. га, апрацоўваецца каля 9 тыс. га. Вырошчваюць ананасы, цытрусавыя, бананы, памідоры, сізаль, цукр. трыснёг, манга, дыні і інш. Пагалоўе (тыс. гал.): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак каля 37, козаў каля 18, свіней каля 50, птушкі каля 810. Рыбная лоўля і марскія промыслы (тунец, лангусты, марскія чарапахі, вустрыцы). Нарыхтоўка драўніны. Даўж. аўтадарог 3,3 тыс. км. Аўтапарк (1994): 70 тыс. легкавых і 15 тыс. грузавых аўтамабіляў. Экспарт: нафта і нафтапрадукты (90% кошту), медыкаменты, араганіт, цэмент, соль, ром і лікёр, агародніна, лангусты, драўніна. 80% імпарту — сырая нафта, 20% — харч. і прамысл. тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША (90% экспарту і 10% імпарту), краіны ЕС, Нігерыя, Саудаўская Аравія, Канада, Нарвегія. Грашовая адзінка — багамскі долар.

Р.​А.​Жмойдзяк (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Багамскіх Астравоў.

т. 2, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

памі́ж, прыназ. з Р і Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «паміж» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Р або Т. Ужываецца для ўказання на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку між якімі што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Граніца паміж двума светамі. Вагоны стаялі паміж акном і сталом. □ [Сашка] падаўся да стала, які стаяў пры сцяне паміж двух акон. Чорны. На плошчу паміж Домам Урада і домам насупраць увайшлі самаходкі. Мележ. // Тое ж пры ўказанні на групу прадметаў ці асоб. Паміж нізкіх цёмна-сініх хмар прабілася малінавая палоска. Грахоўскі. Па моры плывуць караблі, Плывуць паміж рыфаў і скал. Купала. // Ужываецца для ўказання на сферу, асяроддзе, у якім што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Ў глыбі двара стаяла хата І выглядала зухавата Паміж запушчанай будовы. Колас. Вясна кругом, адгрукалі марозы, Ручай паміж палеткамі журчыць. Броўка.

Часавыя адносіны

2. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на пачатковы і канцовы моманты, якімі абмяжоўваецца пэўны прамежак часу. Паміж дзесяццю і дванаццаццю гадзінамі. Паміж захадам сонца і змярканнем. □ Высадка павінна была адбыцца паміж 28 і 29 сакавіка паблізу Палангена. Г. Кісялёў. // Ужываецца для ўказання на з’явы, падзеі, у прамежку ці ў перапынку між якімі што‑н. адбываецца. Паміж гаворкаю дымок Віецца між сябрамі. Броўка. Інтэрвалы паміж бомбавымі разрывамі бадай што ўжо і не заўважаліся. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

3. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. [Шуфт:] Будзем лічыць, што ўмова паміж намі заключана. Крапіва. Цёпла, пранікнёна гаварыў Лазавенка аб ўмацаваны дружбы паміж калгасамі. Шамякін. Паміж старых прыяцеляў павеяў нядобры халадок. Зарэцкі.

4. з Т. Служыць для ўказання на супастаўленне якіх‑н. прадметаў, асоб, з’яў. Розніца паміж прыказкай і прымаўкай. □ З’езд [дэлегатаў арміі і тылу Заходняга фронту] з’явіўся арэнай жорсткай барацьбы паміж сіламі рэвалюцыі і контррэвалюцыі за армію. «Весці».

5. з Т. Служыць для абазначэння якой‑н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, падзея чаго‑н. Падзяліць сшыткі паміж вучнямі.

•••

Паміж двух агнёў гл. агонь.

Паміж намі (кажучы) гл. мы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ска́лка1 ‘крэмень, кавалак крэмень дня крэсіва’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Нас., Ласт., Касп., Гарэц., Бяльк., Др.-Падб., Байк. і Некр., Мядзв., Маш., Янк., Шат., Пятк. 2, Мат. Гом., Сцяшк., Сл. ПЗБ, віц., паўн.-маг., паўн.-гродз., ЛА, 4), ‘цвёрды камень, крэмень, які ідзе на выраб млынавых камянёў, а раней скарыстоўваўся для здабывання агню’ (БРС), ска́ліца ‘тс’ (віц., Яшк.). Улічваючы спецыялізацыю значэння, хутчэй за ўсё, з польск. skałka ‘востры асколак крэменю для выкрасання агню, які ўжываўся раней у агнястрэльнай зброі’, якое ад skała (гл. скала́1) (Брукнер, 493; Варш. сл. 6, 127). Сюды ж і ўкр. ска́лка ‘крэмень у стрэльбе’. З другога боку, параўн. адлюстраванне ў фальклоры вераванняў, што кавалкі крэменю, якія раней выкарыстоўваліся для здабывання агню — гэта асколкі двух жорнаў, з дапамогай якіх Пярун здабывае агонь (Іванаў, Тапароў, Иссл., 86 і наст.), параўн. польск. skałka piorunowa (Варш. сл.). Гл. таксама Страхаў (Palaeoslavica, 12, 2, 251).

Ска́лка2 ‘кропля тлушчу ў вадкай страве’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Янк., Байк. і Некр., Янк. 2, Некр., Мат. Гом., Мат. Маг., ТС, Сл. ПЗБ, Сцяц., З нар. сл., паўд.-зах., ЛА, 4), ска́лька ‘тс’ (Вешт.), skałka ‘плямка ў супе’ (беласт., Лапіч, Term. geogr.). Укр. ска́лка, польск. skałka ‘тс’. Ад таго ж кораня скала́1 (гл.), што да і.-е. кораня *skel‑ ‘біць, расчляняць’, г. зн. ‘нешта аддзеленае, адбітае’, аналагічна набору значэнняў у іншых гнёздах слоў з коранямі *sker, *skab‑, параўн. скабка; гл. Пятлёва, Этимология–1972, 84 (мяркуе, што значэнне развілося на базе параўнання ‘як лускавінка’, ‘як скурка’, ‘як плёнка’). З іншым вакалізмам параўн. ско́лька: жырные сколькі (Куч.), што да прасл. *skoliti ‘расшчапляць’, параўн. Борысь, Etymologie, 402. Першаснае значэнне ўсё ж, відаць, ‘пырска, пена’, ‘водбліск’: А як пеніцца вада! Як гуляе на ёй скалка! (Я. Колас); параўн. у Шымкевіча ўкр. прыснули на сине̂мъ морѣ скалки.

Ска́лка3, ска́лька ‘рачныя ракавіны, чаропкі’ (Дразд.), ‘слімак з ракавінай’, ‘ракавіна слімака’ (драг., Нар. лекс.), скал ‘бяззубка (ракушка)’ (ТС), скаль, ска́лка ‘слімакова ракавіна’ (Сл. Брэс.). Укр. ска́лка, рус. ска́лка, ска́лька ‘тс’. Да скала́1 (гл.) (Праабражэнскі, 2, 221–222; Фасмер, 3, 631). З іншай ступенню каранёвай галоснай параўн. укр. скойка ‘ракавіна бяззубкі’, балг. ско́лка ‘рачная мідзія, Anadonte cygnea’, скойка ‘мідзія, ракавіна мідзіі’, серб.-харв. сколка, скољка ‘тс’, славен. skoljka, ст.-слав. сколька, сколъка ‘ракавіна’ (БЕР, 6, 771; Фасмер, 3, 647).

Ска́лка4, ска́лька ‘від рыбалоўнага снараду’ (Касп.). Фармальна да скалька ‘ракавіна’ (гл. папяр. слова), але матывы намінацыі няясныя.

Ска́лка5 ‘бяльмо на воку’ (беласт., Лапін, Term. geogr.). Укр. ска́лка, польск. skałki (na oku) ‘тс’. Лапін (там жа, 32) тлумачыць ‘плямка на воку’ > ‘плямка ў супе’ і мяркуе, што апошняе значэнне запазычана з польскай мовы, што малаверагодна, параўн. архаічную палеска-карпацкую ізасему, гл. Дзендзялеўскі, Бел.-укр. ізал., 26. Да *skala (гл. скала́1); асабліва параўн. ска́ла ‘бяроста’, серб.-харв. ска̏ла ‘скала; кавалачак; скепка’ і г. д. У якасці семантычнай паралелі можна прывесці польск. łupież ‘скурка, плеўка ў воку’ < слав. кораня lup‑ (гл. лупіць). Падрабязна гл. Пятлёва, Этимология–1972, 81 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адбі́цца, адаб’юся, адаб’ешся, адаб’ецца; адаб’ёмся, адаб’яцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адкалоцца, адламацца. Ад кубка адбілася ручка.

2. Даючы адпор, абараніцца ад нападу, ад чыіх‑н. непрыязных, варожых дзеянняў. Неспакой узрастаў. Чорт яго ведае, ісці ці не?.. Падумаў: «Калі правакацыя, адаб’юся. Не так проста ўзяць Галая». Асіпенка. // Абараніцца, вызваліцца. Не паспеў адбіцца ад адной [пчалы], як зараз жа цэлая плойма густой сеткай замільгацела ў вачах. Дуброўскі. // Пазбавіцца, вызваліцца ад чаго‑н. Нельга адбіцца ад думкі, што гэтыя дзве хаты, нібы тыя заядлыя маладзіцы-суседкі, пасварыліся і паадварочваліся адна ад адной. Сабаленка.

3. Адстаць ад тых, з кім быў разам. Гэта было маленькае дзікае качанятка, якое, відаць, адбілася ад чародкі. Краўчанка. [Эміль Клебер] не мог нікога знайсці з сваіх таварышаў. Ён ведаў, што некаторыя з іх забітыя тут дзесьці ляжаць. А жывыя напэўна адышлі кудысьці, і ён адбіўся ад іх. Чорны.

4. Аддаліцца, парваць сувязь з кім‑, чым‑н. Адбіцца ад дому. // Перастаць рабіць што‑н., займацца чым‑н. □ Няма яму [Міхалу] нядзелькі, свята — Ідзе ды йдзе ён, як закляты; У шчэпку высах з той хады, Ад сну адбіўся, ад яды. Колас.

5. Сустрэўшы на шляху перашкоду, змяніць свой напрамак на другі, адваротны (пра гукі, прамені і пад.). Крыкі, рогат, воплескі пакаціліся па пустыннай пратоцы і адбіліся рэхам між дзікіх скал. Маўр.

6. Адлюстравацца на гладкай, бліскучай паверхні. Да берага Нёмана прарваўся першы бранявік. Нават нахабна адбіўся ў спакойнай.. вадзе. Брыль. // перан. Адлюстравацца ў вобразах, паняццях (пра з’явы аб’ектыўнай рэальнасці).

7. Выявіцца, атрымаць вонкавае праяўленне (пра пачуцці, стан і пад.). Трывога адбілася ў .. [Аксені] на твары, і рукі ўжо неяк неахвотна гарнуліся да працы. Пестрак.

8. Выклікаць сабой якое‑н. пачуццё, адчуванне; адазвацца. Потым надыдзе зіма, прыйдзе вясна, вернецца лета і зноў настане восень, залатая і непаўторная, зменяцца далягляды і адаб’юцца навек у душы чалавека. «Маладосць».

9. Зрабіць уплыў, уздзеянне на каго‑, што‑н. Частыя ўзлёты і падзенні адбіліся на здароўі.. Скашынскага. Чарнышэвіч. Адмоўна адбілася на развіцці байкі і іншых сатырычных жанраў блытаніна, якая яшчэ не так даўно мела месца ў поглядах на сатыру. Казека.

10. Астацца пасля каго‑, чаго‑н., пакінуць адбітак. Сляды мядзведзя выразна адбіліся на мокрым пяску каля берага. В. Вольскі. // перан. Захавацца ў памяці.

•••

Адбіцца ад рук — перастаць слухацца, перастаць падпарадкоўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ска́ла1 ‘прылада, пры дапамозе якой наматваюць цэўкі’ (докш., Янк. Мат.). Рус. скала́, ска́ло, ска́лка ‘тс’. З *съкало, першапачаткова назоўнік з суф. ‑dlo ад *sъkati (рус. скать); з інш. ступенямі чаргавання гл. сукно, сукаць, сучыць (Праабражэнскі, 2, 293; Фасмер, 3, 631). Параўн. сукала (гл.). Сюды ж, відаць, ска́ла ‘скрутак лубу, дубовай кары’: здымалі кару, скручвалі ў трубу — “скалу” і затаплялі “ў мачышчах” (Лакотка, Борыс, Сцежкамі дзядоў. Мн., 1986, 124). Параўн. аднак скала́ ‘бяроста’ (гл. наст, слова), дзе больш прымальным здаецца паходжанне ад *skal‑ ‘сячы, калоць’.

Ска́ла2 ‘бяроста’ (Бломкв.). Параўн. рус. скала́, ска́ла ‘тс’, разам з скала́ ‘каменная глыба’ звязваецца з ска́лить ‘трэскацца’, што да *skel‑/*skal‑, роднаснага літ. skélti ‘расколваць’, skalà ‘лучына, трэска’, лат. skals ‘тс’ (Фасмер, 3, 630), насуперак Тапарову (Балтийские яз., 46), які лічыць падмаск. скала́ ‘бяроста’ субстратным балтызмам. Гл. спецыяльна Анікім, Опыт, 278.

Скала́1 ‘каменная глыба, гара з крутымі схіламі, вострымі выступамі’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб.; ашм., Стан.), ‘вельмі цвёрдая гліністая глеба’ (Касп.; астрав., Ск. нар. мовы), ‘вапняк’ (Касп., Сл. ПЗБ), ‘камяністая глеба’ (ЛА, 2), ‘буры балотны жалязняк, якім выкладаюць сцены скляпоў, ям у зямлі’, ‘празрысты лёгкі мінерал, т. зв. “чортаў палец”’ (Яшк.), “скалою зовутся и кремень, и кремневые орудия каменного века — «перуновы стрелы»” (Рам. 5, 176), ‘выемка ў прырэчным камені’ (лях., Архіў БЭЛА), ст.-бел. скала ‘каменная гара’ (XVIII ст., Карскі 2–3, 459), укр. скала́ камень’, рус. скала́ ‘каменны ўцёс, каменная глыба’, ст-рус. скала ‘скала’, польск. skała ‘скала; камень’, старое ‘расколіна’, в.-луж., н.-луж. skała ‘скала’, чэш. skála ‘скала; камень’, славац. skala ‘камень’, славен. skála ‘скала’, ‘трэска’, балг. скала́ ‘камень’, макед. скала ‘каменны выступ’. Прасл. *skala. Бліжэйшыя адпаведнікі ў літ. skeliu, skelti ‘расколваць’, skílti, skįlù ‘трэскацца’, skalà ‘шчапа, лучына’, лат. skala ‘тс’, ст.-ісл. skilja ‘расчляняць’ і г. д.; гл. Фасмер, 3, 630; Махэк₂, 545, Траўтман, 264. Усё да і.-е. кораня *(s)kel‑ ‘калоць, рэзаць’. Першаснае значэнне слова ‘востры камень, камень, які атрымаўся ў выніку расколвання ў адрозненне ад каменя ў глебе, рачной гальцы і да т. п. Борысь (550) *skala разглядае як дэрыват ад прасл. *skolili з рэгулярным падаўжэннем галоснага ў корані oa, параўн. рус. дыял. осколить ‘абцясаць вакол, ачысціць’, якое далей да *(s)kel‑. Гл. яшчэ БЕР, 6, 718; Сной₂, 570 (*skala лічыць дэрыватам ад *skaliti, гл. скаліць).

Скала́2 ‘маланка’ (капатк., ДАБМ, камент., 901; малар., іван., лях., пін., стол., лун., мазыр., Архіў БЭЛА). Фармальна, як і скала1, да кораня *(s)kel‑, г. зн. ‘якая расколвае (неба)’. Але магчыма і непасрэдна звязаць гэтыя два значэнні праз фальклорна-міфалагічныя ўяўленні славян, паводле якіх скала ‘страла Перуна (каменная)’; такія скалы́, таксама як гром і маланка, адносіліся да арсенала Перуна (аб чым падрабязна Іванаў–Тапароў (Иссл., 85 і наст.), якія параўноўваюць з палескімі назвамі кавалкаў крэменю, якія знаходзяць на полі: перуно́выя стрэ́лы, перуно́ў па́лец. Скал(к)а ‘перуновая страла’ адпавядае хец. perun‑ ‘скала’ (= камень = пярун), гл. Іванаў–Тапароў, Бел. лекс., 59, што аспрэчваецца Страхавым (Palaeoslavica, 12, 2, 251) як занадта аддаленае.

Скала́3 ‘каляровае рэчыва чырвонага колеру ў гліне ў ганчароў’ (бабр., Нар. словатв.), скалі́стая гліна ‘гліна з такім рэчывам’ (там жа). Скала́ інакш называецца кра́сная іржа́ (там жа). Міхайлаў (вусн. паведамленне) адносіць слова да скала1, таму што гэта праслойка звычайна больш цвёрдая, чым гліна. Сюды ж, відаць, скала́ ‘вялікія плямы ржаўчыны на вадзе’ (ТС), гл. скалка2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МАНА́КА (Monaco),

Княства Манака (Principauté de Monaco), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на беразе Міжземнага м., на сушы абкружана тэр. Францыі. Пл. 1,95 км². Нас. 32 тыс. чал. (1998). Афіц. мова — французская. Сталіца — г. Манака. Падзяляецца на 4 адм. гар. акругі. Нац. свята — Нацыянальны дзень (19 ліст. — дзень нараджэння правячага князя Рэнье III).

Дзяржаўны лад. М. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1911, абноўленая ў 1962. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць Нац. савету, у які ўваходзяць кіраўнік дзяржавы і 18 членаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Урадавы савет з удзелам прадстаўніка Францыі, які прапануецца на пасаду франц. урадам і зацвярджаецца князем. Існуе таксама дарадчы орган — Каронны савет.

Прырода. Княства займае частку Блакітнага берага на ўзбярэжжы Міжземнага м. і паўд. схілы Прыморскіх Альпаў. Рэльеф перадгорны і горны. Выш. да 145 м. Клімат міжземнаморскі, з сухім летам і мяккай зімой. Сярэдняя т-ра студз. 8 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў за год каля 800 мм. Амаль уся тэрыторыя занята гар. забудовай. На стромкіх схілах гор вечназялёныя зараснікі каменнага дубу, калючага дроку, карлікавай пальмы, хмызнякі маквісу з ладаннікам, дзікай фісташкай, размарынам. На схілах прыбярэжных скал — Экзатычны сад з сусв. вядомай калекцыяй субтрапічных раслін: пальмаў, магнолій, алеандраў і кактусаў.

Насельніцтва. Карэнныя жыхары — манегаскі (16%), французы (47%), італьянцы (16%); жывуць таксама грэкі, немцы, англічане, амерыканцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 95%. Сярэднегадавы прырост 0,4%. Сярэдняя шчыльнасць найб. ў свеце — 16 410 чал. на 1 км². Усё насельніцтва засяроджана ў 4 гарадах: Манака, Монтэ-Карла, Ла-Кандамін і Фанв’ей. Каля 75% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў абслуговых галінах, каля 25% — у прам-сці. У М. працуе каля 10 тыс. чал. з суседніх раёнаў Францыі і Італіі.

Гісторыя. У 10—9 ст. да н.э. на тэр. М. (назва, верагодна, ад праіндаеўрап. кораня mon — высокае месца, скала) існавала фінікійская калонія (гандл. прыстань, крэпасць), з 8—6 ст. да н.э. — грэчаская (пабудаваны храм Геракла). З 2 ст. да н.э. тэр. М. належала Стараж. Рыму, пазней — арабам, з 11 ст. н.э. — генуэзцам, якія ў 1215 пабудавалі тут крэпасць. У 1346 утворана асобнае княства пад пратэктаратам Генуі. У 1419 у М. замацавалася правячая дынастыя знатнага генуэзскага роду Грымальдзі. З 1524 княства М. пад уладай Іспаніі пры фармальным захаванні аўтаноміі. У 1641 у выніку нар. паўстання перайшло пад пратэктарат Францыі. У 1731 М. па жан. лініі перайшло да Дж.Ф.​Л.​Гаён-Маціньёна, які прыняў прозвішча Грымальдзі і ўступіў на прастол пад імем Анарэ III [1731—93]. У 1793 княства анексіравана Францыяй. Адноўлена паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 перададзена пад пратэктарат Сардзінскага каралеўства. Рэвалюцыя 1848 знішчыла ў М. княжацкую ўладу, ад княства аддзяліліся і фактычна далучаны да Францыі гарады Ментона і Ракбрун. У 1849 сардзінскія войскі аднавілі манархію, але сардзінскі пратэктарат спынены. У 1860 пасля пераходу Ніцы ва ўладанне Францыі кн Карл III [1856—89] пагадзіўся на франц. пратэктарат над М., у 1861 за 4 млн. франкаў фармальна ўступіў Францыі свае правы на Ментону і Ракбрун. Паводле манака-франц. дагавора 2.2.1861 Францыя прызнала незалежнасць М. У 1865 устаноўлены мытны саюз паміж М. і Францыяй. У 1861—1910 у г. Монтэ-Карла пабудаваны комплекс казіно, які пасля буд-ва чыгункі паміж М. і Францыяй (1868) стаў адной з гал. крыніц папаўнення бюджэту княства. У 1899 у г. Манака заснаваны Акіянаграфічны музей — цяпер міжнар. цэнтр акіянаграфічных даследаванняў.

У 1911 пры кн. Альберце I [1889—1922] уведзена ў дзеянне канстытуцыя, паводле якой М. абвешчана канстытуцыйнай манархіяй і ўтвораны выбарны парламент — Нац. савет. У выніку дагавора 1918 Францыя атрымала права трымаць на тэр. М. войскі і зацвярджаць заключаныя М. міжнар. пагадненні. У 2-ю сусв. вайну М. акупіравалі ням. фашысты (1942—44). З 1949 правіць кн. Рэнье III. У 1962 прынята новая канстытуцыя, якая пашырыла правы Нац. савета, перадала выканаўчую ўладу Урадаваму савету, стварыла Каронны савет. Апошнія выбары ў Нац. савет адбыліся ў студз. 1998. Асн. паліт. арг-цыяНац. дэмакр. саюз (з 1963 дамінуе ў Нац. савеце), асн. прафсаюзная арг-цыя — Аб’яднанне прафсаюзаў М. М. — чл. ААН (з 1993), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Інтэрпола і інш. міжнар. арг-цый.

Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна з высокім узроўнем даходаў. Штогадовы даход на 1 чал. 25 тыс. дол. (1996). Аснова эканомікі — гандл.-фін. дзейнасць, турызм і курортная справа, ігральныя дамы, некаторыя галіны прам-сці. Ільготны падатковы рэжым дазваляе буйным міжнар. банкам шырока выкарыстоўваць М. для фін. аперацый (дзейнічае каля 800 міжнар. кампаній і 50 банкаў). Замежныя прамысл., гандл. і фін. прадпрыемствы, у якіх доля капіталу М. перавышае 25%, цалкам вызваляюцца ад падаткаў. Падаткі ў М. намнога меншыя, чым у інш. краінах. Развіты страхавая справа, афшорныя паслугі, гандаль нерухомасцю. М. — сусветна вядомы курорт з басейнамі, купальнямі, водалячэбніцай. Асн. дзярж. даходы прыпадаюць на падаткі з банкаў, атэляў і інш. (55%), ад турызму 25% (М. штогод наведвае каля 700 тыс. замежных турыстаў). Турыстаў прываблівае ў М. сонечнае надвор’е, марскія купанні, арх. і гіст. помнікі, казіно, ігральныя дамы, Акіянаграфічны музей і марскі акварыум з унікальнымі экспанатамі, буйныя міжнар. тэнісныя турніры, аўтамаб. ралі Монтэ-Карла, міжнар. спаборніцтвы па стэндавай стральбе і гольфе, муз. і цыркавыя фестывалі і інш. З-за нізкіх падаткаў у М. жывуць многія багатыя людзі, у т. л. сусветна вядомыя артысты і спартсмены, што з’яўляецца дадатковым фактарам прыцягнення турыстаў. Склалася сучасная індустр. база з экалагічна чыстых прадпрыемстваў лёгкай і перапрацоўчай прам-сці. Найб. развіты эл.-тэхн. і радыёэлектронная (электронныя вузлы і прылады, электрычныя рэле і пераключальнікі, электрабыт. прылады), дакладнае машынабудаванне, хім., фармацэўтычная, швейная, харч., паліграф., суднарамонтная, буд. матэрыялаў прам-сць; выпуск паштовых марак, малая металургія, вытв-сць пластмас, фаянсу, маёлікі, ювелірных вырабаў, сувеніраў. Электраэнергію М. атрымлівае з Францыі. Працуе магутная радыёстанцыя «Монтэ-Карла». Ёсць невял. вінаграднікі і аліўкавыя гаі. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. У М. 1,7 км чыгункі і 50 км асфальтаваных дарог і вуліц. Праз М. праходзяць чыгунка і шаша Ніца (Францыя) — Генуя (Італія). У М. ёсць пляцоўкі для верталётаў, якія перавозяць пасажыраў у міжнар. аэрапорт у г. Ніца (Францыя). Марскі порт прымае невял. гандл. судны і яхты. М. ўтварае адзіную мытную прастору з Францыяй. У экспарце пераважаюць прамысл. вырабы, у імпарце — харч. і спажывецкія тавары. Грашовая адзінка — франц. франк. Манегаскія франкі выпускаюцца для продажу нумізматам.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Манака.

т. 10, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)