галоўная частка слова, нязменная ў працэсе словаўтварэння і словазмянення (марф. дэрывацыі), носьбіт лексічнага значэння слова. У невытворных словах К. супадае з асновай. Значэнне К. больш канкрэтнае, чым значэнне афіксаў слова. Структурна К. падзяляюць на свабодныя — сустракаюцца на правах аўт. слова без афіксаў («сцян-а», «сцен-ка») і звязаныя — толькі ў спалучэнні з афіксамі («ада-мк-нуць», «за-вул-ак»). К., які заканчваецца галосным гукам, наз. адкрытым («аб-у-ць»), зычным — закрытым («з-бір-аць»; у бел. мове закрытыя К. заўсёды ва ўласнабел. назоўніках, прыметніках, лічэбніках і займенніках, за выключэннем асабовых займеннікаў я, ты, мы). У залежнасці ад колькасці К. словы падзяляюць на простыя — адзін К. («бульб-ін-а») і складаныя — больш аднаго К. («вад-а-лаз»). К. службовых слоў блізкія па значэнні да афіксаў, напр.: значэнне прыназоўніка і прэфікса «без» («без білета» і «безбілетны»), часціцы і прэфікса «не» («не прывабліваць» і «непрывабны»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́ТНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
1) сукупнасць форм і метадаў крэдытавання ў рамках адной краіны (гл.Крэдыт).
2) Агульная назва крэдытных устаноў краіны. К.с. акумуліруе свабодныя грашовыя капіталы і выдае пазыкі прадпрыемствам (фірмам, кампаніям), ураду прыватным асобам, накіроўвае грашовыя сродкі з адных сектараў эканомікі ў іншыя, стварае інвестыцыйны клімат у краіне і вызначае правілы ў крэдытна-грашовым абарачэнні. Сучасная К.с. прамыслова развітых краін сфарміравалася пад уплывам такіх фактараў, як спецыялізацыя крэдытна-фін. устаноў, канцэнтрацыя і цэнтралізацыя банкаўскага капіталу, зліццё або зрошчванне банкаўскіх і прамысл. манаполій, інтэрнацыяналізацыя банкаўскай справы і інш. Яна ўключае розныя віды банкаў (гл.Банкі, Знешнегандлёвыя банкі, Інвестыцыйны банк, Іпатэчны банк, Камерцыйны банк), спецыялізаваныя нябанкаўскія крэдытна-фін. ўстановы: страхавыя кампаніі, пенсіённыя фонды, ламбарды і інш. У К.с. Рэспублікі Беларусь уваходзяць Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца цэнтр. банкам краіны, і камерцыйныя банкі, праз якія рэалізуецца крэдытная палітыка дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ЛЬНЫ КО́НТУР,
электрычны ланцуг, у якім могуць адбывацца ваганні з частатой, што вызначаецца параметрамі самога ланцуга. Найб. просты вагальны контур складаецца са шпулі індуктыўнасці і кандэнсатара і выкарыстоўваецца як рэзанансная сістэма радыётэхн. прылад у дыяпазоне частот ад 50 кГц да 300 МГц (на больш высокіх частотах — двухпровадныя і кааксіяльныя лініі перадачы, аб’ёмныя і адкрытыя рэзанатары).
У ідэальным вагальным контуры ўзбуджаюцца свабодныягарманічныя ваганні, у рэальным з-за страт энергіі амплітуда ваганняў паступова змяншаецца, а перыяд павялічваецца (ваганні затухаюць). Якасць вагальнага контуру вызначаецца дыхтоўнасцю вагальнай сістэмы. Калі ў вагальны контур уключыць генератар пераменнага току, праз некаторы час у ім усталююцца вымушаныя ваганні з частатой генератара. Залежнасць амплітуды такіх ваганняў ад частаты наз.рэзананснай характарыстыкай контуру. Рэзкае павелічэнне амплітуды назіраецца пры частотах, блізкіх да ўласнай частаты вагальнага контуру (гл.Рэзананс).
П.С.Габец.
Пераўтварэнні энергіі ў вагальным контуры: 1 — шпуля індуктыўнасці; 2 — кандэнсатар; 3 — крыніца сілкавання (батарэя); 4 — электрычнае поле; 5 — напрамак электрычнага току; 6 — магнітнае поле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУЖМЕ́ЛЬ (Lonicera),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Больш за 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я, у Паўд. паўшар’і — у Андах. На Беларусі 1 дзікарослы від — бружмель звычайны, або лясны (L. xylosteum), трапляецца як падлесак у хвойных і мяшаных лясах на паўд. мяжы арэалу; больш за 60 відаў інтрадукаваны для зялёнага буд-ва (найб. вядомыя бружмель альпійскі — L. alpigena, алтайскі — L. altaica, гарбаты — L. gibbiflora, духмяны, або капрыфоль, — L. caprifolium, павойны — L. periclymenum, сіні — L. caerulea, татарскі — L. tatarica, ядомы — L. edulis).
Лістападныя і шматгадовазялёныя прамастойныя, сцелістыя, інш. раз павойныя куставыя расліны, рэдка невял. дрэўцы і ліяны. Лісце простае, суцэльнае або лопасцевае, супраціўнае, на чаранках, садзячае або зрослае асновамі, суцэльнакрайняе. Кветкі няправільныя, рознага колеру, размешчаны парамі (дыхазіі) на кароткіх пазушных кветаносах, радзей у складаных паўпарасоніках, што ўтвараюць несапраўдныя кальчакі, галоўчатыя або коласападобныя суквецці. Вяночак трубчаста-лейкападобны, часта двухгубы. Плады — сакаўныя, свабодныя або зрослыя парамі ягады (у некаторых відаў ядомыя). Дэкар., тэхн., лек. (ірвотны і слабіцельны сродак) і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́КСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1958,
антыманархічны ваен. пераварот у Іраку 14.7.1958. Падрыхтавана членамі падп. арг-цый Фронт нац. адзінства (ФНА) і «Свабодныя афіцэры», незадаволенымі знешнепаліт. курсам урада Саіда Нуры (арыентацыя на Вялікабрытанію і ЗША, дзейнасць Ірака ў межах Арганізацыі цэнтральнага дагавора, або Багдадскага пакта). Адбылася напярэдадні інтэрвенцыі дзяржаў-удзельніц Багдадскага пакта і ЗША у Ліван, у якой павінны былі ўдзельнічаць і 2 брыгады іракскай арміі. 14 ліп. гэтыя брыгады (камандзіры — А.К.Касем і А.С.Арэф) уступілі ў Багдад, захапілі стратэг. пункты сталіцы і акружылі каралеўскі палац. Былі забіты кароль Фейсал II, эмір Абдул Ілах і яшчэ больш за 20 чал. Па закліку ФНА да вайскоўцаў, што паўсталі, далучылася насельніцтва, якое ўдзельнічала ў ліквідацыі ачагоў супраціўлення, затрымцы прыхільнікаў манархічнага рэжыму (15 ліп. забіты Саід Нуры), перадачы органаў дзярж. кіравання пад кантроль грамадскіх арг-цый і ваенных. У выніку рэвалюцыі Ірак абвешчаны рэспублікай, сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з Касемам (яго нам. і міністрам унутр. спраў стаў Арэф).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОПРЫЯРЭЦЭ́ПТАРЫ, прапрыяцэптары (ад лац. proprius уласны, асаблівы + рэцэптары),
спецыялізаваныя чуллівыя нервовыя канцы (механарэцэптары) апорна-рухальнага апарату пазваночных жывёл і чалавека. Самы пашыраны від — свабодныянерв. канцы, а найб. спецыялізаваныя структуры — мышачныя верацёны (у шкілетных мышцах) і органы Гольджы (у сухажыллях). Узбуджэнне ў П. узнікае пры нацяжэнні мышачных валокнаў, сухажылляў, фасцый, пры скарачэнні або пасіўным расцяжэнні мышцы. Імпульсы, што паступаюць у ц. н. с. ад мышачных валокнаў, аблягчаюць узнікненне актыўнасці ў рухальных нейронах сваёй мышцы і тармозяць скарачэнні мышцы-антаганіста. Імпульсы, што прыходзяць ад органаў Гольджы, маюць процілеглы эфект. У мозг ад П. паступае інфармацыя аб становішчы часткі цела ў прасторы, стане мышцаў, ступені іх напружання. Невял. здольнасць П. да адаптацыі дазваляе ц. н. с. бесперапынна атрымліваць сігналы аб стане шкілетнай мускулатуры і ажыццяўляць бесперапынную складана-каардынаваную рухальную дзейнасць арганізма. Актыўнасць П. ляжыць у аснове мышачнага пачуцця. Часам да П. адносяць рэцэптары вестыбулярнага апарату, сэрца і крывяносных сасудаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДЗІ ВО́ЛЬНЫЯ,
катэгорыя сялян на Беларусі ў канцы 18—19 ст. Былі асабіста свабодныя, прававым і маёмасным становішчам набліжаліся да дзярж. сялян. За карыстанне зямлёй плацілі падушны аброк або адпрацоўвалі. Да сярэдзіны 19 ст. пераважная большасць Л.в. запрыгонена памешчыкамі. У 1840 тыя з іх, хто жыў на казённых землях, далучаны да абшчын дзярж. сялян, прыпісаныя да гарадоў увайшлі ў склад гар. абшчын. У 1858 на Беларусі налічвалася 14,6 тыс. душ Л.в. абодвух полаў. Напярэдадні сялянскай рэформы 1861 колькасць іх значна вырасла за кошт пераведзеных у гэту катэгорыю абеззямеленых панскіх сялян і склала на Беларусі і ў Літве каля 100 тыс. рэвізскіх душ. Паводле закона ад 25.7.1864 Л.в. 1-га разраду (пазбаўленыя зямлі памешчыкамі пасля выдання рэскрыпта Аляксандра II віленскаму ген.-губернатару У.І.Назімаву ад 20.11.1857) надзяляліся зямлёй з правам выкупу нароўні з панскімі сялянамі. Л.в. 2-га разраду (пазбаўленыя зямлі да гэтага тэрміну) на працягу 12 гадоў заставаліся арандатарамі з паніжэннем арэнднай платы на 10%. На пач. 1880-х г. на Беларусі і ў Літве іх было каля 87 тыс. рэвізскіх душ. У выніку барацьбы за зямлю Л.в. 2-га разраду згодна з законам ад 3.6.1882 атрымалі права яе выкупу ў Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. У Мінскай губ. пазямельнае ўладкаванне Л.в. было затрымана да 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТАД МАСТА́ЦКІ,
гістарычна абумоўлены спосаб адлюстравання рэчаіснасці ў мастацтве; тып маст. мыслення, сукупнасць прынцыпаў адбору, ідэйна-эстэт. ацэнкі і абагульнення жыццёвых з’яў з пазіцый грамадскіх ідэалаў. Суадносіцца з маст. светапоглядам, кірункам і стылем, з’яўляецца адносна іх больш шырокім сінтэзуючым паняццем. Тэрмін «М.м.» ўзнік у сав.літ. крытыцы 1920 — пач. 1930-х г., але само паняцце пад інш. назвамі распрацоўвалася даўно [тэорыя мімезісу ў ант. паэтыцы, тры адзінствы ў класіцызме, палярызацыя ідэалу і рэальнасці ў рамантызме, маст. тыпізацыя ў рэалізме, прынцып non finite (незакончанасць) у мадэрнізме]. Гісторыі маст. культуры вядомы нарматыўныя і свабодныя М.м.: першыя арыентуюць творчасць на традыц. каноны, узоры, адзінства стылю пры разнастайнасці жанраў (ант. рэалізм, сярэдневяковае царк. мастацтва, класіцызм); другія дапускаюць разнастайнасць стыляў і светапоглядных арыентацый (рэнесансавы і крытычны рэалізм, рамантызм, мадэрнізм). У гіст. развіцці маст. культуры Беларусі выявіліся М.м. і кірункі, вядомыя агульнаеўрап. мастацтву: кананічныя жанры л-ры, жывапісу, архітэктуры сярэдневякоўя, асветніцкі рэалізм, сентыменталізм у л-ры, класіцызм і барока ў архітэктуры і тэатры, рамантызм і крытычны рэалізм у нац.-адраджэнскай л-ры 19 — пач. 20 ст. У рамках нац. адраджэнскага руху ўзнік спецыфічна беларускі М.м. — адраджанізм (гл.Адраджэнне нацыянальнае), пазней маладнякізм (гл.«Маладняк») і аквітызм (гл.«Узвышша») як нац.-маст. альтэрнатыва сацыяліст. рэалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЭ́Р (франц. parterre ад раг па + terre зямля),
1)у тэатральным будынку, кінатэатры, канцэртнай зале — частка глядзельнай залы ніжэй узроўню сцэны (звычайна павышаецца ад сцэны да задніх радоў) з месцамі для гледачоў. Звычайна з’яўляецца асн. па аб’ёме часткай глядзельнай залы. Вырашэнне П. залежыць ад агульнай кампазіцыі інтэр’ера будынка. Існуюць прамавугольныя ў плане, у выглядзе сегментаў, паўкруга ці паўавала, больш складанай формы. У некаторых відовішчных збудаваннях П. вырашаюцца амфітэатрам.
2) У садова-паркавым мастацтве — адкрытая частка саду ці парку на роўнай мясцовасці з газонамі, кветнікамі, вадаёмамі, бардзюрамі з кустоў. На П. часта размяшчаюць скульптуру, фантаны, курціны, асобныя дрэвы. П., падзеленыя на ўчасткі правільнай формы з узорамі, створанымі стрыжаным самшытам, каляровым пяском, тоўчанай цэглай і інш., характэрны для рэгулярных паркаў 17—18 ст. (у Версалі, Петрадварцы). Больш свабодныя па абрысах П. ў пейзажных парках, звычайна ў выглядзе лужкоў (паркі Стоу ў Англіі, у Паўлаўску). На Беларусі пашырыліся ў 17—18 ст. у рэгулярных парках, т.зв. італьянскіх садах, уяўлялі сабой прамавугольныя ўчасткі, акаймаваныя алеямі са шпалерамі (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль) у 19 — пач. 20 ст. выкарыстоўваліся ў кампазіцыях пейзажных паркаў (паркі ў Гомелі, Нясвіжы). П. шырока выкарыстоўваюцца ў ландшафтнай архітэктуры і азеляненні пры стварэнні буйных горадабудаўнічых ансамбляў (П. на плошчах Незалежнасці і Перамогі ў Мінску і інш.).