СМАЛЁЎКІ (Pissodes),

род жукоў сям. даўганосікаў. 15 відаў. Пашыраны ў хвойных лясах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Жывуць у драўніне (лічынкі — пад карой, некат. ў шышках). На месцы праколаў кары застаюцца кроплі смалы (адсюль назва). На Беларусі 5 відаў С.: крапінкавая (P. notatus), стваловая (P. pini), хваёвая верхавінкавая, або хваёвая жардняковая (P. pipiphilus), шышкавая (P. validirostris), яловая (P. harcyniae).

Даўж. да 10 мм. Цела прадаўгаватае, карычневае або чырвона-бурае з жоўтымі лускаватымі плямамі і перавязямі. Кормяцца маладымі парасткамі, тонкімі ствалінкамі. Лічынкі белыя, з цёмнай галавой, бязногія, выгнутыя. Кукалкі белыя, свабодныя.

Літ.:

Воронцов А.И. Лесная энтомология. 2 изд. М., 1967;

Падий Н.Н. Краткий определитель вредителей леса. 3 изд. М., 1979.

С.​Л.​Максімава.

Смалёўкі: 1 — крапінкавая; 2 — стваловая; 3 — шышкавая; 4 — хваёвая верхавінкавая.

т. 15, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)