ФЕМІСТО́КЛ (Themistoklēs; каля 525 — каля 460 да н.э.),

афінскі дзярж. дзеяч і палкаводзец. З 493/492 да н.э. неаднаразова займаў пасады архонта і стратэга, абараняў інтарэсы гандл.-прамысл. слаёў і беднаты, ставіў за мэту ператварыць Афіны ў марскую дзяржаву, для чаго ўмацаваў порт Пірэй, стварыў флот трыэр. У 487—486 да н.э. правёў паліт. рэформы (выбары архонтаў па жэрабі, магчымасць коннікам займаць гэтую пасаду, вызваленне калегіі стратэгаў ад кантролю арэапага). У час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. быў ініцыятарам стварэння Дэлоскага саюза, фактычна кіраваў грэч. флотам у бітве каля в-ва Саламін (480 да н.э.). Садзейнічаў вызваленню грэч. гарадоў М. Азіі ад улады персаў. У выніку інтрыг афінскай арыстакратыі і спартанскіх алігархаў выгнаны з Афінаў (471 да н.э.). Апошнія гады жыцця правёў у перс. цара Артаксеркса I.

Літ.:

Плутарх. Избранные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1. М., 1990;

Непот К. О знаменитых иноземных полководцах;

Из книги о римских историках: Пер. с лат. М., 1992;

Герои Греции в войне и мире: История Греции в биогр. Г.​В.​Штолля: Пер. с нем. М., 1992.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТРЫ́ТМАТЭР (Strittmatter) Эрвін (14.8.1912, г. Шпрэмберг, Германія — 31.1.1994),

нямецкі пісьменнік. Чл. Ням. АМ (1959). У псіхал. раманах «Паганяты валоў» (1950), «Цінка» (1954), «Оле Бінкап» (1963) сакавіты гумар вясковага бытапісца, блізкасць да фальклору, вобразы сял. мудрацоў. Раман «Цудадзей» (ч. 1—3, 1957—80) развівае традыцыі «рамана выхавання». У рамане «Крама» (ч. 1—3, 1983—92), зб-ках навел і апавяд. «Аўторак у верасні» (1969), «Сіні салавей, або Так гэта пачынаецца» (1972), «Мая прыяцелька Ціна Бабэ» (1977), аповесці «Зялёны чэрвень» (1985) і інш. праблемы мастацтва і жыцця, духоўнага станаўлення асобы, асэнсавання трагічнага мінулага Германіі. Аўтар аповесці для дзяцей «Поні Педра» (1958), зб. лірычных мініяцюр і прытчаў «Шульцэнгофскі каляндар усякай усячыны» (1966), аўтабіягр. кн. «Перад ператварэннем» (выд. 1995), драм, афарызмаў, літ.-крытычных артыкулаў. На бел. мову яго асобныя апавяданні пераклалі Я.​Семяжон, В.​Сёмуха. Нац. прэміі ГДР 1953, 1955, 1964, 1976.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Незабыўны дзень. Мн., 1973;

Рус. пер. — Избранное. М., 1984;

Романы в стенограмме. М., 1978;

Лавка. М., 1986.

Літ.:

Риндфляйш Р. Эрвин Штриттматтер // Писатели ГДР: Пер. с нем. М., 1984.

Е.​А.​Лявонава.

т. 17, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БЭ КО́БА (сапр. Кіміфуса; н. 7.3.1924, Токіо),

японскі пісьменнік. Вядомасць Абэ Коба прынеслі раманы-прытчы «Жанчына ў пяску» (1962), «Чужы твар» (1964), «Спаленая карта» (1967), «Чалавек-скрынка» (1973), «Тайнае спатканне» (1977), «Каўчэг «Сакура» (1984) і інш., гратэскава-фантаст. п’есы «Паляванне на рабоў» (1955), «Прывіды сярод нас» (1958), «Сказанне пра веліканаў» (1960), «Крэпасць» (1962), «Мужчына, які ператварыўся ў дубінку» (1969) і інш. У цэнтры твораў Абэ Коба маральна-філас. праблемы, трагедыя адзіноцтва ў сучасным свеце, працэс адчужэння асобы, матывы безвыходнасці. Аўтар аповесці «Сцяна. Злачынства S. Карума» (1951; літ. прэмія Акутагавы).

Тв.:

Бел. Пер. — Жанчына ў пяску;

Чужы твар. Мн., 1986;

рус. пер. — Избранное. М., 1988.

Абэ Коба.

т. 1, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЧКАВІЧ (Бећковић) Мація (н. 29.11.1939, г. Сента, Сербія),

сербскі паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Акад. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (1985). Адзін з самых прыкметных майстроў слова пасляваен. пакалення. Аўтар паэт. зб-каў «Вера Паўладольска» (1962), «Аблудная куля» (1963), «Так казаў Мація» (1965), «Кажа мне адзін чалавек» (1970), «Мяжа Вука Шалёнага» (1976), «Вой і куку» (1978), «Два светы» (1980), «Паэмы» (1983), «Богаяўленне» (1985), кн. публіцыстыкі «Пра міжчассе» (1969). На бел. мову яго вершы перакладалі Н.​Гілевіч, М.​Мятліцкі, І.​Чарота.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Сербская паэзія. Мн., 1989;

Рус. пер. — у кн.: Поэзия современной Югославии. М., 1981.

І.​А.​Чарота.

т. 3, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАПЦА́РАЎ Нікола Іонкаў (7.12.1909, г. Банска, Балгарыя — 23.7.1942),

балгарскі паэт. Скончыў марское тэхн. вучылішча (1932). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. руху ў Балгарыі, расстраляны гітлераўцамі. Друкаваўся з 1926. Працягваў традыцыі балг. рэв. паэзіі (Х.​Боцеў, Х.​Смірненскі), выступіў як паэт-наватар. У зб. «Песні матора» (1940) адлюстраваў сац. зрухі часу, атмасферу завода, рух машын, працоўныя будні, веру ў светлую будучыню. Цыкл «Песні пра адну краіну» прысвечаны антыфаш. барацьбе ў Іспаніі. На бел. мову яго вершы перакладалі А.​Астрэйка, Н.​Гілевіч і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Песня пра чалавека. Мн., 1982;

Рус. пер. — Избранное. М., 1984

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 3, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІЯ́Н Лівіў Сцяпанавіч (13.3.1935, с. Лядавены Рышканскага р-на, Малдова — 20.7.1986),

малдаўскі паэт. У паэт. зб-ках «Прадказанні» (1965), «Карані» (1966; Рэсп. літ. прэмія імя М.​Астроўскага 1966), «Дзеяслоў» (1968), «У хованкі з травой» (1972), паэмах «Наша доля — палёт» (1974), «Гордасць і цярпенне» (1977), «Сэрца і гром» (1981), «Ценявы вянец» (1982) і інш. выявіў сябе як лірык медытатыўнага складу, арганічна звязаны са сваёй эпохай. Эстэтычныя і этычныя прынцыпы Д. ў кнізе публіцыстычных нарысаў і эсэ «Задумлівыя вароты» (1975). На бел. мову творы Д. пераклалі Г.​Бураўкін, Т.​Бондар, Я.​Янішчыц.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Гронкі радасці. Мн.. 1986;

Рус. пер. — Тяжесть крыльев. М., 1988.

т. 6, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРА́НА Елісавета (сапр. Белчава; 29.4.1893, Сафія — 23.3.1991),

балгарская паэтэса. Скончыла Сафійскі ун-т (1915). Першы зб. вершаў «Вечная і святая» (1927) напісаны пад уплывам нар.-песеннай паэзіі. У зб-ках «Зорка марака» (1932), «Сэрца чалавечае» (1936) уражанні ад вандраванняў па роднай краіне, Францыі, Італіі, Славеніі, вобраз горада з яго сац. кантрастамі, узмацненне трагічных і песімістычных нот. Аўтар лірычных зб-каў «Ад берага да берага» (1963), «Святлацені» (1977), «На беразе часу» (1983) і інш., кн. для дзяцей. Дзімітраўская прэмія 1950. На бел. мову яе вершы перакладаў Н.​Гілевіч.

Тв.:

Бел. пер. — У кн.: Ад стром балканскіх. Мн., 1965;

Рус. пер. — Сердце человеческое. М., 1959;

Стихи. М., 1979.

т. 2, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДЭРСАН (Anderson) Шэрвуд (13.9.1879, г. Камдэн, штат Агайо, ЗША — 8.3.1941),

амерыканскі пісьменнік. Першы раман «Сын Уіндзі Макферсана» (1916). Вядомасць прынеслі зб-кі апавяданняў «Уайнсбург, Агайо» (1919), «Трыумф яйка» (1921), «Коні і людзі» (1923) і інш. Даследаваў уплыў індустрыялізацыі і сац. адчужэння на чалавечую псіхіку (раманы «Людзі, якія маршыруюць», 1917; «Па той бок жадання», 1932, і інш.). Пад уплывам фрэйдызму напісаны раманы «Мноства шлюбаў» (1923), «Цёмны смех» (1925). Як бескампрамісны рэаліст і праніклівы псіхолаг зрабіў уплыў на некаторых амер. пісьменнікаў 20 ст.

Тв.:

Бел. пер. — Папяровыя шарыкі;

Ніхто не ведае;

Прыстойнасць;

Хлусня: [Навелы // Далягляды. Мн., 1989;

Рус. пер. — Избранное. М., 1983.

Ш.Андэрсан.

т. 1, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЯЛЕ́-ЛЕ-ДЗЮК (Violett-le-Duk) Эжэн Эмануэль (27.1.1814, Парыж — 17.9.1879),

французскі архітэктар, гісторык і тэарэтык архітэктуры; адзін з заснавальнікаў тэорыі і практыкі рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Рэстаўрыраваў шэраг франц. гатычных сабораў і замкаў (сабор Нотр-Дам у Парыжы, з 1845, разам з Ж.​Б.​Ласю; умацаванні Каркасона, замак П’ерфон і інш.). У гістарычна-тэарэт. працах імкнуўся выявіць агульныя заканамернасці архітэктуры, своеасаблівасць нац. школ, прыроду сярэдневяковага мастацтва («Тлумачальны слоўнік французскай архітэктуры», т. 1—10, 1854—68; «Гутаркі аб архітэктуры», т. 1—2, 1858—72, рус. пер. 1937—38; «Рускае мастацтва», 1877, рус. пер. 1879).

Літ.:

Pevsner N. Ruskin and Violett-le-Duk... London, 1969.

т. 4, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУА́ (Galois) Эварыст (26.10.1811, г. Бур-ла-Рэн, Францыя — 30.5.1832),

французскі матэматык, заснавальнік сучаснай алгебры. Вучыўся ў ліцэі Луі-дэ-Гран, к моманту заканчэння якога ўжо вёў творчую працу па матэматыцы. У 1830 паступіў у Вышэйшую нармальную школу; у 1831 выключаны з яе за ўдзел у паліт. барацьбе супраць каралеўскага рэжыму Францыі. Загінуў на дуэлі. Стварыў агульную тэорыю рашэння алг. ураўненняў; Галуа тэорыю. Увёў паняцці групы, поля. Ідэі Галуа пачалі разумець толькі ў 1870-я г.

Літ.:

Инфельд Л. Эварист Галуа. Избранник богов: Пер. с англ. М., 1965;

Дальма А. Эварист Галуа, революционер и математик: Пер. с фр. 2 изд. М., 1984.

Э.Галуа.

т. 4, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)