ФЕМІСТО́КЛ (Themistoklēs; каля 525 — каля 460 да н.э.),

афінскі дзярж. дзеяч і палкаводзец. З 493/492 да н.э. неаднаразова займаў пасады архонта і стратэга, абараняў інтарэсы гандл.-прамысл. слаёў і беднаты, ставіў за мэту ператварыць Афіны ў марскую дзяржаву, для чаго ўмацаваў порт Пірэй, стварыў флот трыэр. У 487—486 да н.э. правёў паліт. рэформы (выбары архонтаў па жэрабі, магчымасць коннікам займаць гэтую пасаду, вызваленне калегіі стратэгаў ад кантролю арэапага). У час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. быў ініцыятарам стварэння Дэлоскага саюза, фактычна кіраваў грэч. флотам у бітве каля в-ва Саламін (480 да н.э.). Садзейнічаў вызваленню грэч. гарадоў М. Азіі ад улады персаў. У выніку інтрыг афінскай арыстакратыі і спартанскіх алігархаў выгнаны з Афінаў (471 да н.э.). Апошнія гады жыцця правёў у перс. цара Артаксеркса I.

Літ.:

Плутарх. Избранные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1. М., 1990;

Непот К. О знаменитых иноземных полководцах;

Из книги о римских историках: Пер. с лат. М., 1992;

Герои Греции в войне и мире: История Греции в биогр. Г.​В.​Штолля: Пер. с нем. М., 1992.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)