ЕЎТУШЭ́НКА (Яўген Аляксандравіч) (н. 18.7.1933, г. Зіма Іркуцкай вобл., Расія),

рускі паэт. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.​Горкага (1951—54). Друкуецца з 1949. Паэзія вызначаецца незалежнасцю пазіцыі, вострай пастаноўкай складаных маральных і сац. пытанняў, праблем грамадзянскасці, міжнар. палітыкі, гуманіст. і антываен. пафасам (зб-кі «Разведчыкі будучага», 1952, «Шаша энтузіястаў», 1956, «Яблык», 1960, «Інтымная лірыка», 1973, «Зварка выбухам», 1980, «Грамадзяне, паслухайце мяне...», 1989, і інш., паэмы «Брацкая ГЭС», 1965, «Мама і нейтронная бомба», 1982, за апошнюю Дзярж. прэмія СССР 1984). Выступае як празаік, публіцыст і крытык (зб-кі артыкулаў «Талент ёсць цуд невыпадковы», 1980, «Пункт апоры», 1981, раманы «Ягадныя мясціны», 1982, «Не памірай пасля смерці», 1993). Паставіў фільмы «Дзіцячы сад» (1984), «Пахаванне Сталіна» (1991), здымаўся ў іх. На бел. мову творы Е. перакладалі Р.​Барадулін, А.​Вольскі, А.​Вярцінскі, В.​Макарэвіч, У.​Нядзведскі і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84;

Нет лет. СПб., 1993;

Мое самое-самое. М., 1995.

Я.А.Еўтушэнка.

т. 6, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЎРАЎ (Мікалай Васілевіч) (1830, Масква — 16.5.1904),

расійскі жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1851—56), у 1887—90 выкладаў у гэтым вучылішчы. Член т-ва перасоўных выставак (з 1881, гл. Перасоўнікі). Жанравым карцінам уласцівы пераканаўчасць сац. характарыстык і сюжэтных сітуацый, падрабязная распрацоўка фактуры: «Хатняя сялянская сцэна» (1856), «Торг» (1866), «Выхаванка» (1867), «Паніхіда на сельскіх могілках», «Пахаванне селяніна», «Протадыякан абвяшчае даўгалецце на імянінах купца», «Агледзіны» (1888) і інш. Аўтар гіст. карцін: «Князёўна П.​Р.​Юсупава перад пострыгам» (1866), «Раман Галіцкі прымае паслоў папы Інакенція III» (1875), «Прысяга Лжэдзмітрыя каралю Жыгімонту III» (1877) і інш. Пісаў партрэты: невядомага, М.​С.​Шчэпкіна, аўтапартрэт (1863), Траццяковых (1860-я г.) і інш. У канцы 19 ст. пераехаў на Беларусь. Жыў у в. Лыскоўшчына Круглянскага р-на Магілёўскай вобл., дзе напісаў творы «Эпізод з жыцця Пятра», «Чым былі моцныя шлюбныя вузы» і інш. У 1998 у Магілёве адбыўся міжнар. пленэр, прысвечаны Н.

Літ.:

Н.​В.​Неврев: [Альбом]. М., 1964.

В.​Д.​Бабровіч.

М.Неўраў. Торг. 1866.

т. 11, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІТРО́ПУЛАС ((Mitropoulos) Дымітрыяс) (1.3.1896, Афіны — 2.11.1960),

грэчаскі і амерыканскі дырыжор, піяніст, кампазітар. Чл.-кар. Афінскай АН (1933). З 1908 вучыўся ў кансерваторыі ў Афінах, у 1920 удасканальваўся ў Бруселі ў П.​Жыльсона, у 1921—24 — у Берліне ў Ф.Бузоні. З 1924 выступаў як дырыжор (выканаў з аркестрам Берлінскай філармоніі сольную партыю ў 3-м канцэрце С.​Пракоф’ева, адначасова дырыжыраваў аркестрам, 1930). З 1937 дырыжор сімф. аркестра ў Мінеапалісе. У 1950—58 гал. дырыжор Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра, выступаў як оперны дырыжор у буйнейшых т-рах свету, у т. л. «Метраполітэн-опера», «Ла Скала» і інш., кіраваў пастаноўкамі твораў В.​А.​Моцарта, Дж.​Вердзі, Дж.​Пучыні, М.​Равеля, Д.​Міё, П.​Чайкоўскага, М.​Мусаргскага і інш. Аўтар оперы «Сястра Беатрыса» (паст. 1920), сімф. паэмы «Пахаванне» (1916), Concerto grosso (1929), камерна-інстр. ансамбляў, музыкі да драм. спектакляў і інш. З 1963 у Нью-Йорку праводзяцца конкурсы маладых дырыжораў імя М.

т. 10, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пахава́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пахавання (у 2 знач.). Пахавальны абрад. Пахавальная працэсія. Пахавальны звон. // Які скарыстоўваецца на пахаванні, прызначаны для пахавання. Ціха напяваючы пахавальны марш, байцы падымаюць нябожчыка. Глебка. // Які выконвае абрад пахавання, арганізуе пахаванне. Пахавальнае бюро. □ З грузавіка выйшлі трое ў такіх жа мышастых мундзірах, якія былі і на тых, што ляжалі на паляне. Гэта прыехала пахавальная каманда. Чыгрынаў.

2. у знач. наз. пахава́льная, ‑ай, ж. Разм. Паведамленне з дзеючай арміі пра смерць, гібель ваеннаслужачага. Бацьку забралі ў салдаты, і прыйшла ў пачатку сорак пятага на яго пахавальная. Б. Стральцоў. [Аня:] — Атрымала маці пахавальную, а нас пяцёра каля яе. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Incedunt albati ad exsequias, pullati ad nuptias

На пахаванне яны ідуць у белым адзенні, а на вяселле ‒ у чорным.

На похороны они идут в белой одежде, а на свадьбу ‒ в чёрной.

бел. Дурань законаў не чытае, а свае мае. Па вадзе ходзіць у тапачках, а па пяску ‒ у чабатах.

рус. По зиме в китаешном, по лету в дублёном. За сохой в сапогах, по селу в лаптях, в церковь босой. Зимой с бороной, а летом в извозе. На комара с рогатиной. Дуракам за кон не писан.

фр. Chanter (entonner) (le) magnificat à Matines (Петь магнификат во время утренней молитвы).

англ. That is neither here, nor there (Это ни там/так ни сям/этак).

нем. Für den Dummkopf gibt es keine Gesetze (Для дурака не существуют законы).

Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў (1993, правапіс да 2008 г.)

БРА́ЦКАЯ МАГІ́ЛА,

масавае пахаванне загінуўшых у ходзе ваен. дзеянняў ці памерлых ад ран воінаў, партызан, а таксама ваеннапалонных і мірных жыхароў. Адразу пасля баёў пахаванні ў брацкіх магілах ажыццяўлялі аднапалчане загінуўшых з выкананнем пэўнага рытуалу і ваен. ушанаванняў, ставілі сціплыя помнікі з даступных матэрыялаў. У шэрагу выпадкаў з некалькіх брацкіх магіл стваралі ваен. могілкі, рабілі і адзіночныя пахаванні. Шырока вядома брацкая магіла ў Севастопалі, дзе пахаваны рус. воіны, якія загінулі пры абароне горада ў Крымскую вайну 1853—56. Пасля Вял. Айч. вайны ў некаторых месцах рабіліся перапахаванні з адзіночных магіл у брацкія, ставілі помнікі, стваралі мемарыялы. Першы помнік на брацкай магіле сав. воінам пастаўлены ў 1945 у Кёнігсбергу (цяпер Калінінград, Расія). Найб. вядомы брацкія магілы ў Берліне (Трэптаўпарк), С.-Пецярбургу (Піскароўскія могілкі), Луганску, Севастопалі, Керчы (Украіна) і інш. На Беларусі 5575 брацкіх магіл. Найб. масавыя пахаванні: у Мінску каля былой в. Масюкоўшчына (больш за 80 тыс. чал.), у в. Баравая Мінскага р-на (30 тыс. чал.), на ст. Лясная Баранавіцкага р-на (50 тыс. чал.). Ахоўваюцца дзяржавай.

т. 3, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЖАЗО́ЎСКІ (Генрых Францавіч) (н. 1.1.1912, Мінск),

бел. жывапісец. Бацька Л.Г.Бржазоўскай. Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1930—33) у М.​Керзіна і М.​Эндэ; у 1938—41 у маст. студыі Ф.​Мадорава ў Мінску. У 1943—44 у партыз. атрадзе, гал. афарміцель час. «Народны мсціўца». Працуе ў галіне тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Каля 100 замалёвак, зробленых у час Вял. Айч. вайны (зберагаюцца ў Музеі гісторыі Вял. Айч. вайны, Пухавіцкім краязн. музеі і інш.), пазней увасобіў у буйнамаштабныя палотны. Сярод твораў: «Партрэт Героя Савецкага Саюза Мармулёва» і «Разведчык» (1943), «Камбрыг» (1944), «Беларускі пейзаж» і «Лес» (1946), «Выхад з блакады» і «Пахаванне таварышаў» (1947), «На родных палетках» (1952), «У ліцейным цэху» (1959), «Партызаны каля кастра» і «Брэсцкая крэпасць. 22 чэрвеня 1941 года» (1961), «Рэйкавая вайна» (1976), «Янка Купала ў гадзіны адпачынку на беразе Свіслачы» (1981), «Дубы Курасоўшчыны» (1985) і інш. Яго творы адметныя дакументальнасцю, псіхал. напоўненасцю вобразаў, змястоўнай выразнасцю жывапіснага вырашэння.

Літ.:

Фатыхава Г. Рэалізм і шчырасць // Мастацтва. 1992. № 7.

Г.А. Фатыхава.

Г.Бржазоўскі. На родных палетках. 1952. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 3, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛЕНІЦА.

масленка, старажытнае перадвеснавое свята ў слав. народаў. Звязана з культам прыроды, адраджэннем пладаносных сіл зямлі, ушанаваннем продкаў, павінна была паскорыць вясну, забяспечыць дастатак і багаты ўраджай. М. прыпадала на 8-ы тыдзень перад Вялікаднем. На М. забаранялася есці мяса, яго замянялі бліны — сімвал сонца, надыходу вясны. На Беларусі святкаванне М. пачыналася ў чацвер, на Уласа; у пятніцу праводзілі бяседныя застоллі, у нядзелю — развітальныя, прабачальныя бяседы. На М. адведвалі бабку-павітуху, вадзілі па вёсцы маладзіцу, што выйшла замуж у апошні мясаед, халасцякам і незамужнім дзяўчатам прывешвалі да нагі калодкі, дзяўчаты і хлопцы гойдаліся на варотах у гумне і на арэлях (каб доўгім рос лён), рабілі і запальвалі кола, спальвалі сімвалічную антрапаморфную выяву холаду-зімы — саламяную ляльку або імітавалі «пахаванне» М. з «папом» і «галашэннямі», спявалі масленічныя песні, вадзілі карагоды, жартавалі, пачыналі «гукаць вясну». М. заканчвалася «запускамі» на малако і малочныя стравы. Традыцыі М. захаваліся ў сучасным святкаванні праводзін зімы. У краінах Зах. Еўропы М. адпавядаў карнавал.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, [ч.] 1. С. 137—141;

Ліцьвінка В. Святы і абрады беларусаў. 2 выд. Мн., 1998.

т. 10, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬЧЭ́ЎСКІ ((Malczewski) Яцак) (15.7. 1854, г. Радам, Польшча — 8.10.1929),

польскі жывапісец; прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1873—76 і 1877—78) у Я.​Матэйкі, у Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1876—77). Праф. Школы прыгожых мастацтваў (1896—1900) і АМ (1910—21; у 1912—14 рэктар) у Кракаве. Чл. аб’яднання «Мастацтва». Пад уплывам творчасці А.​Гротгера і Ю.​Славацкага пісаў карціны на тэмы паўстання 1863—64: «Нядзеля ў шахце». (1882), «На этапе» (1883), «Смерць на этапе» (1891), «Куцця ў Сібіры» (1892) і інш. Ствараў прасякнутыя атмасферай роздуму і смутку метафарычна-алегарычныя кампазіцыі, у якіх часта адлюстроўваў фантаст. і біблейскія істоты. Сярод твораў: «Меланхолія» (1890—94), «Зачараванае кола» (1895—97), «Анёл, пайду за табой» (1901), трыпціхі «За анёлам» (1891), «Айчына» (1903), «Музыка» (1906), «Маё жыццё» (1911—12), «Маё пахаванне» (1923), цыклы «Русалкі» (1887—88), «Атручаная студыя» (1905—06) і інш. Аўтар партрэтаў (А.​Веляпольскага, 1903; У.​Рэйманта, 1905, і інш.), аўтапартрэтаў («Аўтапартрэт з гіяцынтам», 1902; «Аўтапартрэт», 1908, і інш.).

Я.Мальчэўскі. Аўтапартрэт. 1908.

т. 10, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕЎ (Віктар Яўгенавіч) (н. 2.5.1918, г. Марыупаль, Украіна),

рускі фалькларыст-славіст. Акад. Расійскай АН (1994). Д-р гіст. н. (1966), праф. (1971). Старшыня камісіі слав. фальклору пры Міжнар. к-це славістаў. З 1921 жыў у Гомелі, дзе скончыў муз. тэхнікум. Пад уплывам выкладчыкаў — кампазітараў Р.​Пукста і А.​Туранкова — запісваў бел. нар. песні ад маці і бабулі, ураджэнкі Гродзеншчыны. Працаваў у Чэлябінскім пед. ін-це (1945—54). З 1955 у Ін-це рус. л-ры Рас. АН (Пушкінскі дом). З 1969 у Ін-це тэатра, музыкі і кіно (С.-Пецярбург). Аўтар прац па гісторыі і тэорыі фальклору, эстэтыцы, нар. т-ры, параўнальным вывучэнні нар. творчасці славян. Найб. вядомая манаграфія «Эстэтыка фальклору» (1967). У многіх працах цікавасць да бел. фальклору (цыкл арт. пра бел. веснавы абрад «Пахаванне стралы»).

Тв.:

Восточно-славянский фольклор: Словарь науч. и нар. терминологии. Мн., 1993 (у сааўт.).

Літ.:

Ивлева Л.М. В.​Е.​Гусев: Библиогр. указ. науч. тр. (1941—1981). Л., 1984;

Хронологический список трудов В.​Е.​Гусева, 1982 — 1993 // Рус. фольклор. СПб., 1995. Вып. 28;

Мельц М.Я. В.​Е.​Гусев как фольклорист // Там жа. 1989. Вып. 25.

К.​П.​Кабашнікаў.

т. 5, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)