ПАДВО́ДНЫ СПОРТ,

від спорту. Уключае падводнае арыентаванне. плаванне ў ластах, падводныя спартыўныя паляванне і стральбу па мішэнях, падводны турызм. Спарт. інвентар: акваланг, дыхальная трубка, ласты, маска і інш.

П.с. узнік у 1920-я г., інтэнсіўна развіваецца пасля вынаходства акваланга. Сусветная канфедэрацыя падводнай дзейнасці (падводнага спорту) створана ў 1959 (Манака); першы прэзідэнт Ж.А.Кусто. Канфедэрацыя аб’ядноўвае 112 краін (2000). Чэмпіянаты свету і Еўропы па падводным паляванні праводзяцца з 1950-х г., па падводным арыентаванні і плаванні ў ластах — з 1960-х г. (з 1967 кожны год), спаборніцтвы на Кубак Еўропы — з 1969.

На Беларусі культывуюцца (з 1959) падводныя спарт. паляванне і стральба па мішэнях, плаванне ў ластах. Чэмпіянаты рэспублікі і спаборніцтвы на Кубак Беларусі па падводным паляванні і плаванні ў ластах праводзяцца з 1972. У чэмпіянатах свету бел. спартсмены ўдзельнічаюць з 1976. Федэрацыя П.с. Беларусі створана ў 1992. Майстры спорту Беларусі В.Сашынскі (чэмпіён Беларусі, 1996, 1997) і А.Шапавалаў (чэмпіён Беларусі, 1998, 1999).

С.А.Патрыкееў.

т. 11, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кандыда́т м. Kandidt m -en, -en; nwärter m -s, -;

кандыда́т на паса́ду прэзідэ́нта Präsidntschaftskandidat m;

вы́ставіць кандыда́там у дэпута́ты als bgeordneten nomineren, als Kandidten (für die Parlamntswahlen) ufstellen;

вы́лучыць кандыда́та inen Kandidten vrschlagen*;

кандыда́т наву́к Kandidt der Wssenschaften, Dktor m -s, -tren (скар. Dr.);

ступе́нь кандыда́та наву́к der wssenschaftliche Grad ines Kandidten (у Беларусі); Dktorgrad m -(e)s, -e (у шэрагу замежных краін);

кандыда́т у майстры́ Sprtler der Misterklasse; шахм. Misteranwärter m -s, -

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

МАЁЛІКА (італьян. maiolica ад старой назвы г. Мальёрка, праз які ў Італію ўвозілі іспана-маўрытанскую кераміку),

вырабы з каляровай абпаленай гліны з буйнапорыстым чарапком, пакрытыя непразрыстай палівай (арх. абліцоўка, посуд, статуэткі); від керамікі. Дэкар. малюнак наносяць перад абпальваннем па сырой белай паліве. Дзякуючы абпальванню пры параўнальна невысокай тэмпературы фарба захоўвае свой колер.

М. вядома са старажытнасці ў Егіпце, Вавілоніі, Іране, некат. інш. краінах Азіі. Дасягнула росквіту ў 15—17 ст. у Італіі, Іспаніі, Францыі, Германіі, у 17—18 ст. у Расіі. Значны ўклад у развщце М. ў Рус. дзяржаве зрабілі майстры цаніннай справы — выхадцы з Беларусі С.Грыгор’еў, С.Іваноў (Палубес), І.Максімаў, старац Іпаліт, Ф.Чука, П.Заборскі.

На тэр. Беларусі рознакаляровую М. выраблялі з 12 ст. амаль ва ўсіх гарадах. Зберагліся фрагменты гродзенскага маёлікавага посуду, цацак і плітак 12—13 ст., абліцовачных плітак 14—15 ст., кафлі 15—20 ст., посуду 18—19 ст., мінскага маёлікавага посуду, полацкага, тураўскага, пінскага, мсціслаўскага посуду і плітак 12—13 ст., посуд і кафля заслаўскія, віцебскія, копыскія 16—20 ст. Найб. вядомы М. івянецкая (посуд, дробная пластыка, цацкі) і ракаўская (посуд, скульптура, цацкі, попельніцы, чарніліцы) 19—20 ст., барысаўская (посуд, цацкі, дробная пластыка, 18—20 ст.), кафля заслаўская (17 ст.), копыская (16—20 ст.), віцебская (15—19 ст.), магілёўская (17—19 ст.), мірская (16—18 ст.), мсціслаўская (15—18 ст.). У 1920-я г. М. развівалася пры Віцебскім маст. тэхнікуме, у 1950-я г. — пры Мінскім фаянсава-фарфоравым з-дзе, з 1960-х г. — пры Бел. тэатр.-маст. ін-це, Маст. фондзе Беларусі. З 1970-х г. маёлікавыя вырабы выпускаюць аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка», Гродзенскі камбінат буд. матэрыялаў, Аршанскі камбінат сілікатных вырабаў, нар. майстры. Сярод прафес. мастакоў маёлікавых вырабаў М.Байрачны, М.Бяляева, Г.Гаркуноў, Г.Гаўрылаў, В.Данчук, А.Дзятлава, Ф.Зільберт, А.Зіменка, В.Калтыгін, Т.Кіршчына, В.Кірыленка, А.Концуб, Ю.Конюх, Н.Кухарэнка, М.Міхалап, М.Несцярэўскі, Т.Паражняк, В.Прыешкін, Г.Пусеў, Т.Пятроўская, З.Раўко, Т.Сакалова, У.Угрыновіч, Я.Хамініч, М.Шаўцова, Ф.Шостак. Іх творам характэрны выразная вобразная дэкаратыўнасць, значнасць зместу, эксперыментатарскія пошукі ў галіне новых пластычных і жывапісных магчымасцей керамічнай масы, глазураў, эмаляў.

Літ.:

Елатомцева И.М. Художественная керамика Советской Белоруссии. Мн., 1966;

Беларуская кераміка: [Альбом]. Мн., 1984.

М.М.Яніцкая.

Да арт. Маёліка. Кафляная печ у асабняку г. Бабруйск Магілёўскай вобл. Пач. 20 ст.
Да арт. Маёліка. Кафляная печ у Прастольнай палаце Церамнага палаца ў Маскве. 17 ст.

т. 9, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЯ́НІКАЎ (Генадзь Сцяпанавіч) (н. 19.2.1935, г. Магілёў),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1974), нар. арт. СССР (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. Ін-т (1957). Працуе ў Нац. акад. драм. т-ры імя Я.Купалы. Самабытны талент Аўсяннікава, сакавіты нар. гумар, імправізацыйнасць ігры, арганічнасць, дакладнасць псіхал. і пластычнага малюнку ролі найб. ярка выявіліся ў нац. рэпертуары: Цярэшка (сярэбраны медаль імя А.Папова 1973), дзед Цыбулька, Стары, Антон Бусько («Трыбунал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата», «Пагарэльцы» А.Макаёнка), Мурашка («Мудрамер» М.Матукоўскага, Дзярж. прэмія Беларусі (1988), Аўдзей («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Брава-Жыватоўскі («Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава), Доўбік («Выклік багам» А.Дзялендзіка). Стварыў каларытныя камедыйныя характары: Бобчынскі («Рэвізор» М.Гогаля), Янка («Там і тут» Д.Кавачэвіча), Пісана («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі). З інш. Роляў: Юсаў («Даходнае месца» А.Астроўскага), Чабутыкін («Тры сястры» А.Чэхава), Старшыня («Паехалі!» паводле М.Крапіўніцкага), Казулін («Характары» паводле В.Шукшына), Турэмшчык («...Забыць Герастрата!» Р.Горына), Блазан («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра). Здымаўся ў кіно («Доўгія вёрсты вайны», «Апошняе лета дзяцінства», «Полымя», «Эпілог»), тэлевіз. пастаноўках («Тэатр купца Япішкіна», «Плач перапёлкі» і інш.).

Літ.:

Сохар Ю. Генадзь Аўсяннікаў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.

т. 2, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСЛАВА́ННЕ АКАДЭМІ́ЧНАЕ,

від вяслярнага спорту, гонкі на акадэмічных вёславых суднах. Гонкі праводзяцца па прамой трасе гал. чынам на 2000 м для мужчын і на 1000 м для жанчын. Спаборніцтвы праводзяцца на парных суднах (спартсмен вяслуе 2 вёсламі) — адзіночкі, двойкі, чацвёркі, і расхінных (кожны вяслуе 1 вяслом) — двойкі, чацвёркі і васьмёркі, з рулявым (апрача адзіночкі) ці без яго.

Узнікла веславанне акадэмічнае ў Англіі ў 1-й пал. 19 ст. Міжнар. федэрацыя веславання засн. ў 1892. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1900 (для жанчын з 1976), чэмпіянаты свету з 1962, Еўропы з 1893.

На Беларусі развіваецца з 2-й пал. 1940-х г. З 1958 у праграме рэсп. спаборніцтваў. Дзейнічае Бел. федэрацыя веславання. На Алімпійскіх гульнях па веславанні акадэмічным вызначыліся бел. майстры А.Хлопцава (чэмпіёнка 1980 і бронзавы прызёр, разам з К.Хадатовіч, 1992), Хадатовіч (чэмпіёнка 1996), бронзавыя прызёры А.Лугін і І.Майстрэнка (1980), В.Якуша (1988); чэмпіёнамі свету станавіліся Хлопцава (1981—83), Майстрэнка (1981), А.Макушкіна (1981—83), І.Цяцерына (1981, 1985, 1986), А.Брацішка (1982), М.Знак (1985, 1986), У.Раманішын (1985).

Г.К.Кісялёў.

т. 4, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАСНЫ́ СПЕЎ,

гучнае спяванне на адкрытым паветры. Вядомы ў многіх народаў свету, чый побыт звязаны з працай на вольным паветры (напр., іодлі альпійскіх горцаў і інш.). На Беларусі на працягу стагоддзяў выпрацаваўся ў своеасаблівую школу нар. выканання са сваімі эстэт. заканамернасцямі і крытэрыямі майстэрства. Галоўныя з іх: уменне «голасна весці» (спяваць працяжна, на вял. дыханні), а таксама «падняць» песню (распець яе са звонкай грудной падводкай). Для галаснога спеву характэрны шматлікія гукавыя фарбы, якія арганічна ўплятаюцца ў меладычную лінію напеву (глісандуючыя ўзлёты і спады, воклічы на асобных фанемах). У манеры галаснога спеву выконваюцца звычайна каляндарныя песні вяснова-летняга цыкла, пазаабрадавыя лірычныя песні працяжнага характару. Найб. выразна галасны спеў прадстаўлены на Палессі, а таксама на Магілёўшчыне і ў паўд. раёнах Міншчыны. Выдатныя яго майстры сустракаюцца пераважна сярод пастухоў, леснікоў, аб’ездчыкаў; у мінулым майстэрствам галаснога спеву валодалі плытагоны.

Літ.:

Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971;

Яе ж. Традиціїний білоруський народний спів сьогодні // Нар. творчість та етнографія. 1970. N° 1;

Цитович Г.Н. Украинско-белорусские связи в народной музыке // Цитович Г.Н. О белорусском песенном фольклоре. Мн., 1976.

З.Я.Мажэйка.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІРАВА́ННЕ (ад ням. gravieren франц. graver выразаць на чым-небудзь),

выразанне арнаменту, выявы, надпісу і інш. на паверхні цвёрдых матэрыялаў (метал, косць, камень, дрэва, шкло і інш.) разцамі ці інш. спец. інструментамі. Вядома са стараж. часоў у многіх народаў: гравіраванне на метале кубачынскіх майстроў (Дагестан), чукоцкае гравіраванне па косці і інш. Пры гравіраванні на метале і шкле ўжываецца траўленне кіслотамі. Гравіраваны малюнак бывае пукаты або заглыблены. Гравіраванне выкарыстоўваюць у вытворчасці друкарскіх формаў у гравюры, ювелірным мастацтве, аздабленні шклянога і хрусталёвага посуду, зброі. Можа спалучацца з чаканкай, ліццём, залачэннем, чарненнем, эмалямі.

На Беларусі вядома з каменнага веку (ювелірныя вырабы з геам. гравіраваным арнаментам). У 11—13 ст. пашырана гравіраванне геам. і сюжэтнага характару па метале, косці, дрэве, камені. У 15—18 ст. гравіраванне арнаментальнага і сюжэтнага характару аздаблялі царк. начынне, кніжныя абклады і інш. У 17—18 ст. гравіраванымі гербамі, партрэтамі, пейзажамі, надпісамі ўпрыгожвалі ўзоры ўрэцка-налібоцкага шкла. Металічныя вырабы 19 ст. вызначаюцца чаргаваннем дробнаўзорыстага гравіраванага дэкору з вял. ўчасткамі чыстай паверхні. У наш час у тэхніцы гравіравання працуюць некаторыя майстры-ювеліры.

Я.М.Сахута.

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ МА́ЙСТАР ПРАФЕСІ́ЙНА-ТЭХНІ́ЧНАЙ АДУКА́ЦЫІ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася за выдатныя поспехі ў галіне прафес.-тэхн. адукацыі майстрам вытв. навучання тэхн., гар. і сельскіх прафес.-тэхн. вучылішчаў, інспектарам рэсп. і абл. упраўленняў прафес.-тэхн. адукацыі, якія маюць стаж работы ў сістэме не менш за 10 гадоў. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 30.8.1956, прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР 3 29.10.1971 устаноўлена званне заслужаны работнік прафесійна-тэхнічнай адукацыі Беларускай ССР.

Заслужаныя майстры прафесійна-тэхнічнай адукацыі Беларускай ССР

1957. В.М.Жукаў, М.Г.Карпасаў, М.Р.Клімкоў, Л.А.Плаксаў, Б.А.Рудой, І.І.Сіповіч, Р.І.Харытонаў.

1965. М.М.Агаркоў, Л.М.Балдоўскі, М.П.Бурносаў, І.М.Васючэнка, Я.Н.Гаўрыльчык, В.А.Глушчэня, К.К.Елачкін, П.В.Жаркевіч, А.М.Зубрыцкі, Б.І.Ігнатовіч, П.В.Казлоўскі, Ф.М.Канабяеўскіх, Дз.В.Каравацкі, М.Дз.Кісялёў, С.І.Клімковіч, І.А.Корзун, С.А.Кот, П.А.Кошаль, В.І.Малчанаў, М.К.Манулік, М.П.Молчан, І.Р.Нікіценка, З.А.Патапенка, І.Я.Перагуд, В.Л.Прусак, А.С.Прыгароў, В.Ф.Прэнз, С.К.Сініла, А.П.Туманаў-Сакалоў, А.І.Хадарэнка, М.А.Чура, У.І.Чысцілін, А.Ц.Чэпікаў, І.Т.Шайтур, М.І.Шыянок.

1967. А.К.Асмалоўскі, Т.А.Баркун, В.І.Валадзько, І.А.Германовіч, Л.Я.Жадан, Ф.І.Жышко, С.В.Кавалеўскі, У.П.Кавалёў, С.В.Карэлін, М.І.Красаўцаў, П.І.Кузміцкі, А.А.Лазічны, А.Ф.Ляшко, С.У.Міхайлец, П.А.Міцюль, Я.М.Оберман, В.В.Позняк, І.А.Рыжанкоў, П.Ф.Свістуноў, Л.І.Спіцэвіч, У.М.Тарасенка, М.П.Хальчыцкі, В.К.Цяўлоўскі, А.М.Шагінава, В.Ф.Шасцітка, М.У.Якуш.

1968. П.А.Кавалёў, Н.М.Качаноўская, І.І.Ляшчынскі, М.М.Полх, М.С.Тапырык, І.А.Ціханенка, С.І.Шэйн, В.Дз.Шчалухін.

1970. М.П.Аксючыц, В.С.Більдзюкевіч, Л.Я.Буцько, Г.Ц.Гуеўская, Г.М.Карпава, У.С.Лугоўскі, В.І.Пернікаў, І.І.Рудэнка, А.А.Сабалеўская, М.Ц.Смалякоў, У.Я.Старадуб, А.І.Юшкевіч.

т. 6, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХРЭ́МЧЫК (Іван Восіпавіч) (16.12.1903, Мінск — 9.3.1971),

бел. жывапісец. Нар. мастак Беларусі (1949). Праф. (1964). Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Маскве (1930). Вучыўся ў А.Архіпава, К.Істоміна, А.Шаўчэнкі. З 1931 на пед. рабоце, з 1963 у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у галіне партрэта, тэматычнай карціны, пейзажа, манум. жывапісу. Карціны: «Падпісанне маніфеста пра ўтварэнне БССР» (1929), «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск» (1935), «Гідраторф Асінбуд» (1937), «Твар ворага» (1942), «Пасяджэнне ЦК КП(б) Беларусі 3 ліпеня 1941 г.» (1944). Адна з лепшых яго работ «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1958). Стварыў шэраг партрэтаў сучаснікаў: У.І.Уладамірскага (1948), Е.А.Міровіча (1952), П.С.Пестрака (1968), С.Б.Баткоўскага (1971) і інш.; пейзажы «Сонечны дзень» (1952), «Бэз цвіце» (1958), «Квітнеючая вясна» (1963), «З акна майстэрні» (1971) і інш. Творы манум. жывапісу: 2 пано для Усебел. выстаўкі сельскай гаспадаркі і прам-сці (1930), дэкар. фрыз «Свята беларускага народа» для бел. павільёна Усесаюзнай с.-г. выстаўкі ў Маскве (1939), плафон «Дружба народаў» у Тэатры юнага гледача ў Мінску (1955), пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Бел. т-ва дружбы з замежнымі краінамі (1956, з І.Давідовічам). Імя Ахрэмчыка прысвоена Бел. ліцэю мастацтва.

Літ.:

Аладова Е.В. И.О.Ахремчик. М., 1960.

т. 2, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДНЯ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў з в. Гарадная Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Як ганчарны цэнтр вёска вядома з 15 ст. У 19 — пач. 20 ст. ганчарствам тут займалася каля 200 сем’яў, у 1920—30-я г. — каля 500; посудам забяспечвалася амаль усё Палессе, ён трапляў на Валынь, Панямонне, пад Вільню і Варшаву. Выраблялі гаршкі, збанкі (глечыкі), гладышы, вазонніцы, глякі (бунькі), слоікі, пёрлы (макотры), кубкі, міскі і інш. Гаршкі ў залежнасці ад аб’ёму мелі розныя назвы: мамзель (умяшчае 1 кг збожжа), злівач (2 кг), адзінец (8—16 кг), паляк (больш за 16 кг). Традыцыйная гараднянская кераміка — белагліняная, непаліваная, у 15—17 ст. аздобленая выціснутым дэкорам у выглядзе паяскоў, у 18 — пач. 20 ст. — хвалістымі і роўнымі паяскамі і косымі рыскамі чырвона-карычневага колеру (рубежыкі), нанесенымі жалезістай глінай (апіска) у 2—3 рады на верхнюю частку вырабу ў працэсе вытворчасці. Посуд вызначаецца буйнымі, ёмістымі шарападобнымі формамі. З 1930-х г. пашырэнне набыло глазураванне бясколернай і каляровай палівай, ангобны дэкор знік, памеры посуду зменшыліся. Выраблялі таксама дробную пластыку наіўна-рэаліст. характару (жанравыя сцэнкі ці фігуркі жывёл). Традыцыі гараднянскай керамікі прадаўжаюць сучасныя майстры І.Генбіцкі, І.Лічэўскі, П.Гмыр, А.Вячорка, Ф.Шэлест і інш.

Я.М.Сахута.

т. 5, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)