АРЛО́Ў Дзмітрый Аляксеевіч

(26.9.1903, Масква — 18.6.1969),

акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1940). Праф. (1961). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1925). У 1936—51 акцёр і рэжысёр Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі. У 1948—69 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, дасканалага прафес. майстэрства: Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), цар Фёдар Іаанавіч (аднайм. п’еса А.К.Талстога), Мальволіо («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Чайка («Што пасееш, тое і пажнеш» В.Палескага). Пастаноўкі Арлова вызначаліся тэатр. культурай, раскрыццём аўтарскай задумы твора: «Дзядзя Ваня» А.Чэхава (1949), «Шалёныя грошы» А.Астроўскага (1961) і інш. Здымаўся ў кіно («Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Веснавыя навальніцы» і інш.).

Літ.:

Вішкароў Б. Акцёр, рэжысёр, педагог (Дз.А.Арлоў) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;

Бурьян Б., Лисневский И. На театральных перекрёстках. Мн., 1967.

т. 1, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)