плюс ​1, ‑а, м.

1. Матэматычны знак у выглядзе крыжыка (+), які ставіцца паміж лічбамі для абазначэння складання. Два плюс два будзе чатыры. // Такі ж знак перад лічбай для вызначэння таго, што лічба гэтая дадатная, г. зн. большая, чым нуль. Тэмпература паветра плюс дзесяць градусаў.

2. Крыжык, які ставіцца пры школьнай ацэнцы і абазначае некаторае перавышэнне яе. Чатыры з плюсам.

3. у знач. нязм. Акрамя таго, з дабаўленнем. Дэвіз павінен быць такі: «Вучоба плюс праца!» «Звязда».

4. перан. Дадатны бок, перавага. — Калі ім [сялянам] ўдасца зямлі не даць [Пілацееву], гэта будзе велізарнейшым плюсам у палітычным расце сялянства. Галавач.

[Ад лац. plus — больш.]

плюс ​2, ‑у, м.

Спец. Тое, што і кумач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́люс в разн. знач. по́люс, -са м.;

по́люс ми́ра астр. по́люс све́ту;

по́люс хо́лода метеор. по́люс хо́ладу;

положи́тельный по́люс физ. дада́тны по́люс;

отрица́тельный по́люс физ. адмо́ўны по́люс;

магни́тный по́люс физ. магні́тны по́люс;

Се́верный по́люс Паўно́чны по́люс;

Ю́жный по́люс Паўднёвы по́люс;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Плюс 1 ’матэматычны знак +’, ’дадатны бок’ (ТСБМ), ст.-бел. плюсъ ’плюс’ (1666 г.). Праз польск. мову з ням. ці франц. plus, якое ў XV ст. — з лац. plus ’больш’. Першапачаткова ужывалася як сімвал слова дадай! Пазней стала абазначаць дадатную (станоўчую) лічбу, г. зн. большую ад нуля (Булыка, Лекс. запазыч., 154; КЭСРЯ, 344; Банькоўскі, 2, 612; Васэрцыер, 174).

Плюс 2 ’кумач, матэрыял чырвонага колеру’ (ТСБМ). З рус. дыял. плюс, плюсь ’плюш’ ’тс’, плю́совый ’ярка-чырвоны’, плюх ’баваўняная тканіна чырвонага колеру’. Відавочна, ідэнтычнае плюш (гл.). Параўн. таксама польск. plis, plisz, pliśnia ’плюш’, балг. плис ’баваўняная тканіна, падобная на аксаміт’, славен. pliš плюш’ і пад.

Плюс 3, плюсы́ ’радоўкі, Tricholoma parlentosum’ (ТС; круп., рагач., Сл. ПЗБ), плюс, плю́ска ’радоўка штрыхаватая’ (узд., Нар. словатв.), плю́са ’грыб, падобны на сыраежку’ (Ян.), бяроз. плюсы́ ’грыбы’ (Вайтовіч, Вакалізм, 90), плюшоўка ’радоўка фіялетавая, Lepista nuda’, плюхі ’грыбы’ (Інстр. 2), плю́сы ’род грыбоў, якія зрасліся разам’ (Шпіл.). Рус. маск. плю́ха ’грыб шаруха, Lactaris flexuosus’. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зара́д, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Пэўная колькасць выбуховага рэчыва, шроту, карцечы, якая змяшчаецца ў снарадзе, патроне, стрэльбе. Тапурыя высыпаў на далонь рэшткі пораху. Заставалася якраз на адзін зарад. Самуйлёнак. У стрэльбе быў добры зарад шроту. Корбан.

2. ‑а. Баявы снарад, патрон і пад. [Ётка] дастае з пісьмовага стала рэвальверы і гарады да іх. Чорны. // Куля, шрот, карцеч з пэўнай колькасцю выбуховага рэчыва, запраўленыя ў канал агнястрэльнай зброі. Забіць шомпалам зарад. // Пэўная колькасць выбуховага рэчыва са ўзрывальнікам. Толавы зарад. □ Узляцеў у паветра мост, пахіснулася і пахілілася вадакачка. Лясніцкі загадаў падкласці пад яе адзін зарад. Шамякін.

3. ‑у. Колькасць электрычнасці ў якім‑н. целе. Дадатны зарад. Адмоўны зарад. Рознаіменныя гарады.

4. ‑у; перан.; чаго. Запас якіх‑н. пачуццяў, якасцей і пад. Зарад энергіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́люс

(лац. polus, ад гр. polos = вось)

1) пункт перасячэння ўяўнай восі вярчэння Зямлі з зямной паверхняй (напр. паўночны п паўднёвы п.);

2) адзін з двух процілеглых канцоў электрычнага ланцуга або магніта (напр. дадатны п., адмоўны п.);

3) месца найбольшага праяўлення чаго-н. (напр. п. холаду);

4) перан. што-н. зусім процілеглае іншаму.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВЕ́РАСЕНЬ (назва ад расліны верас, якая цвіце ў гэтым месяцы),

бел. назва 9-га месяца каляндарнага года (30 дзён), пачатак восені на Беларусі. У Стараж. Рыме, у Расіі да канца 15 ст. — 7-ы месяц, у Расіі ў 16—17 ст. — 1-ы месяц года (гл. Каляндар). 22 або 23 верасня Сонца праходзіць праз пункт асенняга раўнадзенства. 15 верасня працягласць дня ў Мінску 12 гадз 45 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 39,2°. Сярэднямесячная сума сонечнай радыяцыі за месяц 312 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (135 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра 10,5—13,5 °C, у канцы верасня на ПнУ бываюць першыя замаразкі ў паветры (на глебе на 1—2 тыдні раней). Прыкладна 3 разы за 10 гадоў замаразкі ў верасні адзначаюцца на ўсёй тэр. Беларусі. Адносная вільготнасць паветра 78—84%, ападкаў 40—65 мм, у асобныя гады больш за 100 мм (180 мм, Жыткавічы, 1906, Слонім, 1952) або менш за 10 мм (2 мм, Брэст, 1902). У сярэднім з ападкамі бывае 12—15 дзён. У верасні капаюць бульбу, заканчваюць уборку збожжавых, аруць поле на зябліва, сцелюць лён, збіраюць садавіну і агародніну. З сярэдзіны верасня звычайна пачынаецца лістапад, у большасці раслін выспяваюць насенне і плады, ападаюць арэхі ляшчыны, жалуды дуба, арэшкі ліпы, насенне елкі звычайнай, крылатыя плодзікі клёна, граба і інш. У лясах і парках выспявае рабіна, каліна, абляпіха, на балотах — журавіны. Амаль кожны год назіраецца вяртанне цяпла — бабіна лета. Адлятаюць у вырай пералётныя птушкі, аселыя птушкі перабіраюцца бліжэй да жылля. Заканчваецца гон у капытных жывёл, ліняюць пушныя звяры, збіраюцца ў глыбокіх месцах рыбы. Зрэдку можа ўтварыцца няўстойлівае снегавое покрыва.

т. 4, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

по́люс

(лац. polus, ад гр. polos = вось)

1) адзін з двух пунктаў перасячэння ўяўнай восі вярчэння Зямлі з зямной паверхняй (напр. паўночны п., паўднёвы п.);

2) адзін з двух процілеглых канцоў электрычнага ланцуга або магніта (напр. дадатны п., адмоўны п.);

3) перан. што-н. зусім процілеглае іншаму (напр. гэтыя характары — два полюсы).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КПЗБ.

Адбыўся 25.6—25.7.1928 у пас. Арэхаўск Аршанскага р-на. Прысутнічалі 31 дэлегат з рашаючым і 21 з дарадчым голасам ад амаль 2 тыс. членаў партыі Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Віленскай, Гродзенскай і Пінскай акр. арг-цый КПЗБ. Выканком Камінтэрна на з’ездзе прадстаўляў В.​С.​Міцкявічус-Капсукас, КПП — В.​Кастшэва, А.​Варскі, Ю.​Ленскі, Э.​Прухняк, КП(б)Б — В.​Г.​Кнорын, М.​М.​Галадзед, КСМЗБ — М.​А.​Давідовіч. Прысутнічаў таксама прадстаўнік ад КПЗУ. Парадак дня: справаздачы ЦК КПП (Кастшэва); ЦК КПЗБ (С.​Т.​Мілер); ЦК КСМЗБ (Давідовіч); паліт. сітуацыя і задачы партыі [І.​К.​Лагіновіч (П.​Корчык)]; аб рабоце ў вёсцы, у прафсаюзах, сярод моладзі; арганізац. пытанні. З’езд прызнаў паліт. лінію ЦК КПЗБ, як і ЦК КПП, у асн. правільнай. Адначасова канстатаваў, што фактычная падтрымка ЦК КПП і ЦК КПЗБ ваен. перавароту Ю.​Пілсудскага ў маі 1926 з’явілася гал. прычынай узнікнення фракцыйнай барацьбы ў кіраўніцтве партыі. Як дадатны момант падкрэслівалася, што ў справаздачны перыяд партыя зрабіла буйны крок на шлях бальшавізацыі, вырасла ідэйна, палітычна і арганізацыйна. У якасці тактычнай лініі КПЗБ упершыню прызнавалася неабходнасць узмацнення барацьбы ў абарону дэмакр. правоў і свабод, разгортвання масавага руху на аснове патрабаванняў дэмакр. характару. Перад партыяй была пастаўлена задача заваяваць большасць пралетарыяту, асабліва ў буйных прамысл. цэнтрах, ствараць на ф-ках і з-дах ячэйкі КПЗБ, узмацніць барацьбу за 8-гадзінны рабочы дзень, павышэнне зарплаты і інш. У сял. пытанні з’езд указаў на неабходнасць спалучэння барацьбы прац. сялянства за зямлю без выкупу з неадкладнымі патрэбамі і клопатамі сялян. У пытанні нац.-вызв. руху адзначалася, што КПЗБ арганізуе барацьбу прац. мас пад лозунгам самавызначэння Зах. Беларусі аж да аддзялення ад Польшчы і ўз’яднання з БССР у адзінай сав. дзяржаве. З’езд выбраў ЦК КПЗБ: чл. А.​А.​Альшэўскі, М.​А.​Блінчыкаў, С.​Я.​Будзінскі, С.​К.​Гарбуз, Г.​М.​Дуа, А.​У.​Канчэўскі, Лагіновіч, Мілер, М.​Л.​Перавалоцкі, А.​М.​Розенштайн, А.​С.​Славінскі; канд. ў чл. Л.​І.​Родзевіч, М.​М.​Словік і інш.

Літ.:

Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 12, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПРАВАДНІКІ́,

рэчывы, у якіх канцэнтрацыя рухомых носьбітаў зараду значна меншая за канцэнтрацыю атамаў матрыцы. Адрозніваюцца паводле ўпарадкаванасці размяшчэння атамаў, хім. саставу, уласцівасцей. Атамы П. лёгка іанізуюцца, у выніку чаго ўзнікаюць дэлакалізаваныя электрон і дзірка (электронная вакансія ў хім. сувязі атамаў матрыцы). У ідэальных П. канцэнтрацыі электронаў і дзірак роўныя. У рэальных П., якія маюць атамы дамешкаў і дэфекты структуры, гэта роўнасць можа парушацца і тады электраправоднасць П. у асноўным забяспечваецца адным тыпам носьбітаў зараду (электронамі ці дзіркамі).

П., у якім канцэнтрацыя электронаў праводнасці намнога большая за канцэнтрацыю дзірак, наз. П. n-тыпу, у якім больш дзірак — р-тыпу. Паводзіны носьбітаў зараду ў крышт. П. апісваюцца зоннай тэорыяй. Запоўненыя электронныя станы (узроўні энергіі) валентнай зоны аддзелены ад вакантных станаў зоны праводнасці забароненай зонай (энергетычнай шчылінай). Дамешкавыя атамы і дэфекты крышт. структуры прыводзяць да з’яўлення энергетычных станаў у забароненай зоне (радзей у зоне дазволеных энергій), але паняцце забароненай зоны захоўвае сэнс. Дамешкавыя атамы ў П. могуць набываць зарад (донары — дадатны, акцэптары — адмоўны), які кампенсуецца з’яўленнем электрона ў зоне праводнасці ці дзіркі ў валентнай зоне. Эл. актыўнасць дамешкавага атама абумоўлена тым, што ён мае інш. валентнасць, чым замешчаны ім атам крышт. матрыцы (рашоткі). Калі дамешкавы атам замяшчае ў крышт. рашотцы атам з той жа групы перыяд. сістэмы элементаў (ізавалентнае замяшчэнне), то, часцей за ўсё, ён электрычна неактыўны і не ўтварае лакалізаваны стан. Ізавалентныя дамешкі могуць уваходзіць у крышт. рашотку ў вял. канцэнтрацыях і ўтвараць цвёрдыя растворы. У іх размяшчэнне вузлоў рашоткі мае далёкі парадак, але атамы замяшчэння размяшчаюцца ў гэтых вузлах хаатычна. Бясшчылінныя П. маюць нулявую шырыню забароненай энергет. зоны. Ад тыповых П. (германій, крэмній) іх адрознівае адсутнасць парогавай энергіі, неабходнай для паяўлення электрон-дзірачнай пары, ад металаў — значна меншая канцэнтрацыя электронаў праводнасці.

На Беларусі даследаванні па фізіцы П. вядуцца з пач. 1960-х г. у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Ін-це фізікі, Ін-це электронікі Нац. АН, БДУ і інш.

Літ.:

Бонч-Бруевич В.Л., Калашников С.Г. Физика полупроводников. 2 изд. М., 1990;

Вавилов В.С. Алмаз в твердотельной электронике // Успехи физ. наук. 1997. Т. 167, №1;

Yu P.Y., Cardona M. Fundamentals of semiconductors. 2 ed. Berlin, 1999;

Seeger K. Semiconductor Physics. 7 ed. Berlin, 1999.

М.​А.​Паклонскі.

т. 12, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

positive

[ˈpɑ:zətɪv]

1.

adj.

1) перако́наны, пэ́ўны

I am positive that this is so — Я пэ́ўны, што гэ́та так

2) зана́дта пэ́ўны, самаўпэ́ўнены

3) канкрэ́тны, практы́чны

Give us some positive help — Дайце нам яку́ю канкрэ́тную дапамо́гу

4) дада́тны, плюс (у матэма́тыцы, эле́ктрыцы)

5) звыча́йны

6) абсалю́тны; безумо́ўны, по́ўны

2.

n.

1) дада́тная велічыня́

2) Electr. ано́д -а m., электро́д з дада́тным зара́дам

3) звыча́йная ступе́нь (прыме́тніка, прысло́ўя)

4) Photogr. пазыты́ў -ва m.

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)