Кра́таць1 ’рухаць, варушыць’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сл. паўн.-зах., Гарэц., КЭС, лаг., Яруш., Яўс.). Беларуская лексема лічыцца запазычаннем з літ. kratýti ’трэсці’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 68). Больш надзейнай здаецца іншая версія аб пранікненні з балтыйскіх дыялектаў. Мы маем на ўвазе паралелі да літ. krutė́ti ’рухацца’ (гл. Фрэнкель, 303), якое магло праз *krъtěti даць кратаць. Параўн. асабліва літ. krùtinti, krutnóti ’рухаць, чапаць, кранаць’ і бел. кратаць, кранаць.

Кра́таць2 ’чапаць, дакранацца’ (ТСБМ, Шпіл., Сл. паўн.-зах.). Гл. кратаць1 і кранаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Блука́ць. Рус. блука́ть, укр. блука́ти, польск. błąkać się, чэш. blúkat (se) і г. д. Славянскае новаўтварэнне да blǫditi (гл. блудзі́ць). Адносіны blǫditi: blǫkati такія ж, як, напр., у польск. brudzić: brukać ’пэцкаць’. Іншая версія: дэкампазіцыя з слав. *ob‑lǫkati (да *lǫk‑ ’дуга, крывізна’). Параўноўваюць таксама з лат. blañkstît ’пайсці ўбок’, blañkstîtiês ’бадзяцца, бяздзельнічаць’. Фасмер, 1, 178; Бернекер, 62; Буга, РФВ, 70, 101; Слаўскі, 1, 36; Рудніцкі, 150; Махэк₂, 58. Параўн. яшчэ блука́цца ’блукаць, бадзяцца’ (Бяльк., Нас., Касп.), блукня́цца (Нас.), блакуня́цца (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Брус, брусо́к. Рус. брус, ‑ок, укр. брус і да т. п., польск. brus, чэш. brus, балг. брус, серб.-харв. бру̑с і г. д. Слав. *brusъ ’брус; тачыльны камень’. Аблаутная форма да *brъs‑ (параўн. ц.-слав. бръснѫти ’скрэбці, брыць’). Далей параўноўваюць літ. braũkti ’выціраць і да т. п.’; ст.-ісл. brúna ’тачыць’ і інш. Бернекер, 91; Праабражэнскі, 1, 42; Брукнер, 42; Фасмер, 1, 220; Слаўскі, 1, 45 (*bhrou‑k̑‑ ’церці, здзіраць’); Махэк₂, 68 (іншая версія). Булыка (Запазыч.) лічыць ст.-бел. брус паланізмам. Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сары́ч ’драпежная птушка сямейства ястрабіных; тое, што і канюк’ (ТСБМ). Праз рус. сары́ч ’тс’ з цюркскіх моў; параўн. паўн.-цюрк. saryča ’парода паляўнічых сакалоў’, тур. saryǯa ’жаўтаваты’, saryǯyk ’нейкая птушка’ (Радлаў, 4, 325). Назва птушкі ўтворана ад назвы колеру, параўн. уйг. saryɣ ’жоўты’, тур. sary ’тс’, чагат. sar ’шуленак, каршун’, манг. sar, калм. sar (Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 152; Праабражэнскі, 2, 253). Версія аб роднаснасці са ст.-інд. sā́ram ’драўніна, стрыжань дрэва’, арм. uruk ’пракажоны’ абвяргаецца Фасмерам (3, 564).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наўспяце́нь (ныўспяцень) ’наадварот’: прыставіць дзверы ныўспяцень (Бяльк.). Магчыма, да рус. вспять ’назад’ (да пята, гл. Фасмер, 3, 363); аднак, зыходзячы з ілюстрацыі і ўдакладнення рэдактараў слоўніка, якія дадалі значэнне ’ўгару, увысь, высока’, можна звязаць з успяць ’падняць угару’ (да пяць, пну, гл.). Прымаючы пад увагу магіл. на́піта, напята ’насцеж’ (гл.) і пятнік ’вушак, да каторага прыладжваюцца дзверы завесамі’, мае права на існаванне і іншая версія: да пята ’ніжняе гняздо, у якое ўстаўлялася драўляная вось дзвярэй’, тады наўспяцень значыла б ’не тым канцом восі (устаўлены дзверы)’ ці пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАСТРАБРА́МСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,

адна з гал. хрысціянскіх святыняў у Літве і на Беларусі. Захоўваецца ў Вострай браме (сучасная літ. назва Аўшрас Варту) у Вільні. Ушаноўваецца каталіцкай і правасл. цэрквамі. Уяўляе сабой паясную выяву Дзевы Марыі без дзіцяці, намаляваную на фоне месяца тэмперай на дубовай дошцы.

Найб. вядома т.зв. карсунская версія паходжання абраза, якая ў 1839 надрукавана Т.​Нарбутам і пазней распрацавана царк. гісторыкамі. Паводле яе, абраз прывезены ў Вільню вял. кн. ВКЛ Альгердам у 1363 з Корсуні (Херсанес, цяпер у межах г. Севастопаль) пасля паспяховага паходу ў Крым. Вял. княгіня Ульяна, правасл. хрысціянка, аддала абраз у заснаваны ёю манастыр св. Тройцы. У канцы 15 ст., калі Вільню абнеслі мурам, абраз паставілі над Медніцкай (Вострай) брамай. Калі манастыр св. Тройцы стаў уніяцкім, капліца над брамай разам з абразом перайшла пад апеку кармелітаў, для якіх у 1621 падканцлер Стафан Пац і віленскія бурмістры Дубовічы заснавалі кляштар непадалёку ад Медніцкай брамы. Існуе таксама легенда, што прататыпам для абраза паслужыла Барбара Радзівіл, незвычайная прыгажосць і драматычны лёс якой зрабілі яе легендарнай асобай. Стыль жывапісу і тэхнал. асаблівасці сведчаць, што абраз, што існуе цяпер, намаляваны ў 1-й трэці 17 ст. невядомым мастаком, які добра ведаў усх.-правасл. іканапіс і жывапіс Паўн. Еўропы. Адметнае шанаванне абраза пачалося ў канцы 17 — пач. 18 ст. У кнігах пра цудатворныя абразы 1650—87 вастрабрамскі абраз яшчэ не называецца. Першы запісаны цуд — уваскрэсенне памерлай дзяўчынкі — адносіцца да 1671. Шырокую славу абраз набыў у 1702 пасля паражэння шведаў, якія спрабавалі яго папсаваць. Найб. ўражанне на жыхароў горада зрабілі шматразовыя выратаванні абраза ў час пажараў Вільні 1706, 1748—49, 1754. У 1756 надрукавана песня пра абраз як абаронцу Вільні, тады ж уведзена ўрачыстае святкаванне Апекі Маці Божай. У шанаванні Вастрабрамскай Маці Божай аб’ядналіся рыма-католікі і уніяты, імшы служыліся па лац. і грэчаскім абрадах. Вострая брама стала самым святым месцам Вільні. У 19 ст. Вастрабрамская Маці Божая стала лічыцца патронкай зямель б. ВКЛ (Літвы і Беларусі), культ абраза набыў патрыятычны сэнс, прапагандыстам яго стала інтэлігенцыя. У 1852 надрукавана першая анталогія вершаў, прысвечаных абразу. З’явіліся шматлікія копіі абраза, у т. л. В.​Ваньковіча для касцёла ў Парыжы, распаўсюдзіліся медальёны з яго выявай. 2.7.1927 на абраз урачыста накладзены залатыя кароны. Копіі абраза ёсць у многіх храмах Беларусі і Літвы. Свята абраза па правасл. календары 26 снежня па ст. ст.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 4, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прыну́ка́ць, ’прымушаць, патрабаваць’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр., ТСБМ), пріну́кыць ’тс’ (Бяльк.). Сюды ж вытворныя назоўнікі прыну́ка ’прымус, прымушэнне’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. БП), пріну́ка ’тс’ (Бяльк.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад ну́ка́цьЭСБМ адсутнічае), параўн. панука́ць (гл.), якое, верагодна, праз ну́ка́ць, адносяць да ўзмацняльнай часціцы ну (гл.). Больш абгрунтаванай падаецца версія аб праславянскім характары адносін *nukati () і *nu (ЭССЯ, 26, 30–32; 43–44). Прэфіксальныя ўтварэнні ўсходне-славянскага характару, параўн. рус. зах. принука́ть ’прымушаць’, укр. прину́кувати ’прымушаць, вымушаць’. Польск. przynukać, przynuka, верагодна, усходнеславянскія запазычанні (Брукнер, 352).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́піта ’насцеж’ (Гарэц., Бяльк., Мат. Маг.; віц., Бел. дыял.), ’шырока, да канца расчыніць (акно, дзверы)’ (бялын., Янк. Мат.), напята ’тс’ (ветк., Мат. Гом.), ’наўсцяж, наросхрыст’ (Юрч.), рус. напятё, на́пяту, на́пято, на́пяты ’насцеж (пра дзверы, вароты)’. Відаць, да пяць, пну (гл.), параўн. напяты ’расцягнуты, нацягнуты’. Не выключана, аднак, і іншая версія: да пяти ’гняздо, у якім мацавалася вось дзвярэй’, параўн.: На ўвесь пятнік расчыніў дзверы (слаўг., Яшкін, вусн. паведамл.), пры пптнік ’перакладзіна, верхні вушак’ (Мат. Маг.), г. зн. ’так, каб быў відаць увесь вушак’. Гл. таксама Шаур, Etym. Brun., 99.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гуж1 ’гуж’ (БРС, Касп., Бяльк.). Ад прасл. *gǫžь; параўн. рус. гуж, укр. гуж, польск. gążew, gążwa, балг. гъж, гъжва і г. д. Паводле Фасмера (1, 471), версія аб роднаснасці з прасл. *ǫza і далей *vęzati не тлумачыць пачатковага гука g‑. Таму лепш параўноўваць са ст.-ісл. kengr ’крук’. Іншыя даследчыкі ўсё ж лічаць g‑ пратэзай. Агляд матэрыялу і літ-ры ў Трубачова, Эт. сл., 7, 93–94.

Гуж2 ’вуж’ (Сцяшк.). З вуж (< *ǫžь); мена пратэтычных гукаў в‑ > г‑ (так і ў некаторых іншых словах: гу́зкі‑ву́зкі) (Сцяшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дра́гба ’дрыгва’ (Касп., Сл. паўн.-зах., Яшкін). Таго ж паходжання, што і дрыгва́ (гл.), г. зн. з зыходнага *dręg‑ (> *дряг‑ > драг‑). Форма драгба́ па свайму каранёваму вакалізму (а < ʼа < ę) стаіць бліжэй да зыходнага *dręg‑, чым дрыгва́ (дзе адлюстроўваецца сувязь не з *dręg‑, а з *drьg‑, *drъg‑; параўн. бел. дрыжа́ць, укр. дрижа́ти). Суфіксальная частка (-ба) адлюстроўвае ўплыў слоў са старым фармантам -ба (прасл. *‑ьba). Параўн. драгва́ (Нас., Шат., Бяльк.), дрыгба́ (Сл. паўн.-зах.). Гл. Фасмер, 1, 545 (аб бел. дрягва́). Іншая версія ў Трубачова, Эт. сл., 5, 139 (праформа *drъgъva; няпэўна).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)