атрад шчэлепаногіх ракападобных. 3 падатр.: шчэлепаногія (Anostraca), шчытні (Notostraca) і ракавінныя (Conchostraca). Больш за 600 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўнутр. вадаёмах. Найб. прымітыўныя з сучасных ракападобных. Выкапнёвыя вядомы з марскіх (кембрый—дэвон) і кантынентальных (карбон—антрапаген) адкладаў. На Беларусі рэшткі Л. адзначаны ў пародах дэвону—трыясу. Найб. вядомыя — дафніі, шчытні, басміна даўгадзюбая (Bosmina longirostris) і інш.
Даўж. да 30 мм. Большасць з хіцінавай ракавінай, на галаве шчыток. Органы руху — да 7 (зрэдку да 70) пар лістападобных ног (адсюль назва) і другая пара галінастых вусікаў. Вочы фасетачныя. Раздзельнаполыя, размнажэнне часта шляхам партэнагенезу. Развіццё прамое або з метамарфозай. Кормяцца пераважна мікраарганізмамі, дэтрытам. Фільтратары, індыкатары забруджвання вады. Некат, Л. (дафніі, басміны і інш.) — корм для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБКО́ВЫЯ, рабкі (Pterocletidae, або Pteroclidae),
сямейства (падатрад) птушак атр. голубападобных. Вядомы з алігацэну (каля 30 млн.г. назад). 2 роды: саджы (Syrrhaptes) з 2 відамі і рабкі (Pterocles) з 14 відамі. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Афрыцы, у стэпах, саваннах, паўпустынях і пустынях. Пераважна аселыя птушкі. Трымаюцца чародкамі, гняздуюцца на зямлі. На Беларусі адзначаны выпадкова залётны від саджа, або капытка (S. paradoxus).
Даўж. да 45 см, маса да 550 г. Афарбоўка пясчаная, вохрыстая, жаўтаватая. Крылы доўгія, вострыя. Дзюба без васковіцы. Ногі кароткія, апераны да пальцаў; у саджы апераны і пальцы. Задні палец малы або адсутнічае. Кормяцца насеннем, зялёнымі ч. раслін, насякомымі. Адкладваюць да 4 яец. Аб’ект спарт. палявання.
Э.Р.Самусенка.
Рабковыя: 1 — саджа; 2 — рабок белабрухі (а — самец, б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Но́нічы, ноньчы ’сёлета’ (Сл. ПЗБ), ’сёлета; сягоння, цяпер’ (бешанк., Нар. сл.), сюды ж таксама ноненны ’сяголетні’ (Сл. ПЗБ). Магчыма, запазычанне з рус.ноньче ’тс’ (праз мову мясцовых жыхароў-старавераў), аднак суфікс ‑ч‑ы, адзначаны, паводле Шубы (Прыслоўе, 63), у нонячы ’тс’ побач з заўтрачы, сённечы і пад., ставіць пад сумненне такую магчымасць. Хутчэй за ўсё, мясцовае ўтварэнне ад ноні ’тс’ (< прасл.*пъпё), варыянт ніні, ніня (гл.) (Фасмер, 3, 82).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БУШ ((Busch) Эрнст) (22.1.1900, г. Кіль, Германія — 18.6.1980),
нямецкі спявак (барытон) і драм. акцёр. Чл. Нямецкай АМ. З 1921 працаваў у розных т-рах Германіі, выконваў сатырычныя паліт. і рэв. песні ў «чырвоных кабарэ» і рабочых клубах. Стварыў уласны выканальніцкі стыль, адзначанырэв. пафасам, аратарскай выразнасцю. У садружнасці з паэтамі Б.Брэхтам і Э.Вайнертам, кампазітарамі Г.Эйслерам і К.Вейлем стварыў шэраг папулярных песень. Антыфашыст, у 1933 эмігрыраваў з Германіі. З 1945 адзін з вядучых акцёраў «Нямецкага тэатра», у 1950—60 — т-ра «Берлінер ансамбль». Уклад у муз. мастацтва — анталогія грампласцінак Буша «Песенная хроніка XX ст.». Нац. прэмія ГДР 1949, 1956, 1970, 1979.
Літ.:
Шнеерсон Г.М. Эрнст Буш и его время. М., 1971;
Hoffmann L., Siebig K.E. Busch: Eine Biogr. in Texten, Bildern und Dokumente. Berlin, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАГО́ДСКІЯ КАРУ́НКІ,
від рус. карункаў, плеценых на каклюшках (драўляных палачках); пашыраны ў Валагодскай вобл. Расіі. Плаўная лінія, якая ўтварае ўзор, не перарываецца, не перакрыжоўваецца і выступае ў выглядзе выплеценай тасьмы на фоне тонкай ажурнай «рашоткі». Карункапляценне тут пачало складвацца ў 16—17 ст., як промысел аформілася на пач. 19 ст. У 1968 створана аб’яднанне «Сняжынка». Да 1940-х г. пераважалі мерныя карункі для аздобы бялізны, пазней асн. прадукцыяй сталі адзінкавыя вырабы — посцілкі, сурвэткі, фіранкі з геаметрычным і раслінным узорамі; святочныя дэталі жан. адзення — каўнерыкі, жабо і інш., а таксама унікальныя выставачныя ўзоры. Валагодскія карункі адзначаны ў Парыжы залатым медалём (1925) і «Гран-пры» (1937), залатым медалём у Бруселі (1958).
Літ.:
Попова О.С., Каплан Н.И. Русские художественные промыслы. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЛІН (Яўген Ільіч) (н. 20.3.1939, г. Гомель),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1971), выкладаў там у 1972—75. Працуе ў станковай і кніжнай графіцы, жывапісе. Творчасці ўласцівы настальгічная рамантычнасць, багацце колеравай гамы (цыклы «Настальгія», «Мужчына і жанчына», карціны «Сон каралевы», «Красавіцкія мары», усе 1994). Аўтар акварэлей «Лета на Віліі» (1977), «Палескія краявіды» (1980), «Півоні» (1994), «Кветкі ў трох збанах» (1995), літаграфій «Лета» і «Цішыня» (абедзве 1972), «Восеньскі пейзаж» і «Успаміны пра лета» (абедзве 1981), «Поле» (1982), жывапісных твораў «Адыходзячыя ў аблокі» (1993), трыпціха «Дзецям Чарнобыля прысвячаецца» (1993—94), «Выкраданне Еўропы» (1994) і інш. Праілюстраваў каля 70 кніг, многія з якіх адзначаны дыпломамі («Дарункі лесу» К.Цвіркі, 1969, «Такіх кветак не бывае» В.Гарбука, 1971, «Дзівы» І.Васілеўскага, 1972, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВІКІ, радыялярыі (Radiolaria),
клас (падкл.) прасцейшых падтыпу саркодавых. 4 атр., каля 8 тыс. відаў. Адзіночныя, радзей каланіяльныя формы. Жывуць пераважна ў цёплых морах у складзе планктону. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн.г. назад). Рэшткі П. уваходзяць у састаў геал. парод: апокі, радыялярыту, трэпелу, яшмы. На Беларусі адзначаны ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Памеры ад 0,04 да 1 мм, у некат. каланіяльных — да некалькіх сантыметраў. Унутр. шкілет — скурыстая капсула з порамі, вонкавы — мінеральны, з воднага крэменязёму (апалу) або сернакіслага стронцыю. У цытаплазме П. трапляюцца аднаклетачныя водарасці. Ад цела адыходзяць шматлікія псеўдаподыі, іх функцыя — улоўліванне корму, — інш. прасцейшых. Размнажаюцца дзяленнем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯТРО́ЎНІК (Filipendula),
род кветкавых раслін сям. ружавых. 12 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным і субарктычным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца 4 віды: вятроўнік вязалісты (Filipendula ulmaria), аголены (Filipendula denudata), звычайны, або земляныя арэшкі (Filipendula vulgaris), і стэпавы (Filipendula stepposa) — рэдкі від, адзначаны ў паўд. раёнах. У Цэнтр, бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны вятроўнік далонепадобны (Filipendula palmata).
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным ці ўзыходным бязлістым сцяблом выш. 2—20 см і моцным карэнішчам. Лісце перарывіста-перыстае, перыстарассечанае, пальчатае або суцэльнае. Кветкі двухполыя, дробныя, белыя (часта з жаўтаватым ці ружаватым адценнем), ружовыя, чырв., духмяныя, у густых шматкветных шчытападобна-мяцёлчатых або мяцёлчатых суквеццях. Плод — шматарэшак ці шматлістоўка. Лек., меданосныя, перганосныя, кармавыя, фарбавальныя і дэкар. расліны. Каранёвыя клубянькі, маладое лісце і сцёблы ядомыя, з кветак і лісця вырабляюць духмяны лячэбны чай.
Вятроўнікі: вязалісты (злева) і звычайны (з коранем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ХМУТАВА (Аляксандра Мікалаеўна) (н. 9.11.1929, пас. Бякетаўка, цяпер у межах г. Валгаград, Расія),
расійскі кампазітар. Нар.арт. Расіі (1977). Нар.арт.СССР (1984). Герой Сац. Працы (1990). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1953, клас В.Шабаліна). Вядомасць набыла як кампазітар-песеннік. Творы вызначаюцца разнастайнасцю тэматыкі. Песні адзначаны шчырасцю, лірычнай пранікнёнасцю і рэльефнасцю меладычнага малюнка: «Песня пра трывожную маладосць», «Геолагі», «Арляняты вучацца лётаць», «Абдымаючы неба», «Пяшчота», «Мелодыя», «Белавежская пушча», «Якія маладыя мы былі», «Паклонімся», «Рускі вальс» і інш. Аўтар балета «Азоранасць» (паст. 1974), кантаты «Васіль Цёркін» (1953), уверцюр «Юнацтва» (1957), «Цюрынгія» (1958), «Рускае свята» (1967), канцэртаў для арк. (1971), трубы з арк. (1955), музыкі для дзяцей, да драм. спектакляў, кінафільмаў, радыёпастановак. Дзярж. прэмія СССР 1975, 1982.
Літ.:
Добрынина Е. А.Пахмутова. М., 1973;
А.Пахмугова. М., 1979;
Квасникова Л.А. Дорогами песен А.Пахмутовой. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАСТРАНГІЛІ́ДЫ (Metastrongylidae),
сямейства круглых чарвей. 13 відаў. На Беларусі адзначаны метастронгілюсы падоўжаны (Metastrongylus elongatus), пакрыты, або сціплы (M. pudendotectus), і салёны (M. salmi). Паразітуюць у бронхах і лёгкіх дзікоў, свойскіх свіней (асн. гаспадары), зрэдку жвачных, сабак, чалавека. Узбуджальнікі метастрангілёзу.
Цела ніткападобнае, белае, у самцоў даўж. да 26 мм, у самак да 50 мм. Развіццё з прамежкавым гаспадаром (дажджавыя чэрві). Яйцы з лічынкамі адкладваюцца ў бронхах, выводзяцца праз стрававальны тракт у вонкавае асяроддзе. Заглынутыя дажджавым чарвяком лічынкі пранікаюць у яго крывяносную сістэму, дзе праз 10—20 сут становяцца інвазійнымі. Пасля паядання жывёлай інвазаваных чарвей лічынкі М. пранікаюць праз сценку кішэчніка ў лімфатычныя вузлы, адтуль з лімфай і крывёю — у лёгкія і бронхі, дзе праз 25—35 сут пасля інвазіі дасягаюць палавой спеласці.
Да арт.Метастрангіліды. Метастронгілюс падоўжаны: 1 — агульны выгляд; 2—3 — заднія канцы цела самца і самкі (адпаведна); 4 — пярэдні канец цела; 5 — яйцо з лічынкай.