Вярбо́ўка ’набор, наём, прыцягванне добраахвотнікаў у якую-небудзь арганізацыю’. Бел. лексема ўтворана ад дзеяслова вербаваць, які (таксама як і рус. вербовать) быў запазычаны з польск. werbować ’набіраць у войска’; ’старацца знайсці сабе аднадумцаў, добраахвотнікаў’ < ням. werben ’набіраць рэкрутаў’ (Фасмер, 1, 294; Шанскі, 1, В, 56; Брукнер, 608). Гл. вербаваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вісмут ’назва хімічнага элемента’. Запазычана з рус. мовы, куды (пач. XVIII ст.) трапіла з нямецкай. Там першапачаткова (с.-н.-ням. Wesemot) абазначала ’кобальтавыя руды, якія здабываліся ў Саксоніі ў XVI ст.’ < Wiesen ’назва мясцовасці’ + muten ’вырабляць (руду)’, пасля — Wismut ’метал, здабыты ў Візэне’ (Клюге, 866; Шанскі, 1, В, 106).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галаварэ́з (БРС, Нас.), рус. головоре́з ’тс’. Утварэнне ад *golova + *rězati. Фармальна з гэтым словам супадае галаварэ́з ’царкоўнае свята адсячэння галавы Іаана Хрысціцеля’ (Нас.). У Шаталавай у гэтым значэнні зафіксавана галаварэ́зы. Параўн. і ўкр. дыял. головосі́к (таксама головосі́ки — мн. л.), головстве́ння (гл. Грынч.). Гэта, відавочна, калька царкоўнага ’паходжання. Але адкуль?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́ма ’гама (музыч. і да. т. п.)’ (БРС). Рус. га́мма, укр. га́ма. Крыніцай запазычання з’яўляецца франц. gamme ’тс’ або ням. Gamme < франц. У аснове тэрміна ляжыць назва грэч. літары γ (γάμμα), якая трапіла ў франц. і ням. мовы з іт. gamma. Падрабязна гл. Шанскі, 1, Г, 24–25.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́шнік ’верхняя частка, пояс у штанах’ (Касп.). Рус. га́шник, укр. гачни́к. Вытворнае ад усх.-слав. *gači ’штаны’. Трубачоў (Эт. сл., 6, 108) прыводзіць аналагічныя словы і для іншых слав. моў і лічыць, што было прасл. *gatjьnikъ: < *gatjьnъ (прыметнік ад *gatji ’штаны’) + суф. ‑ikъ. Няпэўна. Такія ўтварэнні маглі быць самастойнымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мі́міка ’рухі мышцаў твару’, ’мастацтва выражаць пачуцці і настрой рухамі мышцаў твару’ (ТСБМ). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 77), з рус. мовы. Далей указваюць на ст.-грэч. крыніцу запазычання (Ин. сл.₁₆, 321) μιμικός ’мімічны’. У сапраўднасці ж з с.-лац. ars mimica ’мастацтва жэстаў’, якое са ст.-грэч. μιμική τέχνη ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́вуж ’наўскапыта, галопам’ (мсцісл., З нар.-сл.), навуш: «бегла навуш» (Куляшоў), у запісах Шымкевіча наводзь «очень быстро, во весь дух» (Грыг.). Няясна, магчыма, звязана з вужлы, вушлы ’шпаркі, жвавы, борзды’; калі зыходзіць з навож, то да вазіць, везці, параўн. рус. науезд уехать, наудёр удрать, наулёт лететь і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наганя́й ’ушчуванне’ (Яўс.). Пры наяўнасці наганя́ць ’паўшчуваць’ (Яўс.), відаць, няма патрэбы лічыць запазычаннем з рус. нагоня́й ’тс’, аднак усходняя лакалізацыя ў межах Беларусі робіць такое меркаванне дапушчальным. Этымалагічна ўзыходзіць да *gonitiy гл. гнаць, але на семантыку слова маглі ўплываць утварэнні ад га́ніць ’ганьбіць, абгаворваць’, параўн. нага́на, нага́нны і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́зва ’назва, найменне’ (Байк. і Некр., БРС, ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ), назва́нне (nazwáńnie) ’тс’ (Пятк.), назва́нье, назва́ніе, называ́нье ’тс’ (ТС), на́звішчэ ’тс’ (ТС), назы́вішча ’тс’ (Сл. ПЗБ), рус. назва́ние, на́звань, назва́нка, на́звище, укр. на́зва, на́звище, польск. nazwa, nazwanie, nazwisko, балг. назва́ние. Аддзеяслоўны назоўнік ад *nazъvati, *nazyvati, гл. зваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Натага́ніць ’наліць, накласці з верхам’ (жлоб., Жыв. сл.), укр. натаганити ’многа накласці, многа наварыць’, рус. натаганить ’наварыць (у вялікай колькасці)’. Відаць, да тагин ’падстаўка пад кацёл для прыгатавання ежы ў полі’, першапачаткова наварыць на тагане, г. зн. ’многа’. Няясна, ці звязана са смал. натагин (тянуть) ’у розныя бакі (цягнуць)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)