ГРАНА́ДАС, Гранадас-і-Кампінья (Granados y Campiña) Энрыке (27.7.1867, г. Лерыда, Іспанія — 24.3.1916), іспанскі кампазітар, піяніст, педагог. Вучыўся ў Ш.Берыо, Ф.Педрэля і Ж.Маснэ. Шмат канцэртаваў, вядомы як выканаўца твораў Ф.Шапэна і Э.Грыга. Выступаў з І.Альбенісам, Э.Ізаі, К.Сен-Сансам, Ж.Цібо і інш. У 1900 заснаваў у Барселоне Т-ва класічных канцэртаў (выступаў як дырыжор), у 1901 — Акадэмію музыкі (кіраўнік да 1916; пазней яго імя). Кампазітарская творчасць Гранадаса звязана з адраджэннем ісп.нар. музыкі, т.зв. Рэнасім’ента; асн. рыса яго твораў — спалучэнне нац. элемента з сучаснай тэхнікай пісьма. Сярод твораў: 7 опер, у т. л. «Марыя дэль Кармэн» (1898), «Гаескі» (1916); сімф. паэма «Боская камедыя» паводле Дантэ (1908) і інш.арк. творы; камерна-інстр. ансамблі; для фп. — 10 ісп. танцаў, «Арагонская рапсодыя», «Іспанскае капрычыо»; для голасу з фп. — танадыллі, песні, і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ЦЫЯ (ад лац. gratia вытанчанасць, краса),
1) разнавіднасць прыгожага, эстэт. характарыстыка руху, дзеянняў. У эстэтыцы Адраджэння грацыя — тое, што натхняе фармальны пачатак прыгожага, робячы яго прывабным, мілым. Англ. філосафы і эстэтыкі 18 ст. падкрэслівалі ў грацыі натуральнасць, вольнасць рухаў і ўчынкаў чалавека; А.Шэфтсберы і Ф.Хатчэсана адрознівалі знешнюю грацыю і духоўную («маральную»). У ням.асв. эстэтыцы грацыя проціпастаўлялася ўзвышанаму, праяўлялася ў дзеяннях і рухах, засяроджаных у позах (І.Вінкельман). Паводле Ф.Шылера, грацыя ёсць «заўсёды толькі хараство апанаванага свабодай аблічча». Яна — выяўленне ў з’яве прыгожай душы, у якой гарманічна спалучаюцца пачуццёвасць і розум, доўг і схільнасць. У пазітывісцкай эстэтыцы грацыя руху тлумачыцца эканомнасцю затрат мышачнай энергіі (Г.Спенсер). У мастацтве паняцце «грацыя» можа ўжывацца для характарыстыкі руху гукаў у музыцы, думак і вобразаў у паэзіі, ліній у графіцы, чалавечага цела ў харэаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́БЕР (Gruber, Grueber) Габрыель (6.5.1740, Вена — 7.4.1805), аўстрыйскі вучоны-энцыклапедыст, мастак, архітэктар. Скончыў Венскі ун-т са ступенню д-ра медыцыны. Выкладаў архітэктуру і гідраўліку ў езуіцкім калегіуме ў Любляне (Славенія), кіраваў буд-вам суднаў у Трыесце (Італія), асушэннем балот у Славеніі. Выкладаў прыродазнаўчыя і матэм. дысцыпліны ў Полацкім езуіцкім калегіуме (з 1784). Паводле яго праектаў пры Полацкім калегіуме пабудаваны 3-павярховы будынак для музея (аздоблены фрэскамі Грубера і яго вучняў), б-кі, карціннай галерэі і т-ра; у 1787 адкрыў тут друкарню. З 1800 1-ы рэктар Пецярбургскага, езуіцкага калегіума, з 1802 генерал ордэна езуітаў. У Рас. імперыі аўтар карцін на рэліг. тэмы, партрэтаў, краявідаў Полацка і яго ваколіц, тэатр. дэкарацый, мініяцюр са слановай косці. Пасля смерці Грубера частка яго карцін з Полацка і Пецярбурга перавезена езуітамі ў Джорджтаўн (ЗША), лёс іншых невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д І́ГАРАВІЧ (да 1061 — 25.5.1112),
князь Валынскай зямлі. Сын уладзіміра-валынскага кн. Ігара Яраславіча. Паводле сцвярджэння гісторыка В.М.Тацішчава, у 1078 атрымаў ад вял.кн. кіеўскага Усевалада Яраславіча Тураў. У 1081 Давыд Ігаравіч разам з Валадаром Расціславічам захапіў Тмутаракань, дзе яны княжылі да 1083. У 1084 з князямі Расціславічамі выгнаў Яраполка Ізяславіча з Уладзіміра-Валынскага, але пад пагрозай войска Уладзіміра Манамаха збег адтуль. Пасля атрымаў Дарагабуж, Уладзіміра-Валынскае княства (1085). Любецкі з’езд 1097 пацвердзіў паўнамоцтвы Давыда Ігаравіча, але той паспрабаваў замацавацца і ў Церабоўлі. Уладзімір Манамах і князі Святаславічы пазбавілі Давыда Ігаравіча княжання і адправілі ў Чэрвень, адкуль ён уцёк на Захад. Пасля спробы Давыда Ігаравіча з дапамогай Расціславічаў захапіць вылынскія землі Віцічаўскі з’езд князёў (1100) пастанавіў не дапускаць яго да Уладзіміра-Валынскага і Чэрвеня. Атрымаў гарады Бужск, Астрог, Дубен і Чартарыйск, пазней Дарагабуж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КІ ВІНАГРА́Д (Vitis sylvestris),
лясны вінаград, дзікі еўрап.-азіяцкі від вінаграду. Паводлеінш. уяўленняў, падвід або форма вінаграду культурнага — звычайнага (V. vinifera) ці яго здзічэлая форма, магчыма, продак. Пашыраны ў Сярэдняй і Паўд. Еўропе, Закарпацці, Прыднястроўі, Крыме, на Каўказе, у Малой, Сярэдняй і Зах. Азіі. Расце дзіка ў далінах рэк, поймавых лясах, у хмызняках і на камяністых схілах.
Двухдомная лістападная ліяна або куст, які сцелецца, з лазячымі парасткамі даўж. да 10 м і дыям. 10—15 см. укрытымі буравата-шэрай карой. Лісце амаль цэласнае, 3—5-лопасцевае, круглаватае, ныркападобнае, па краі няроўна буйназубчастае, на чаранках. Кветкі дробныя, зеленаватыя, сабраныя ў складаныя мяцёлчатыя суквецці. Плод — чорная, з шызым налётам, зрэдку белая ягада. Харч., вітамінаносная расліна, выкарыстоўваецца ў селекцыі культ. сартоў вінаграду. Дз. в. часам наз. расліны з роду дзявочы вінаград.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮМА́ (Dumas) Аляксандр, Дзюма-сын (Dumas fils; 28.7.1824, Парыж — 27.11.1895), французскі пісьменнік. Чл.Франц. акадэміі (з 1874). Пазашлюбны сын А.Дзюма. Дэбютаваў зб. вершаў «Грахі юнацтва» (1847). Аўтар раманаў «Дама з камеліямі» (т. 1—2, 1848; прататыпам гал. гераіні паслужыла франц. актрыса Мары Дзюплесі), «Доктар Серван» (т. 1—2, 1849), «Тры моцныя мужчыны» (т. 1—4, 1850) і інш. Вядомасць прынесла драма «Дама з камеліямі» (паводлеаднайм. рамана, паст. 1852; на яе сюжэт нап. опера Дж.Вердзі «Травіята»). У інш. п’есах, што суправаджаў у друку вял.тэарэт. прадмовамі, сцвярджаў непахіснасць асноў сям’і і грамадства; быў прыхільнікам разводу, выступаў у абарону правоў пазашлюбных дзяцей, патрабаваў павагі да жанчыны ў сям’і (п’есы «Паўсвет», 1855, «Незаконны сын», 1858, «Жонка Клода», 1873, «Чужаземка», 1876, і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ТА́ЙНА,
звесткі ваен., эканам. і паліт. характару, рознага роду адкрыцці, вынаходствы і інш., якія адносяцца да дзярж. сакрэтаў і ахоўваюцца дзяржавай. Ахова Дз.т. прадугледжвае шэраг прававых, арганізац., інж.-тэхн. і інш. мер па абмежаванні распаўсюджання звестак, аднесеных да дзярж. сакрэтаў. У Рэспубліцы Беларусь паводле Закона «Аб дзяржаўных сакрэтах» ад 29.11.1994 ахове падлягаюць звесткі, распаўсюджанне якіх можа нанесці шкоду нац. бяспецы, абараназдольнасці і жыццёва важным інтарэсам дзяржавы. Пералік гэтых звестак зацвярджае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь па прадстаўленні Савета Міністраў. Ахову Дз.т. ажыццяўляюць органы заканад., выканаўчай і суд. улады, органы мясц. кіравання і самакіравання, органы дзярж. кантролю і нагляду, юрыд. асобы. Парадак карыстання і распараджэння звесткамі, якія складаюць Дз.т., вызначаецца заканадаўствам. Нагляд за заканадаўствам у дзейнасці па ахове Дз.т. ўскладзены на Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і падначаленых яму пракурораў. Выдаванне Дз.т. з’яўляецца крымін. злачынствам і цягне за сабой крымін. адказнасць. С.У.Скаруліс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПУТА́Т (ад позналац. deputatus упаўнаважаны),
асоба, выбраная ў прадстаўнічы орган дзяржавы ці орган мясц. самакіравання; паўнамоцны прадстаўнік пэўнай часткі насельніцтва — выбаршчыкаў свайго выбарнага органа або ўсёй нацыі. Д. працуе ў адпаведным прадстаўнічым органе на прафес. (у большасці дэмакр. дзяржаў) або непрафес. аснове, г. зн. не парываючы з асн. дзейнасцю. Статус Д. ўстанаўліваецца канстытуцыяй і спец. законамі. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь паўнамоцнымі прадстаўнікамі ў органах дзярж. улады з’яўляюцца Д. Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Д. мясцовых Саветаў дэпутатаў. Яго паўнамоцтвы пачынаюцца з дня выбрання і заканчваюцца ў дзень выбрання Д. новага склікання або датэрмінова ў адпаведнасці з заканадаўствам. Д. забяспечваюцца ўмовамі для бесперашкоднага і эфектыўнага ажыццяўлення сваіх правоў і абавязкаў, маюць пэўныя льготы і карыстаюцца дэпутацкай недатыкальнасцю (гл.Імунітэт). Пры неабходнасці Д. можа быць адкліканы сваімі выбаршчыкамі. Адкліканне Д. ажыццяўляецца на падставах, прадугледжаных законам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЗЯРЫ́ШЧАНСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—17 ст. Размяшчаўся за 3 км ад г.п.Езярышча Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. У плане чатырохвугольнік (100 х х 120 м). Быў абкружаны землянымі валамі з 3 вежамі і ровам, які аддзяляў замак ад астатняй тэр. паўвыспы. У час паводак замак ператвараўся ў астраўную крэпасць. Паводле польскага храніста Р.Гейдэнштэйна, у 16 ст. Е.з. меў значныя ўмацаванні і разам з Полацкім замкам панаваў над «усім краем». У Лівонскую вайну 1558—83 узяты рус. войскам (1565) і спалены, потым адбудаваны. У 1579 яго знішчылі ў час штурму войскі караля Стафана Баторыя, пазней адноўлены. У пач. 17 ст. ў час пажару ўмацаванні замка згарэлі, адбудаваны па загадзе караля Жыгімонта III Вазы езярышчанскім старостам К.Сакалінскім. У жн. 1654 замак захапіла рус. войска на чале з ваяводам С.Стрэшневым. Захаваліся рэшткі валоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРАНІ́М ПРА́ЖСКІ (Jeroným Pražsky; каля 1378—30.5.1416),
чэшскі рэліг. рэфарматар, вучоны, прамоўца; паплечнік Я.Гуса. Скончыў Пражскі ун-т (1398). У 1399 быў у Оксфардзе, дзе стаў прыхільнікам ідэй англ. рэфарматара Дж.Уікліфа. У 1405—06 выкладаў ва ун-тах Парыжа, Гайдэльберга, Кёльна.
У 1406 зблізіўся з Гусам. Шмат падарожнічаў, выступаў з пропаведзямі, у якіх выкрываў злоўжыванні каталіцкага духавенства, ням. засілле ў Чэхіі. У 1413 запрошаны ў Кракаў, пазней пры двары вял.кн.літ. Вітаўта ў Вільні, разам з ім наведаў Віцебск і Пскоў з мэтай арганізаваць барацьбу супраць рым. курыі. Паводле пісьма кракаўскага епіскапа Е.П. быў у ВКЛ нядоўга, але выклікаў такое хваляванне ў духавенстве і народзе, якога не ведалі ў гэтых краях. Спадзеючыся выратаваць Гуса, у крас. 1415 прыехаў у Канстанцу на царк. сабор. Асуджаны саборам як ерэтык і спалены.