МАЗУ́РЫ

(Mazury),

гістарычна-геагр. раён у Польшчы, размешчаны пераважна ў Мазурскім Паазер’і, у складзе Вармінска-Мазурскага ваяв. У раннім сярэдневякоўі заселены прусамі, у 14—17 ст. — польскімі сялянамі і дробнай шляхтай з Мазовіі. У 12 ст. — 1525 належалі Тэўтонскаму ордэну (з 1466 у леннай залежнасці ад Польшчы). У 1525—1701 у складзе Брандэнбургска-прускай дзяржавы (з 1657 незалежнай ад Польшчы), потым у каралеўстВе Прусія. Прускія ўлады вызначалі гэту тэр. як «польскія староствы». Назва «М.» замацавалася ў 1-й пал. 19 ст. Насельніцтва М. захавала польскую мову, звычаі, прытрымлівалася пратэстантызму; з 1842 тут пачалі выдавацца польскія газеты, у 1896 засн. Мазурская нар. партыя. Паводле плебісцыту 1920 (праводзіўся ва ўмовах тэрору з боку ням. улад) М. ў складзе Германіі. Праследаванні польскіх дзеячаў і арг-цый узмацніліся ў 1928—32 і пасля прыходу да ўлады А.Гітлера (1933). У студз. — лютым 1945 М. вызвалены войскамі 1-га і 2-га Бел. франтоў і ўключаны ў склад Польшчы. Непрыхільнае стаўленне камуніст. улад да польскага насельніцтва М. выклікала яго эміграцыю ў Германію. Значная частка М. заселена рэпатрыянтамі пераважна з Віленшчыны.

Н.К.Мазоўка.

т. 9, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)