частка свету, зах.ч. мацерыка Еўразія. Пл. каля 10 млн.км², у т. л.пл. астравоў каля 730 тыс.км². Крайнія пункты кантынентальнай Е.: на Пн — мыс Нордкін, 71°08 паўн. ш., на Пд — мыс Маракі, 36°паўн. ш., на З — мыс Рока, 9°34 зах. д., на У — Палярны Урал (паблізу Байдарацкай губы), 67°30 усх. д. Мяжу з Азіяй умоўна праводзяць па ўсх. падножжы Урала, рэках Эмба, Каспійскім м., рэках Кума і Маныч, Азоўскім, Чорным і Мармуровым морах, прал. Басфор і Дарданелы. Абмываецца морамі Паўн. Ледавітага і Атлантычнага ак.: на Пн і ПнЗ Карскім, Баранцавым, Белым і Нарвежскім, на З — Балтыйскім і Паўночным, на Пд — Міжземным, Мармуровым, Чорным і Азоўскім, на ПдУ бяссцёкавым возерам Каспійскім морам. Берагі моцна парэзаныя, асабліва на З і Пд. Даўж. берагавой лініі каля 38 тыс.км. На долю паўастравоў прыпадае каля 1/4 тэрыторыі, самыя вялікія Кольскі, Скандынаўскі, Пірэнейскі, Апенінскі, Балканскі. Найб. а-вы: Новая Зямля, Ісландыя, Вялікабрытанія, Ірландыя, Корсіка, Сардзінія, Сіцылія, Крыт. Найб. аддаленасць ад мораў каля 1600 км.
Рэльеф. Па сярэдняй (каля 300 м) і максімальнай вышыні (г. Манблан — 4807 м) Е. саступае інш. часткам свету, акрамя Аўстраліі. У будове паверхні пераважаюць раўніны. Горы займаюць каля 17% тэр. Палавіну плошчы займае Усходне-Еўрапейская (Руская) раўніна і яе працяг на З — Сярэднееўрапейская раўніна. На раўнінах ёсць узвышшы да 300—400 м над узр. м. (Сярэднярускае, Прыволжскае, Валынскае, Падольскае, Валдайскае і інш.) і нізіны да 150—200 м (Прычарнаморская, Прыдняпроўская, Прыкаспійская і інш.). Для паўн.ч.характэрны ледавікова-акумуляцыйныя і водна-ледавіковыя формы рэльефу. У цэнтр. і паўд.ч. Рускай раўніны пераважаюць эразійнарасчлянёныя паверхні (яры, лагчыны і інш.). На Пд — маладыя марскія акумуляцыйныя нізіны — Прычарнаморская і Прыкаспійская. Найб. значныя горы: Альпы, Карпаты, Пірэнеі, Апеніны, Скандынаўскія, горы Балканскага п-ва (Радопы, Рыла, Пірын). Уздоўж усх. граніцы — Уральскія горы. Да Е. зрэдку адносяць Каўказ. Дзеючыя вулканы ёсць у Ісландыі (Гекла, Лакі, Аск’я) і Міжземнамор’і (Этна, Везувій, на Ліпарскіх а-вах і а-вах Тыра).
Геалагічная будова. У фундаменце Е. ляжыць Еўрап. платформа, якая займае ўсю Усх. Е. і паўн.-зах.ч.Зах. Е.
На большай ч. платформы дакембрыйскі крышт. фундамент перакрыты гарызантальна залягаючымі асадкавымі пародамі магутнасцю ад 1—2 да 5 км. З З і ПнЗ платформу акаймоўваюць каледонскія структуры (Скандынаўскія горы, Паўн.-Шатландскае нагор’е, Паўд.-Шатландскае ўзв., горы Уэльса). На УЕўрап. платформа абмежавана Уральскімі гарамі герцынскага ўзросту. Шырока прадстаўлены герцыніды ў Зах. Е.: Пд Брытанскіх а-воў, Цэнтр. Французскі масіў, Вагезы, Шварцвальд, Рэйнскія Сланцавыя горы, Чэшскі масіў з Судэтамі, Руднымі гарамі, Шумавай, Чэшскі Лес і Калецка-Сандамірскі краж. З Пд герцыніды акаймоўваюцца маладым альпійскім поясам (Альпы, Карпаты, Стара-Планіна). На Пд Е. альпійскія структуры прадстаўлены Андалускімі, Пірэнейскімі, Апенінскімі гарамі, Дынарскім нагор’ем, Паўн.-Албанскімі Альпамі, хр. Пінд, горнымі ўтварэннямі на астравах. Перадгорныя прагіны займаюць Паданская і Ніжнедунайская раўніны. Значную ролю ў геалаг. гісторыі Е. мелі чацвярцічныя зледзяненні. Асноўнымі цэнтрамі фарміравання ледавіковага покрыва былі Фенаскандыя і Шатландыя. Ледавікі пакінулі ледавікова-экзарцыйныя і ледавікова-акумуляцыйныя формы рэльефу. Чацвярцічныя зледзяненні адзначаліся і ў гарах на Пд.
Карысныя выкапні. У Е. буйныя радовішчы нафты і прыроднага газу (шэльф Паўночнага м., перадгор’і Каўказа, Волга-Уральская нафтагазаносная вобл., Прыкаспійская нізіна), каменнага вугалю (в-аў Вялікабрытанія, Рурскі, Верхнесілезскі, Данецкі, Пячорскі басейны), жал. (Скандынаўскі і Кольскі п-вы, Латарынгія, Курская магнітная анамалія, Крывы Рог, Керч), марганцавых (Нікапаль), алюмініевых (Кольскі п-аў, Венгрыя, Грэцыя), поліметал. (Германія, Іспанія, Балгарыя, Польшча), нікелевых, кобальтавых, медных руд. Германія, Беларусь і Францыя багатыя калійнымі солямі. Ёсць кухонная соль, разнастайныя буд. матэрыялы і інш.
Клімат. Е. знаходзіцца ў 4 кліматычных паясах: арктычным. субарктычным, умераным і субтрапічным. Розная аддаленасць ад акіянаў і ўплыў рэльефу абумоўліваюць ваганні кліматычных умоў. Цыркуляцыя паветр. мас вызначаецца цэнтрамі атм. ціску: Ісландскім мінімумам, Азорскім і Азіяцкім максімумамі, арктычным поясам высокага ціску.
Найб. тэрыторыі ляжаць ва ўмераным поясе, для якога характэрны заходні перанос паветра. З-за ўплыву цёплых атл.паветр. мас большая ч.Зах. Е. мае акіянічны клімат. У студз. тут дадатныя т-ры паветра (да 6 °C). Пры руху на У павялічваецца кантынентальнасць, паветра выхалоджваецца, ва Усх. Е. часта пранікае арктычнае паветра. Гэта выклікае паніжэнне т-р да -10, -24 °C. Ва Усх. Е. ўтвараецца ўстойлівае снегавое покрыва на 4—8 месяцаў. Летам тэрмічны рэжым у асноўным адпавядае занальнаму размеркаванню сонечнага цяпла. На Пн Е. т-ра самага цёплага месяца (ліпень—жнівень) 5 °C. Самыя высокія т-ры адзначаюцца ў Міжземнамор’і (26—28 °C). Колькасць ападкаў ад 1000—1500 мм на З да 400 мм на У. Найменш іх выпадае ў Прыкаспійскай нізіне — 150—200 мм. Найб. колькасць ападкаў на З выпадае ўвосень і ў пачатку зімы, на У улетку, у Паўд. Е. — зімой.
Унутраныя воды. Па велічыні слоя сцёку (каля 300 мм) Е. займае 2-е месца пасля Паўд. Амерыкі, але з-за малых памераў сушы аб’ём сцёку невялікі (каля 2950 км² за год). Е. багатая паверхневымі водамі. Большасць рэк належыць да бас. Атлантычнага ак. або яго мораў (Нява, Зах. Дзвіна, Нёман, Вісла, Одра, Эльба, Рэйн, Сена, Луара, Гарона, Дуэра, Таха, Эбра, Рона, По, Дунай, Дняпро, Дон). Самая доўгая р. Волга ўпадае ў Каспійскае м. Да бас.Паўн. Ледавітага ак. адносяцца Пячора і Паўн. Дзвіна. Большасць рэк мае павольнае цячэнне, малыя нахілы рэчышчаў, моцнае меандраванне. Для іх рэжыму характэрны веснавы максімум, летне-асенні і зімовы мінімумы, зімовы ледастаў. Не замярзаюць толькі рэкі на крайнім 3 і Пд. Большасць рэк суднаходныя, многія з іх злучаны паміж сабой каналамі. Рэкі Паўд. Е. з’яўляюцца важнай крыніцай арашэння. Многія рэкі выкарыстоўваюцца ў гідраэнергет. мэтах. Буйныя вадасховішчы на Волзе, Дняпры, Доне. Шмат азёр у раёнах чацвярцічнага зледзянення. Найбольшыя з іх — Ладажскае (пл. 18,4 тыс.км²), Анежскае (9,9 тыс.км²), Венерн, Ветэрн, Меларэн, Ельмарэн, Інары, Імандра — маюць ледавікова-тэктанічнае паходжанне. Шмат запрудных ледавіковых азёр: Сайма, Мюрыц, Снярдвы, Мамры. Каля падножжа Альпаў падпруджаныя стараж. марэнамі далінных ледавікоў азёры Жэнеўскае, Фірвальдштэцкае, Кома, Гарда, Лага-Маджорэ. Ёсць тэктанічныя, вулканічныя і карставыя азёры. У лясной зоне шмат балот. Агульная пл. сучасных ледавікоў каля 100 тыс.км², у т. л. на астравах Арктыкі (каля 75 тыс.км²), у Ісландыі (11,8 тыс.км²), Скандынаўскіх гарах (5 тыс.км²), Альпах (3,2 тыс.км²).
Глебы і расліннасць. На раўнінах Усх. Е. добра акрэслена шыротная занальнасць глеб і расліннасці; у гарах вышынная пояснасць. На астравах Паўн. Ледавітага ак. — арктычныя пустыні з мохава-лішайнікавай расліннасцю на маламагутных арктычных глебах. На ПнУсх.-Еўрап. раўніны і Фенаскандыі — тундравая зона з мохава-лішайнікавым і хмызняковым покрывам, якая на Пд пераходзіць у лесатундру; глебы тундравыя, глеевыя, часткова ападзоленыя. На Пд да Ладажскага воз. і Паўн. Увалаў, а таксама на большай ч. Фенаскандыі — ялова-піхтавыя, хваёвыя і лістоўнічныя таежныя лясы на падзолістых моцна забалочаных глебах. Мяшаныя (хвойна-шыракалістыя) лясы займаюць Пн Вялікабрытаніі, Пд Скандынавіі, У Сярэднееўрап. раўніны, а на Рус. раўніне дасягаюць 52—54 паўн. ш., паступова выкліньваюцца да Урала. Занальным тыпам глебы з’яўляюцца дзярнова-падзолістыя. Ва ўмовах акіянічнага ўмеранага клімату ў Зах. Еўропе пашыраны шыракалістыя лясы (бук, граб, каштан, на У — дуб). Пераважаюць бурыя лясныя глебы. На ўзбярэжжах развіваюцца верасоўнікі. У гарах вышынная пояснасць. У Альпах дубова-букавыя лясы перадгор’яў зменьваюцца хвойна-шыракалістымі лясамі сярэднягор’яў (да выш. 1700—2100 м). Вышэй субальпійскія і альпійскія лугі. Зоны лесастэпаў і стэпаў прымеркаваны да ўмоў умеранага кантынентальнага клімату на Прыдунайскіх раўнінах і на ПдРус. раўніны. Пераважаюць разнатраўна-злакавыя і злакавыя стэпы на чарназёмных і каштанавых глебах. На Пд Ніжняга Паволжа пашыраны паўпустыні з перавагай ксерафітных хмызнякоў, салянак, палыноў. У міжземнаморскім клімаце атрымала развіццё зона вечназялёных субтрапічных ксерафітных лясоў (каменны і коркавы дуб, італьян. хвоя і інш.) і ксерафітныя фармацыі з вечназялёных і лістападных хмызняковых; у гарах шыракалістыя і мяшаныя лясы.
Жывёльны свет. Тэр. Е. ўваходзіць у склад Арктычнай (у межах арктычнай, тундравай і лесатундравай зон), Еўрап.-Сіб. (з лясной, лесастэпавай і стэпавай зонамі) і Міжземнаморскай падабласцей Палеаарктычнай біягеагр. вобласці. Самы бедны відамі жывёльны свет на паўн. акіянічных узбярэжжах і ў зоне тундры (пясец, гарнастай, паўн. алень, лемінгі, з птушак — палярная сава і курапатка, гусі, качкі і інш.). На ўзбярэжжах трапляецца белы мядзведзь, у морах маржы, цюлені, розныя віды рыб. Для лясной зоны характэрны лось, дзік, ліс, воўк, буры мядзведзь, бабёр, заяц, з птушак — рабчыкі, глушцы, курапаткі. На У у лясах водзяцца собаль, расамаха, вавёрка, бурундук, лясная пяструшка. У зах.-еўрап. лясах — высакародны алень, казуля, дзік, заяц. У лесастэпах і стэпах Е. пераважаюць суслікі, суркі, тушканчыкі, палёўкі, хамякі. на У трапляюцца сайгакі. У міжземнаморскай зоне — дзікабраз, вівера-генета, шматлікія птушкі (блакітная сарока, каменны дрозд, фламінга, белагаловы сіп, сіваваронка), паўзуны і земнаводныя (яшчаркі, хамелеоны, чарапахі, вужы, гадзюкі і інш.), насякомыя. У гарах захаваліся горныя каалы, серны, муфлоны.
Насельніцтва. У Е. жыве больш за 700 млн.чал. Шчыльнасць нас. вагаецца ад 5 чал. у Паўн. Е. да 250—300 чал. у Цэнтр. Е. У некат. краінах (Нідэрланды, Бельгія) шчыльнасць перавышае 300 чал. на 1 км². У Е. самы высокі (73%) працэнт гар. насельніцтва (Бельгія — 97%, Ісландыя — 91, Вялікабрытанія і Нідэрланды — па 89, Германія — 86, Швецыя — 83%). Найб. нізкі працэнт гар. насельніцтва на ПдУ (Албанія — 37%, Югаславія — 47, Малдова — 50, Харватыя — 51%). У Е. 59 гарадоў з нас. больш за 1 млн.ж., Мінск знаходзіцца прыкладна на 30-м месцы. Найб. гарады Е.: Лондан, Парыж, Масква, Санкт-Пецярбург, Берлін. Для большасці краін Е. ў канцы 20 ст.характэрны нізкі прырост насельніцтва — каля 0,1—0,3% за год. У некат. краінах (Венгрыя, Украіна, Германія, Беларусь) натуральны прырост адмоўны. Насельніцтва Е. належыць да вял. еўрапеоіднай расы, большасць народаў гаворыць на мовах індаеўрап. сям’і. Славянская група моў гэтай сям’і падзяляецца на 3 падгрупы: усх. (беларусы, рускія, украінцы), зах. (палякі, чэхі, славакі, лужыцкія сербы), паўд. (балгары, сербы, харваты, славенцы, македонцы, баснійцы, чарнагорцы). Блізкія да славян мовай і культурай народы балт. моўнай групы — літоўцы і латышы. Паўн.-Зах. і Цэнтр. Е. насяляюць народы герм. моўнай групы, якая падзяляецца на паўн. (шведы, датчане, фарэрцы, нарвежцы, ісландцы) і зах. (немцы, аўстрыйцы, германа-швейцарцы, эльзасцы і латарынгцы, люксембуржцы, галандцы, фламандцы, фрызы, англічане, шатландцы, ольстэрцы) падгрупы. У Зах. і Паўд.-зах. Е. жывуць народы раманскай моўнай групы (італьянцы, французы, іспанцы, партугальцы, каталонцы, галісійцы, валоны, франка-швейцарцы, італа-швейцарцы, карсіканцы, рэтараманскія народы — фрыулы, ладзіны, раманшы). У раманскую групу таксама ўваходзяць блізкія да славян культурай малдаване, румыны, арамуны (влахі). Да кельцкай моўнай групы адносяцца ірландцы, уэльсцы (валійцы), гэлы, брэтонцы; асобныя моўныя групы складаюць албанцы і грэкі; цыганы належаць да інд. моўнай групы. На тэр. Е. жывуць народы уральскай сям’і: да фінскай групы гэтай сям’і адносяцца фіны, карэлы, эстонцы, лівы, іжорцы, вепсы, саамы, комі і комі-пермякі, удмурты, марыйцы, мардва, да угорскай — венгры, мансі, да самадыйскай — ненцы. У цюркскую моўную групу алтайскай сям’і моў уваходзяць чувашы, татары, башкіры, туркі, гагаузы, у мангольскую — калмыкі. Адасобленае становішча займаюць баскі, якія жывуць на ўзбярэжжы Біскайскага зал. ў Францыі і Іспаніі. Да семіта-хаміцкай моўнай сям’і належаць мальтыйцы. Яўрэі карыстаюцца мовамі тых народаў, сярод якіх жывуць. і мовамі ідыш і іўрыт. Е. — радзіма 2 асноўных галін хрысціянства — праваслаўя і каталіцтва, а таксама шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і плыней, якія ўзніклі ў 16—17 ст. Большасць веруючага насельніцтва Е. вызнае хрысціянства: праваслаўе (усх. і паўд. славяне, усх.-раманскія народы, грэкі, мардва, удмурты і інш.), каталіцызм (амаль усе раманскія народы, зах. славяне, ч.паўд. славян, літоўцы, ірландцы, аўстрыйцы, фламандцы. венгры, ч. немцаў і інш.), пратэстанцтва (палавіна немцаў, галандцы, англічане, шатландцы, уэльсцы, датчане, шведы, нарвежцы, фіны). Частка насельніцтва Е. (туркі, татары, башкіры, казахі, ч. баснійцаў, большасць албанцаў, выхадцы з мусульманскіх краін) вызнае іслам. Невял. групы насельніцтва вызнаюць іудаізм (яўрэі), будызм (калмыкі) і інш.
Палітычны падзел. На тэр. Е. размешчаны дзяржавы: Албанія, Андора, Аўстрыя, Балгарыя, Беларусь, Бельгія, Боснія і Герцагавіна (складаецца з 2 самаст.ч.), Ватыкан, Вялікабрытанія, Венгрыя, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Казахстан (еўрап. частка), Латвія, Літва, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Македонія, Малдова, Мальта, Манака, Нарвегія, Нідэрланды, Партугалія, Польшча, Расія (еўрап. частка), Румынія, Сан-Марына, Славакія, Славенія, Турцыя (еўрап. частка), Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя, Эстонія, Югаславія; Гібралтар — уладанне Вялікабрытаніі, Фарэрскія а-вы — аўтаномная ч. Даніі. Пра кожную дзяржаву і ўладанне гл. асобны артыкул.
М.В.Лаўрыновіч.
Да арт, Еўропа. Мінскае ўзвышша ў наваколлі Мінска.Да арт.Еўропа. Тыповы ландшафт на Скандынаўскім паўвостраве.Да арт.Еўропа. Краявід у цэнтральнай частцы вострава Сіцылія.Да арт.Еўропа. Даліна Рэйна ў Германіі.Да арт.Еўропа. Ландшафт у Падмаскоўі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ключ, ‑а, м.
1. Металічная прылада для замыкання і адмыкання замка. Ключ ад кватэры. □ Жанчына дастала аднекуль з сваёй адзежы ключ і адамкнула дзверы.Чорны.
2. Прылада для ўмацавання або адкручвання чаго‑н., для прывядзення ў рух розных механізмаў. Гаечны ключ. Завесці гадзіннік ключом.// Прыстасаванне для нацягвання струн у музычных інструментах.
3.перан. Сродак, магчымасць для разгадкі, разумення каго‑, чаго‑н., для авалодання чым‑н. Марксісцка-ленінскі светапогляд з’яўляецца адзіным ключом для правільнага раскрыцця зместу драматычнага твора.«Беларусь».// Сістэма абазначэння літар, лічбаў і пад., на якой асноўваецца чытанне шыфраваных тэкстаў. Ліў дождок, а Якаўлеў усё даваў мне настаўленні, правяраў, ці добра я запомніў ключ шыфра, ці не забыў яўкі, якой-небудзь дробязі.Анісаў.// Збор адказаў у задачніку, а таксама падрадковыя тлумачэнні да замежнага тэксту.
4. Найбольш важнае ў ваенных адносінах месца, авалоданне якім адкрывае доступ куды‑н., забяспечвае перамогу.
5.Спец. Выключальнік для хуткага замыкання і разрыву ланцуга перадатчыка пры тэлеграфнай і радыётэлеграфнай сувязі.
6. Знак у пачатку нотнага радка, які ўмоўна паказвае на ноту, ад вышыні якой залежыць вышыня і размяшчэнне наступных нот. Скрыпічны ключ. Басовы ключ.// Рытм, кірунак, характэрны для літаратурнага твора ў цэлым. Зусім непрыкметна.. Куляшоў пераводзіць гучанне верша ў новы рытмічны ключ — анапест.Бярозкін.Уся стылістыка.. верша з моцнымі трагедыйнымі матывамі вытрымана ў адным эмацыянальным ключы.Бугаёў.
7. У архітэктуры — верхні клінападобны камень, якім заканчваецца арка, скляпенне.
8. Чарада птушак (гусей, жураўлёў і пад.), якія ляцяць клінам. Гаманлівыя птушак ключы Паляцелі на поўдзень даўно.Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
блі́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр., чым і без дап.
1. Ярка заблішчаць, заззяць (пра сонца, зоркі, агонь і пад.). Бліснула маланка. □ Раптам.. [краўцу] здалося, што каля пільні бліснуў на момант агонь.Чорны.Яшчэ падалі буйныя кроплі, а ў разрыве хмары ўжо бліснула сонца.Карпаў.У далечыні бліснуў прамень пражэктара.Васілёнак.// Заблішчаць, засвяціцца (аб прадметах, у якіх адлюстроўваецца святло). Калі-нікалі блісне серп на сонцы.Бядуля.Час ад часу, гуляючы, выскачыць рыба пад паверхняй вады, блісне серабрыстай луской на сонцы і цяжка плёхнецца назад у ваду.Галавач.Бліснула на тэлеграфных правадах раса.Хомчанка.
2. Паказацца (пра яркія прадметы). Ельнік неўзабаве разбегся і, уся залітая сонцам, бліснула аўсяная паляна.Чорны.Наперадзе бліснула чорнае вока лясною азярка.Навуменка.
3. Зіркнуць (пра імгненны позірк). Твар у Веры змяніўся, вочы бліснулі пакрыўджана і непрыязна.Кулакоўскі.// Прамільгнуць (аб праяўленні якіх‑н. пачуццяў праз характэрны бляск вачэй, выраз твару). Нядобрыя іскаркі бліснулі ў вачах старой.Кірэйчык.У вачах хлопчыка бліснула нянавісць.Гамолка.На твары.. [паненкі] ў першы момант выразна бліснуў спалох, але зараз жа змяніўся на злосць.Зарэцкі.Потым твар.. [Драпезы] паволі пачаў святлець, пакуль на ім не бліснула шчырая ўсмешка захаплення.Паслядовіч.
4.перан. Ярка праявіцца. Калі сапраўдны талент блісне, Яго ніхто ніколі не зацісне.Корбан.// Вызначыцца, вылучыцца чым‑н. Самалюбівы, аматар усякіх маланебяспечных, але гучных спраў,.. [Шуст] заўсёды кідаўся туды, дзе можна было раптам бліснуць перад камандаваннем.Шчарбатаў.
5.перан. Раптам з’явіцца; прамільгнуць. Бліснула думка. □ Надзя слухала мяцеліцу, слухала думы свае, чакала, глядзела, а мо блісне прамень надзеі.Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сво́йскі, ‑ая, ‑ае.
1. Не дзікі, выгадаваны чалавекам (пра жывёл, птушак). Свойская свіння. □ І свойскія гусі таксама Добра ляталі калісьці, І з ветрам умелі спрачацца, І крылы аб воблакі чысціць.Сіпакоў.// Культурны, вырашчаны чалавекам (пра расліны). Свойскія кветкі. □ — Гэта і ёсць свойскае дрэва. Яблыня, — з прыкметнаю злосцю ў голасе адказаў Хрупак. — Была свойская, а стала не свойская. Здзічэла.Чыгрынаў.
2. Прыручаны чалавекам; ручны. Ласяняты ў гадавальніку хутка зрабіліся зусім свойскімі.В. Вольскі.Маладую, калі прыехалі дадому, пан загадаў замкнуць у далёкіх пакоях. Маладога — кінуць свойскаму мядзведзю.Караткевіч.// Рахманы, спакойны, не брыклівы. Свойскае жарабя.//Разм. Паслухмяны (пра чалавека). Па-ранейшаму.. [Красанок] яшчэ дужы.. Усюды свойскі, пакладзісты.Гроднеў.
3. Не куплёны, хатняга вырабу. Фельчар стаў апранацца ў доўгі карычневага сукна свойскай работы бурнос з башлыком.Пестрак.// Прыгатаваны дома (пра харчы). [Цярэшка:] — Хіба ў нас больш нічога на стале няма? Вунь жа, дзякаваць богу, парасяцінка, свойская кілбаска.Сабаленка.
4.Разм. Які прыязна, спагадліва адносіцца да людзей; таварыскі. Цішка — добры мой сусед, Гэта — хлопец-усёвед. Свойскі і разумны — Не бывае сумны.Агняцвет.Мужык што трэба — свойскі, моцны. Паможа кожнаму ў бядзе.Панчанка.// Уласцівы такім людзям або адносінам паміж такімі людзьмі. Таня і не заўважыла, як шапачнае знаёмства з Павалковічам стала пераўтварацца ў свойскія, даволі прыязныя адносіны.Машара.
5.Характэрны, знаёмы, пашыраны на якой‑н. тэрыторыі. А як песню пачуў, што над рэчкай звініць,.. Я пазнаў чагось свойскага многа ў ёй: Калісь чуў гэта ў песнях старонкі сваёй.Багдановіч.Асенняй раніцою, Па нашай звычцы свойскай, Нас цэлай грамадою Праводзілі ў войска.Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чалаве́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чалавека (у 1 знач.), належыць яму. Чалавечыя рукі. Чалавечая постаць. □ Пачуўся голас чалавечы. Аж узняліся ў дзядзькі плечы, Ды каб схаваць, што ён спужаўся, Спакойна дзядзька адазваўся.Колас.Доктар знайшоў бабчыну сухую руку, пагладзіў. Часта чалавечымі словамі нельга сказаць таго, што скажаш маўчаннем.Скрыган.// Які складаецца з людзей. Чалавечае грамадства. □ І тут толькі заўважыла чалавечая грамада, што няма пастуха.Мурашка.// Які робіцца, здзяйсняецца чалавекам. Матэрыялістычнае вучэнне гісторыі з’явілася адзінай тэорыяй, якая правільна, навукова тлумачыць чалавечую гісторыю як працэс.«Весці».Усё адыходзіць у нябыт, астаюцца толькі плёны чалавечай працы.Карпаў.
2. Уласцівы, характэрны для чалавека. Чалавечая годнасць. Чалавечае шчасце. Чалавечыя слабасці. □ Пісьменніку ўдалося раскрыць варожую сутнасць кулацтва, паказаць звярыную псіхалогію ўласніка, які ў пагоні за нажывай страчвае чалавечае аблічча, становіцца ворагам працоўнага народа.Гіст. бел. сав. літ.І адчувае Алежка: вось-вось здарыцца цуд, загавораць між сабой на чалавечай мове лясныя жыхары, — і тады ўсе вялікія і важныя тайны адкрыюцца яму.Вышынскі.// Такі, як трэба; належны, добры. — Яно не кепска было б кіламетраў пяцьдзесят ад’ехацца, — раптам спыняецца Тарасюк. — Тады можна было б спакойна дзён колькі адлежацца, чалавечы выгляд набыць.С. Александровіч.Бавар Вейс знойдзе другую. І яна будзе працаваць у яго на чалавечых умовах.Ракітны.
3. Гуманны, чалавечны. Чалавечая, шчырая трывога пра невядомага чалавека балюча кранула Нічыпара.Асіпенка.Не ведаю, што робіцца са мной: Ад дабраты я плачу чалавечай, Заўсёды плачу ад спагады нечай — Не ведаю, што й робіцца са мной!Сіпакоў.
•••
Род чалавечыгл. род.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МАДЭ́РН (франц moderne ад лац. modernus новы, сучасны),
стыль у архітэктуры, выяўл. і дэкар. мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. Вядомы таксама пад назвамі «ар нуво» (Бельгія і Францыя), югендстыль (Германія і Скандынавія), сецэсіён (Аўстрыя), ліберці (Італія), мадэрнізм (Іспанія). Узнік каля 1890 як рэакцыя на эклектызм і гістарызм акад. мастацтва. Прадстаўнікі М. імкнуліся стварыць стыль, свабодны ад гіст. запазычанняў, сінтэзаваць усе пластычныя мастацтвы. адрадзіць маст. адзінства прадметнага свету шляхам выкарыстання новых тэхн. магчымасцей. У архітэктурынайб. ярка М. выявіўся ў творах Ч.Макінташа (Шатландыя), Х. ван дэ Велдэ і В.Арта (Бельгія), А.Гаўдзі (Іспанія), Э.Гімара (Францыя), І.Гофмана і І.М.Ольбрыха (Аўстрыя), Ф.Шэхтэля і Ф.Лідваля (Расія) і інш. Збудаванні ў стылі М. адметныя свабоднай, функцыянальна абгрунтаванай планіроўкай, якая вызначала маляўніча-сіметрычны і дынамічны характар аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, садзейнічала стварэнню падкрэслена індывід. будынкаў, дзе ўсе элементы падпарадкаваны адзінай вобразна-сімвалічнай задуме. Прынцыпова новым у архітэктуры М. было адмаўленне ад ордэрнай ці эклектычна запазычанай з інш. стыляў сістэмы аздаблення фасада і інтэр’ера. У М. не было падзелу на канстр. і дэкар. элементы будынка; дэкаратыўнасць заключалася ў эстэт. асэнсаванні формы. Вызначальным у структуры будынка была пабудова ўнутр. прасторы, якая выяўлялася ў рытмічнай і пластычнай арганізацыі вонкавых форм. Фасады вылучаліся дынамічнасцю і цякучасцю форм, часам набліжаліся да форм скульптурных ці імітуючых прыродныя з’явы (пабудовы Гаўдзі, Арта, ван дэ Велдэ, Шэхтэля), часам з геам. выразнасцю выяўлялі асн. аб’ём збудавання (пабудовы Гофмана, Ольбрыха, Макінташа, сталыя работы Шэхтэля). Некат. архітэктары М. прадвызначалі функцыяналізм, імкнуліся выявіць каркасную структуру будынка, падкрэсліць тэктоніку мас і аб’ёмаў (О.Вагнер і Гофман у Аўстрыі, П.Берэнс у Германіі, А.Перэ ў Францыі). У выяўленчым мастацтве М. падрыхтаваны ў Англіі творчасцю прэрафаэлітаў і групы Arts and Crafts, найб. поўна ўвасобіўся ў творах О.Бёрдслі. У Францыі рысы М. адлюстраваліся ў творах сімвалістаў, сінтэтыстаў, набістаў, А. дэ Тулуз-Латрэка. Стылістыка М. характарызуецца дамінаваннем дэкар. пачатку ў фармальнай, кампазіцыйнай і каларыстычнай пабудове твора, асіметрычнасцю выгнутых форм і ліній, стылізаванымі расл. матывамі, вытанчанасцю каларыту. У творах М. фантаст. выявы перапляталіся з рэальнымі матывамі, якія набывалі сімвалічны сэнс. У асобных творах відавочны ўплыў мастацтва Усходу, асабліва Кітая і Японіі. Адным з асн. выразных сродкаў у мастацтве М. быў арнамент крывалінейных абрысаў, часта пранізаны экспрэсіўным рытмам. Арнаментальны пачатак аб’ядноўвае ўсе віды мастацтва М. У інтэр’ерах вытанчаныя лінейныя пляценні, рухомыя расл. ўзоры, рассыпаныя па падлозе, столі, канцэнтраваліся ў месцах іх спалучэння; яны аб’ядноўвалі арх. плоскасці, актывізавалі прастору. У майстроў венскага М. (Гофман, Ольбрых), работах шатл. групы «Чацвёра» на чале з Макінташам строга геам. арнамент вар’іраваў матывы круга і квадрата. Для М. характэрна ўзаемапранікненне станковых і дэкар.-прыкладных форм мастацтва. У жывапісе пераважалі пано, у скульптуры — рэльефы. Мэтай архітэктара, мастака, скульптара было стварыць сінт. цэльны твор мастацтва. Для жывапісу характэрны спалучэнне дэкар. умоўнасці арнаментальных дывановых фонаў, сілуэтнасць, вял. колеравыя плоскасці, тонка нюансіраваная манахромія. У творах П.Гагена і мастакоў групы «Набі» ў Францыі, Г.Клімта ў Аўстрыі, Ф.Кнопфа ў Бельгіі, Э.Мунка ў Нарвегіі, членаў «Свету мастацтва» стылістыка М. часта выкарыстоўвалася для ўвасаблення тэм і матываў, характэрных для сімвалізму. М. актыўна праявіўся ў графіцы (Бёрдслі, немцы Т.Т.Гейне і Г.Фогелер, швейцарац Ф.Валатон, Мунк, француз Э.Грасэ, чэх А.Муха, у Расіі — А.М.Бенуа, К.А.Сомаў і інш.), гэта звязана з росквітам кніжнай справы. Скульптура М. (Ж.Міне ў Бельгіі, Г.Обрыст у Германіі) вылучаецца дынамікай і цякучасцю форм і сілуэта. Асабліва пашыраны быў у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Яму ўласцівы тыя ж рысы, што і архітэктуры і скульптуры, у т. л. падабенства прадметаў і іх асобных дэталей натуральным формам (керамічныя і жал. вырабы Гаўдзі, метал. агароджы метро Парыжа Гімара, шкляныя вырабы Э.Гале, упрыгожанні Р.Лаліка ў Францыі; шкляныя пасудзіны Л.К.Тыфані ў ЗША, мэбля ван дэ Велдэ). Імкненне да канструктыўнасці, чыстаты ліній, лаканізму форм выявілася ў мэблі Макінташа, Гофмана, у Расіі — у І.А.Фаміна.
У архітэктуры Беларусі М. пашыраны з пач. 20 ст. Ён разгаліноўваўся на шэраг ярка выражаных стылёвых кірункаў: сецэсіён, неарускі стыль, неараманскі і неагатычны кірункі, неабарока, неакласіцызм, неарэнесанс і інш. Для М. характэрны багатая арнаментыка з уключэннем стылізаваных дэкар. элементаў готыкі, класіцызму, стараж.-рус. і інш. стыляў (жылыя дамы па вул. Савецкай у Гомелі, будынак б-кі імя Карскага ў Гродне, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, праект кінатэатра «Сатурн» у Гродне, чыг. вакзал у Маладзечне, будынак банка ў Слоніме). Манум.-дэкар. мастацтва М. стала неад’емнай ч.арх. кампазіцыі будынкаў, шырока выкарыстоўваліся выяўл. элементы (герб кн. Святаполк-Мірскіх на Мірскай капліцы, мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе капліцы ў Ляснянскім мемарыяльным комплексе). Імкненне да наўмыснай ускладненасці, інтэнсіўнага святлаценю фасадаў абумовіла шырокае выкарыстанне моцна высунутых эркераў, вуглавых лоджый, мансардавых, шатровых і інш. форм дахаў (сядзібны дом у г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Лужаснянскай земляробчай школы будынак). Дзвярныя і аконныя праёмы, часам выцягнутыя на вышыню будынка, з мудрагеліста выгнутымі пераплётамі атрымалі абрысы падкоў, трапецый, парабалічных арак. Былі пашыраны выгнутыя ажурныя балконныя краты і казыркі дзвярных парталаў, аздобленыя скульптурай, спалучэнне адкрытага муру і ляпных дэталей (б. даходны дом у Мінску па вул. Кірава). У драўлянай архітэктуры выкарыстоўваліся вежавыя кампазіцыі і дэкар. элементы нар. дойлідства (асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.). У культавай архітэктуры М. праяўляецца ў пошуках зграбнай формы і сілуэта, вылучэнні дэталей і элементаў у агульнай кампазіцыі (Крыжаўзвіжанская царква ў в. Амелянец Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.). У стылі М. на Беларусі працавалі арх. С.Шабунеўскі, В.Марконі, О.Краснапольскі, А.Альшалоўскі, Б.Астравумаў, К.Данцоў, К.Шрэтэр, У.Срока і інш.
Стыль М. меў уплыў на бел. выяўленчае, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. Яго рысы адчуваюцца ў некат. творах Ф.Рушчыца, С.Богуш-Сестранцэвіча, А.Тычыны, Я.Мініна, А.Астаповіча, С.Юдовіна, у карцінах і дыванах Я.Драздовіча. Захаваліся помнікі манум.-дэкар. мастацтва ў Гродне (вітражы касцёлаў бернардзінцаў і францысканцаў), Віцебску (маёлікавая мазаіка на будынку пазямельна-сял. банка). Цякучыя, прэтэнцыёзныя, са скругленымі гранямі формы шклянога посуду, якія спалучаліся з пышным дэкорам (размалёўка золатам, эмалямі, выкарыстанне метал. арматуры) уласцівы маст. шклу, што выраблялася на шклозаводзе «Нёман» і на Барысаўскім хрусталёвым заводзе. Асіметрычныя, хваліста-ламаныя рэльефныя малюнкі характэрны для копыскай кафлі; мудрагелістыя перапляценні геам. арнаменту, выцягнутыя сцёблы галінак і лісцяў, кветак аздаблялі віцебскія кафлі і дэкар. пліткі. Драўляную мэблю багата ўпрыгожвалі рэльефнай разьбой, такарнымі элементамі, інкрустацыяй. М. праявіўся ў маст. ліцці і коўцы (аздабленне балконаў, парапетаў, ганкаў жылых і грамадскіх будынкаў у Гродне, Мінску, Віцебску, Магілёве, Полацку, Гомелі і інш.
Літ.:
Кириченко Е.И. Модерн: К вопросу об истоках и типологии // Сов. искусствознание. М., 1979. Вып. 1;
Tschudi Madsen S. Art nouveau. Paris, 1967.
В.Я.Буйвал, А.М.Кулагін, М.М.Яніцкая.
Да арт.Мадэрн. Кафляная печ у г Гродна. Канец 19 — пач. 20 ст.Да арт.Мадэрн. Э.Гімар. Станцыя метрапалітэна ў Парыжы.Да арт.Мадэрн. Л.Даменік-і-Мантанер. Будынак бальніцы Сан-Пуа ў г. Барселона (Іспанія). 1902—12.Да арт.Мадэрн. Ч.Макінташ. Дзверы чайнага пакоя асабняка Вілаў у Глазга. 1904. Вітраж, таніраванае шкло.Да арт.Мадэрн. В.Арта. Вестыбюль асабняка Таселя ў г. Брусель (Бельгія). 1893.Да арт.Мадэрн. Э.Гале. Фаянсавая чаша ў выглядзе сокала. 1885—89.Да арт.Мадэрн. Г.Клімт. Партрэт Адэль Блох-Баўэр. 1907.Да арт.Мадэрн. Кінатэатр «Сатурн» у г. Гродна. Праект пач. 20 ст.Да арт.Мадэрн. Асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ГУА І БАРБУ́ДА (Antigua and Barbuda),
дзяржава ў Вест-Індыі, на а-вах Антыгуа, Барбуда і Рэдонда ў групе М.Антыльскіх а-воў у Карыбскім моры. Пл. 442,6 км². Нас. 65 тыс.чал. (1993), у асн. негры. Афіц. мова — англійская. Большасць вернікаў — пратэстанты (англіканская царква). Сталіца — горад і порт Сент-Джонс (на в-ве Антыгуа). Падзяляецца на 7 раёнаў. Кіраўнік дзяржавы фармальна — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам. Двухпалатны парламент (палата прадстаўнікоў і сенат) ажыццяўляе заканад. ўладу. Урад узначальвае прэм’ер-міністр, якога прызначае ген.-губернатар.
Прырода. Астравы складзены пераважна з каралавых вапнякоў. Паверхня ўзгорыстая, выш. да 402 м (в-аў Антыгуа). Клімат трапічны пасатны, гарачы. Сярэднямесячная т-ра ад 15 да 33 °C. Ападкаў каля 1300 мм за год. Восенню характэрны ўраганы. Адносная раўніннасць, адсутнасць рачной сеткі і недастатковасць ападкаў выклікаюць перыяд. засухі. Вострай з’яўляецца праблема прэснай вады (атрымліваюць з артэзіянскіх калодзежаў).
Гісторыя. Старажытныя насельнікі Антыгуа і Барбуда — індзейцы. Пасля адкрыцця астравоў Х.Калумбам (1493) тут з’явіліся ісп. каланізатары. Потым Барбуда (у 1628) і Антыгуа (у 1632) каланізаваны англ. пасяленцамі. На кароткі час астравы трапілі пад уладу Францыі, з 1667 сталі брыт. калоніяй. Пасля вынішчэння карэннага насельніцтва на іх пасялілі нявольнікаў-неграў з Афрыкі, якіх прымушалі працаваць на плантацыях цукр. трыснягу. У 1834 рабства адменена. У 1871—1956 тэр. Антыгуа і Барбуда — частка брыт. калоніі «Федэрацыя Падветраных астравоў»; у 1958—62 уваходзіла ў Вест-Індскую федэрацыю. У 1967 Антыгуа і Барбуда атрымалі аўтаномію як «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава»; 1.11.1981 абвешчана іх незалежнасць. У 1981 краіна ўступіла ў ААН, Арг-цыю Амер. Дзяржаў, у 1982 — у Карыбскае супольніцтва, з 1983 мае статус наглядальніка ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць Лейбарысцкая партыя Антыгуа (створана пасля 1940), Аб’яднаная прагрэсіўная партыя (з 1992).
Гаспадарка арыентавана на турызм, які забяспечвае 60% валавога ўнутр. прадукту (ВУП; 424 млн.дол., 1991), 70% занятасці насельніцтва і валютных паступленняў (1990). Сельская гаспадарка (вырошчванне цукр. трыснягу, бананаў, какосавых арэхаў, манга, цытрусавых і інш.) дае 4% ВУП, прам-сць (вытв-сць цукру, какосавага і бавоўнавага алею, зборка быт. электратэхнікі, нафтаперапрацоўка) — 5%, транспарт і сфера паслуг — 8%. Даўж. аўтадарог 548 км, вузкакалейнай чыгункі каля 80 км. Экспарт: нафтапрадукты, трансп. абсталяванне, цукар-сырэц, патака-мелес, бавоўна-сырэц, цытрусавыя. Імпарт: паліва, прадукты харчавання, тэкст. тавары, піламатэрыялы і інш.Гал. знешнегандл. партнёры — Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Японія, КНР, карыбскія і зах.-еўрап. краіны. Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАТО́РЫЯ (італьян. oratorio ад лац. oro гавару, малю),
буйная шматчасткавая кампазіцыя для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра пераважна эпіка-драм. характару, прызначаная для канцэртнага выканання. Мае агульныя рысы з операй (сюжэт, наяўнасць арый, рэчытатываў, ансамбляў, хароў), адрозніваецца ад яе адсутнасцю акцёрскай ігры, дэкарацый (як выключэнне бываюць сцэнічныя араторыі), перавагай апавядальнасці над драм. дзеяннем. У параўнанні з кантатай мае большыя памеры, ярка выражаную сюжэтную аснову.
Зарадзілася на мяжы 16—17 ст. ў Італіі. Напачатку араторыі пісалі на біблейскія, евангельскія або ант. сюжэты. Росквіт жанру ў 18 ст. звязаны з творчасцю Г.Ф.Гендэля, які стварыў класічны тып манум. героіка-эпічнай араторыі, і І.С.Баха, чые пасіёны (страсці) насычаны глыбокім філас. зместам. Пад уплывам асаблівасцяў розных нац. культур араторыя мадыфікавалася. Адбывалася яе сімфанізацыя (кампазітары венскай класічнай школы) або лірызацыя (кампазітары-рамантыкі). У 20 ст. адрадзілася цікавасць да араторыі, якая інтэнсіўна збліжаецца з операй, кантатай, сімфоніяй.
У бел. музыцы першыя араторыі створаны ў 1930-я г. (блізкая да араторыі вак.-сімф. паэма «Над ракою Арэсай» М.Аладава, незакончаная араторыя «Вызваленне» Я.Цікоцкага). У 1960-я г. напісаны араторыі «Песня пра Кубу» С.Картэса, «Званы» Я.Глебава, «Мы — беларусы» К.Цесакова, першая камерная араторыя «Песні Хірасімы» (для чытальніка, салістаў — барытона і сапрана і 2 фп.) Дз.Смольскага. З 1970-х г.бел. араторыі вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі і жанравымі разнавіднасцямі. Сярод найб. значных араторый «Мая Радзіма» Смольскага, «Свяці, зара» Глебава, «Зямля Беларусі» У.Дарохіна (сл. П.Броўкі), «Памяці паэта» Картэса і «Паэт» Смольскага на вершы Я.Купалы, «Памяць Хатыні» В.Войціка, «Хатынь» Цесакова, «Ванька-Устанька» (сл. Я.Еўтушэнкі) і «Вольнасць» паводле кн. А.Радзішчава «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Мдывані. У 1980 — пач. 1990-х г. створаны араторыі «Бітва за Беларусь» А.Багатырова, «Думкі рускія» А.Бандарэнкі, «Лісткі з календара» (сл. М.Танка) А.Залётнева, «Сказ пра Ігара» і «Іканастас» Л.Шлег, «Куранты» В.Капыцько, «Зорка паэта» Э.Наско, «Беларускае вяселле» Цесакова, «Партызанскія песні» У.Алоўнікава і інш.
Большасць бел. араторый ярка публіцыстычныя, напоўненыя грамадз. пафасам. Для іх характэрны апора на бел. паэзію, прыёмы развіцця, інтанацыйныя і ладавыя асаблівасці бел.муз. фальклору, увядзенне нац. інструментаў. У шэрагу араторый выкарыстаны новыя сродкі выразнасці, у т. л. прыёмы моўнай дэкламацыі з фіксаванымі гукавышыннай лініяй і рытмам, санорныя эфекты, элементы алеаторыкі, серыйнай тэхнікі, падпарадкаваныя маст. мэтам.
Літ.:
Розенов Э.К. Очерк истории оратории // Розенов Э.К. Статьи о музыке: Избр. М., 1982;
Кулешова Г.Г. Белорусская кантата и оратория. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́З, ікона,
1) у хрысціянскай рэлігіі (праваслаўе і каталіцызм) выявы Ісуса Хрыста, Маці Божай, святых на драўлянай дошцы, палатне, камені; сімвал, які з’яўляецца аб’ектам рэліг. ўшанавання.
2) Твор сярэдневяковага мастацтва (гл.Іканапіс), які мае культавае прызначэнне.
Першыя абразы вядомы з 2 ст.н.э.Найб.стараж. абразы, што захаваліся, паходзяць з Пярэдняй Азіі. Культ абраза як абавязковага элемента храма быў афіцыйна прыняты на 7-м Усяленскім саборы (786—787, Канстанцінопаль). Паводле хрысціянскага падання першаўзорам вобраза Хрыста з’явіўся адбітак яго твару на ўбрусе, а першыя выявы Маці Божай выкананы евангелістам Лукою. Асабліва шырока быў распаўсюджаны ў Візантыі, Егіпце, Эфіопіі, паўд.-слав. краінах, Грузіі. Для абраза характэрны іканаграфічны канон, які вытрымліваецца стагоддзямі. Пад уплывам Візантыі ўзнік старажытнарускі абраз, класічныя ўзоры якога адносяць да канца 14—15 ст. (А.Рублёў, Феафан Грэк).
На Беларусі абраз з’явіўся, верагодна, у канцы 10 ст. ў Полацку і Тураве. Першыя абразы прывозілі з Візантыі, напр., Ефрасіння Полацкая падаравала мужчынскаму манастыру ў Полацку абраз «Маці Божая Адзігітрыя Эфеская», які яна атрымала ад імператара Мануіла Камніна. Бел. абразы 11—15 ст. ствараліся ў сферы правасл. візантыйска-балканскага ўплыву («Маці Божая Замілаванне» з-пад Брэста, «Успенне» з Мінска, 15 ст.). Фарміраванне самабытнай беларускай іканапіснай школы адбылося ў 16 ст.Найб. яркія творы належаць да 1-й пал. 17 ст. (група маларыцкіх абразоў 1648; «Нараджэнне Марыі» Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Успенне» з Олтуша, 1650 і інш.). Для іх характэрна спалучэнне сімвалізму і кананічнасці сярэдневяковага мастацтва з натуральнасцю персанажаў і асяроддзя, характарнасцю вобразаў, элементамі навакольнай рэчаіснасці, засвоенымі з еўрап. Адраджэння. У 17—18 ст. выяўляюцца рэгіянальныя асаблівасці ў абразах Зах. Палесся, Падняпроўя, Падзвіння, Міншчыны, звязаныя з цэнтрамі іканапісу (Брэст, Вільня, Віцебск, Пінск, Магілёў, Мінск, Полацк). Абразы маляваліся на дошках (да 16 ст. ўключна з каўчэгам) па клеемелавым грунце (ляўкасе) яечнай тэмперай, пазней у спалучэнні з алейнымі фарбамі. Фон гладкі, пазалочаны, з канца 16 ст. аздабляўся рэльефным раслінным арнаментам. З сярэдзіны 18 ст. пашыраецца абраз на палатне. Асаблівую галіну бел. іканапісу ўтвараюць алтарныя абразы з рысамі готыкі, рэнесансу, барока. Характэрнай аздобай абразоў былі абклады, накладныя чаканеныя метал. рызы («сукенкі»). Самастойны бел. абраз знікае ў сярэдзіне 19 ст. з ліквідацыяй у 1839 уніяцтва.
Літ.:
Гл. пры арт.Іканапіс.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Абраз. А.Рублёў. Спас. 1420-я гады.Абраз «Маці Божая Іерусалімская» з Брэстчыны. 16 ст. Музей старажытнай беларускай культуры ІМЭФАН Беларусі.Абраз «Сашэсце ў пекла» з Чачэрска. 1678. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭІ́ЗМ (франц. athéisme ад грэч. atheon бязбожжа),
сістэма поглядаў, якая адмаўляе існаванне Бога, звышнатуральных сутнасцяў. Існуюць некалькі формаў атэізму. Агнастычны атэізм аспрэчвае сцвярджэнне, паводле якога Бог, нават калі ён і існуе, не можа быць пазнаны ў якой-н. ступені людзьмі. Быў пашыраны ўжо сярод філосафаў стараж. Грэцыі і Рыма: Дэмакрыт, Крытый, Эпікур і інш., сафісты (Пратагор, Горгій), раннія кінікі і скептыкі, а таксама Лукрэцый. У 20 ст. падобныя праявы ў працах пазітывістаў (Б.Расел, Л.Вітгенштэйн і інш.). Радыкальны атэізм у прынцыпе адмаўляе існаванне Бога. Характэрны для паслядоўнікаў матэрыялізму (Д.Дзідро, К.Гельвецый, П.Гольбах, Ж.Ламетры, а таксама Л.Феербах). Найб. рэльефна яго рысы выяўлены ў поглядах К.Маркса, У.І.Леніна і іх паслядоўнікаў, у ідэалогіі камуністаў. Пастулатыўны атэізм лічыць веру ў боскага заканадаўцу несумяшчальнай з этыкай каштоўнасцяў. Яго гал. прадстаўнік ням. Філосаф Н.Гартман — заснавальнік г.зв. крытычнай (новай) анталогіі. Ён лічыў, што мэтавы дэтэрмінізм боскага наканавання адмаўляе этычную свабоду, разам з тым і ўсялякія перадумовы этычнага выбару і маральных паводзін. У адрозненне ад тэарэтычнага атэізму існуе г. зв. стыхійны атэізм, уласцівы многім людзям, занятым у матэрыяльнай вытв-сці і ў розных галінах духоўнай дзейнасці (у навуцы, асабліва ў прыродазнаўстве, палітыцы, мастацтве). Ён зыходзіць з прызнання самадастатковасці прыроды і чалавека без звышнатуральных з’яў. Яго праявы вельмі разнастайныя: ад інтуітыўных уяўленняў да цвёрдых перакананняў, падстава для якіх — вопыт жыцця і веды ў розных сферах рэчаіснасці.
На Беларусі ідэі атэізму пачалі пашырацца ў 16—17 ст. (К.Бекеш, С.Лован, К.Лышчынскі і інш.). Крыніцай атэізму служылі вальнадумства і ерасі; моцны штуршок для яго развіцця даў рэфармацыйны і гуманіст. рух і звязаны з імі рэліг. скептыцызм (С.Будны, В.Цяпінскі, Я.Ліцыній Намыслоўскі). Атэістычныя тэндэнцыі рэльефна праяўляліся ў творчасці К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Я.Лучыны і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 пачалося глабальнае разбурэнне рэлігійнасці і ператварэнне атэізму ў дзярж. ідэалогію. Але пасля таго, як Беларусь набыла сваю дзярж. незалежнасць (1991), пачалася светапоглядная трансфармацыя, сфера распаўсюджання атэізму рэзка звузілася. Калі ў 1989 веруючымі дэкларавалі сябе 22% насельніцтва Беларусі, то ў 1994 — 43,4%. У 1995 дэкларавалі сваю прыналежнасць да няверуючых 35% апытаных.
Літ.:
Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;
Свободомыслие и атеизм в древности, средние века и в эпоху Возрождения. М., 1986;
Основы религиоведения. М., 1994;
Thrower J. A short history of western atheism. London, 1971.