група кляшчоў атр. паразітыформных. 30 сям., 3—4 тыс.відаў. Пашыраны ўсюды. Свабоднажывучыя і паразітычныя формы. Жывуць у глебе, лясным подсціле, гнаі, норах і гнёздах млекакормячых і птушак, мурашніках, жыллі чалавека, на раслінах і інш. Многія віды паразітуюць на целе або ў органах і поласцях наземных пазваночных жывёл, чалавека. Некаторыя — пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекцый кляшчовага энцэфаліту, кляшчовага сыпнога тыфу, ліхаманкі Ку, тулярэміі і інш. На Беларусі каля 100 відаў. Найб. Пашыраныя гамазавыя кляшчы: курыны (Dermanyssus gallinae), пацуковы (Ornithonyssus bacoti), грызуноў (Haemogamasus nidi), андралелапс (Androlaelaps hermaphrodita).
Даўж. 0,2—4 мм. Цела прадаўгавага-круглаватае, пляскатае, укрытае хіцінавымі шчыткамі. Ногі шасцічленікавыя. На целе і канечнасцях шматлікія шчацінкі. Ротавы апарат грызуча- або колюча-сысучы. Адкладваюць яйцы або жывародныя. Развіццё непрацяглае, поўнае. За сезон могуць даваць дзесяткі пакаленняў. Пераважна драпежнікі, кормяцца дробнымі членістаногімі, нематодамі, крывёй і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЬМУХАВЕ́Ц, адуванчык (Tanaxacum),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ў халодных, умераных і субтрапічных паясах, у высакагор’і тропікаў. На Беларусі больш за 10 відаў, з якіх найб. вядомы Дз. лекавы (T. officinale). Нар. назвы малачай, багатка, коцікі, папок, дмухель, зубнік, жоўтая цыкор’я. Расце каля жылля, уздоўж дарог, на агародах, палях, лугах і інш. У якасці тэхн. (для атрымання натуральнага каўчуку) расліны раней вырошчвалі Дз. кок-сагыз (T. kok-saghyz).
Шматгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і бязлістымі, полымі ўнутры сцябламі (стрэлкамі) выш. 10—30 см. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, ланцэтнае, зубчастае, паступова звужанае ў чаранок. Кветкі двухполыя, звычайна жоўтыя, радзей белыя і ружовыя, сабраны ў адзіночныя верхавінкавыя кошыкі. Плод — сямянка, з носікам і чубком. Лек., кармавыя, меданосныя, харч. і тэхн. расліны. Карані выкарыстоўваюцца для ўзбуджэння апетыту, як сурагат кавы, лісце на салату, кветкавыя кошыкі — для прыгатавання варэння, напіткаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАСЁН (Persicaria),
род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмерана цёплых і трапічных абласцях Паўн. паўшар’я, таксама ў Паўд. Амерыцы. На Беларусі 8 дзікарослых відаў: Д. земнаводны, або вадзяная грэчка (P. amphibia), перцавы, або вадзяны перац (P. hydropiper), раскідзісты (P. lapathifolia), ільняны (P. linicola), плямісты (P. maculata), малы (P. minor), мяккі (P. mitis), шурпаты (P. scabra). Растуць у вадзе, па берагах рэк і вадаёмаў, у сырых лясах як пустазелле. Як дэкар. расліну вырошчваюць Д. усходні (P. orientalis).
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным, іншы раз апушчаным у ваду раўнамерна аблісцелым сцяблом. Лісце звычайна ланцэтнае, на кароткіх чаранках, з раструбам, у водных формаў — эліптычнае ці ланцэтна-яйцападобнае, голае і гладкае, на доўгіх чаранках. Кветкі ружовыя, ружова-белыя, белаватыя ці зеленаватыя, двухполыя, сабраныя ў верхавінкавыя гронкападобныя суквецці, размешчаны пучкамі ў похвах прыкветнікаў-раструбаў на кароткіх кветаножках. Плод — арэшак. Лек., кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЯЛА́ПКА (Alchemilla),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Еўропы, таксама ў Азіі, Паўн. Афрыцы і ў Амерыцы. На Беларусі больш за 20 відаў. Найб. вядомыя і пашыраныя: вастралопасцевая (A. acutiloba Opiz), горная (A. monticola), шызаватая (A. glaucescens), зграбная (A. gracilis), гусялапка балтыйская (A. baltica), голасцябловая (A. glabricaulis). Зрэдку трапляюцца: гусялапка караткалопасцевая (A. breviloba), хвалісталістая (A. cymatophylla), бугрыстая (A. gibberulosa), голая (A. glabra) і інш. Растуць на лугах, у светлых лясах, на высечках, узлесках, па берагах рэк і ручаёў, каля дарог і на пустках.
Шматгадовыя травяністыя расліны пераважна з паўзучым дравяністым карэнішчам. Сцёблы прыўзнятыя, густа ўкрытыя валаскамі, рэдка амаль голыя. Лісце лопасцевае або далонепадобна рассечанае, круглаватае, складкаватае накшталт гусінай лапкі (адсюль назва), прыкаранёвае на доўгіх чаранках, у разетцы. Кветкі дробныя, зялёныя або жаўтаватыя, сабраныя ў шчыткападобна-мяцёлчатае суквецце. Плод — арэшкападобны. Характэрны апаміксіс. Амаль усе віды тэхн. (фарбавальныя, дубільныя) і лек. (мачагонны, адхарквальны, кроваспыняльны, процізапаленчы сродак), некаторыя — кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦІ́СТЫЯ РЫ́БЫ (Teleostei),
надатрад прамянёвапёрых рыб. Каля 40 атр., 420 сям., каля 20 тыс. сучасных відаў. Жывуць амаль ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Вядомы з сярэдняга трыясу (каля 215 млн. гадоў назад), з верхняга мелу (каля 80 млн. гадоў назад), дамінуюць сярод рыб (больш за 90% усіх відаў).
Даўж. ад 7 мм (некат. бычкі) да 5 м (меч-рыба, тунцы, самы). Шкілет касцявы, пазванкі амфіцэльныя (дваякаўвагнутыя), луска касцявая—цыклоідная (гладкая) або ктэноідная (з шыпікамі), у некат. яе няма. Брушныя плаўнікі абдамінальныя (на бруху), таракальныя (на грудзях) або югулярныя (на горле). Хваставы плаўнік звычайна гомацэркальны (раўналопасцевы). У плаўніках калючкі (у вышэйшых К.р.). Плавальны пузыр (бывае недаразвіты) закрыты або праз канал можа быць звязаны са страваводам. Ёсць цыбуліна аорты, артэрыяльны конус захоўваецца толькі ў найб.стараж. форм. Раздзельнаполыя, некат. гермафрадыты (напр., марскія акуні). Апладненне звычайна вонкавае. Некат. К.р. жывародныя (напр., галамянка, гамбузія). Расліннаедныя і драпежнікі, ёсць паразіты (напр., некат. вугры, сомікі). Да К.р. належаць амаль усе асн.прамысл. рыбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЁН (Acer),
род кветкавых раслін сям. кляновых. Каля 150 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. На Беларусі трапляецца дзікарослы від К. вастралісты (A. platanoides). Расце ў дубова-грабавых і ялова-шыракалістых лясах, зрэдку ўтварае кляновыя лясы. З інтрадукаваных найб. вядомыя К.: ілжэплатанавы, або явар (A. pseudoplatanus), татарскі, або чарнаклён (A. tataricum), прырэчны, або Гінала (A. ginnala), чырвоны (A. rubrum), зеленакоры (A. tegmentosum), мона (A. mono), серабрысты, або цукрысты (A. saccharinum).
Лістападныя дрэвы і кусты выш. ад 6—7 да 40 м з раскідзістай густой кронай. Лісце простае, лопасцевае або перыстае, чаранковае, супраціўнае. На працягу вегетацыі змяняе колер ад чырв.-зялёнага праз цёмна-зялёны да чырв.-аранжавага. Кветкі раздзельнаполыя ў шчытках, мяцёлках або гронках. Плод — двухкрылатка. Драўніна з высокімі тэхнал. якасцямі, ідзе на выраб муз. інструментаў, мэблі. З соку некат. відаў атрымліваюць кляновы цукар. Меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗІ (Cygnus),
род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. 7 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Афрыкі і Антарктыды На Беларусі 3 віды: Л.-шыпун (C. olor), Л.-клікун (C. cygnus) і Л. малы, або тундравы (C. bewickii). Жывуць на прэсных вадаёмах. Л.-шыпуна і Л. чорнага (C. atratus) гадуюць як дэкар. птушак. Л.-шыпун занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Л.-шыпун даўж. да 1,8 м, масай да 13 кг; дзюба чырв., з чорным нарастам. Л.-клікун даўж. да 1,6 м, масай да 12 кг; дзюба лімонна-жоўтая з чорным, без нарасту. Л. малы даўж. да 1,2 м, масай да 7 кг; дзюба чорная з жоўтымі плямамі па баках каля асновы. Апярэнне гэтых відаў белае. Добра плаваюць, ныраць не могуць з-за пнеўматызацыі шкілета. Кормяцца раслінамі і дробнымі беспазваночнымі. Манагамы. Гняздуюцца каля вады Нясуць 3—5 (зрэдку да 12) яец. На Беларусі паляванне на Л. забаронена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТО́ЎНІЦА (Larix),
род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халоднай і ўмеранай зонах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі інтрадукавана 13 відаў. Найб. вядомыя Л.: еўрапейская (L. decidua), сібірская (L. sibirica), японская (L. leptolepis).
Лістападныя аднадомныя дрэвы выш. 30—50 м, дыям. да 1 м. Крона конусападобная. Жывуць да 500 гадоў. Каранёвая сістэма стрыжнёвая, моцна разгалінаваная, глыбокая. Ігліца мяккая, вузкалінейная, даўж. 2—5 см, на падоўжаных парастках размешчана спіральна, на кароткіх — пучкамі па 20—50 штук, на зіму ападае. Мужчынскія і жаночыя каласкі знаходзяцца на кароткіх парастках. Цвітуць адначасова з распусканнем пупышак. Шышкі даўж. 1—5 см, яйцападобныя. Насенне крылатае. Драўніна трывалая да гніення, выкарыстоўваецца ў падводных збудаваннях (масты, плаціны, прычалы), судна- і машынабудаўніцтве, з яе атрымліваюць жывіцу, дубільныя рэчывы, воцатную к-ту, цэлюлозу і інш.Тэхн. і дэкар. расліны.
А.Д.Антанюк.
Лістоўніца сібірская: 1 — агульны выгляд (восеньская афарбоўка); 2 — галінка з жаночай і мужчынскай шышкамі; 3 — галінка з мужчынскімі шышкамі; 4 — спелая шышка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙСКІ ХРУШЧ, майскі жук (Melolontha),
род жукоў сям. пласцініставусых. 36 відаў, пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 2 віды: М.х. заходні (M. melolontha) і М.х. усходні (M. hippocastani). Жывуць пераважна ў лясной зоне.
Даўж. М.х. заходняга да 32 мм, М.х. усходні драбнейшы. Вонкавым выглядам і спосабам жыцця падобныя. Марфалагічна адрозніваюцца тым, што канец брушка ў М.х. заходняга звужаецца паступова і пераходзіць у доўгі вузкі адростак, а ў М.х. ўсходняга канец брушка звужаецца рэзка і канчаецца тонкім адросткам, патоўшчаным на канцы. Цела пукатае, падоўжана-авальнае, чорнае або чырвона-бурае. Надкрылы чырвона- або жоўта-бурыя. Вусікі 10-членікавыя; у самца вял. выгнутая булава з 7 пласцінак, у самкі — маленькая з 6 пласцінак. Жукі кормяцца лісцем, лічынкі — каранямі раслін, чым шкодзяць дрэвам, кустам, с.-г. культурам. Лічынка даўж. да 60 мм, жаўтавата-белая з тоўстым выгнутым целам.
С.Л.Максімава.
Майскія хрушчы: 1 — усходні (самец); 2 — заходні (самец); 3 — лічынка (падобная ў абодвух відаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́ ТРА́НСПАРТ,
адзін з асн.відаў транспарту, які ажыццяўляе перавозкі грузаў і пасажыраў спец. марскімі суднамі па акіянах і морах. Шырока выкарыстоўваецца для міжнар. і ўнутр. перавозак (гл.Кабатаж). М.т. мае шэраг тэхн.-эканам. пераваг у параўнанні з інш. відамі транспарту: меншыя затраты працы на ажыццяўленне перавозак, неабмежаваная прапускная здольнасць, параўнальна высокая правазная здольнасць рухомага саставу, меншыя ўдзельныя затраты энергіі і паліва, адносна нізкі сабекошт перавозак. М.т. уключае судны розных відаў і прызначэння, марскія лініі і парты, суднарамонтныя прадпрыемствы і суднапад’ёмнае абсталяванне, сродкі сувязі і электрарадыёнавігацыі і інш.
М.т. вядомы ў стараж. краінах задоўга да н.э. Першыя марскія судны былі вёсельныя. Вынайдзены пазней ветразь на многія стагоддзі стаў гал. рухавіком суднаў. Паравая машына дазволіла стварыць першыя самаходныя судны з мех. рухавіком — параходы, рухавік унутр. згарання — цеплаходы, атамны рэактар — атамаходы. Сучасныя марскія судны — складаныя інж. збудаванні, грузападымальнасць асобных з іх дасягае 500 тыс.т, а магутнасць энергет. устаноўкі перавышае 74 тыс.кВт. Судны М.т. падзяляюцца на пасажырскія, сухагрузныя, наліўныя (танкеры) і службова-дапаможныя.