МЯ́ТА (Mentha),

род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 25 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Некалькі відаў здаўна культывуюцца ў многіх краінах як эфіраалейныя і лек. расліны. На Беларусі 3 дзікарослыя віды М.: водная (M. aquatica), даўгалістая (M. longifolia), палявая (M. arvensis). Трапляюцца на палях, па берагах рэк і азёр. На Беларусі вырошчваюць пераважна М. перцавую (M. × piperita) — гібрыд М. воднай і каласковай (M. spicata).

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1,2 м. Лісце суцэльнае, зубчастае або пілаватае. Кветкі дробныя, 1- і 2-полыя, ружавата-ліловыя ў пазушных кальчаках або коласападобных ці галоўчатых суквеццях. Плод — 4-арэшак. Трава М. мае ментол, ужываецца як лек. сродак. Алей выкарыстоўваюць у парфумерыі і харч. прам-сці. Лек., эфіраалейныя, харч., меданосныя расліны.

У.П.Пярэднеў.

Мята перцавая.

т. 11, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)