ЛЯТА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. letalis смяротны),

смяротнасць, паказчык мед. статыстыкі: адносіны колькасці людзей, што памерлі ад хваробы, ранення ці няшчаснага выпадку да колькасці людзей, што хварэлі гэтай хваробай (параненыя, пацярпелыя, у %) за пэўны прамежак часу. Адрозніваюць Л. бальнічную, пазабальнічную, агульную і інш. Л. — адзін з паказчыкаў эфектыўнасці тэрапеўт. прэпаратаў, метадаў лячэння, тэрмінаў і паўнаты шпіталізацыі і інш. Л. адрозніваецца ад смяротнасці — частаты смерцяў сярод насельніцтва.

т. 9, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НЕЦ,

возера ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сергуч (цячэ праз возера), за 42 км на ПдУ ад г. Докшыцы, на тэр. Бярэзінскага біясфернага запаведніка, сярод забалочанага лесу. Пл. 1,44 км², даўж. больш за 2,7 км, найб. шыр. 750 м, даўж. берагавой лініі 6,1 км. Пл. вадазбору 188 км². Схілы катлавіны невыразныя. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае.

т. 10, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЖУЖО́Л,

возера ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярэзіна, за 22 км на ПнУ ад г. Докшыцы, сярод верхавога балота, якое парасло лесам і хмызняком. Пл. 2,9 км², даўж. 3,9 км, найб. шыр. 1,1 км, даўж. берагавой лініі 9,2 км. Пл. вадазбору 53,4 км². Схілы катлавіны невыразныя. Берагі нізкія, забалочаныя, тарфяністыя. Дно сапрапелістае. У паўд. ч. возера востраў пл. 0,04 км².

т. 10, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́НУЛА (новалац. planula ад лац. planus плоскі),

адна з лічынкавых стадый развіцця кішачнаполасцевых. Развіваецца з яйца. Плавае ў тоўшчы вады, потым прымацоўваецца да субстрату (дно і інш.) і пераходзіць у наступную стадыю развіцця — паліп.

Цела авальнае, падоўжанае або чэрвепадобнае; складаецца з 2 слаёў. Вонкавы (эпітэліяльны) слой — эктадэрма — мае жгуцікавыя клеткі, сярод якіх размешчаны эпітэліяльна-мускульныя, нерв. і жыгучыя клеткі. Унутр. слой — энтадэрма — утварае замкнутую поласць кішкі.

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗНАСТРО́ФНЫ ВЕРШ,

верш, напісаны рознымі строфамі, аддзеленымі адна ад адной графічна (прагаламі). Напр., верш В.​Віткі «Старавер»:

Я не пішу
Верлібрам,
Грашу
Старым калібрам.
Ніколі разабрацца
Не мог я ў новай модзе,
Шчыруючы на градцы
На ўласным агародзе.
Сярод жывых не першы,
Не лепшы між памершых,
На рыфмах зубы з’еўшы,
Пісаў свае я вершы
Для дома,
Для альбома
І трохі
Для эпохі.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

абша́р, ‑у, м.

Неабсяжная прастора, разлегласць. А мароз трашчыць сіберны, Пухам крые, пухам сцеле Увесь абшар зямлі нязмерны, Нібы мяккую пасцелю. Гурло. Ад белай пены.. мора здавалася бяскрайнім зімовым абшарам, на якім лютуе завіруха, варочаючы і рассыпаючы высокія снежныя сувеі. Дуброўскі. // Участак вялікіх памераў. Абшары балот. □ І што за Ліпава такое? А гэта — поле маладое Сярод лясоў, як скінуць вокам; На тым абшары, на шырокім, Раскошна нівы красавалі. Колас. [Алёша] глядзеў на поле ў залатых хвалях паспелага жыта ці пшаніцы і адчуваў сябе гаспадаром усяго гэтага абшару. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

курга́н, а́ і ‑а; мн. курганы́, ‑о́ў і курга́ны, ‑аў; м.

Высокі старадаўні магільны насып. Скіфскі курган. □ Паміж пустак, балот Беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт ўцяклі. — Удзірванелы курган векавечны. Купала. Каля вёскі Ствольная ўзвышаецца сярод поля даволі вялікая група старадаўніх курганоў. В. Вольскі. // Горка, узгорак. Шкода светлай ручаінкі У берагах пясчаных, Што, як срэбра, мкне-бруіцца Паміж гор, курганаў. Колас.

•••

Курган Славы — конусападобны земляны насып з мемарыяльнымі архітэктурнымі надбудовамі для ўвекавечвання подзвігу савецкага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імпэ́т, ‑у, М ‑пэце, м.

1. Разгон, парывістасць, імклівасць. [Калёсы] коцяцца самі пасля вялікага разгону, і імпэт іх слабее з кожнай хвіляй. Бядуля. — Зірні на ручайкі — з якім імпэтам Яны свідруюць снег, туманах сточаны! Гілевіч. // Гарачы парыў, запал. Працоўны імпэт. □ [Таможнік і жандар] завіхаліся сярод багажу з такой рашучасцю, з такім імпэтам, што нам аж шкада стала: трэба ж нарабіць такога клопату людзям. Лынькоў.

2. Абл. Пах, дух. Калі дзьмуў вецер з поўначы, тут заўсёды пахла смалою, ішоў здаровы лясны імпэт. Чорны. Па хаце расплыўся цяжкі ўдушлівы імпэт атрутлівага самасею. Гартны.

[Ад лац. impetus — парыў, разбег, напор.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кавале́р, ‑а, м.

1. Мужчына, які танцуе з дамай, суправаджае яе на гулянні і пад. [Валя:] Вось дык кавалер! Кінуў дзяўчыну сярод ночы на вуліцы. Крапіва. — Знайдзі хоць ты, Пеця, мне кавалера, калі сам не ўмееш танцаваць, — просіць .. [Дора Змітраўна]. Карпаў. // Хлопец, мужчына, які заляцаецца да дзяўчыны; паклоннік.

2. Малады чалавек; халасты мужчына. У хаце Марты — беспарадак і чад: сыны яе кавалеры — Віктар і Стась — чысцяцца, гладзяцца. Ракітны. Лапко быў яшчэ кавалерам, хоць яму падбіралася пад палавіну пятага дзесятка. Колас.

3. Асоба, узнагароджаная ордэнам. Кавалер ордэна Славы.

[Фр. cabalier, іт. cabaliere.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́ткі, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны беспамылкова пападаць у цэль. Сярод дваровай чэлядзі быў зухаваты хлапец Максім, майстра на ўсе рукі, надзвычай меткі стралок. Машара. // Дакладна накіраваны ў цэль. Меткі выстрал. Меткі ўдар. □ Група маладых партызан.. навучалася меткай стральбе з вінтовак і аўтаматаў. Шамякін. // Якім без промаху пападаюць у цэль. Меткая вінтоўка. □ Не было таго дня і ночы, каб пад адкос не ляцелі воінскія эшалоны ворага, каб не знішчаліся забітыя меткай партызанскай куляй нямецкія захопнікі. «Беларусь».

2. перан. Тое, што і трапны (у 2 знач.). Меткі фельетон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)