БАХ
(Bach),
нямецкі род, з якога паходзяць некалькі пакаленняў музыкантаў 16 — пач. 19 ст., у тым ліку І.С.Бах і яго сыны: Вільгельм Фрыдэман (22.11.1710, Веймар — 1.7.1784), кампазітар і арганіст. Сярод твораў опера «Лаузус і Лідзія», «Нямецкая меса» (незак.), 21 кантата, 9 сімфоній, 5 канцэртаў для клавесіна, інстр. творы, харальныя прэлюдыі, фугі, каноны для аргана, творы для клавесіна. Карл Філіп Эмануэль (8.3.1714, Веймар — 14.12.1788), кампазітар і клавесініст. Найб. значныя дасягненні ў музыцы для клавіра (каля 50 канцэртаў). З інш. тв.: араторыі, «Страсці», магніфікат, кантаты, сімфоніі, камерна-інстр. творы. Аўтар значных тэарэт. прац аб прынцыпах выканальніцтва (у тым ліку кн. «Вопыт правільнага спосабу ігры на клавіры», 1753—62, факс. выд. 1957). Іаган Крысціян (5.9.1735, Лейпцыг — 1.1.1782), кампазітар, арганіст, клавесініст. Жыў у Мілане, Лондане. Сярод тв.: 12 опер, у тым ліку «Фемістокл» (1772), «Амадыс дэ Голь» (1779), каля 10 пастыча, арыі і кантаты, каля 50 сімфоній, 13 уверцюр, 31 сімфонія-канцэрт, 37 канцэртаў для фп. і інш. інстр., духоўныя творы. Іаган Крыстоф Фрыдрых (21.6.1732, Лейпцыг — 26.1.1795), кампазітар, клавесініст. Аўтар араторый, духоўных і свецкіх кантат, квартэтаў, твораў для клавесіна.
т. 2, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)