МАРША́К (Самуіл Якаўлевіч) (3.11.1887, г.Варонеж, Расія — 4.7.1964),
расійскі паэт, перакладчык; адзін з пачынальнікаў рас. дзіцячай л-ры. Вучыўся ў Лонданскім ун-це (1913—14). У 1892—94 жыў у Віцебску. У 1920 арганізаваў у Краснадары адзін з першых рас. дзіцячых т-раў. Друкаваўся з 1904. Вершы для дзяцей «Казка пра неразумнае мышаня» (1923), «Вось які рассеяны» (1928), паэт.зб-кі «Дзеткі ў клетцы» (1923), «Рознакаляровая кніга» (1947), «Вершы для дзяцей» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), аповесці ў вершах «Містэр Твістэр» (1933), «Апавяданне пра невядомага героя» (1937), паэт. энцыклапедыя «Вясёлае падарожжа ад А да Я» (1952), п’есы-казкі «Гора баяцца — шчасця не ўбачыць» (1922, паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1962), «Церамок» (1941, паст. Гомельскім абл. т-рам лялек, 1962), «Дванаццаць месяцаў» (1943, Дзярж. прэмія СССР 1946) і інш. адметныя блізкасцю да фальклору, непасрэднасцю, Добрай казачнасцю, гумарам, гарэзлівасцю. Кн. «Выбраная лірыка» (1962) уласцівы глыбіня пранікнення ў вечныя праблемы быцця, шчырасць, імкненне да гармоніі. У Вял.Айч. вайну ствараў сатыр. вершы і подпісы да паліт. плакатаў (Дзярж. прэмія СССР 1942). Аўтар кн. успамінаў «У пачатку жыцця» (1962), зб-ка артыкулаў пра літ. майстэрства «Выхаванне словам» (1961) і інш. Майстар маст. перакладу: «Санеты Шэкспіра ў перакладах С.Маршака» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), вершы Р.Бёрнса, У.Блейка, Дж.Радары, Дж.Кітса, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Цёткі і інш. Падтрымліваў творчыя сувязі з Я.Коласам. П’есы-казкі М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Цудоўны кошык» паводле М. (1945), «Разумны казёл» (1953), «Кошчын дом» (1957, 1980) у Дзярж. т-ры лялек; «Фініст — Ясны Сокал» (1968), «Гора-няшчасце» (1969, абедзве з В.Васільевай) у Дзярж.рус.драм. т-ры; опера-казка І.Польскага на лібрэта М. «Церам-церамок» (1961) у т-ры оперы і балета. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.Астрэйка, П.Броўка, В.Вітка, К.Кірэенка, М.Лужанін, М.Маляўка, У.Шахавец, А.Якімовіч, і інш. Ленінская прэмія 1963.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1968—72;
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1990;
Надпись на часах: Эпиграммат. стихи. М., 1987;
Бел.пер. — Вайна з Дняпром. Мн., 1934;
Пошта. Мн., 1937;
Мы ваенныя. Мн., 1941;
Дванаццаць месяцаў. Мн., 1947;
Містэр Твістэр. 2 выд.Мн., 1952;
Круглы год. Мн., 1953.
Літ.:
Я думал, чувствовал, я жил: Воспоминания о Маршаке [2 изд.] М., 1988;
Шушкевіч С. Роздум над Дзвіною // Шушкевіч С. Выбр.тв.Мн., 1978. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТРАЕ́ЦКАЕ ПРАДМЕ́СЦЕ,
адзін з гіст. цэнтраў Мінска. Знаходзіцца на левым беразе р. Свіслач. Да канца 18 ст.наз. Траецкая гара. Першапачаткова М.Т.п. — гар. пасад, што ўзнік у 12—13 ст. на левым беразе р. Свіслач для абслугоўвання перавозу (пераправы) цераз раку і транзітных шляхоў на Барысаў, Полацк і Вільню. Аснову планіровачнай структуры стварылі дарогі, на перакрыжаванні якіх узнікла невял. трохвугольная гандл. плошча (з 17 ст. — Траецкі рынак), што была звязана з перавозам (пераправай) па вул. Вялікай або Траецкай (вядома па крыніцах 16 ст.). Паводле крыніц 15—16 ст., у прадмесці знаходзіліся Міхайлаўская і Барысаглебская цэрквы, на гандл. плошчы — каталіцкі храм (засн. каля 1508) і Траецкая царква (у 1630 пры ёй заснаваны Мінскі Троіцкі манастыр базыльянак). На перакрыжаванні сучасных вуліц Камуністычнай і Куйбышава быў Ушэсценскі правасл. манастыр (у 1-й пал. 17 ст. пры ім пабудавана мураваная царква). У 1-й пал. 17 ст. вакол прадмесця ўзведзены гар. ўмацаванні з валамі, бастыёнамі і брамамі (Барысаўскай і Віленскай ?). У 16—18 ст. М.Т.п. было звязана з асн.ч. горада 3 мастамі і грэбляй, на якой стаялі плябанскія і базыльянскія млыны. Пасля пажару 1809, які амаль цалкам знішчыў драўляную забудову прадмесця, зроблена новая рэгулярная планіроўка (праектны план 1817), тэрыторыя значна пашырана на ПнУ. Новыя кварталы набылі геам. абрысы. Галоўнай стала вул. Аляксандраўская (сучасная М.Багдановіча), кампазіцыйным цэнтрам — вял.гандл. плошча (сучасная пл. Парыжскай камуны). На З ад яе ў 1811 пачалося буд-ва касцёла і шпіталя мар’явітак (арх. М.Чахоўскі; у 1840-я г. перабудаваны пад духоўную семінарыю, пасля Вял.Айч. вайны рэканструяваны пад сувораўскае вучылішча, арх. Г.Заборскі). На Пд плошчы паводле праекта арх. Чахоўскага ўзведзены будынкі комплексу парафіяльнага касцёла св. Тройцы (праект ажыццёўлены часткова). Першапачаткова квартал забудоўваўся паводле ўзорных праектаў 1—2-павярховымі жылымі дамамі. У 1840-я г. будынкі манастыра базыльянак і комплексу парафіяльнага касцёла рэканструяваны пад комплекс гар. бальніцы (сучасная 2-я клінічная бальніца). У 1860-я г. на месцы Ушэсценскага манастыра пабудавана жаночае епархіяльнае вучылішча з мураванай царквой. У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. пабудаваны шэраг прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. піўзавод «Багемія» (цяпер «Аліварыя»). У 1933—39 у цэнтры гандл. плошчы пастаўлены будынак т-раоперы і балета. У 1980-я г. праведзена комплексная рэгенерацыя гіст. забудовы квартала, абмежаванага сучаснымі вуліцамі М.Багдановіча, Я.Купалы, Старавіленскай, Камунальнай набярэжнай (б. Сянная пл.), адначасова была знішчана драўляная гіст. забудова 19 ст., часткова парушана планіровачная структура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУРЫ́ (ад франц. pot-pourri мяшаная страва, усякая ўсячына),
інструментальны (радзей вак.) твор, пабудаваны на чаргаванні папулярных тэм з опер, аперэт, балетаў, песень, танцаў, музыкі з кінафільмаў і інш., мелодый ці песень пэўнага кампазітара. Тэмы ў П. не развіваюцца, а ідуць паслядоўна адна за адной, паміж асобнымі мелодыямі ўводзяцца кароткія звязкі для мадулявання і тэматычнага пераключэння. Найб. пашыраны П. для духавога і эстр. аркестраў.
Узніклі ў 18 ст. ў Францыі, у пач. 19 ст. распаўсюдзіліся ў Еўропе (найб. раннія творы належаць ням. кампазітару І.Б.Крамеру). Сярод узораў: «Бліскучае папуры на любімыя тэмы з оперы Шпора «Фауст» К.Чэрні, «Папуры на тэмы Бетховена» А.Дыябелі, «Фантазія на польскія тэмы» Ф.Шапэна. У Расіі ў канцы 19 ст. былі пашыраны П. для т.зв. садовых аркестраў, заснаваныя на папулярных танц. мелодыях.
На Беларусі ў пач. 19 ст. былі вядомы П. на тэмы маршавых і танц. мелодый Няльгоўскага, І.Дабравольскага, Вуса і інш. (у рэпертуары Магілёўскага духавога аркестра пад кіраўніцтвам Дабравольскага), папуры В.Стафановіча на тэмы сімфоній, уверцюр Л.Бетховена, І.Гайдна, Ш.Гуно, Л.Керубіні, В.А.Моцарта, Дж.Расіні, Д.Чымарозы, Р.Крэйцэра, М.Глінкі, вальсаў, кадрыляў і полек І.Штрауса, Лябіцкага, маршаў Ф.Мендэльсона, Б.Більзе (у рэпертуары Мінскага гар. аркестра), П. на мелодыі з італьян. опер выконваў духавы аркестр Мінскай мужч. гімназіі і інш. У пач. 20 ст. П. на тэмы італьян. кампазітараў выконвалі Мінскі гар. духавы аркестр і аркестр ваен. духавой музыкі кавалерыйскай дывізіі, «Маларасійскія папуры» — аперэтачна-драм. трупа пад кіраўніцтвам І.Канеўскага ў т-ры мініяцюр у Оршы і трупа т-ва маларасійскіх артыстаў пад кіраўніцгвам Ф.Максімовіча ў Мінскім гар. т-ры. У 1920-я г. былі пашыраны папуры У.Тэраўскага і В.Яфімава для арк. на тэмы рэв. песень. Сярод найб. вядомых П. ў рэпертуары бел.прафес. і аматарскіх аркестравых калектываў — «Сябры-аднапалчане» на тэмы песень Вял.Айч. вайны М.Вахуцінскага, «Беларуская старонка» на тэмы бел.нар. мелодый для духавога арк. М.Нарко і інш.; на тэмы твораў сучасных бел. (П. на тэмы песень У.Алоўнікава, Я.Глебава, І.Лучанка, «Калейдаскоп эстрадных мелодый В.Волкава і інш.) і замежных (папуры Л.Кеэра на тэмы класічных джазавых мелодый «Караван» Х.Цізола і Э.Элінгтана, «Фламінга» Г.Гроя, «Бразілія» А.Барэса) кампазітараў.
Літ.:
Способий И.В. Музыкальная форма. 6 изд. М., 1980. С. 251—252.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХАРЭ́СТ (Bucureşti),
горад, сталіца Румыніі. Размешчаны на Пд краіны ў межах Ніжнедунайскай нізіны на р. Дымбавіца, за 45 км ад р. Дунай. Утварае самаст.адм. адзінку. 2,1 млн.ж., з прыгарадамі каля 2,4 млн.ж. (1993). Буйны трансп. вузел — месца перасячэння транс’еўрапейскіх чыг. і аўтамаб. магістраляў. Міжнар. аэрапорт Атапень. У Бухарэсце сканцэнтравана 1/6прамысл. вытв-сці краіны, у т. л. больш як 1/4 прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі, 1/3тэкст., 1/2 паліграфічнай. Займае вядучую ролю ў вытв-сці складаных машын і прылад (электроніка, электра- і радыётэхніка, прыладабудаванне), хім. прадукцыі (вырабы з гумы, пластмасаў, фарбавальнікі, лакі, фармацэўтычныя і парфумерныя тавары). Прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі, станкабудавання, нафтаперапр., с.-г. і трансп. машынабудавання, будматэрыялаў, шклофарфоравай, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Разнастайныя галіны харч. (мясная, мясакансервавая, алейная, тытунёвая і інш.) і лёгкай (тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, футравая і інш.) прам-сці. Метрапалітэн.
Вядомы з 14 ст. як 2-я рэзідэнцыя валашскага феад. княства. З 1459 крэпасць для абароны Валахіі ад тур. набегаў. З 1659 сталіца Валахіі. У 19 ст. цэнтр нац.-вызв. руху. З 1861 сталіца Румыніі. Тут падпісаны Бухарэсцкі мірны дагавор 1812 і Бухарэсцкі мірны дагавор 1918. У чэрв. 1941 у Бухарэст уведзены ням.-фаш. войскі, вызвалены ў ходзе Народнага ўзброенага паўстання ў Румыніі 1944 супраць фаш. рэжыму І.Антанеску. У 1947 у Бухарэсце абвешчана Рум.Нар. Рэспубліка. Цэнтр Народнага паўстання ў Румыніі 1989—90, якое прывяло да звяржэння таталітарнага рэжыму Н.Чаўшэску.
Старая частка Бухарэста размешчана на берагах р. Дымбавіца, у раёне б. Кветкавага базару (цэрквы Міхай-Водэ, 1589—91, Патрыяршая, 1654—58, Стаўраполіс, 1724—30). У 19—20 ст. склаўся новы цэнтр горада з радыяльнымі і кальцавымі магістралямі, параднымі пабудовамі ў духу эклектызму, нац. рамантыкі, неакласіцызму і функцыяналізму: т.зв. Атэнеум (філармонія; 1886—88), Палац Рэспублікі (1930—37), Прэзідыум Савета Міністраў (1936—38, арх. Д.Марку) і інш. Паводле ген. плана 1952 пабудаваны дом паліграф.к-та «Скынтэя» (1948—53), комплекс ВДНГ (1964), аэрапорт (1970), ансамбль Нац.т-ра імя І.Л.Караджале з гасцініцай «Інтэркантыненталь» (1970—73, арх. Х.Майку і інш.), жылыя раёны (Флараска, Тытан, Букурэшты-Ной і інш.).
У Бухарэсце АН Румыніі (з 1879). 13 ВНУ, у т. л.ун-т (з 1864), кансерваторыя, політэхн.ін-т. Н.-д. ін-ты (у т. л.Ін-т эндакрыналогіі і геранталогіі). Музеі: Нац., Гісторыі прыроды, мастацтваў Румыніі, Музей вёскі. Тэатры: оперы і балета, Нац. імя І.Л.Караджале і інш. Універсітэцкі бат. сад (з 1860).
Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).
Будынак Атэнеума ў Бухарэсце.Да арт.Бухарэст. Патрыяршая царква. 1654—58.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ТЭА́ТР ТЫЗЕНГА́ЎЗА,
оперна-балетная трупа падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза ў Гродне ў 1769—80. Да 1774 невял. ансамбль інструменталістаў і вакалістаў, пазней сталы калектыў (у 1780 больш за 70 чал., уключаючы капэлістаў) са значным оперным і балетным рэпертуарам з твораў ням., франц. і італьян. аўтараў. У 1774 пераважалі італьян. артысты, запрошаныя ў Гродна прыдворным скрыпачом і капельмайстрам Л.Сітанскім (гл. ў арт.Сітанскія). У 1776 т-р канчаткова сфарміраваўся. У ім працавалі 7 спевакоў і 8 спявачак, у т. л. вядомыя італьян. вакалісты Дж.Кампанучы, Г. дэ Бернуцы Давія і К.Банафіні (усе пазней артысты італьян.оперы С.-Пецярбурга), Я.Д.Гіблер, А.Бароні, а таксама М.Сітанская, Д.Малевіч, Г.Змітровіч і інш. З 1778 у пастаноўках удзельнічалі вучні Гродзенскай музычна-тэатральнай школы Тызенгаўза, прыгонныя танцоўшчыкі, спевакі і інструменталісты. Балетная трупа ў 1779—80 уключала больш за 30 чал. Балетмайстры Г.Петынеці (1774—79; ставіў балеты на ўласныя лібрэта, танцаваў гал. партыі), з 1779 К.А.Марэлі і яго жонка, педагог і першая танцоўшчыца Г.Марэлі (Саламоні). Сярод артыстаў Л.Петынеці (пасля 1775), прыгонныя М.Адольская, А.Бжазінскі, Е.Валінскі, А.Дарэўская, Р.Лаўцэвіч, М.Малінская, Д.Пякарская-Сітанская, М.Рымінскі, М.Чаклінская, якія пазней атрымалі вядомасць на варшаўскай сцэне. У 1778 у т-ры пастаўлены опера «Магніфік» («Велікапышны») А.Грэтры, балеты «Сялянскі балет» і «Квартэт дудароў», «Другі балет пекараў» (харэаграфія ўсіх Г.Петынеці), камедыя «Севільскі цырульнік» П.Бамаршэ. Паказы суправаджала Гродзенская капэла Тызенгаўза. Пасля закрыцця т-ра балетная трупа працавала ў Паставах (да 1785).
Будынак т-ра закладзены ў 1772 па ініцыятыве Тызенгаўза, узведзены ў 1770-я г. з цэглы (арх. І.Г.Мёзер, Дж.Сака). Задуманы як працяг Гродзенскага палаца Тызенгаўза (злучаўся з яго левым флангам крытым пераходам). Тэатр. зала, сфарміраваная па «італьян. крывой», уяўляла сабой паўкруглае памяшканне з амфітэатрам і яруснымі галерэямі па перыметры; мела 22 ложы ў 2 ярусах, партэр і сцэну з 5 планамі кулісных машын для перамяшчэння дэкарацый. Пасля рэканструкцый у 1859, 1940 і 1975 надбудаваны 3-і паверх, расшырана сцэн. каробка і глядзельная зала. Трохпавярховы будынак складанай канфігурацыі ў плане пастаўлены на высокі руставаны цокаль, накрыты 4-схільным дахам. Гал. фасад асіметрычны, падзелены карнізам на 2 часткі. Над уваходам у левым крыле — вял. балкон, які падтрымліваюць 4 калоны, апрацаваныя рустам. Правая частка будынка — прамавугольны ў плане аб’ём сцэн. каробкі. Глядзельная зала знаходзіцца на ўзроўні 1-га і 2-га паверхаў. На 1-м паверсе размешчаны невял. фае і службовыя памяшканні, на 2-м — рэпетыцыйны пакой, грымёрныя. З 1984 у будынку працуе Гродзенскі абл.т-р лялек.
Літ.:
Музыкальный театр Белоруссии: Доокт. период. Мн., 1990. С. 187—191, 224—227.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТАМІ́МА (ад грэч. pantomimos які усё пераймае, імітуе),
від сцэн. мастацтва, у якім маст. вобраз раскрываецца праз пластыку чалавечага цела, жэст, міміку. Можа мець форму эстраднай мініяцюры, якая выконваецца адным акцёрам (часам выконвае некалькі роляў і разыгрывае цэлую п’есу), т.зв. мастацтва «міма», і шматактавага спектакля з разгорнутым драм. сюжэтам, вял. колькасцю ўдзельнікаў, музыкай, дэкарацыямі і інш. Як закончаны эпізод П. сустракаецца ў драме, оперы, часцей у балеце і цырку. Сродкамі пластычнай выразнасці акцёр П. можа адлюстроўваць элементы жывой і нежывой прыроды.
П. бярэ пачатак у стараж. гульнях і абрадах многіх народаў свету. У адзін з асн. відаў тэатр. паказу вылучылася ў стараж. Кітаі, Індыі, Японіі, Грэцыі, Рыме і інш. Традыцыі П. выкарыстоўвалі гістрыёны, жанглёры, мімы, скамарохі і інш. Пашырылася ў 16—18 ст. у італьян.камедыі дэль артэ. Найб. вядомыя майстры П. 19 ст. — Дж.Грымальдзі (Вялікабрытанія) і стваральнік маскі П’еро Ж.Б.Г.Дэбюро (Францыя). У канцы 19 ст. развівалася пераважна на сцэнах мюзік-холаў (Л.Руф, Францыя; Д.Лейна і Л.Тыч, Вялікабрытанія). У пач. 20 ст. значнае месца П. адводзілі ў сваёй творчасці акцёры і рэжысёры Г.Фукс, М.Райнгарт, Э.Жак-Далькроз, М.Вігман і інш. У Расіі П. ўваходзіла ў склад нар. гульняў, абрадаў, займала значнае месца ў балаганных тэатрах і цырках. У пач. 20 ст. ўзнікла форма драм. П., якую распрацоўвалі рэжысёры К.Марджанішвілі, М.Еўраінаў, У.Меерхольд, А.Таіраў і інш.Вял. ролю ў развіцці сучаснага мастацтва П. адыграла творчасць Ж.Баро і М.Марсо (Францыя), Л.Фіялкі (Чэхаславакія), Г.Тамашэўскага (Польшча), А.Румнева, В.Палуніна (Расія) і інш.
На Беларусі элементы П. вядомы са старажытнасці ў нар. гульнях (масленічных і інш.) і абрадах (сватанне, вяселле і інш.), выкарыстоўваліся скамарохамі. Сюжэтныя спектаклі-П. на бел. сцэне ставілі розныя сав. цыркавыя калектывы: «Бахчысарайская легенда» (1963), «Партызанская балада» (1967), «Кастрычніцкая паэма» (1977), «Маладосць мая, Беларусь» (1978), «Беларускія ўзоры» (1982) і інш. Нумары П. ставяць нар. цыркавыя калектывы Беларусі. Сцэны П. і яе элементы выкарыстоўваюцца ў пастаноўках Бел.рэсп.т-ра юнага гледача, Нац.акад.т-ра імя Я.Купалы, Нац.рус.акад.т-ра імя М.Горкага і інш. Мастацтва драм. П. развіваецца з 1970-х г. Працуюць т-ры П.: мінскія нар.т-р П. «Рух» (з 1971), нар. ансамбль П. (з 1976), «Рух» пад кіраўніцтвам У.Колесава (з 1980), тэатр-студыя П. «Жэст» пад кіраўніцтвам В.Іназемцава (1986), Незалежны т-р П. пад кіраўніцтвам І.Глушакова (1991) і інш.
Літ.:
Румнев А. О пантомиме. М., 1964;
Рутберг И.Г. Пантомима: Опыты в мимодраме. М., 1977;
Маркова Е.В. Современная зарубежная пантомима: La mime. M., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́РМАНТАЎ (Міхаіл Юр’евіч) (15.10. 1814, Масква — 27.7.1841),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1830—32), скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў і кав. юнкераў у Пецярбургу (1834). За верш «Смерць Паэта» пра гібель А.Пушкіна (нап. 1837, апубл. за мяжой 1858, у Расіі цалкам — 1860) высланы ў Грузію. Другі раз сасланы на Каўказ у 1840. Удзельнік бітвы на р. Валерык у Чэчні. Забіты на дуэлі ў Пяцігорску М.Мартынавым. Першыя вершы напісаў у 1828. Друкаваўся з 1830. Лірыцы Л. ўласцівы рамант., мяцежны герой, які паўстае супраць законаў бяздушнага грамадства і імкнецца да недасяжнага ідэалу, пачуццё адзіноты і расчаравання, бязмежнасці кахання і пакуты, тэмы свабоды, радзімы і яе гіст. лёсу: вершы «Ветразь», «Барадзіно», «Дума», «Хмары», «Радзіма» і інш. Стварыў вяршынныя ўзоры рус.рамант. паэмы: «Уцякач» (1838, апубл. 1846), «Мцыры» (1839, апубл. 1840), «Дэман» (8 рэдакцый, 1829—39, апубл. ў Германіі 1856, у Расіі цалкам у 1860) і інш. Распрацоўваў рэаліст. паэму: «Сашка» (1836, апубл. 1882), «Песня пра цара Івана Васілевіча...» (1838) і інш.Асн. рысы Л.-празаіка — тонкі псіхалагізм, лаканізм, афарыстычнасць, умелае валоданне маст. дэталлю — выявіліся ў рамане «Герой нашага часу» (1839—40), дзе стварыў новую раманную форму і новага героя, поўнага сіл і расчараванага ў дзеянні. Аўтар гіст. рамана пра Пугачоўскае паўстанне «Вадзім» (1832—34, незакончаны, апубл. 1873), рамана на аўтабіягр. аснове «Княгіня Лігаўская» (1836, незакончаны, апубл. 1882), у якім дадзены першы накід характару Пячорына, драм у вершах «Іспанцы» (1830, апубл. 1880), «Маскарад» (3 рэдакцыі, 1835—36, апубл. 1842, паст. цалкам 1862), нарысаў і інш. Займаўся жывапісам, пісаў акварэлі, карціны алеем, малюнкі (пейзажы, жанравыя сцэны, партрэты і карыкатуры; лепшыя з іх звязаны з каўк. тэмай). Вершы Л. сталі асновай для опернай («Дэман» А.Рубінштэйна), сімфанічнай («Уцёс» С.Рахманінава, «Тры пальмы» А.Спендыярава) і рамансавай (А.Даргамыжскі, М.Балакіраў і інш.) творчасці, нар. песнямі («Выходжу адзін я на дарогу...»).
Творы Л. здаўна папулярныя на Беларусі, якая займала значнае месца ў творчасці паэта. Пад уздзеяннем твораў А.Міцкевіча (гал. чынам яго паэм «Гражына» і «Конрад Валенрод») у сюжэтах паэм Л. прысутнічаюць вобразы «дзевы-воіна» («Літвінка», 1832), баярына Оршы (аднайм. паэма, 1835—36), Арсенія («Літвінка», «Баярын Орша») і інш. Л. імкнуўся адлюстраваць сац.-бытавыя і гісторыка-паліт. падзеі мінулых эпох: Адна з першых крыніц на Беларусі, дзе з вял. прыхільнасцю ўпамінаецца імя Л., — ананімная паэма «Тарас на Парнасе». У 1889 газ. «Минский листок» змясціла арт. «Міхаіл Юр’евіч Лермантаў», прысвечаны адкрыццю помніка Л. ў Пяцігорску. Хоць бел. паэзія 19 ст. тыпалагічна адрознівалася ад творчасці Л. сваімі параўнаўча нераспрацаванымі «чалавеказнаўчымі» магчымасцямі і ў мастацка-стылявым плане, у ёй выкарыстоўваліся лермантаўскія матывы і сімвалы. Верш Ф.Багушэвіча «Хмаркі» ідэйна і эстэтычна блізкі да аднайм. верша Л. Паэзія Цёткі звязана з яго традыцыямі грамадз. лірыкі. Наследаванне Л. праглядаецца ў вершах Я.Купалы «Мой дом», «Прыстаў я жыць...» і інш. Героі рамант. паэм Я.Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва») блізкія рамант. героям Л. Матывы Л. пра ролю паэта ў жыцці народа творча распрацоўваў Я.Колас («Пясняр», «Паэту» і інш.). Рамант. паэма Я.Коласа «Сымон-музыка» сугучная паэме «Мцыры». Надзвычай блізкі да Л. быў М.Багдановіч; да 100-годдзя з дня нараджэння Л. ён змясціў у яраслаўскай газ. «Голос» (2.10.1914) арт. «Адзінокі», у якім раскрыў значэнне і своеасаблівасць Л. сярод рус. паэтаў. Паэма Багдановіча «Максім і Магдалена» стваралася не без уплыву «Песні пра... купца Калашнікава» і «Баярына Оршы». Напружанасць духоўнага эмацыянальнага жыцця характэрна асуджаным на адзіноту гал. героям паэмы «Дэман» і паэмы Багдановіча «Страцім-Лебедзь», у якой некаторыя даследчыкі адзначаюць пэўную палеміку. Пра захапленне паэзіяй Л. пісаў у аўтабіяграфіі З.Бядуля. Пад уплывам Л. напісаны першыя лірычныя вершы К.Крапівы. У арт. «Тры сустрэчы» А.Куляшоў пісаў, што пачаты ў даваен. час пераклад на бел. мову твораў Л. ў многім вызначыў кірунак яго паэт. дзейнасці. П.Панчанка ў арт. «Нязгасны агонь» падкрэсліваў, што Л. стаў асабліва блізкім і дарагім у гады Вял.Айч. вайны. На бел. мове першыя пераклады паэм «Мцыры» і «Дэман» апублікаваны ў 1920-я г. ў Вільні. У канцы 1930-х г. Я.Колас пераклаў 1-ю частку «Дэмана». У 1950 асобным выданнем выйшаў пераклад паэм «Дэман» (пер. Я.Колас, А.Зарыцкі, А.Бялевіч), «Баярын Орша» і «Каўказскі нявольнік» (пер. Зарыцкі і А.Вялюгін), «Ізмаіл-Бей» (пер. У.Шахавец), «Песня пра... купца Калашнікава» (пер. М.Клімковіч). У 1969 выдадзены зб-к перакладаў Куляшова (выбраныя вершы Л., паэмы «Мцыры», «Дэман»), за які разам з перакладамі твораў інш. пісьменнікаў яму прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1970. Творы Л. перакладалі В.Зуёнак, П.Макаль, Я.Міклашэўскі (Я.Верабей) і інш. Л. прысвяцілі свае вершы і артыкулы П.Броўка, М.Танк, Я.Брыль, С.Грахоўскі і інш.
Упершыню на Беларусі да творчасці Л. звярнуўся тэатр А.К.Басевіча ў Пінску, які 13.4.1880 ажыццявіў пастаноўку драмы «Маскарад». П’еса ўваходзіла і ў рэпертуар Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. У 1953 гэтая драма пастаўлена Брэсцкім абл.драм. т-рам. Падзеяй у тэатр. жыцці Беларусі стаў спектакль Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі «Маскарад» (1966). Бел.т-роперы і балета ажыццявіў пастаноўку оперы Рубінштэйна «Дэман» (1951). Трагедыю «Іспанцы» ставіў Гродзенскі абл.драм.т-р (1955).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1986;
Соч.Т. 1—2. М., 1988—90;
Избр. соч. М., 1994;
Зорка зорцы голас падае = И звезда с звездою говорит: Выбр. вершы. Мн., 1989.
Літ.:
М.Ю.Лермонтов в русской критике. М., 1985;
Лотман Ю.М. В школе поэтического творчества: Пушкин. Лермонтов. Гоголь. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБЕЛЕ́Н (франц. gobelin),
вытканы ўручную дыван-карціна (шпалера). На пачатку — вырабы парыжскай мануфактуры, заснаванай у 1662 (існуе і цяпер) і вядомай у гісторыі як мануфактура Габеленаў (ад прозвішча майстроў-фарбавальшчыкаў 15 ст., у будынку якіх размяшчалася ткацкая майстэрня). У 17—18 ст.маст. якасці габеленаў зрабілі іх настолькі папулярнымі, што габеленамі сталі называць высокамаст. шпалеры інш.франц., а пазней і еўрап. мануфактур, а ў 19 ст. наогул шпалеры і шчыльныя абівачныя тканіны нават машыннага вырабу, т.зв. габеленавыя тканіны.
Ткалі габелены з каляровых ваўняных і шаўковых, часам сярэбраных і залатых нітак на спец. ручных станках метадам выбарачнага ткацтва (асобнымі часткамі, якія сшывалі танюсенькай шаўковай ніткай). Габелены ўзнаўлялі ўзор або карціну з малюнка (кардону), зробленага мастаком. Асаблівасць габелена — рубчастая паверхня правага боку, якая ствараецца ніткамі асновы, і няроўная паверхня адваротнага боку, створаная швамі і ніткамі ўтку. З-за працаёмкасці вырабу кошт габеленаў быў вельмі высокі, таму аздаблялі імі інтэр’еры каралеўскіх палацаў, асабнякі знаці. Габелены ўзнаўлялі сцэны з жыцця святых і сюжэты рыцарскіх раманаў, у 16 ст. пашыраны сюжэты на біблейскую тэматыку, у 18 ст. — міфалагічныя сцэны і пастаралі, а таксама партрэты і копіі са станковых карцін. У 19 ст.маст. ўзровень габеленаў рэзка знізіўся. З 1930-х г. пачалося адраджэнне габелена на новай мастацка-стылявой аснове. З сярэдзіны 1940-х г. развіццю мастацтва габелена значна садзейнічалі кардоны мастака Ж.Люрса.
На Беларусі ў 17—18 ст. бязворсавыя дываны-карціны выраблялі на ткацкіх мануфактурах у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Альбе, Слоніме, Гродне і інш. Ткачы былі з мясц. прыгонных, майстры і мастакі мясц. і замежныя. Ткалі габелены з раслінным арнаментам, геральдычнымі матывамі, сюжэтнымі кампазіцыямі і партрэтнымі выявамі; выраблялі і абівачную габеленавую тканіну. У 2-й пал. 18 ст. створана серыя габеленаў, прысвечаная роду Радзівілаў («Бітва на рацэ Славечна», «Паланенне Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе» і інш.). На пач. 19 ст. вытворчасць дываноў-карцін спынілася. Адраджэнне бел. габелена прыпадае на 1960-я г. Мастакі стварылі новы тып сучаснага габелена — манументальна-дэкаратыўны: «Чалавек, які пазнае свет» (А.Кішчанка, А.Бельцюкова, Г.Гаркуноў), «Музыка», 6 габеленаў для фае Дзярж.т-раоперы і балета Беларусі, «Чарнобыль», «Габелен стагоддзя» (усе Кішчанкі). Выпускнікі Бел. акадэміі мастацтваў Гаркуноў, В.Грыдзіна, В.Дзёмкіна, Г.Крываблоцкая, В.Крывашэева, В.Маркавец-Бартлава, Л.Пятруль, Н.Пілюзіна, Л.Пуцейка, А.Салохіна, С.Свістуновіч, Л.Сівакова, Л.Скрыпнічэнка, Г.Стасевіч, Н.Сухаверхава, Г.Юзеева-Шаблоўская, Т.Хацановіч-Дарбінян і інш. працуюць пераважна ў галіне дэкар.нац. габелена.
Літ.:
Трызна Д.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.
Да арт.Габелен. П.Бондар і Н.Пілюзіна. Беларусь. 1982.Да арг.Габелен. В.Дзёмкіна. Дажынкі. 1994.Да арт.Габелен. Г.Стасевіч. Купалле. 1982.Габелен у інтэр’еры базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў г. Бергама (Італія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІЦЫ́ЗМ (ад лац. classicus узорны),
мастацкі стыль і эстэт. кірунак у еўрап. л-ры і мастацтве 17 — пач. 19 ст., адметнай рысай якіх быў зварот да вобразаў і форм антычнай л-ры і мастацтва як да эстэт. эталона.
У літаратуры сфарміраваўся на мяжы 16—17 ст. як вынік крызісу рэнесансавай свядомасці і спроба знайсці з яго пазітыўны выхад. Абапіраўся на прымат розуму і нязменнасць ідэалу прыгажосці. Полем маст. пошуку і даследавання К. зрабіў чалавечую душу і свядомасць. Унутраны свет чалавека падаваўся буйным планам і часта ў адрыве ад знешняга свету (асабліва ў трагедыі). К. імкнуўся стварыць узорны вобраз, пазачасавае ўвасабленне таго ці інш. характару, таму звяртаўся да матываў і сюжэтаў, апрабаваных часам, найперш да антычных. Грунтуючыся на законе гармоніі, К. падпарадкоўваў твор яснай і дакладнай логіцы, яскравай ідэі; адсюль патрабаванне ў драматургіі выканання правіл трох адзінстваў, якія давалі магчымасць сціснуць час, прастору і дзеянне, сканцэнтраваць увагу на свеце чалавечай свядомасці, стварыць стройны і адмысловы твор. Эстэтыка К. ўстанаўлівала строгую іерархію жанраў: «высокія» — трагедыя (вядучы жанр), эпапея, ода і «нізкія» — камедыя, сатыра, байка. Не дапускалася змяшэння высокага і нізкага, трагічнага і камічнага, гераічнага і паўсядзённага. Мове класіцыстаў уласціва яснасць, празрыстасць, афарыстычнасць. К. адлюстроўваў не рэальныя рэчы, а іх унутраную логіку, заканамернасць. Найб. поўна праявіўся ў 17 ст. ў Францыі (оды Ф.Малерба, трагедыі П.Карнеля, Ж.Расіна, камедыі Мальера, проза М.М.Лафает; тэарэтыкі — Ж.Шаплен, Г. дэ Бальзак, Н.Буало; у Германіі — у тэарэт. працах і ў паэзіі М.Опіца (у злучэнні з барока), у Англіі — у творчасці Б.Джонсана, У.Конгрыва, часткова — Дж.Мільтана. На новай ступені развіваўся ў 18 ст. (т. зв. асветніцкі К.), часцей за ўсё ў перапляценні з барока, ракако, сентыменталізмам. Найб. яскрава прадстаўлены ў паэзіі А.Поўпа (Англія), драматургіі Вальтэра (Францыя), тэарэт. працах і драматургіі І.К.Готшэда (Германія), В.Альф’еры (Італія). К. эпохі Асветніцтва пазбаўлены жорсткай жанравай і тэматычнай рэгламентацыі (узнікае мяшчанская драма і трагедыя) і стварае непаўторныя нац. і індывід. варыянты. Буйнейшыя тэарэтыкі — Д.Дзідро, Г.Э.Лесінг, а таксама І.І.Вінкельман, пад уплывам якога склаўся «веймарскі К.» (творчасць І.В.Гётэ і Ф.Шылера веймарскага перыяду — 1780—90-я г.), эстэт. праграма якога абапіралася на канцэпцыю антычнасці Вінкельмана і эстэтыку І.Канта і зыходзіла з разумення, што дасягнуць сапраўднай свабоды можна толькі праз выхаванне прыгажосцю. Для «веймарскага К.» характэрны жанравая і стылёвая поліфанічнасць, імкненне да гармоніі дасканалай формы і глыбокага зместу, індывідуалізацыі і шырокага філас. абагульнення, пастаноўка глабальных праблем гісторыі, культуры, цывілізацыі (найб. поўнае ўвасабленне — «Фауст» Гётэ). Ва Усх. Еўропе К. выявіўся пераважна ў эпоху Асветніцтва. Сярод прадстаўнікоў К. ў Расіі пісьменнікі А.Кантэмір, В.Традзьякоўскі, М.Ламаносаў, А.Сумарокаў, Г.Дзяржавін, Дз.Фанвізін і інш.
На Беларусі, у Польшчы і Літве тэндэнцыі К. прыкметныя з 17 ст. На лац. паэзію і ант. эстэтыку як на ўзоры арыентаваўся М.Сарбеўскі (трактаты «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер», «Пра вартасці і недахопы элегіі, або Авідзій» і інш.). Спалучэнне стыляў рэнесансу, барока і К. відавочнае ў творах Сімяона Полацкага. Асн. рысы К. ў бел. л-ры 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. — абагульненасць вобразаў, перавага рацыянальнага над эмацыянальным, культ антычнасці, імкненне да гармоніі — выявіліся ў творчасці пісьменнікаў, якія пісалі на польск. (А.Нарушэвіч, Ю.Нямцэвіч, Ф.Багамолец, С.Богуш-Сестранцэвіч), рус. (І.Сакольскі, І.Галянеўскі, І.Яленскі) і лац. (М.Карыцкі) мовах. Для «высокіх» жанраў лічыліся прыдатнымі «высокія» (польск., рус., лац. або стараслав.) мовы. Бел. прастамоўе дапускалася толькі для «нізкіх» жанраў. Гэтым нарматыўная эстэтыка К. стрымлівала развіццё беларускамоўнай л-ры. Трагедыі «Свабода ў няволі» К.Марашэўскага, «Фемістокл» М.Цяцерскага, «Крэз» І.Юрэвіча, прысвечаныя «ўзвышаным» тэмам з ант. гісторыі, напісаны па-польску. У «нізкую» камедыю («Доктар па прымусу» Цяцерскага, «Камедыя» Марашэўскага) уводзілася бел. мова. У гэтых творах захавана адзінства часу, месца, дзеяння, што адпавядала патрабаванням К. Эстэтыка К. паўплывала на бел. пісьменнікаў 19 ст.: Я.Чачота (філамацкія вершы), Я.Баршчэўскага («Рабункі мужыкоў», «Гарэліца»), В.Дуніна-Марцінкевіча («Ідылія», «Залёты»), у якіх класіцысцкія рысы спалучаліся з элементамі сентыменталізму, рамантызму і рэалізму.
У архітэктуры і мастацтве, 1) у шырокім сэнсе — кірунак, які грунтуецца на ўвасабленні традыцый ант. мастацтва: каралінгскі рэнесанс, атонаўскі рэнесанс, італьян. протарэнесанс, Адраджэнне, барочны К. (паладыянізм), неакласіцызм.
2) Стыль у еўрап. мастацтве 17—1-й пал. 19 ст. К. ўласцівы кананізацыя ант. класікі як дасканалага ўзору для наследавання, нарматыўнасць эстэт. крытэрыяў, ідэалізацыя і абстрактнасць вобразнага абагульнення (тыпізацыя) без усебаковага выяўлення непаўторна-асаблівага (індывідуалізацыі), дынамікі і жыццёвай зменлівасці гіст. канкрэтнай рэчаіснасці. Грунтаваўся на традыцыях Адраджэння і разам з тым сінтэзаваў дасягненні процілеглага яму барока, якое папярэднічала і часткова суіснавала з новым кірункам. Тэндэнцыі К. вызначыліся з 2-й пал. 16 ст. ў арх. тэорыі, трактатах і практыцы А.Паладыо, трактатах Дж.Віньёлы, С.Серліо, больш паслядоўна — у 17 ст. ў творах Дж.П.Белоры, у эстэт. нарматывах акадэмістаў балонскай школы жывапісу. У цэласную сістэму К. склаўся ў франц.маст. культуры 17 ст. (т.зв. Вялікі стыль Людовіка XIV). З 18 ст. стаў агульнаеўрап. стылем (у сусв. мастацтвазнаўстве гэты перыяд звычайна называюць неакласіцызмам), што было абумоўлена павышэннем цікаўнасці да ант. мастацтва ў сувязі з археал. раскопкамі ў Пампеях, Геркулануме і інш.
Архітэктура К. заснавана на выкарыстанні структурных і маст.-дэкар. магчымасцей ант. ордэрнай сістэмы (пераважна дарычнай), на выяўленні яе тэктанічных заканамернасцей, прапарцыянальнасці і сувымернасці аб’ёмаў і дэталей будынка. Пераважаў тып крыжова-купальнай кампазіцыі, распрацаваны ў малюнках Леанарда да Вінчы, Д.Брамантэ, Рафаэля і Мікеланджэла. У 17 ст. станаўленне К. ў Францыі звязана з пабудовамі Ф.Мансара (палац Мезон-Лафіт каля Парыжа, 1642—51), К.Перо (усх. фасад Луўра), Л.Лево, Ф.Бландэля. З 2-й пал. 17 ст. ў франц. К. з’явіліся некаторыя элементы барока (палац і парк Версаля, арх. Ж.Ардуэн-Мансар, А.Ленотр). У 17 — пач. 18 ст. К. сфарміраваўся ў «паладыянскай» архітэктуры Англіі (І.Джонс), архітэктуры Галандыі (Я. ван Кампен, П.Пост), Швецыі (Н.Тэсін Малодшы) і інш. На ўзор сабора св. Пятра ў Рыме франц.арх. Ж.Ж.Суфло з 1755 пачаў будаваць у Парыжы царкву Сент-Жэнеўеў, якая ў 1791 па асацыяцыі са стараж.-рым. звычаем была ператворана ў Пантэон і стала ўзорам для шэрагу інш.еўрап. пабудоў. У канцы 18—1-й пал. 19 ст.арх. К.Н.Леду, Ж.Ф.Шальгрэн, П.Віньён (Францыя), Р.Адам, Р.Смёрк (Англія), Л.Каньёла (Італія), К.Г.Лангханс, К.Ф.Шынкель (Германія), А.Захараў, А.Манферан, В.Бажэнаў, М.Казакоў, І.Староў (Расія) стваралі палацы і грамадскія пабудовы з развітой ордэрнай сістэмай, портыкамі порцікамі*, купаламі, імкненнем да манументальнасці і велічы. Горадабудаўніцтва К. 17 ст. развівала ў планах гарадоў-крэпасцей канцэпцыі «ідэальнага горада», стварыла тып рэгулярнага абсалютысцкага горада-рэзідэнцыі (Версаль і інш.). З 2-й пал. 18 ст. складаліся новыя прыёмы планіроўкі, якім уласціва арган. спалучэнне гар. забудовы і прыроды, стварэнне адкрытых плошчаў, што прасторава зліваліся з вуліцай або набярэжнай. Пашырылася садова-паркавае мастацтва. Гл. таксама Ампір.
У архітэктуры Беларусі К. выявіўся ў 1770-я г. і развіваўся паралельна з познім барока; у канцы 18 ст. стаў асн.маст. кірункам. Для яго характэрна спалучэнне зах.-еўрап. і рус. культуры з мясцовымі маст. традыцыямі. Сярод помнікаў пераходнага перыяду ад барока да К. Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Ружанскі палацавы комплекс. Распрацоўваліся новыя схемы планіроўкі гарадоў (у форме квадратаў, шматвугольнікаў), тыпы будынкаў адм. і навуч. устаноў. Для палацава-сядзібнага буд-ва характэрны геаметрычнасць планіроўкі тэрыторыі, цэнтрычная ў плане пабудова палаца з купалам (Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль), галерэі-каланады (сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на), манум. порцік (сядзіба ў в. Дзедзін Міёрскага р-на, Маламажэйкаўская сядзіба, дом Э.Ваньковіча ў Мінску), анфіладная планіроўка парадных памяшканняў і калідорная жылых. Неад’емным элементам арх. ансамбляў былі ландшафтныя паркі з уключэннем збудаванняў малых форм (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, Сноўскі палацава-паркавы ансамбль). Палац або сядзібны дом размяшчаўся паміж парадным дваром і паркам (палац у в. Алешкавічы Мастоўскага р-на). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя касцёлаў і цэркваў К. — пераважна прамавугольны ў плане кампактны аб’ём з 2-схільным дахам (касцёлы ў в. Мамаі і Мосар Глыбоцкага, г.п. Жалудок Шчучынскага р-наў); будаваліся храмы-ратонды (Лідскі Іосіфаўскі касцёл, у в. Дубай Пінскага р-на царква Раства Багародзіцы, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор). К. паўплываў і на драўлянае дойлідства, дзе выкарыстоўваліся формы класічных ордэраў (Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс). Сярод архітэктараў: бел. Б.Захарэвіч, А. і П. Макарэвічы, Л.Гуцэвіч, М.Шульц, К.Падчашынскі, італьян. К.Спампані, шатландскі Дж.Кларк, польскія Ш.Цуг, А.Ідзкоўскі, рус. М.Львоў, Староў, В.Стасаў і інш.
У выяўленчым мастацтве эстэтыка К. ўстанавіла іерархію жанраў, якія падзяляліся на «высокія» (гіст., міфалагічны, рэліг.) і «нізкія», ці «малыя» (пейзаж, партрэт, нацюрморт), і мелі строгія межы і фармальныя прыкметы. Вобразны лад твораў вызначаўся тэктанічнасцю, строгай ураўнаважанасцю пабудовы, рацыяналіст. яснасцю, пластычнай завершанасцю і скульптурнай акрэсленасцю форм, лагічнасцю вырашэнняў, гал. роляй кампазіцыі і малюнка, абстрактнай ідэалізацыяй, адмаўленнем ад рэальных вобразаў сучаснасці і негіст. трактоўкай ант. мастацтва як абсалютнай нормы. У жывапісе пашырыўся «ідэальны пейзаж», які ўвасобіў мару класіцыстаў аб «залатым веку» чалавецтва. Сярод прадстаўнікоў К.: скульптары Б.Торвальдсен (Данія), Л.Барталіні, А.Канова (Італія), Ж.А.Гудон (Францыя), Дж.Флаксмен (Англія), І.Г.Шадаў, К.Раўх (Германія), Ф.Шубін (Расія) і інш., жывапісцы Ж.Л.Давід, А.Ж.Гро, П.П.Прудон, Н.Пусэн (Францыя), А.Р.Менгс, Ф.Рунге (Германія), Дж.Бэры (Англія), К.А.Енсен (Данія), А.Апіяні (Італія), Б.Уэст (ЗША), А.Ласенка, Ф.Бруні (Расія) і інш. Рысы К. ўласцівы творам Ж.А.Д.Энгра (Францыя) і Ф.Гоі (Іспанія).
У мастацтве Беларусі К. з’явіўся ў 2-й пал. 18 ст.Найб. ярка выявіўся ў дэкар.-прыкладным мастацтве (мэбля, тканіны, урэцка-налібоцкае шкло і інш.). У скульптуры і жывапісе шырокага развіцця не атрымаў. У аздабленні палацава-паркавых ансамбляў, гар. і сельскіх сядзіб выкарыстоўвалі гермы, карыятыды, атланты, рэльефы з адлюстраваннямі класіцыстычных эмблем, алегарычных фігур. Рысы К. прыкметны ў жывапісных творах І.Аляшкевіча, Ф.Смуглевіча, ранніх творах В.Ваньковіча і Я.Дамеля. У 1-й пал. 19 ст. выцеснены рамантызмам.
У тэатральным мастацтве К. садзейнічаў больш глыбокаму раскрыццю ідэі драм. твора, пераадоленню перабольшанасці ў выяве пачуццяў, уласцівых сярэдневяковаму тэатру. Майстэрства выканання класіцыстычнай трагедыі падпарадкоўвалася прынцыпам эстэтыкі Н.Буало. Акцёр трагедыі павінен быў эмацыянальна выразна чыгаць вершы і пры гэтым не імкнуцца да стварэння ілюзіі сапраўдных перажыванняў героя.
Сцвярджэнне К. ў акцёрскім мастацтве звязана з творчасцю франц. акцёраў Мандары, Фларыдора, Дзюпарк, М.Шанмеле. У 18 ст. асветніцкі К. адлюстраваўся ў творчасці А.Л.Лекена, Клерон, Дзюменіль. Дэмакр. тэндэнцыі К. найб. выявіліся ў сцэн. практыцы Мальера. У перыяд Франц. рэвалюцыі 1789—99 дзеячы тэатра надалі К. рэв.-гераічнае гучанне (Ф.Ж.Тальма і інш.). Франц. К. 17—18 ст. паўплываў на тэатр інш. краін Еўропы. Сярод буйнейшых яго прадстаўнікоў Ф.К.Нейбер у Германіі, Т.Бетэртан, Дж.Кембл у Англіі, Э.Рашэль у Францыі. У 19 — пач. 20 ст.эстэт. нормы К. ўласцівы спектаклям т-ра «Камеды Франсэз», акцёрам Ж.Муне-Сюлі, С.Бернар і інш. Для рус. К., які ўзнік у 1730—50-я г., характэрны нац.-патрыят. тэматыка, выхаваўча-асветніцкія тэндэнцыі. Буйнейшыя драматургі К. — А.Сумарокаў, Я.Княжнін, акцёры — Ф.Волкаў, І.Дзмітрыеўскі, В.Каратыгін, С.Сандуноў, К.Сямёнава, Т.Траяпольская.
Праваднікамі прынцыпаў К. ў тэатр. жыцці Беларусі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. былі прыгонныя, прафес. і аматарскія драм. трупы Нясвіжа, Слоніма, Мінска і інш. У іх рэпертуары — трагедыі Карнеля («Сід»), Ж.Расіна («Федра»), Вальтэра («Заіра», «Марыяна»), камедыі Мальера («Цырымонлівыя паненкі», «Лекар паняволі», «Сганарэль», «Мешчанін у дваранах», «Жорж Дандэн», «Маскарыль»).
У музыцынайб. выявіўся ў муз.-сцэн. жанрах. Яго пачынальнік — Ж.Б.Люлі, які стварыў оперны жанр лірычнай трагедыі з характэрнай ант. і міфалагічнай сюжэтыкай, высокай героікай і ўзнёсласцю стылю. Яго оперы вылучаліся лагічнай яснасцю, адпаведнасцю строгім правілам і нарматывам, арыентацыяй на драм. рэчытатыў і арк. развіццё. Спалучэнне рыс К. і барока характэрна для творчасці кампазітараў неапалітанскай опернай шкалы, оперы-серыя з яе ўнутр. адзінствам, рэгламентацыяй муз. форм і адначасова віртуознасцю вак. партый, эфектнасцю сцэн. афармлення. У эстэтыку муз. К. 18 ст. значны ўклад зрабіў рэфарматар оперы-серыя і лірычнай трагедыі К.В.Глюк. Якасна новая стадыя ў развіцці муз. К. — творчасць прадстаўнікоў венскай класічнай школы І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена, дзе найб. росквіту дасягнулі вядучыя інстр. жанры — сімфонія, саната, стр. квартэт, сфарміраваліся санатна-сімф. цыкл і сімф. аркестр. На мяжы 18—19 ст. новыя формы К. характэрны для музыкі кампазітараў франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Ф.Гасека, Э.Меполя, Л.Керубіні і інш. У рус. музыцы рысы К. ў спалучэнні з элементамі інш.маст. кірункаў выявіліся ў творах М.Беразоўскага, Дз.Бартнянскага, В.Пашкевіча, Е.Фаміна, І.Хандошкіна.
У муз. спадчыне кампазітараў Беларусі (Міхал Казімір Агінскі, М.Радзівіл, В.Казлоўскі) К. існаваў у спалучэнні з сентыменталізмам, элементамі рамантызму, барока і ракако, развіваўся ў рэчышчы агульнаеўрап. традыцый. У 1770—90-я г. ў магнацкіх т-рах Нясвіжа, Слоніма, Гродна ставілі камічныя оперыітальян. кампазітараў («Фраскатанка, ці Залатая дзева» Дж.Паізіела, «Джаніна і Бернардоне» Д.Чымарозы, «Вясковыя сцэны рэўнасці» Дж.Сарці і інш.). Тыповыя рысы К., характэрныя для еўрап. опернага мастацтва, увасоблены ў муз. помніку школьнага т-ра — оперы «Апалон-заканадаўца, ці Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага на лібр. М.Цяцерскага, створанага для т-ра Забельскага дамініканскага калегіума. Рысы К. маюць творы паслядоўніка берлінскай і венскай класічных школ Я.Д.Голанда (опера «Агатка, або Прыезд пана», опера-вадэвіль «Чужое багацце нікому не на карысць», уверцюра да балета «Арфей у пекле»), музыка Радзівіла (6 паланэзаў і дывертысмент для камернага аркестра), Казлоўскага (да трагедыі «Фінгал», скрыпічны канцэрт і інш.). У традыцыях ранняга К. напісаны творы літургічнай музыкі 18 ст. (месы ў гонар Дзевы Марыі, у гонар Нараджэння Хрыста і інш.).
Літ.:
Ренессанс. Барокко. Классицизм: Проблема стилей в западноевропейском искусстве XV—XVII вв. М., 1966;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Виппер Ю.Б. Формирование классицизма во французской поэзии начала XVII в. М., 1967;
Литературные манифесты западноевропейских классицистов. М., 1980;
Обломиевский Д.Д. Французский классицизм. М., 1968;
Русский и западноевропейский классицизм: Проза. М., 1982;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г.Кн. 1—2. 2 изд. М., 1986—87;
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990;
Інструментальная музыка Беларусі XVIII ст.Мн., 1991;
Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992.
Да арт.Класіцызм. Сядзібны дом у в. Алешкавічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобл. Малюнак Н.Орды. 19 ст.Да арт.Класіцызм. А.Р.Менгс. Парнас. 1761.Да арт.Класіцызм. Палац Мезон-Лафіт каля Парыжа. Арх. Ф.Мансар. 1642—51.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЕ́Т (франц. ballet ад позналац. ballare танцаваць),
від сцэнічнага мастацтва, змест якога выяўляецца ў музычна-харэаграфічных вобразах; вышэйшая форма харэаграфіі.
Належыць да сінт. відаў маст. твор-часці. Аб’ядноўвае музыку, харэаграфію (танец і пантаміму), выяўл. мастацтва. Асновай харэагр. вобраза з’яўляецца танец; у балет уключаюць розныя віды танца: класічны, характарны, народна-сцэнічны, гратэскавы, мадэрн, рытмапластычны, свабодную пластыку. Аснова балета — дзейны танец. Пэўную ролю ў балеце адыгрываюць дывертысмент і пантаміма. Вобразна адлюстроўваючы рэчаіснасць, балет з уласцівай яму ўмоўнасцю здольны да паэт. абагульненняў, увасаблення жыццёвых канфліктаў, сцвярджэння ідэалаў прыгожага. Існуюць балеты-трагедыі і балеты-камедыі, балеты-п’есы і балеты-сімфоніі, балеты сюжэтныя (блізкія да драм. спектакля) і бессюжэтныя, або сімфанічныя (у іх аснове сімф. танец), шматактовыя і аднаактовыя, харэагр. мініяцюры.
Як самаст. від мастацтва складваўся ў Еўропе ў 16—18 ст. (першы спектакль «Камедыйны балет каралевы» паст. ў Францыі ў 1581) і пашырыўся ва ўсім свеце. Тэрмін «балет» узнік у канцы 16 ст. ў Італіі і, як правіла, абазначае еўрап. класічны балет; з 20 ст. так называюць і спецыфічныя танц. паказы, што склаліся ў краінах Азіі, Афрыкі, Усходу. Эстэтыка балета ўвабрала рысы розных маст. кірункаў — класіцызму, рамантызму, імпрэсіянізму, сентыменталізму і інш Станаўленне балета (18—19 ст.) звязана найперш з Францыяй (харэографы Ж.Ж.Навер, Ж.Даберваль, Ф.Тальёні, Ж.Перо), Даніяй (К.Бурнанвіль), Расіяй (І.Вальберх, Ш.Дзідло і А.Глушкоўскі, М.Петыпа, Л.Іваноў, М.Фокін, А.Горскі і інш.). У 20 ст. балетнае мастацтва пашырылася ва ўсім свеце. Вял. ўплыў на яго развіццё зрабілі дзейнасць Фокіна і Рускія сезоны ў Парыжы (з 1909), гастролі Г.Паўлавай, а таксама «свабодны» танец А.Дункан, танец мадэрн (М.Грэхем і інш.), рытмапластычны танец (М.Вігман і інш.). У 1920—30-я г. цэнтрам балетнага мастацтва была Францыя, дзе працавала трупа Рускі балет Дзягілева і створаныя пазней на яе аснове калектывы. У пастаноўках Л.Мясіна, Б.Ніжынскай, Дж.Баланчына, пазней С.Ліфара (1930—50-я г.) атрымалі развіццё фокінскія традыцыі ў спалучэнні з нац. асаблівасцямі. У Вялікабрытаніі ў 1930-я г. пачаў развівацца балет, заснаваны на традыцыях рус. мастацтва, але блізкі да англ.т-ра пантамімы. У ЗША пераважаў танец мадэрн; пастаноўкі Грэхем, Д.Хамфры, пазней Х.Лімона ўзнімалі складаныя сац. і псіхал. праблемы. З 1940-х г. у ЗША і краінах Зах. Еўропы на аснове бессюжэтных балетаў Баланчына пашырыліся т.зв. «сімфанічныя» балеты. Для сучаснага зарубежнага т-ра характэрна разнастайнасць стыляў, жанраў і формаў. Часта балетам наз. харэагр. творы ад бессюжэтнай мініяцюры да шматактовага сінт. відовішча, у якое ўводзяцца спевы, кінакадры, дэкламацыя, шумавыя і светлавыя эфекты, лялькі («татальны тэатр» М.Бежара). Найб. пашыраны аднаактовы балет. Сярод вядомых замежных труп: «Балет XX стагоддзя» на чале з Бежарам, «Балет Елісейскіх палёў» і «Балет Парыжа» (стваральнік абодвух Р.Пці), «Амерыканскі тэатр балета», «Нью-Йоркскі гарадскі балет». У развіццё рас. балетнага мастацтва вял. ўклад зрабілі балетмайстры І.Бельскі, В.Вайнонен, А.Вінаградаў, К.Галяйзоўскі, В.Гардзееў, Ю.Грыгаровіч, А.Ермалаеў, Р.Захараў, Н.Касаткіна і У.Васілёў, Ф.Лапухоў, Л.Лаўроўскі, Б.Эйфман, Л.Якабсон і інш.
Вытокі бел. харэагр. мастацтва ў глыбокай старажытнасці — у гульнях, абрадах, карагодах, дзе танец быў неаддзельны ад песні, гульні, акцёрскага дзеяння. Першыя прафес. танцоры-скамарохі вядомыя на Беларусі з 12 ст.Пач. формы харэагр. мастацтва мелі школьны тэатр, нар. драма, батлейка. Перыяд уздыму танца-балета на Беларусі — 16 ст., калі ў прыватнаўласніцкіх замках і буйных сядзібах дзейнічалі прыватныя балетныя трупы (гл.Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла, Слонімскі тэатр Агінскага, Шклоўскі тэатр Зорыча, Ружанскі тэатр Сапегаў), балетныя школы (Гродзенская музычна-тэатральная школа, Нясвіжская балетная школа, Слонімская балетная школа, Шклоўская балетная школа). Найб. таленавітыя бел. прыгонныя танцоры [А.Дарэўская, А.Бжазінскі, М.Малінская, К.Азарэвіч (гл.Азарэвічы), К.Буткевіч, Р.Бекер, М.Рымінскі і інш.] пазней выступалі на варшаўскай і пецярбургскай сцэнах. У 1840-я г.бел. артысты працавалі ў Віцебскім балеце Піёна. Нац. балетны т-р узнік на пач. 1920-х г. Першыя балетныя спектаклі, у т. л. «Капелія» Л.Дэліба, «Зачараваны лес» Р.Дрыга, пастаўлены ў 1920-я г. К.Алексютовічам на сцэне БДТ, які меў і балетную трупу. Беларуская студыя оперы і балета (1930—33) паслужыла асновай для стварэння Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь (першая харэагр. паст. «Чырвоны мак» Р.Гліэра). Значнай вяхой у гісторыі бел. балета стаў першы нац. балет «Салавей» М.Крошнера (паст. 1939, 1940). Пошукі нац. своеасаблівасці працягваліся пры паст.нац. балета «Князь-возера» В.Залатарова (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Падстаўная нявеста» (1958), «Святло і цені» (1963), «Пасля балю» (1971) Г.Вагнера, «Мара» (1961), «Альпійская балада» (1967), «Тыль Уленшпігель» (1974, 2-я рэд. 1978) Я.Глебава, «Страсці» («Рагнеда», 1995) А.Мдывані, «Кругаварот» («Народны трылер», 1996) А.Залётнева і інш. У пастаноўках В.Елізар’ева «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» (2-я рэд., 1978), «Спартак» А.Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1982), «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1983), «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (1986), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1988) на высокім узроўні ўвасабляюцца грамадска значныя філас. тэмы, інтэнсіўна абнаўляюцца сродкі выразнасці, фарміруюцца новыя прынцыпы харэагр. паэтыкі і эстэтыкі. У 1970—90-я г.бел. балет атрымаў міжнар. прызнанне ў час гастроляў у краінах Еўропы, Лац. Амерыкі, ЗША, Азіі і інш. Балеты бел. кампазітараў паст. ў Маскве, С.-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску, Львове, Самары, Чэлябінску, Хельсінкі. У Мінску працуе Дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Красовская В. Западноевропейский балетный театр: Очерки истории: От истоков до середины XVIII в. Л., 1979;
Яе ж. Русский балетный театр от возникновения до середины XIX в. Л.;
М., 1958;
Яе ж. Русский балетный театр второй половины XIX в. Л.;
М., 1963;
Слонимский Ю. Советский балет: Материалы к истории сов. балетного театра. М.; Л., 1950;
Чурко Ю.М. Белорусскнй балет. Мн., 1966;
Яе ж. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;
Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;
Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;
Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993;
Гришенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.
Т.М.Мушынскі.
Сцэна з балета «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава. 1978.Сцэна з балета «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага. Вялікі балет маркіза дэ Куэваса. Парыж. 1960.Сцэна з балета «Жызэль» А.Адана. Парыжская опера.Сцэна з балета «Князь-возера» В.Залатарова. 1949.