тра́ціць, трачу, траціш, траціць; незак., каго-што.

1. Расходаваць грошы, сродкі на што‑н. з пэўнай мэтай, патрэбай. Мішка пачынае ўспамінаць Кірылу .. Калі яны з Кірылам зараблялі дзе грошай, то заўсёды трацілі іх сумесна. Лупсякоў. [Іван Маеўскі:] — Вось няхай яны мне адкажуць, адукаваныя... Іх савецкая ўлада вучыла, мільёны траціла на іх. Шамякін.

2. Марна, без толку расходаваць. [Бацька:] — Яшчэ там дзесятка залатая ёсць, то яе да вяселля свайго не граць. Чарнышэвіч. [Начальнік варты:] — Таварыш камандзір, гэта Цыганок пайшоў на пост і вось траціць дарма патроны. Шчарбатаў.

3. Пазбаўляцца ад каго‑, чаго‑н., страчваць, губляць каго‑, што‑н. Траціць здароўе. Траціць зрок. □ Вузкая хмарка ўсё больш ды больш налівалася чырванню, а высокае воблака ўсё святлела, траціла ружовасць. Брыль. Заўважыўшы велічную постаць Палаткі, вясёлы расказчык адразу траціў сваё красамоўства. Лынькоў. Прымірыўшыся з мужавым парадкам, Таццяна не траціла ўсё ж надзеі: «Калі ж небудзь задаволіць ён сваю прагнасць, стане чалавекам». Пальчэўскі. Як толькі Васіль Пятровіч успамінаў Алу, у грудзях яго каламуццю ўзнімалася трывога, усё змрачнела навокал, траціла цікавасць. Карпаў. Многія рэчы ў працэсе карыстання трацяць прыгажосць і свой першапачатковы колер. «Звязда». Скажы матулі мілай, хай не плача І слёз сваіх не траціць без прычын. Астрэйка.

4. Несці страту ў асобе таго, хто памёр, пайшоў і пад. [Шкурапкоў:] Мне шкада траціць прыяцеля, але жыццё мне даражэй вашай рукі. Крапіва. Хлопец траціць каханую і засынае неабудным сном на могілках, поруч з абранніцай, яна таксама не стрывала цяжару жыцця. Лужанін.

5. Пераставаць уладаць якімі‑н. матэрыяльнымі каштоўнасцямі; несці страту ў чым‑н. Траціць маёмасць. □ Сярэдніх сяляне і вясковая бедната, атрымліваючы пазыку ад банка і не маючы магчымасці расплаціцца, часта трацілі зямлю і маёмасць, якія прадаваліся з малатка. «Весці».

6. Праводзіць час бязмэтна, марна, дарэмна. І усе ведалі, што дзейнічаць трэба хутчэй, што нельга траціць часу. Галавач. Калі [Вашчанюк] браўся за што — траціў цэлыя гады, перабіраў дзесяткі варыянтаў, адхіляў нават тое, што ўхвалілі сябры, і дасягаў свайго. Гроднеў.

7. Парушаць сувязь, паслядоўнасць у думках, гутарцы і пад. Тварыцкі пачаў траціць логіку, якую меў, у сваёй гаворцы. Чорны.

•••

Няма чаго траціць (губляць) каму — можна на ўсё пайсці, бо горш ужо не будзе.

Траціць галаву (розум) — тое, што і губляць галаву (гл. губляць).

Траціць голас — а) страчваць здольнасць гаварыць, крычаць, пець (у выніку прастуды, хвалявання і пад.); б) страчваць гучнасць, чыстату і пад. (пра голас спевака).

Траціць грунт (глебу, зямлю) пад нагамі — пазбаўляцца таго, на чым грунтуецца грамадскае становішча, светапогляд і пад.

Траціць уладу над сабой — губляць самакантроль, бянтэжыцца.

Траціць цану — зніжацца ў вартасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укла́сці 1, укладу, укладзеш, укладзе; укладзём, укладзяце, укладуць; зак., каго-што.

1. Пакласці спаць. Пакуль Каця супакоіла дачку, накарміла яе і ўклала спаць, дык ужо добра і сцямнела. Гаўрылкін. / у паэт. ужыв. Спаць дзяцей уклаў Цёплы летні вечар. Гілевіч. // Уладкаваць на начлег, адпачынак. — А як жа ты [Рыгор] нас спаць укладзеш? — запытаў гаспадар. — Куды каго? Галавач. // Прымусіць або памагчы легчы. Утрох, з дапамогай Яругіна, .. [маёра] ледзьве ўклалі, і ён, знямогшыся, тут жа заснуў. Карамазаў. Старэйшая сястра Поля кінулася да .. [Сашы], абняла, памагаючы ўкласці на ложак. Шамякін.

2. Пакрыць, услаць чым‑н. паверхню чаго‑н. Укласці стол кнігамі. Укласці дарожку каменнем. Укласці прызбу саломай. □ [Купчын:] — Што мы да гэтага рабілі? Бетон укладзём пад цэх — пайшлі далей. А цяпер і сцены будзем самі выводзіць, і аконныя пераплёты ставіць. Мыслівец.

3. Палажыць у пэўным парадку, размясціць, скласці якім‑н. чынам. Дастаў [бацька] .. смольны аскалёпак, пашчапаў яго на лучыны, якія потым акуратна склаў на спод грубкі, а наўкруг уклаў. «зрубам» абярэмак дроў. Масарэнка. // Змясціць куды‑н., размясціць дзе‑н. Усё гэта [прадукты] разам з шуфлямі і іншым начыннем ледзь уклалі ў вазок. Чарнышэвіч. // Прычасаць пэўным чынам валасы. Укласці косы вакол галавы.

4. Укладваючы, складваючы, пабудаваць, зрабіць што‑н. Укласці шпалы, Укласці трубы. □ Сонца ўжо садзілася за сасновы бор, калі ўклалі апошні кубаметр. Лукша.

5. Палажыць, змясціць унутр. Следчы ўзяў .. астрожнае накіраванне, яшчэ нейкія паперы, усё гэта ўклаў у канверт і аддаў паліцыянту. Машара. // перан. Пранізаць, напоўніць што‑н. якім‑н. сэнсам, зместам, думкамі і пад. Столькі шчырасці хлопец уклаў у песню, што, здавалася, яна сама лілася з сэрца. «Маладосць». Пад такім доўгім .. празаічным загалоўкам нельга ўявіць таго зместу, які хочацца яму ўкласці ў свой твор. Якімовіч. // перан. Аддаць, прысвяціць каму‑, чаму‑н. (сілу, здароўе, жыццё і пад.). Ну хто, скажыце, адважыцца не даць кватэры начальніку аддзела капітальнага будаўніцтва, чалавеку, які, можна сказаць, кавалак жыцця ўклаў у гэты дом! Арабей. Мо таму ты [мама] так дрыжыш за сваіх дзяцей, што многа здароўя, сіл і ўсю душу ўклала ты ў іх. Дамашэвіч. Ён [Шайпак] у станцыю ўсё Сваё ўмельства ўкладзе, Каб стаяла, як лялька, Яна пры вадзе. Куляшоў.

6. Аддаць на захаванне, выкарыстанне (грашовыя сродкі, капітал). Укласці капітал у цяжкую прамысловасць.

7. Разм. Забіць. [Макар Аўдзеевіч:] — Са сваёй стрэльбы я ўжо, хлопча, не аднаго звера ўклаў. М. Ткачоў.

8. Разм. груб. З’есці. [Раўбіч:] — А потым зубр пайшоў за санкамі, і еў сена, пакуль не ўклаў усё. Караткевіч.

укла́сці 2, укладу, укладзеш, укладзе; укладзём, укладзяце, укладуць; зак., што.

Стварыць, напісаць што‑н., падабраўшы і аб’яднаўшы якія‑н. матэрыялы. Укласці слоўнік. Укласці зборнік практыкаванняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каза́ць ’выказваць у вуснай форме якія-небудзь думкі, меркаванні, расказваць, гаварыць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; міёр., З нар. сл.; Гарэц., Касп.; палес., КЭС; Мал., Нас., Нік. Напаў., Сержп., Радч., Сцяшк., Шат., Яруш.), ’абавязваць, загадваць’ (БРС, ТСБМ, Нас.), ’паказваць’ (ТСБМ). Крыніцы, на жаль, вельмі неаб’ектыўна паказваюць геаграфію слова; гэта зразумела, таму што дыферэнцыяльныя слоўнікі не ўключаюць лексіку такога тыпу. У іншых слав. мовах: укр. казати ’гаварыць, абавязваць’, казатися ’паказвацца, яўляцца’, рус. казать ’паказваць’, ’гаварыць’, ’абавязваць’, ’даваць параду, вучыць’, казаться ’паяўляцца’ і інш., польск. kazać ’расказваць, настаўляць’, ’прапаведаваць’, ’абавязваць’, ’патрабаваць’, славін. kȧ̃zăc ’прапаведаваць’, каш. kazac ’прапаведаваць’, ’загадваць, абавязваць’, н.-луж. kazaś ’загадваць’, ’запрашаць’ і інш., в.-луж. kazać ’загадваць, патрабаваць’, чэш. kázati ’прапаведаваць’, ’загадваць’, славац. kázať ’загадваць’, ’чытаць пропаведзь’, славен. kázati ’паказваць’, серб.-харв. kázati ’выказаць, паказаць’, макед. каже ’выказаць’, ’паказаць’, балг. кажа ’выказаць’, ’назваць’, ’загадаць’. Паводле Трубачова, Эт. сл., 9, 169, прасл. форма гэтых слоў kazati дуратыўны дзеяслоў на ‑ati з падоўжаным каранёвым галосным а < ō. Слоўнік дапускае, што ў аснове kazati ляжыць, такім чынам, *koz‑, якое непасрэдна ў слав. мовах не зафіксавана. Магчыма, існаванне такой формы ўскосна пацвярджае быццам бы роднаснае čeznǫti, дзе, як нейкі эквівалент нулявой ступені, рэгулярнай для дзеясловаў на ‑nǫti, прысутнічае апафанічна зыходная ступень ‑e‑. Адносна семантыкі Слаўскі (2, 110) мяркуе, што зыходным значэннем было ’даць магчымасць бачыць, аглядаць’ (’даць бачыць’, ’паказаць’). Развіццё гэтага — з’яўленне значэння ’гаварыць’ (⩾ ’расказваць, загадваць’) і інш. Агульная семантыка ’звяртаць нечым увагу на што-н. (з дапамогай жэста або слоў)’. У якасці паралелі прыводзіцца лац. dīcō ’кажу’ пры грэч. δείκνῡμι, ’паказаць’ (так яшчэ ў Патабні, РФВ, III, 1880, 102–103). Трубачоў (Эт. сл., 9, 169), прымаючы такую версію, мяркуе, што на гэтай жа падставе сюды неабходна аднесці і каўзатыўнае kaziti, уласна ’меціць’ → ’псаваць’, нягледзячы на тое што kazati і kaziti звычайна разглядаюцца асобна. Ніжэй Трубачоў (там жа) падкрэслівае, што для гнязда kazati, kaziti, čeznǫti дамінуючымі і зыходнымі былі значэнні ’паказваць, рабіць знак, меціць’, па гэтай прычыне некаторыя з і.-е. паралелей нельга лічыць надзейнымі. Для слав. kazati мяркуецца сувязь з і.-е. *k​ek̑, *k​ok̑‑ ’блішчаць, паказвацца; бачыць’ (Слаўскі, 2, 110). З лексемных адпаведнікаў можна прывесці ст.-інд. kā́śate ’з’яўляецца, блішчыць’, ст.-іран. čašte ’ён вучыць’, ākasat ’(ён) пабачыў’, грэч. τέχμαρ ’знак, прыкмета’. Што ж датычыцца адзначаных у славянскіх мовах значэнняў, то пры іх аналізе, на думку Слаўскага (там жа), неабходна лічыцца з магчымым уплывам прыставачных утварэнняў. Параўн. яшчэ Махэк₂, 246, дзе прапануецца выводзіць слав. kazati з і.-е. *kās, аб чым можна меркаваць, параўноўваючы слав. kazati са ст.-інд. śās‑ti ’паказвае, папракае, павучае і інш.’ Аднак гэта версія мала пераканаўчая па прычыне неадэкватнасці фанетыкі слав. і ст.-інд. слоў. Няясныя магчымыя трансфармацыі фанетыкі і для Махэка, і таму ён дапускае адваротны ўплыў на kazati прасл. kaznь (гл. Махэк₂, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казачо́к1 ’народны танец з паступова нарастаючым тэмпам, а таксама музыка для гэтага танца’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; віц., КЭС; Мат. Гом., Сержп. Грам., Шат.). Калі слова — не беларускі наватвор ад казак у гэтым жа значэнні, то, паводле лінгвагеаграфічных даных, можна меркаваць аб уплыве рус. гаворак, аднак аб геаграфіі рус. слова нельга сказаць нічога пэўнага. Даль (2, 177) адзначае: «казачок… известный вид пляски, перенятой у казаков». Аб этымалогіі гл. казак2.

Казачо́к2 ’васьмушка, 1/8 куб. сажня дроў, прыблізна адзін воз’ (Бяльк., Шат.), ’мера каля 2 вазоў’ (Жд. 2) ’мера дроў, 1/16 кубічнага сажня’. Можна меркаваць аб сувязі з каза1 (утваральнай аснове каз‑), параўн. бел. гом. казёл ’мера дроў, 2,5 м³, рус. арханг. козлец ’маленькі воз сена’. Аб тэрміналагічных утварэннях ад такой асновы гл. казак, казакі. Што датычыцца матывацыі ўтварэння, ёсць тэрміны-дэрываты ад каза, казёл, якія абазначаюць спецыяльную (напрыклад, для аховы ад дажджу) укладку снапоў у полі, рус. складывать в козлы ’складваць адзін кусок торфа на другі сценкай’ (м.-арханг., арл.) і ’складваць цагліны, укладваючы адны плазам, а другія стаўма так, каб паміж імі заставаліся прамежкі для доступу паветра’ (маск.). Матывацыя такая ж, што і тэрмінаў, якія абазначаюць перакладзіны, Т‑падобныя прыстасаванні і сувязь з лексемамі каза, казёл відавочныя. Можна дапусціць, што спецыяльная (для прасушкі) укладка дроў у лесе была аднаго канкрэтнага памеру, што пры ўмове наймення такой укладкі дэрыватам ад каза1 магло прывесці да ўтварэння назвы меры. Зразумелым становіцца і дробнае (ад сажня) значэнне меры. Рус. арханг. козлец ’маленькі воз сена’ можна разумець як аргумент на карысць гэтай жа этымалогіі (< козлец ’укладка снапоў’). Падобны тэрмін мог паходзіць непасрэдна ад козлец (< козел) дзякуючы сваім зааморфным прыкметам (форма палазоў і інш.). Паколькі такога роду ўтварэнні (гл. тэрміны ад каза1 ў бел.) вядомыя, параўн. рус. дыял. казак ’рагуліна, ручка ў сахі, якой араты трымае саху’, можна меркаваць і аб спецыфічнай назве воза, як спецыяльнага, каб вазіць дровы, так і маленькага (які мог атрымаць такое найменне не толькі па яўна зааморфных адзнаках, але і ў кантэксце параўнання з вялікім возам), у тым ліку і ручных санак (саматужак). Што датычыцца апошняй рэаліі, то магчымая сувязь назвы каза, якая адзначана для маленькіх санак, з каза1 магла быць вельмі ўскоснай. Бел. казачок ’мера каля двух вазоў’ можна разглядаць як развіццё значэння слова паводле другой версіі або як аргумент на карысць першай: тады казачок ’укладка дроў, якая размяшчаецца на адным (двух) возе’. Статус бел. слова не зусім ясны — рус. паралелі дазваляюць меркаваць, што намінацыі такога тыпу былі вядомы больш шырока на ўсх.-слав. тэрыторыі. Магчыма, гэта выклікана спецыяльным характарам слова і наступнай яго экспансіяй, аднак аб цэнтры (у сэнсе зыходнага пункта) інавацыі меркаваць як у гэтым, так і ў іншых выпадках такога тыпу вельмі цяжка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́на ’расліна Viburnum opulus’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Маш., Радч., Сержп. Грам., Сцяшк., Яруш.). Паводле слоўніка Кісялеўскага каліна адзначаецца ў Беларусі паўсюдна. З новых крыніц фіксуюць Сл. паўн.-зах., ТС (тут яшчэ каліны ’ягады каліны’). Ёсць таксама шэраг вытворных, з якіх звяртае на сябе ўвагу калініца, адзначанае ў Бялькевіча, Насовіча і Радчанкі, якое апрача бел. сустракаецца ў смал. гаворках — калиница ’куст каліны’ (фальк.), ’ягада каліны’. Магчыма, гэта беларуская інавацыя (ва ўсх. гаворках), параўн., аднак, серб.-харв. калиница. У бел. гаворках зафіксаваны таксама калінавы мост (Бяльк., Доўн.-Зап.), параўн. Махэк₂, 236. Паралелі да бел. каліна: укр. калина, рус. калина (літар. і дыял.), польск. kalina, кашуб. kalëna, в.-луж. kalena, н.-луж. kalina, чэш. kalina, славац. kalina, славен. kalína, серб.-харв. ка̀лина, макед. калина (тут у значэнні ’дрэва гранат’), балг. калина. Звычайна ў слав. мовах значэнне ’расліна Viburnum opulus’, аднак сустракаюцца і розныя іншыя, відавочна, другасныя па паходжанню. Адносна этымона прасл. kalina існуюць розныя думкі. Адна з традыцыйных версій, паводле якой слав. лексіку суадносілі са ст.-в.-ням. holuntar, ням. Holunder ’расліна бузіна, Sambucus’, аспрэчваецца Фасмерам, 2, 168, і шэрагам іншых этымолагаў. Паводле Бернекера, 1, 473, слова суадносіцца з прасл. kalъ з першапачатковай матывацыяй ’куст з чорнымі ягадамі’. Відавочна, што гэта этымалогія абавязана «каляровай» версіі паходжання слав. kalъ. Фасмеру, 2, 168 яна ўяўляецца дастаткова правільнай. Бернекер (там жа) меркаваў аб імавернасці паходжання слова ад kaliti (у сувязі з ярка-чырвонымі ягадамі каліны). Брукнер (214) звяртае ўвагу, што kaliti этымалагічна не суадносіцца з назвай колеру (’каліць’ — ’рабіць цвёрдым, гартаваць’, а не ’распальваць’). У апошні час Трубачоў (Эт. сл., 9, 121) аддаў перавагу этымалогіі, паводле якой kalina суадносіцца з kalъ па прычыне вільгацелюбівасці расліны (так Якабсон, Word, 8, 4, 1952, 388; Махэк, Slavia, 23, 1954, 65; Махэк₂, 236, з літ-рай і семантычнымі паралелямі яшчэ ў Naše Reč, 11, 1927, 121–125). Слаўскі (2, 30) прыняў гэту этымалогію, прыводзячы паўд.-слав. kalina ’балота’. Трубачоў (там жа) падкрэслівае, што спачатку kalina азначала ’сырое месца’, а ўжо потым — вільгацелюбівую ’расліну. Сапраўды, семантычную паралель да гэтага можна ўбачыць ў слав. bagъno ’балота’ і ’расліна Ledum’. Параўн., аднак, Талстой, Геогр., 158 і інш., аб цяжкасці рашэння пытання, што было першым — назва балота ці назва расліны. У канкрэтным выпадку празрыстасць утварэння (калі прымаць этымалогію Махэка) не пакідае сумненняў першаснасці назвы балота. Разам з тым нельга не адзначыць, што яркія ягады расліны з’яўляюцца істотнай прыкметай (параўн. каліна як сімвал дзявоцтва, гл. падрабязней калінкі), апрача таго, існуюць розныя погляды на этымалогію слав. kaliti. Параўн. яшчэ ў Тураўскім слоўніку, 2, 179: «Стоіць певень над рэкою с чырвоною бородою» (загадка пра каліну). У сувязі з гэтым звяртае на сябе ўвагу серб.-харв. ка̏лики, ка̏љика ’рабіна, Sorbus aucuparia’ і дыял. калика ’невялікае дрэўца з плодам, падобным да рабіны, аднак неядомым’. Трубачоў (Эт. сл., 9, 120) адносіць гэта слова да kalina, kaliti (< kalъ), каlъ, аднак якая тут матывацыя? Параўн. яшчэ рус. валаг., арханг. кали́на́ ’моцны нагрэў, жар і да т. п.’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́га1 ’прылада да паганяння, пужка’ (Нас., Шат., Шпіл., Мал., Бяльк., Сцяшк. Сл., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом., Яруш., Гарэц., ТСБМ), púha ’тс’ (Тарн., Маш.), укр. пу́га ’тс’, ст.-польск. pąga, pęga ’раменны біч’ (з XV ст.); Шымкевіч спасылаецца на “валашска-малдаўскае пꙋ́гъ ’пужка’ (Шымк. Собр., 167). Звычайна звязваюць з пуга́ць < пужа́ць ’палохаць’, так ужо Чачот (“púha: bicz włościański i długi pastuszy. Musi pochodzić od pużać, straszyć”, Чач.) і Насовіч, што сустракае пярэчанне, паколькі названы дзеяслоў вядомы пераважна на рускай тэрыторыі, дзе назоўнік малаўжывальны (Праабражэнскі, 2, 148); аднак больш верагодная сувязь з гукапераймальным пуг(у), параўн.: шугу‑пугу кымару (веліжск., Шлюб.), пу́гаць ’сёрбаць, есці з прысвістам’, што перадае гукавы вобраз сцябання пугай, гл. у Праабражэнскага, 2, 148: “пуга — орудіе, которымъ щелкаютъ, хлопаютъ”, параўн. таксама сцяба́ць ’біць, лупцаваць’ і ’прагна есці, хлябтаць’. Менш верагодна з пу́га ’невялікі круглы прадмет, гузік, шарык’, паколькі такія прадметы прымацоўвалі на канцы (або завязвалі вузел у пугі), параўн. польск. pęga ’kulka ołowiana na rzemieniu do biczowania’, pąga ’coś kulistego’ (Банькоўскі, 2, 537). Страхаў (Балто-слав. этнояз. отнош., 45) следам за Талстым звязвае пу́га ’біч’ і праслав. *pǫga ’вясёлка’, рэканструяванае на падставе польск. сілез. puhga, славен. póga і серб.-харв. кайк. puga ’тс’, і прыводзіць літоўскія паралелі для назваў вясёлкі: diẽvo rykštė ’божы дубец’, orãrykštė, dangaus rýkšte ’нябесны дубец’. Сюды ж, відаць, пу́га ’сцябло без лісцяў’ (Ян.), ’адростак агурка, гарбуза’ (Мат. Гом.), параўн. рус. пле́ти ’сцябліны некаторых раслін’, пу́гавыця ’вяроўка’ (Бес.). Гл. таксама пу́га2.

Пу́га2 ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 809), ’журавель у калодзежы’: стаіш стовп, а на ставпу пуга лежыт, а до пугы прывязан ключ (бяроз., Шатал.). Хутчэй за ўсё, да пуга1 з-за знешняга падабенства, параўн. рус. хлыст ’тонкая жэрдка, шост’ і ’пуга, бізун’; менш верагодна да пу́га ’круглы прадмет, патаўшчэнне’ для абазначэння груза на канцы жураўля, гл. пуга3.

Пу́га3 ’божая кароўка’ (брэсц., Цыхун, вусн. паведамл.), сюды ж, магчыма, экспр. пу́га ’той, хто непакоіць, перашкаджае (аб дзецях, малых свойскіх жывёлах)’: чого гэта пуга малая мышае? (драг., Сл. Брэс., З нар. сл.). Узыходзіць да прасл. *pǫgy ’невялікі круглы прадмет, шарык, гузік, патаўшчэнне, вузел’, да семантыкі параўн. вузёл (пра малога хлопчыка) (гл.), балг. въ́зил ’вузел’; жарт. ’малы чалавечак’ і пад. Звычайна параўноўваюць з лат. puőga, puogs ’гузік’, ст.-інд. puñjas ’камяк, маса’ (Фасмер, 3, 400).

Пу́га4 ’жанчына, якая любіць хадзіць па сяле’ (кобр., ЛА, 3). Няясна, магчыма, да наступнага слова.

Пу́га5 ’маланка, разрад’: у буру вялікая пу́га была на небе (брагін., Мат. Гом.). Геаграфічна блізкае бранск. пу́га ’мяцеліца’ (гл. Bałto-słow. zw. jęz., 29) дазваляе звязаць названае слова з лат. pűga ’парыў ветру, віхор’, літ. pugà ’мяцеліца, буран’ і асабліва з выразам versti pugàs ’утвараць шум, мітусіцца’, іншыя паралелі: ст.-ісл. fok: ’мяцеліца, завея’ ад fjúka ’гнаць, мясці’, с.-в.-ням. vochen ’дуць’ (Фасмер, 3, 399); пры гэтым нельга выключыць зрокавую і гукавую асацыятыўную сувязь з пу́га1 (гл.). Паводле Страхава (Балтослав. этнояз. отнош., 45), пу́га ’біч’ — атрыбут славянскага “громовержца” Іллі ў беларускіх і ўкраінскіх калядках: Дзе пугаю махне — там жыта расце.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рысь1 ’спосаб бегу жывёлы’ (ТСБМ), рысі́ць ’бегчы рыссю’ (ТСБМ), рыса́к ’пародзісты, рысісты конь’ (ТСБМ), ры́сом ’рыссю’ (ТС), рысяко́м ’рыссю’ (Юрч.), рус. рысь, ры́сью, рысцо́й, укр. ристь, ст.-руск. ристію. Звязана з рус. риста́ть, ристаю, рищу ’бегчы’ (Фасмер, 5, 531). Няпэўна.

Рысь2 ’драпежная жывёліна’ (ТСБМ, Сцяшк.), ры́ся (Нас., Байк. і Некр.), рус. рысь, укр. рись, ст.-рус. рысь, польск. ryś, славац., чэш. rys, славен. rȋs, rȋsa, серб.-харв. ри̏с, балг. рис. Прасл. *rysъ: *rysь ’рысь’ з’яўляецца, хутчэй за ўсё, вынікам кантамінацыі з rysъ (< ryd‑sъ) ’руды’, ’чырванаваты’, засведчанага праз в.-луж., н.-луж. rysy ’руды’, польск. rysawy ’рудаваты’, славац. rysý, rysavý ’стракаты’, чэш. rysý, rysavý, ryšý, ryšavý ’рудаваты’, ryšán ’рудагаловы’, ’ліс’ і далей роднаснае да ры́жы, руда́, ру́сы (БЕР, 6, 265). Але такое тлумачэнне адрывае славянскую назву ад іншых і.-е. назваў звера. Таму больш верагодным падаецца тлумачэнне з *lysь з другасным r пад уплывам *rysъ ’руды, плямісты’. У апошнім выпадку трэба збліжаць з літ. lúšis ’рысь’, лат. lusis ’рысь’, ст.-пруск. luysis, ст.-в.-ням. luhs ’рысь’, ст.-англ. lox, грэч. λῡγξ (Махэк₂, 527). Кантамінацыя з *rysъ магла абапірацца на матывы табу. Менш верагоднае тлумачэнне ‑r‑ уплывам *rzkati (> бел. рыкаць) або словам рваць. Нельга даказаць запазычанне *rysь з іранскага, паколькі падобнае слова да гэтага часу не занатавана ў іранскай мове (Фасмер, 5, 530–531 з літ-рай; Брукнер, 473; Чарных, 2, 131). Пачатковае r‑ можна тлумачыць і як адзінкавае пранікненне гукавой нормы іншага і.-е. дыялекта — іранскага — у славянскі. У іранскай і індыйскай адбыўся перабой агульнаеўрапейскага плаўнага l у іншы плаўны r (арыйскі ратацызм). “Іранская” форма *rusi і адлюстравана ў слав. *rysь. Гаворка тут ідзе не пра запазычанне з іранскай (у іран. мове слова не зафіксавана), а пра тое, што фанетычная заканамернасць (l > r), якая выступае як норма у адной групе моў, арыйскай, магла, у выглядзе выключэння, праявіцца адзінкавымі выпадкамі ў іншай групе, славянскай (Абаев, Этимология–1966, 261–262). Фанетычныя хістанні ў славянскіх назвах могуць тлумачацца спецыфікай самой семантэмы ’назвы жывёл’. Этымалагічна гэтыя назвы звязаны з і.-е. коранем *leuk​[h]:*luk​[h] ’свяціць’ па прыкмеце колеру светлай ззяючай скуры або вачэй звера (параўн. лат. lûša spalvas zirgs ’конь колеру рысі’) (Гамкрэлідзэ-Іванаў, 511–512). Па версіі Махэка (Махэк₂, 527) тут было і.-е. *lŭkʼ‑ з асновай на зычны, верагодна ад асновы *leu̯kʼ‑ ’глядзець’ (грэч. λεύσσω). Ён мяркуе, што тут былі 2 часткі слова, якія па сэнсе адпавядалі чэш. ostrovid (рысь бачыць і ноччу); у слэнгу старажытных паляўнічых слова было скарочана шляхам адкідання першай часткі. Пры такой моцнай дэфармацыі замест l пачало ўжывацца r, магчыма, з мэтай табу. Аб табу сведчыць і тое, што стара-рускія помнікі стараюцца не ўжываць назву рысь, а карыстаюцца лютый зверь. Па іншай версіі, славянскае r было першасным. Іншыя даводзяць, што слав. *rysь наклалася на слав. *rysъ ’стракаты’, ’каляровы’, ’чырванаваты’, ’рудаваты’, параўн. славен. risága ’вінаградная лаза’, польск. дыял. rysawy ’чырвоны’, чэш. rysý ’тс’, rysavý (Мацэнаўэр; Безлай, 3, 182).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

благі́, ‑ая, ‑ое.

1. Які не мае станоўчых якасцей, не адпавядае патрабаванням; які адмоўна ацэньваецца. Зямля тут благая, пясчаная, і вельмі мала яе. Брыль. Не так баяліся [парабкі] работы, як таго, што харч дужа благі. Чарнышэвіч. Орлік сапраўды быў благім канём: куслівым і брыклівым. Сіняўскі. // Які не валодае майстэрствам у чым‑н.; недастаткова ўмелы. [Госці:] — Танцор з цябе, відаць, зусім благі! Корбан.

2. Які не адпавядае патрабаванням маралі; дрэнны ў маральных адносінах. [Капітан:] — Ясна: звязаўся [Віця], відаць, з благой кампаніяй і заняўся нячыстай справай. Якімовіч. [Мікола:] — Таццяна Марыч?.. Так... Яна папала пад благі ўплыў. Глебка. Шукаць паляўнічага .. [Валодзя] не будзе: гэта благі чалавек, калі страляў у лася... Ваданосаў. // Які заслугоўвае асуджэння, выклікае нездавальненне; дрэнны (пра справы, учынкі, думкі і пад.). Ды яшчэ хлопчык спадзяваўся, што дзед ужо забыў пра яго благі ўчынак. Рылько. Мыслі добрыя, благія мне адкрыты. Дзяргай. [Хаценчык:] — Ніхто слова благога не скажа пра маю службу. Вітка. Суседкі разносілі аб .. [Мар’яне] благую славу ведзьмы-шаптухі. Бядуля. / у знач. наз. благо́е, ‑ога, н. Праўда, Сцёпка стараўся ўпэўніць сябе, што нічога благога ў яго ўчынку не было. Колас. Я не чуў благога пра суседзяў, З імі жыў спакойна, мірна год. Прануза.

3. Непрыемны для іншых (пра манеры, характар і пад.). Благі характар. □ Думаў, думаў бацька, як яму адвучыць сыноў ад благой прывычкі, ды нічога не можа прыдумаць. Якімовіч. Апроч благое манеры нявечыць гаворку, людзі ў Пракопа болей і не знайшлі перамен. Вітка.

4. Нездаровы; з хваравітым выглядам, худы. Як незнаёмы [Адам] ўсё роўна. Але ж нешта з твару благі. Худы. Вышынскі. // Шкодны для здароўя. — А ў нас асабліва клімат благі, — націснуўшы на слове «клімат», шырока ўсміхаючыся адказаў незнаёмы. Гурскі.

5. Які не абяцае нічога добрага; несуцяшальны. І сніць стары Міхайла благія сны. І знакі благія бачыць ён. То курыца запяе. То люлька з губ выпадае. Бядуля. [Хлопцы:] — Чаго гэта ты, Макар, як сам не свой? Мо з дому якая благая вестка прыйшла? Сабаленка. Не трэба журыцца, навошта благія здагадкі, Галіна. Вялюгін. / у знач. наз. благо́е, ‑ога, н. [Марыля:] Баюся, дзедка, вельмі баюся, каб з ім [Лявонам], барані божа, чаго благога не сталася. Купала. // Невясёлы, смутны (пра настрой). [Ліст:] — Настрой, вы кажаце, у вас благі? Прызнацца, мой ад вашага не лепшы. Дубоўка. // Цяжкі, безвыходны.

6. Недастатковы для якой‑н. мэты, у якіх‑н. адносінах. Хаты Манька не манілася прадаваць, хоць купцы здараліся і грошы давалі не благія. Пташнікаў. // Такі, на якога нельга спадзявацца; ненадзейны. [Маці:] — Вось гэта [не даць спісваць] і будзе па-сяброўску. А так благі з цябе сябра! Гамолка. [Турава:] — Злосць, Стэфачка, благі дарадчык. Савіцкі.

7. Які выклікае агіду; гадкі, непрыстойны (пра выразы, словы). Дома, напрыклад, у мяне ніколі не зрывалася з языка благое слова. Ляўданскі.

•••

Благія вочы гл. вока.

Благі час гл. час.

На благі канец гл. канец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; заг. прыстань; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Шчыльна прылягаючы, прымацавацца, прыліпнуць. Да мокрых кашуль дзяцей прыстала многа пяску. Бядуля. Да аднае былінкі прыстала белае пёрка. Гарбук. Холад апёк руку, яна аж прыстала да празрыстага ледзячка. Чарнышэвіч. // Шчыльна прылегчы. Дзверы добра прысталі да вушакоў. // перан. Замацавацца за кім‑н. (пра клічку, мянушку). Калі ён прыехаў на будоўлю, нехта мянушку яму прыдумаў: жырафа, але мянушка не прыстала. Гроднеў.

2. Разм. Перадацца; прычапіцца (пра якое‑н. пачуццё, хваробу і пад.). Занядужаў хлопец, а што за хвароба да яго прыстала — розуму не дабраць. «Беларусь». — Табе што, стаіш, як дуда, на стрэлцы, да цябе і ніякая трасца не прыстане... Лынькоў.

3. Далучыцца, прымкнуць да каго‑н. І неяк так атрымалася, што да Люсі і Гошкі прыстаў у кампанію маленькі плячысты татарын Ахметка і дзяўчынка Валя. Даніленка. — Мы гэта, — сказаў за ім следам Радзівон Бабака, — прыйшлі з ім (глянуў на Стальмаховіча) запытаць у вас, як гэта трэба рабіць, каб да вас прыстаць у гурт, ці гэта заяву трэба пісаць, ці гэта як? Чорны. // Застацца дзе‑н. з якой‑н. мэтай. Маці раіла вайскоўцу: — Прыстаў бы ты, чалавеча, дзе ў вёсцы, перачакаў бы ліхалецце. Асіпенка. — Во хіба знайду якую ціхую вёску ды прыстану да якой ўдавы ці салдаткі. Лупсякоў.

4. Разм. Звярнуццца да каго‑н. з неадчэпнай, надакучлівай просьбай, размовай; назойліва прасіць аб чым‑н. Я перш адказваўся, але.. [Васіль Бераг] так прыстаў, што нельга было адгаварыцца, і я мусіў зайсці з ім к Піню. Гартны. [Касперскі:] Дык парайце, як лепей зрабіць. Жонка прыстала — завязі. Гурскі.

5. Спыніцца, прычаліць, падышоўшы да берага, прыстані і пад. Лодка прыстала да берага. Гаспадар яе цвёрда ступіў на жоўты пясок. Алешка. Калі лодка прыстала да апусцелага берага, каля сетак, развешаных на дручках, не пахаджалі ўжо нават і кантралёры-каты. Брыль.

6. Стаміцца, змагчыся. Падбілася і прыстала Клава, пакалола босыя ножкі, пачала адставаць. Шамякін. Зусім прыстаў дзед Астап, падгіналіся [калені] ад доўгай дарогі. Лынькоў. Конь увесь блішчаў — быў мокры ад поту: прыстаў. Пташнікаў.

7. Разм. Спыніцца на некаторы час; прыпыніцца. Міхал падыдзе і прыстане, І лаву жыцейка агляне. Колас. Можа, трапіш ты ў нашы Аколіцы Нарачы, Мястра, — Не мінай хат рыбацкіх, І ля гатаўскіх сосен высокіх Прыстань адпачыць. Танк.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Пакінуць след, адбіцца. Гады быццам да яго не прысталі. □ — Будуць лаяць, і не толькі, мусіць, цябе адну, будуць усім нам кідаць абразы, а хіба гэта прыстане? Галавач.

•••

Прыстаць (прыбіцца) да берага — замацавацца на пэўным месцы на доўгі час, заняць пэўнае месца ў грамадстве.

Прыстаць з нажом да горла — неадчэпна, настойліва дамагацца свайго.

Прыстаць (пайсці) у прымы — стаць прымаком.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Ціскам зменшыць аб’ём чаго‑н.; згусціць. Сціснуць гаручую сумесь пад поршнем. □ Бацька сажмурыўся і тут жа спытаў: — А што, калі мы сціснем самі сценкі? А? Зробім іх танчэйшымі сантыметраў на пяць — восем. Карпаў. // Разм. Скараціць. Сціснуць тэрміны будаўніцтва.

2. Здушыць. Сціснуць у натоўпе. Сціснуць у перапоўненым вагоне.

3. Моцна, шчыльна абхапіць каго‑, што‑н. Сціснуць у абдымках. □ [Таня] моцна сціснула дзіця, і яно зноў расплакалася. Шамякін. [Старая] сціснула рукамі скроні і заплакала. Чорны. Наручнікі, што скінуць ён жадаў, Нібы аўчаркі, упіліся ў злосці, І рукі сціснула жалеза, нібы ўдаў. Сіпакоў. // Узяўшы, моцна трымаць што‑н. (у руках, зубах). Пасуровеў бацька, да болю сціснуў рычаг паравозны. Лынькоў. [Ева:] — Ну, адно [цяля] хутка навучыцца піць, а ў другога і дзясны зацвярдзеюць, а яно не ўмее. Сцісне другі раз дзяснамі палец... Палтаран. Карага моцна сціснуў у руках сваю вінтоўку. Колас. // Шчыльна акружыць, абступіць з усіх бакоў. Людзі зноў сціснулі круг: здалёку ж не ўгледзіш, як ходзяць у чалавека ногі. Пташнікаў. Аўтаматчыкі сціснулі кальцо вакол трайчапцаў, і афіцэр праз перакладчыка спытаў: — Дзе партызаны? Пальчэўскі. // Звузіць якую‑н. прастору; сцясніць. [Піліп:] — Куды ні ступі, усё панскае... Сціснулі гэтых мужыкоў так, што і нікнуць нельга. Чарнышэвіч. І неўзабаве, як толькі асталіся ззаду паплавы, а раку сціснулі паміж сабой падмытыя абрывістыя берагі, туману зусім не стала. Чыгрынаў. // перан. Заглушыць, прыглушыць. І Агапа сціснула ў сабе ўласніцкія матчыны жаданні, аддала іх на ахвяру маладога кахання. Мурашка. Віктар як мага сціснуў у сабе раптоўную радасць і прыжмурыў вочы ў страшэнна дзелавітай развазе. Зарэцкі.

4. Здушыць, сцясніць (горла, грудзі). Спазмы моцна і балюча сціснулі Косцева горла, ён памкнуўся нешта сказаць, але адчуў, што не мае сілы. Адамчык. Чалавек цяжка захварэў. Нешта падперла пад бакі, сціснула грудзі, твар увесь смыліць. Ермаловіч. / у безас. ужыв. Хвядос глянуў на ўнучка, на дзяўчынку, на Апанасіху, і ў горле яго сціснула, як абцугамі. Скрыпка. // перан. Выклікаць адчуванне болю, цяжару (на душы, у сэрцы). Нядобрае прадчуванне сціснула .. сэрца [Максіма]. Машара.

5. Шчыльна злучыць (губы, зубы, пальцы і пад.). Доктар сціснуў губы і працёр акуляры. Чорны. Андрэй сціснуў зубы і не адказаў. Чарнышэвіч. Лявон сціснуў у кулак вузлаватыя жалезныя пальцы і, строга гледзячы на хлопцаў, паўтарыў: — Чалавек павінен па сабе след на зямлі пакінуць. Інакш ён не чалавек. Б. Стральцоў. // Насупіўшыся, зблізіць (бровы). Вольга па хвіліну сціснула бровы і прыкрыла вочы... Пестрак.

6. Схапіць, працяць (марозам, холадам). Зямлю сціснуў мароз. □ Холад на імгненне сціснуў .. [Сяргея] у сваіх абдымках, сухое калючае паветра зацяло дыханне. Шыцік. // Прыціснуць (пра мароз). [Мірон:] — Віна добрая.. Глядзі, якое здаровае зерне. Яе толькі малаціць трэба, калі ўжо крыху сцісне марозік... Скрыган.

•••

Сціснуўшы зубы — тое, што і сцяўшы зубы (гл. сцяць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)