Строк1 ‘авадзень’ (Маш., Дразд., Сцяц. Сл., Скарбы; кіраў., Нар. сл.), ‘здрок, Gasterophilidae’ (Федар. 4, Сцяшк. Сл.; брэсц., гродз., шчуч., ЛА, 1), строк, стрэк ‘авадзень’ (гродз., свісл., шчуч., баран., асіп., пін., гарад., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), страк, стрэк ‘страказа’ (дзятл., шчуч., Сл. ПЗБ). Рус. строка́, стрёк ‘авадзень, сляпень’, ц.-слав. стръкъ, чэш. streček, славац. streček, н.-луж. stśak, в.-луж. ćělčk, серб.-харв. штр̑к ‘тс’, балг. щръ́клица. Прасл. *strěkъ (рэканструкцыя Махэка₂, 585). Вытворнае ад *strěkati, гл. стрыка́ць. Шустар-Шэўц (1367–1368) як праславянскае ўзнаўляе *strečьkъ. Арашонкава і інш. (Весці, 1969, 4, 129) бел. строк параўноўваюць з літ. straglỹs//straklys ‘страказа’, stràkas ‘бойкае дзіця’, strakùs ‘здольны высока падскочыць’, straksėti ‘падскокваць’, што, магчыма, датычыць толькі значэння ‘страказа’, гл. Астрэйка, АКД, 8. Фасмер (там жа), прынамсі параўнанне з strakùs лічыць ненадзейным, а Махэк₂ (там жа) у якасці паралелі прыводзіць ням. stechen ‘калоць’ з ‑к‑ замест g і ўстаўкай ‑r‑.

Строк2 ‘тэрмін’ (Бяльк., Пятк. 2, ТС; беласт., Сл. ПЗБ; Жд. 1, Ян.; в.-дзв., Шатал.). З рус. срок ‘тс’ з устаўным т (паходзіць ад *sъrekti ‘дамовіцца’, гл. рэкнуць).

Строк3 ‘від шва’ (Сл. рэг. лекс.), стро́чка ‘шво’ (Мат. Гом.). Узыходзіць да прасл. *strokъ ‘укол, пракол’, звязанага чаргаваннем з прасл. *strěkati ‘калоць’ (ЕСУМ, 5, 448). Адсюль страчы́ць ‘шыць, вышываць суцэльным швом’ (ТСБМ), ‘шыць уручную’ (мядз., Сл. ПЗБ). Параўн. страка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Студзі́ць ‘рабіць халодным, астужаць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Варл., Сл. ПЗБ, Бяльк.), ‘ліхаманіць’ (Байк. і Некр.), ‘халадзіць, марозіць’ (баран., Сл. ПЗБ), студзі́цца ‘астуджвацца, ахалоджвацца’ (ТСБМ, Бяльк.), студзёны ‘халодны’ (Бяльк.), студзёна ‘холадна’ (Бяльк., Мат. Маг.). Параўн. укр. студи́ти, рус. студи́ть, польск. studzić, в.-луж. studzić, н.-луж. stuźiś, чэш. studiti ‘студзіць’, славац. studiť, серб.-харв. сту́дити, сту́дјети ‘быць халодным’, славен. stúditi ‘адносіцца з агідай’, балг. студя, макед. студи ‘астуджаць; халадаць’. Прасл. *studiti ‘рабіць халодным, астужваць’. Шустар-Шэўц (1369–1370), Бязлай (3, 337) дзеяслоў лічаць вытворным ад прасл. *studъ, *studa ‘холад’, параўн. укр. дыял. сту́да ‘холад’, студ ‘сорам’, рус. дыял. сту́да, студь ‘холад’, студ ‘сорам, знявага’, польск. ostuda ‘прастуда’, чэш., славац. stud ‘сорам’, серб.-харв. сту̑д ‘холад’, славен. stȗd ‘агіднасць’, балг., макед. студ ‘холад, мароз’, ст.-слав. стоудъ ‘сорам, ганьба’. Борысь (585) выводзіць з *stydnǫti (гл. стыць) з чаргаваннем галосных у корані ŭ/ou/y/u. Параўноўваецца з ст.-інд. tudáti, tundatē ‘штурхае, коле, джаліць’, tōdas ‘той, хто дасаліць’, tōdas ‘укол’, лац. tundō, tutudā, tū(n)sum, tundere ‘біць, калаціць, удараць’, гоц. stautan ‘штурхаць’ і інш., гл. Бернекер, IF, 10, 154. Славянскую дзеяслоўную аснову *stud‑ узводзяць да і.-е. *stou‑, *stū‑ ‘стаяць’ і звязваюць з стыгнуць (гл.) і роднаснымі (Младэнаў, 614; Бязлай, там жа) аналагічна да і.-е. nomen actionis *stou̯do‑s. Параўн. стыд. Гл. яшчэ з аглядам літ-ры Фасмер, 3, 786–787; а таксама Махэк₂, 589–590; ЕСУМ, 5, 456–457.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сце́рва ’падла’, ’лаянкавае слова’ (Нас.), ’труп здохлай жывёлы’ (Ласт.), ’лаянкавае слова на жанчыну’ (Маш., Пятк. 2), стэ́рва (stérwa) ’тс’ (Федар. 4), сце́рва ’подлы чалавек’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сце́рво ’падла’ (ТС, ПСл). Укр. сте́рво, рус. сте́рва ’падла; лаянкавае слова’, ст.-рус. стьрва, стьрвь ’труп’, польск. ścierw, ścierwo ’падла’, каш. sciř, в.-луж., н.-луж. śćerb ’тс’, серб.-харв. стр̑в ’тс’, балг. стръв ’падла; прынада, мяса на прынаду’, макед. стрв ’жарсць, корць, азвярэнне’. Прасл. *stŕ̥vь, *stŕ̥vi ’падла; труп жывёліны, які гніе’ < і.-е. (s)ter‑ ’нячыстая вадкасць, гной; гніць’ з суф. *‑vь < *u̯‑ī‑; гл. Борысь, 612–613; параўноўваецца з лат. *stḕrdêt ’сохнуць, гнісці’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1063), нарв. дыял. stor ’гніенне, тленне’, лац. stercus ’гной, памёт’, ст.-пярс. strav‑ ’апаганьваць сябе’; гл. Фасмер, 3, 756–757 з іншай літ-рай. Паводле іншай версіі, слова роднаснае рус. сте́рбнуть ’рабіцца жорсткім, дранцвець’, с.-в.-ням. sterben ’паміраць’, грэч. στερεός ’нерухомы’; гл. Патабня, РФВ, 4, 212; Праабражэнскі, 2, 383. Гл. яшчэ SEK, 4, 254–255; Шустар-Шэўц, 1273; Глухак, 591; ЕСУМ, 5, 410. Спробы, грунтуючыся на серб.-харв. дыял. стр̑в ’смецце’, параўн. таксама стр́вим ’раскідаць, рассыпаць, разарваць на часткі’, звязаць з *terti, гл. церці (Пятлёва, Этимология–1994–1996, 57–64), або, абапіраючыся на балтыйскія адпаведнікі, вярнуцца да сувязі з *sterti, гл. сцерці, ці рус. стербнуть (Тапароў, Зб. Варбат, 394–396), не пераконваюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыта́ ’мёд або цукар, разведзены гатаванай вадой’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Маш., ТС, Растарг., Сцяшк., Сл. Брэс.), ’засалоджаная мёдам вада як абрадавая страва’ (Сержп. Прымхі, Серб. Вічын, Арх. Вяр., Ян.; слаўг., Нар. сл.; рагач., ганц., карэліц., З нар. сл.; ЛА, 5), ’раствор мёду або цукру для падкормлівання пчол’ (Анох.; слаўг., Нар. сл.), тое ж сыць (Мат. Гом.), ’страва з кавалачкаў хлеба, пакрышаных у салодкую ваду’ (Сл. Брэс.), ’страва з цёртых канапель’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.), сюды ж сы́ціца ’напой з перабрадзіўшай сыты’ (ТС), саці́ца ’напой на сотавым мёдзе’ (Барад.), сыты́ця ’тс’ (Доўн.-Зап., Пін.). Укр. сита́, рус. сыта́, стараж.-рус. сыта́ ’вада, падсалоджаная мёдам, гатаваны мёд’. Слова без пэўнай этымалогіі; на аснове польск. woda miodem nasycona ’вада, сычоная мёдам’ Гараеў (356) выводзіў ад *sytъ ’сыты’; супраць Міклашыч (336). Набліжалі таксама (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1129) да ст.-прус. sutristio ’сыроватка’, літ. sutré, sùtros ’памыі, мутная брудная вадкасць, асадак’, лат. sutra ’гнаявая жыжка’, ст.-ірл. suth ’сок, малако’; Брандт (РФВ, 24, 189) і Ільінскі (РФВ, 62, 139) звязвалі таксама з *sъtъ, гл. соты. Гл. Фасмер, 3, 820; ЕСУМ, 5, 244. Сюды ж сыці́ць ’падсалоджваць ваду, квас мёдам і пад.; настойваць мёд на чым-небудзь’, якому адпавядаюць укр. сити́ти ’падсалоджваць’, рус. сыти́ть ’тс’, польск. sycić ’запраўляць чым-небудзь’: sycić miód ’перарабляць пчаліны мёд на пітны’, што паводле Борыся (590), да прасл. *sytiti ’рабіць сытым, насычаць, карміць’, ад *syty (гл. сыты).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сядзе́ць ’займаць сядзячае становішча’, ’знаходзіцца, праводзіць час’, ’быць у зняволенні’, ’размяшчацца дзе-небудзь’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сцяшк., Ласт., Стан., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’кватараваць’ (узд., Жд. 1), седе́ті ’сяліцца, жыць’ (пін., З нар. сл.), ст.-бел. сѣдѣти, седѣти, седети ’тс’ (Альтбаўэр), сѣдѣти, седети ’пасяляцца, жыць, пражываць’, ’валодаць выдзеленым надзелам зямлі’ (Статут 1529 г., гл. Мацкевіч, Грынавецкене, ЖНС, 206 і наст.). Укр. сиді́ти, рус. сиде́ть, польск. siedzieć, в.-луж. sedźeć, н.-луж. sejźeś, чэш. sedět, славац. sedieť, серб.-харв. дыял. сјѐдити, славен. sẹdéti, балг. седя́, макед. седи. Прасл. *sěděti, *sědi̯ǫ адпавядае літ. sėdė́t, лат. sêdêr, гоц. sitan, ст.-ісл. sitja ’сядзець; жыць’; балта-славянскія формы з доўгім галосным у корані адпавядаюць гоц. прош. часу sētun < і.-е. *sēd‑, параўн. яшчэ ст.-інд. sídati ’ён сядзіць’, лац. sīdō ’саджуся’, якія ўзыходзяць да рэдуплікаванага *sizd‑ (Вальдэ-Гофман, 2, 509). Чэшскія і лужыцкія формы (без даўгаты) адпавядаюць лац. sedēre ’сядзець’ (Шустар-Шэўц, 1280). Фартунатаў (KZ, 36, 50) рускае і ўкраінскае *сидѣти < *sěděti тлумачыць як вынік асіміляцыі ў 2‑й і 3‑й ас. адз. л.: *sědiši, *sěditъ; у беларускіх формах Карскі (1, 226) бачыць захаванне старога стану. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 618; Бязлай, 3, 222; Махэк₂, 539; Борысь, 545–546; ЕСУМ, 5, 226–227; Шаўр, Studia Etym. Brun., 3, 367 (скарачэнне праславянскай даўгаты лічыць другаснай з’явай з мэтай пазбыцца аманіміі з адпрыметнікавым дзеясловам ад *sěd‑ ’сівы’). Гл. сесці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́бар1 ’стан або абоз цыганоў’, ’умацаваны лагер з абозам’, ’часовая стаянка; бівак’ (ТСБМ, Нас., Ласт.), та́бор ’тс’ (Вруб.), сюды ж вытворныя та́барышча ’месца стаянкі цыганоў; выган, паша’ (Бяльк.), ’скопішча, стан’ (Нас.), та́бірышча ’месца жыхарства’ (барыс., Сл. ПЗБ), табо́ры мн. л. ’лагер’ (вільн., Сл. ПЗБ), та́барыцца ’сяліцца’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. та́бір, та́бур, рус. та́бор, польск. tabor, чэш., славац. tábor, славен. tábor, серб.-харв. та̑бор, балг. та́бор ’тс’, макед. табор. Ст.-бел. таборъ ’абоз, табар’ запазычана ў канцы XVI ст. са ст.-польск. tabor, якое, у сваю чаргу, лічыцца запазычаннем XV ст. са ст.-чэш. tábor. Першапачаткова азначала гусіцкі лагер і паходзіла ад аднайменнай назвы зададзенага гусітамі горада Tábor, якая ад наймення біблейскай гары Thabor (Фавор у Назарэце), гл. Трубачоў, Дополн. (4, 7, з літ-рай.), Голуб-Ліер, 475; Рэйзак, 648. Мажліва, таксама з крым.-тат. tabur ’вайсковы абоз’ (Фасмер, 4, 6–7; ЕСУМ, 5, 499; Булыка, Лекс. запаз., 122), дзе з польск. tabor або венг. tábor (Брукнер, 563). Вывядзенне з тур. tabur ’полк, батальён, пастроены ў выглядзе квадрата’, першапачатковая семантыка ’месца, прастора, якую атаварыў полк’ (Сной₁, 651), абвяргаецца цюрколагамі, гл. Немет, Acta Ling. Hung., 3, 431–436; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 387. Параўн. атабарыцца, гл.

Та́бар2 ’гайня ваўкоў’ (чашн., круп., ЛА, 1), ’гайня, зграя ваўкоў і сабак’ (Жыв. св.). Метанімічны перанос з та́бар1 са значэннямі ’група; скопішча’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарпа1 ’вялікая сцірта снапоў або саломы пад адкрытым небам’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Байк. і Некр.), ’куча снапоў, складзеная камлямі навонкі, а каласамі ў сярэдзіну’ (Варл.), ’застаронак у гумне’ (тураў., ЛА, 2), ’частка ў гумне, якая заложана адным відам збожжа’ (кругл., валож., ЛА, 5), ’прыстаронак, месца ў гумне паабапал току, дзе складваецца збожжа’ (Сл. ПЗБ, Шатал.), ’сцірта, складзеная ў гумне паміж дзвюх супрацьлеглых сцен вузкай паласой; дах на слупах без сцен, дзе складалі сена’ (Касп.), торп ’сцірта снапоў у гумне’ (ТСБМ, Тур., Сцяшк.; ашм., Стан.), ’адгароджаная частка гумна, застаронак’ (Сл. ПЗБ), тарпі́на ’застаронак’ (гродз., Сл. ПЗБ), торпы́на ’сцірта (сена, саломы, збожжа)’ (стол., ЛА, 2), ст.-бел. торпъ ’тс’ і адзінка для вымярэння неабмалочанага збожжа’. Фіксуецца з 1539 г. і лічыцца запазычаннем з літ. tárpas (Буга, Rinkt. 2, 630; Булыка, Лекс. запазыч., 95; Лаўчутэ, Балтизмы, 34; Гутшміт, ZfSl, 19, 269), дзе развіццё значэння ад ’прамежак’ да ’застаронак’, гл. Анікін, Опыт, 288. Разглядаецца як балта-фрака-беларуская ізаглоса, параўн. фрак. tarpas, terpas ’зазор, прамежак’, гл. Санько, Бел. гіст. агляд, 14, 1–2, 329.

Тарпа2 ’торф’ (Сцяшк., Сл. Брэс., Янк. 2; дзятл., маст., брасл., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’тарфяное балота’ (брасл., Сл. ПЗБ), торпа́ ’торф, іл’ (жыт., Жыв. НС). Адаптаванае ў народнай мове торф (гл.; замена ф > п, канчатак ж. р. ‑а з-за фанетычна не ўласцівага канцавога спалучэння ‑рп, перанос націску на канцавы склад), гл. таксама торп2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тло1 ’тое, што сатлела, спарахнела, згніло; тлен, прах, попел’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.), ’прах, попел, тлен’ (Нас.), тлё ’гніль, парахно’: бадай сена да тлём стала (гом., Рам. 8). Аддзеяслоўны назоўнік ад тлець (< *tъlěti) ’гніць; паціху гарэць’ (гл.) з семантыкай ’вынік працэсу’; сюды ж, відаць, і тля ’?’: нехай цебе тля тлиць (Нас.) у значэнні суб’екта дзеяння (’агонь’?).

Тло2 ’аснова’ (Сцяшк.), ст.-бел. тло ’дно’ (пач. XVII ст., КГС). Укр. тло ’аснова’, рус. дыял. тло ’дно, аснова’, стараж.-рус. тьло ’зямля, грунт, падлога’, польск. tło ’фон; грунт; под у печы’, н.-луж. tło ’падлога, паласа зямлі, краіна’, в.-луж. tło ’падлога’, чэш. дыял. tlo, tla ’дашчаная столь’, славац. tlo ’столь’, славен. tlò, tlà ’грунт, зямля; падлога’, серб.-харв. тло̏ ’тс’, макед. тло ’грунт’, ст.-слав. тьло. З прасл. *tьlo ’дно, аснова, грунт’, роднаснага да *stьlati ’рассцілаць, слаць’. Далей роднаснае да літ. tìlė ’дошчачка з насцілу ў лодцы; палена, шчапа’, tìlės ’дашчаны насціл на дне чаўна’, tìltas ’мост’, pãtalas ’пасцель’, лат. tals, tale ’выбельванне (лёну)’, tilts ’мост’, прус. talus ’падлога’, ст.-в.-ням. dilla, dili ’маснічына’, ст.-ісл. þel ’грунт, аснова’, ст.-ірл. talam ’зямля’, лац. tellūs ’тс’, грэч. τηλίᾱ ’дошка для гульні’, ст.-інд. talam ’раўніна’ на падставе і.-е. *tel‑ ’плоскі’, ’рассцілаць’ (Борысь, 634; ЕСУМ, 5, 584; Фасмер, 4, 65; Брукнер, 571; Махэк₂, 645; Бязлай, 4, 186; Каруліс, 2, 406–407).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́ха, ст.-бел. троха ‘крыха, невялікая колькасць’: таꙗ троха крови (ГСБМ), фіксуецца ў спалучэнні з назоўнікамі ў розных склонах з 1543 г.: тую троху земице; з тоей трохи муки, з трохою хлеба, на тросѣ соломы, а таксама з дзеясловамі, прыметнікамі і прыслоўямі, на базе якіх сфарміравалася ўжыванне ў функцыі прыслоўя (Жураўскі, БЛ, 1, 63), у тым ліку ў форме, ідэнтычнай назоўніку тро́ха ‘нямнога’ (Касп., ТС, Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Шат.; ашм., Стан.), гл. таксама траха, трохі, троху. Параўн. рус. дыял. тро́ха ‘невялікая колькасць’, польск. trocha ‘тс’, чэш. trocha ‘тс’, славац. trocha ‘тс’, старое в.-луж. trocha ‘драбніца, маласць’, н.-луж. tšocha ‘тс’, славен. troha ‘крыха, невялікая колькасць’, серб. тро̏ха ‘крошка (хлеба)’, харв. trȍha ‘тс’, балг. троха́ ‘тс’, макед. троа ‘мала, крышку’, трошка ‘крошка’, ст.-слав. троха ‘крыха, невялікая колькасць’. Прасл.*troxa (варыянт *trъxъ, параўн. ст.-рус. тръхът ‘крыха, дробная манета’) выводзяць ад прасл. *trěskati ‘трашчаць, трэскаць’, параўн. літ. trekšė́ti ‘трашчаць, хрустець’, гоц. priskan, ст.-в.-ням. drescan ‘малаціць’, што чаргуецца з прасл. *trexati ‘калаціць, трэсці’ (гл. тро́хаць) адпаведна прасл. *‑sk‑: *‑x‑, параўн. труско́м і тру́хам ‘рыссю’, гл. Сной₂, 786; Борысь, 642 (звязвае з *troska ‘тое, што з’яўляецца вынікам растрэсквання; асколак’; параўн. Брукнер, 576). Меркаванні пра сувязь з *terti (гл. церці), а таксама сумненні наконт гэтага гл. у Фасмер, 4, 107; Шустар-Шэўц, 1531; ЕСУМ, 5, 653.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тушы́ць1 ‘гасіць, спыняць гарэнне’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Яруш., Сержп. Прымхі, ТС, Юрч. Сін., Вруб.): pierunovy ahoń hrech tuszyć (Пятк. 2), перан. ‘спыняць, заглушаць, не даваць развівацца’ (ТСБМ). Параўн. укр. туши́ти ‘гасіць, супакойваць’, рус. туши́ть ‘тс’, стараж.-рус. утушити ‘задушыць’. Прасл. *tušiti ‘тушыць, супакойваць, рабіць ціхім’ — каўзатыўны дзеяслоў у адносінах да *tuxnǫti (гл. тухнуць1), з якім знаходзіцца ў этымалагічнай сувязі (Борысь, 655), роднасны ст.-прус. tusnan ‘ціхі’, літ. tausýtis ‘сціхнуць (пра вецер)’, ст.-інд. tosáyati ‘супакойвае’, што да < і.-е. *tou̯s‑ ‘ціхі, мірны’ (Скок, 3, 528; Фасмер, 4, 128; ЕСУМ, 5, 687). Сюды ж адносіцца запазычанае са ст.-польск. tuszyć ‘спадзявацца, мець надзею’ ст.-бел. тушити, тушыти ‘тс’ (1577 г., ГСБМ) з развіццём значэння ад ‘супакойвацца, суцішацца’ да ‘спадзявацца’ (Борысь, 655; ЕСУМ, 5, 689), што можа лічыцца семантычнай інавацыяй часткі іранска-праславянскага моўнага арэала (Трубачоў, Труды, 2, 83).

Тушы́ць2 ‘варыць на малым агні ў закрытай пасудзіне’ (ТСБМ, Нас., ТС, Касп.). Укр. дыял. туши́ть ‘тс’, рус. туши́ть ‘тс’, польск. дыял. túszyć, побач з tusić, dusić ‘тс’, харв. túšiti, балг. задуша̀вам ‘тс’. Гістарычна фармальна ідэнтычнае прасл. *tušiti (гл. тушыць1); варыянтнасць асновы слова ў розных славянскіх мовах тлумачыцца кантамінацыяй ці застаецца няяснай (Скок, 3, 528; Слаўскі, 1, 180; Махэк₂, 135).

Тушы́ць3 ‘рабіць тухлым’, тушы́цца ‘рабіцца тухлым’ (Юрч. СНЛ). Да ту́хлы (гл.) з чаргаваннем х > ш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)