ДЗЯЛЕ́ННЕ,

арыфметычнае дзеянне, адваротнае множанню. Падзяліць лік a (дзеліва) на b (дзельнік адрозны ад нуля) — значыць знайсці такі лік x (дзель), што здабытак bx = a (або xb = a). Для абазначэння Дз. выкарыстоўваюць знакі двукроп’я (a:b), гарыз. (ab) або нахільнай (a/b) рысы.

Для рацыянальных лікаў (цэлых, дробных і нуля) Дз. адназначнае і заўсёды магчымае (акрамя Дз. на нуль, што немагчыма). У межах цэлых лікаў — адназначнае, але не заўсёды магчымае, напр., 6 дзеліцца на 2 і 3, але не дзеліцца на 5. Абагульненнем звычайнага Дз. з’яўляецца Дз. з астачай. Падзяліць цэлыя неадмоўныя лікі a на b — знайсці такія цэлыя неадмоўныя лікі x і y, якія задавальнялі б патрабаванні a = bx + y, y < b, дзе x — няпоўная дзель (пры y ≠ 0) ці дзель (пры y = 0); y — астача. Гл. таксама Падзельнасць.

т. 6, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ РАЁННАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ (ДРЭС),

цеплавая кандэнсацыйная электрастанцыя, якая выпрацоўвае толькі электрычную энергію. Першая ў свеце раённая электрастанцыя на мясц. паліве (торфе) магутнасцю 15 мВт пабудавана ў 1912—14 пад Масквой па ініцыятыве рус. інжынера Р.​Э.​Класона. Планам ГОЭЛРО (1920) прадугледжвалася збудаванне некалькіх цеплавых электрастанцый, з іх найб. вядомая Шатурская ДРЭС, у Беларусі — Асінаўская ДРЭС (гл. Беларуская ДРЭС). Паступова тэрмін ДРЭС амаль страціў свой першапачатковы сэнс («раённая») і ў сучасным разуменні азначае кандэнсацыйную электрастанцыю даволі вял. магутнасці, якая працуе ў аб’яднанай энергасістэме побач з інш. буйнымі электрастанцыямі. Першай і адной з самых буйных цеплавых электрастанцый блочнага тыпу ў Беларусі з’яўляецца Бярозаўская ДРЭС (920 тыс. кВт). У Беларускай энергетычнай сістэме працуюць таксама Лукомская ДРЭС (найбольшая з такога тыпу электрастанцый; 2400 тыс. кВт), б. Васілевіцкая ДРЭС (гл. Светлагорская ЦЭЦ).

т. 6, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛАР (англ. dollar ад ням. Taler талер),

1) грашовая адзінка ЗША, роўная 100 цэнтам. Уведзены з 1786 паводле рашэння кангрэса ЗША (спачатку сярэбраны, з 1792 і залаты). З 1873 пасля адмены свабоднай чаканкі серабра грашовай адзінкай стаў Д. залаты. З 1928 эмісія Д. ў банкнотах, з 1965 — медна-нікелевага Д. У сучаснай валютнай сістэме Д. фактычна прызнаны асновай валютных парытэтаў і курсаў. Д. ЗША з’яўляецца таксама грашовай адзінкай Віргінскіх Астравоў, Гуама, Ліберыі, Мікранезіі, Панамы, Пуэрта-Рыкі, Тайваня, Усх. Самоа, Церкса і Кайкаса.

2) Грашовая адзінка Аўстраліі, Багамскіх Астравоў, Барбадаса, Беліза, Бермудскіх Астравоў, Брунея, Гаяны, Зімбабве. Кайман Астравоў, Канады, Ліберыі, Лівіі, Новай Зеландыі, Саламонавых Астравоў, Сінгапура, Сянгана (Ганконга), Трынідада і Табага, Фіджы, Ямайкі, групы краін Карыбскага басейна (усходнекарыбскі Д.).

3) Сярэбраная манета ў Кітаі (1907—49).

т. 6, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЦКІЯ-ЛЮБЕ́ЦКІЯ,

княжацкі род герба «Друцк», адгалінаванне роду кн. Друцкіх. Сыны Васіля Рыгоравіча Друцкага Багдан (каля 1450—да 1500) і Раман (каля 1450—да 1525) набылі маёнтак Любчу на Валыні (адсюль 2-я частка прозвішча). Валодалі таксама часткай Друцкага княства з Відунічамі (Відзенічамі), таму некат. прадстаўнікі роду называліся кн. Відуніцкімі. Найб. вядомыя:

Шыман (каля 1665—1710), стольнік оўруцкі (1709), перад смерцю прызначаны мінскім кашталянам. Францішак (каля 1735—1806), суддзя земскі (1765), харужы (1773), маршалак (1782) і кашталян (1793) пінскі. У 1794 заснаваў мураваны касцёл у Луніне. Францішак Ксаверы (1778—1846). Вучыўся ў Пецярбургскім кадэцкім корпусе, удзельнічаў у 1799 у паходзе А.​В.​Суворава ў Італію і Швейцарыю. Маршалак Гродзенскай губ. (1812). У 1816 часовы гродзенскі губернатар, з 1821 міністр скарбу Царства Польскага.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫМ,

1) акладная (падатковая) адзінка на Русі і ў Расіі (9—18 ст.), Македоніі (13—14 ст.), Польшчы, Закаўказзі (13—19 ст.). Складаўся з дома і двара аднаго ўладальніка; падатак («падымнае») звычайна браўся з колькасці печаў і дымаходаў у гаспадарцы (напр., у 16—18 ст. спец. падатак на карысць мясц. адміністрацыі ў Расіі).

2) Сялянская гаспадарка ў ВКЛ у 14—18 ст. Уяўляла сабой гасп. комплекс малой або вялікай (якая не падзялялася) сям’і, складалася з хаты, гасп. будынкаў, розных с.-г. угоддзяў, рабочай і прадукц. жывёлы, гасп. інвентару. Д. быў адным з асн. аб’ектаў права ўласнасці феадалаў на зямлю, а таму і адным з асн. аб’ектаў уліку іх маёмасці. Разам са службай, дварышчам, жэрабем і валокай служыў таксама адной з асн. адзінак абкладання дзярж. падаткамі і феад. павіннасцямі.

т. 6, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯФА́НТАВЫ ЎРАЎНЕ́ННІ,

від алгебраічных ураўненняў ці іх сістэм з цэлымі каэфіцыентамі, у якіх рашэнні шукаюцца ў цэлых або рацыянальных ліках. Названы ў гонар Дыяфанта.

Колькасць невядомых у Д.у. перавышае колькасць ураўненняў (невызначальныя ўраўненні). Д.ў. 1-й ступені ax+by=1 пры ўзаемна простых a і b мае бясконцае мноства рашэнняў. Д.ў. 2-й ступені таксама можа мець бясконцае мноства рашэнняў, напр., ураўненне Пеля x​2 − Ay​2 = 1 (A>0; A — няпоўны квадрат). Агульная тэорыя Д.у. вышэйшых ступеняў адсутнічае, але даказана невырашальнасць вядомай праблемы Ферма: Д.ў. x​n + y​n + z​n не мае рашэнняў у натуральных ліках x, y, z і n>2 (А.​Вайлс, Р.​Тэйлар, ЗША, 1995).

Літ.:

Гельфонд А.О. Решение уравнений в целых числах. 4 изд. М., 1983.

В.​І.​Бернік.

т. 6, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСА́НТ (франц. descente літар. спуск, высадка),

войскі, спецыяльна падрыхтаваныя для высадкі (выкідання) на тэрыторыю праціўніка або высаджаныя (выкінутыя) на ёй з мэтай вядзення баявых дзеянняў. У залежнасці ад характару пастаўленых задач, глыбіні высадкі і колькаснага складу войск Д. бываюць аператыўна-стратэгічныя, аператыўныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя, спец. прызначэння і дэманстратыўныя; паводле сродкаў і спосабаў перакідкі войск — марскія, паветраныя і камбінаваныя. Вылучаюць таксама Д. карабельныя і танкавыя.

Паветраныя Д. бываюць парашутныя (паветрана-дэсантныя войскі і тэхніка выкідваюцца з ваенна-транспартных самалётаў на парашутах), пасадачныя (высаджваюцца з самалётаў, верталётаў і планёраў, якія прызямляюцца ў тыле праціўніка) і камбінаваныя. Марскія Д. перавозяцца на спец. дэсантных караблях і трансп. суднах, высаджваюцца на бераг, на захопленыя прычалы або з дапамогай дэсантна-высадкавых сродкаў і верталётаў. Першымі звычайна высаджваюцца часці марской пяхоты.

Ф.​Р.​Каламоец.

т. 6, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭШЫФРА́ТАР (ад франц. dēchiffrer разбіраць, разгадваць),

прылада для аўтам. расшыфроўкі кода (дэкадзіравання) паведамленняў. Пераўтварае даныя ў зыходную форму, якую яны мелі да кадзіравання (шыфравання).

Інфармацыя. што паступае на ўваходы Д., пераўтвараецца і на адпаведным выхадзе (ці групе выхадаў) вылучаецца сігнал, які паказвае прыкмету (або змест) уваходнага сігналу, напр. код прынятага ліку пераўтварае ў сігнал кіравання пэўным каналам сувязі (калі лік мае n двайковых разрадаў, Д. можа мець да 2​n выхадаў), код аперацыі — у кіроўны сігнал, код адраса — у сігнал выбаркі адпаведнай ячэйкі памяці запамінальнага прыстасавання ЭВМ і інш. Бываюць патэнцыяльныя, імпульсныя і патэнцыяльна-імпульсныя; паводле прынцыпу дзеяння адрозніваюць паралельныя, паслядоўныя і паралельна-паслядоўныя, паводле будовы — лінейныя, пірамідальныя і прамавугольныя. Выкарыстоўваюцца ў радыё-, выліч. і вымяральнай тэхніцы, тэлеф. і тэлегр. сувязі, тэлекіраванні і інш. Гл. таксама Дэкодэр, Дэтэктар.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЕВА́НГЕЛЛЕ ВУЧЫ́ЦЕЛЬНАЕ»,

помнік старажытнабеларускага кнігадрукавання, першае на Беларусі друкаванае евангелле. Выдадзена І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам у 1569 у Заблудаве на царк.-слав. мове. Уключае таксама творы візант., балг. і стараж.-рус. пісьменнасці, у т. л. «Слова на ўшэсце Кірылы Тураўскага». Мае прадмову, напісаную гетманам ВКЛ Р.​Хадкевічам.

Надрукавана фарматам у аркуш (407 аркушаў) з выкарыстаннем паўустаўнага шрыфту маск. выдання «Апостал». У аздобе спалучаны рысы маск. і бел. кнігадрукавання: тытульны ліст, гравюры з выявай герба Хадкевіча (мяркуюць, што выканаў Мсціславец), 3 застаўкі, 6 канцовак, 2 ініцыялы, 77 ламбардаў (дробных ініцыялаў). Застаўкі выкананы ў т.зв. старадрукарскім стылі (спалучэнне адлюстраванняў акантавага ліста, кедравых шышак, граната і інш.) белымі лініямі па чорным фоне (двойчы) і чорнымі па белым. Вядома больш за 40 экзэмпляраў. «Е.в.» неаднаразова перавыдавалася.

В.​Ф.​Шматаў.

т. 6, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ (ЕЭС),

«Агульны рынак», група з 12 зах.-еўрап. краін (Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Іспанія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Партугалія, Францыя), якія ў 1957 аб’ядналіся ў эканам. саюз і ажыццявілі інтэграцыю сваіх эканомік. У ЕЭС створаны адзіны ўнутр. рынак, зняты абмежаванні на свабоднае перамяшчэнне тавараў, капіталаў, рабочай сілы паміж краінамі, створана адзіная валютная сістэма, устаноўлена агульная с.-г. і трансп. палітыка. У 1967 органы Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі і Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі зліліся з органамі ЕЭС і трыадзіная інтэграцыйная арг-цыя пачала афіцыйна называцца Еўрапейскімі супольнасцямі, а неафіцыйна з 1992 — Еўрапейскай супольнасцю, якая мае агульныя выканаўчыя, прававыя і заканад. органы. Супольнасць мае таксама цесныя сувязі з краінамі, якія сталі на шлях развіцця. Кіруючыя органы ЕЭС — Камісія і Савет Міністраў — знаходзяцца ў г. Брусель (Бельгія).

т. 6, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)