Віць 1 ’балота з вокнамі’ (Жучк., 14). Няясна. Магчыма, славянскага паходжання, ад віць 2 з наступным мяркуемым развіццём значэння: *віць ’што-небудзь плеценае’ (параўн. рус. вить ’тс’) → ’праход з плятня праз балота → балота’. У семантычных адносінах параўн. гаць ’праход праз топкае месца, дарога праз гаць’ і гаць ’багна’. Не выключана балтыйскае паходжанне. Тапароў і Трубачоў (Лінгв. аналіз, 180) параўноўваюць таксама гідронімы Вить, Веть і інш. гэтага ж кораня з жэмайц. Витути, Витагола.
Віць 2 (БРС, Нас., Бяльк., Шат., Гар.). Рус. вить, укр. ви́ти, польск. wić, в.-луж. wić, н.-луж. wiś, чэш. víti, vijt, славац. viť, серб.-харв. ви̏ти, ви̏је̑м, славен. víti, балг. ви́я. Роднасныя літ. výti ’віць’, лат. vît, ст.-інд. váyati ’пляце, тчэ’, лац. víeo, viēre ’плясці’, гоц. waddjus ’вал’ (Траўтман, 346; Вальца–Гофман, 2, 786 і наст.; Фасмер, 1, 322).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нарт ’упарты чалавек, які хоча усё рабіць па-свойму’ (Бяльк.), ’назола, упарты’ (Юрч. Фраз.), нарт і нард ’упартае, сярдзітае дзіця ці жывёла’ (Нас.), сюды ж нарціцца ’ўпарціцца’ (Юрч. СНС). Згодна з Фасмерам, з *na і *гг > /ъ ’вастрыё, шпень’ (гл. рот), параўн. фразеалагізм лезці на ражон ’быць настырным, упартым’ (гл. Фасмер, 3, 46); вывядзенне Насовічам нард < нарад ’нараджэнне’, параўн. вырадак, рус. урод і пад., здаецца менш пераканальным у сувязі з малой распаўсюджанасцю форм слова з канцавым -д, якія самі маглі ўзнікнуць пад уплывам народнай этымалогіі; балтыйская этымалогія, якую прапанаваў Вяржбоўскі для бел. дыял. нарт, анарт, нард ’дэспат, вупар’ < літ. nartus ’наравісты, упарты’ і якую Лаўчутэ. (Балтизмы, 56) лічыць надзейнай, пры наяўнасці назоўніка nartas /нораў’ і дзеяслова nertėti ’шалець’ здаецца больш пераканальнай, асабліва ўлічыўшы лакальны характар беларускага слова. Параўн., нарат ’чорт’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Не́сці ’несці, дастаўляць і інш.; несці яйкі’ (БРС, ТСБМ, Сл. ПЗБ, Бяльк.), а таксама несць, нясці (Бяльк., Сл. ПЗБ), несці (ТС); укр. не́сти, рус. не́сти, польск. nieść, чэш. nésti, славац. niesť, в.-луж. njesć, н.-луж. njasć, славен. nesti, серб.-харв. не́сти, балг. неса́, макед. несе́ ’несці яйкі’. Прасл. *nesti, роднаснае літ. néšti, лат. nest ’несці’ і інш., гл. Фасмер, 3, 67; Шустар-Шэўц, 13, 1014; Махэк₂ (396) і Бязлай (2, 220) адрозніваюць аманімічныя формы са значэннем ’несці, дастаўляць і пад.’ ад формаў са значэннем ’несці яйкі’; апошнія разглядаюцца як збліжаныя на базе народнай этымалогіі з *nesti ’несці, дастаўляць’ утварэнні ад прасл. *nersti (гл. нераст), якое мела значэнне, акрамя ’нерасціцца’, таксама ’пладзіцца, несці яйкі (пра птушак)’. Малаверагодна, паколькі апошняе значэнне добра выводзіцца з ’дастаўляць’, параўн. не́сьціся ’імчацца; нясціся (пра курэй)’ (Касп.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Няўклю́да, няўхлю́да ’няўдалы чалавек’ (Сл. ПЗБ), не́ўклюдзь ’недарэка’ (слаўг., Нар. словатв.), няўклю́дны ’непрыгожы, непрывабны’ (Яўс.), неўклюдны ’няскладны, няспрытны’ (ТС), няўклюдня ’мізэрнасць, непрывабнасць, няўтульнасць’ (Яўс.), рус. неуклю́д ’няскладны, няспрытны чалавек’, неуклюдный, неуклюжий ’непаваротлівы’. Да прасл. *klʼudъ, прэфіксальныя ўтварэнні прадстаўлены ў рус. уклюжий ’лоўкі, спрытны’, чэш. ukliditi ’давесці да ладу’ і пад. Паводле Трубачова (Эт. сл., 10, 55), застаюцца нявысветленымі суадносіны форм *klʼudъ, *sklʼud‑, *xlʼud‑, параўн. схлюдны (гл.). Не адпавядае рэчаіснасці таксама сцверджанне (там жа) аб адсутнасці адпаведных формаў у паўднёваславянскіх мовах, параўн. балг. дыял. неоклюжав ’нялоўкі’ (р‑н г. Трын), якое Добраў (Старинни бълг. думи. София, 1987, 86) суадносіць з рус. неуклюжий ’тс’. Гл. таксама Кузняцова, РР, 1977, 2, 82–86; Фасмер, 3, 69. Ці не паўплывала на семантыку беларускага слова літ. kliùdýti ’чапляць за што-небудзь, перашкаджаць’, а таксама ’пападаць’ (параўн. неўпапад ’недарэчы’)?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́ліўка ’бручка, Brassica napus’ (ДАБМ, Касп., Мат. Гом.), каляўка ’тс’ (ДАБМ). Рус. асташ., пск., цвяр., наўг., пецярб. калевка ’тс’, наўг., пск., цвяр., велікал., уладз., калуж., а таксама ў рус. гаворках Прыбалтыкі каливка ’тс’. Рэгіянальнае ўтварэнне ад каліва ’бручка’, параўн. у такім значэнні наўг., пск., цвяр. калива. Структура апошняга слова не вельмі ясная; нельга прыняць меркаванне Смулковай, Балтызмы, 41, што крыніцай бел. слова з’яўляецца лат. kālis або літ. kõlis ’бручка’. Не выключаецца магчымасць утварэння слова на слав. тэрыторыі (параўн. варыятыўнасць лексемы: калика, калига, калива, каля і да т. п.). Адпаведная структура была ўжо ў мове, адкуль пайшла міграцыя тэрміна, магчыма, было некалькі зон, адкуль слова запазычана. Параўн. каліка (гл.). Бел. слова сустракаецца ў розных гаворках, што, відаць, сведчыць не столькі аб страце лексемы на большай тэрыторыі, колькі аб розных напрамках яе пранікнення.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Асца́ ’лішай’ (Бяльк., Нас., Гарэц., Др.-Падб.), ’выдзяленне сліны’ (Янк. I; Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 128); ісца́ (Нас., Бяльк.). Рус. дыял. восца́ ’моцнае імкненне да чаго-небудзь’, ’надта жвавы чалавек’, восса́, васся́, асса́, ’хвароба скуры’. Малаверагодная думка Арашонкавай і інш. пра сувязь з лац. ascit ’вадзянка’ (?); недаказана таксама іх думка пра сувязь з літ. aščiagaliai ’абсыпкі’. Фасмер (1, 358), Мяркулава (Этимология, 1970, 156–157) выказвалі думку пра этымон *osьca < *obsьca, утворанага ад дзеяслова *obsьcati. Ці сюды форма ст.-рус. вошьца ’апукліна’ (XVI ст.)? Этымалагічная сувязь з дзеясловам семантычна не беззаганная. Таму магчымы і іншыя тлумачэнні: з *ostьca (як рус. дверца, ленца) ад *ostь (гл. восці) (па свербу, выкліканаму, напрыклад, стрэмкай), ці з *osъpьca (параўн. воспа, vospica ў некаторых славянскіх мовах). Няясна. Гл. яшчэ ісца.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ба́йкаць 1 ’укалыхваць, люляць’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.), ’пагаворваць’ (Нас.). Рус. ба́йкать ’тс’. Утварэнне ад выклічніка бай‑бай, што азначае «ўкалыхванне дзяцей», і вядомага ва ўсіх усх.-слав. мовах (з тыповым у адвыклічнікавых утварэннях суфіксам ‑к). Ёль (IF, 57, 11) лічыць бай‑бай (як і англ. bye, bye ’тс’) гукапераймальным. Аднак не выключаецца сувязь з слав. *bajati ’гаварыць’ (гл. ба́іць), параўн. Брандт, РОБ, 18, 28. Фасмер (1, 106, 140) дапускае абедзве магчымасці.
Ба́йкаць 2 ’гаварыць што-н., плявузгаць’ (Юрч.), ’пагаворваць’ (Гарэц., Нас.). Рус. ба́йкать ’тс’. Утварэнне суфіксам ‑к‑ (частым у эмацыянальных дзеясловах) ад *bajati ’гаварыць’ (гл. ба́іць). Суфікс ‑к‑ у слав. мовах меў значэнне фарманта дэмінутыўнасці ў дзеясловах (захаваўся як прадуктыўны, напр., у зах. гаворках укр. мовы, у зах. і паўд.-слав. мовах). З апошняй літ-ры гл. Чарнецкі, Мовознавство, 1970, 5, 42–48.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бар рэстаран, бар’ (БРС). Рус. бар, укр. бар. Запазычанне з англ. bar ’стойка’ (< франц.). Гл. Шанскі, 1, Б, 37. Падрабязна (з літ-рай) аб гісторыі і распаўсюджанні ў еўрапейскіх мовах гл. MESz, 1, 242.
Бар! (бар‑бар!) ’падзыўное слова для авечак’ (гл. ДАБМ, № 305, Лысенка, ССП). Рус. бар‑бар‑бар, барь‑барь‑барь, барька, ба́ря‑ба́ря ’тс’, ба́рька ’авечка’, ба́ря ’баран’. Звязана з баран (гл.). Адкрытым застаецца пытанне аб першапачатковасці выклічніка ці назоўніка. Фасмер (1, 123), Махэк₂ (54) лічаць, што спачатку быў выклічнік (Коржынэк, LF, 58, 430). Параўн. яшчэ альпійскія (паўн.-італ.) словы для абазначэння авечкі, барана: bera, bar і г. д. Трубачоў (Происх., 76) мяркуе, што выклічнікі — вытворныя ад назоўнікаў (так і MESz, 1, 249, дзе венг. bari! — падзыўное слова для авечак < bárány ’баран’). Параўн. бару́сік! Гл. таксама паралелі пад бірко́вы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бары́цца ’марудзіць’ (Нас., Гарэц., Кос.), барі́цца (Бяльк.), бары́ць затрымліваць’ (Нас.). Ст.-бел. барити ’тс’ (Нас. гіст.). Укр. бари́тися, рус. дыял. (арл., кур., варонеж.) бари́ться ’тс’, бари́ть ’затрымліваць’. Цёмнае слова. Ільінскі (РФВ, 62, 251) бачыў тут аблаутную форму да і.-е. *bheu̯ā‑ ’быць’ + суф. ‑r‑ (*bhu̯ar‑ > *bar‑) і знаходзіў сувязь з серб.-харв. бо̀равити ’знаходзіцца’ (але аб серб.-харв. слове параўн. Чоп, SR, 12, 170–176, там і літ-pa). Іншая версія: сувязь з дзеясловам *variti (з часовым значэннем). Так, ужо Насовіч (Нас. гіст., пад барити), пазней Трубачоў (ZfSl, 3, 671). Але з семантычнага погляду гэта не пераконвае. Магчыма, таго ж паходжання, што і рус. дыял. ба́риться ’важнічаць; лодарнічаць, ляпіцца’ (параўн. і ноўгарад. бари́ться ’важнічаць’; усё ад ба́р(ин)); так ужо Даль (гл. Краўчук, БЛ, 1973, 4, 68). Параўн. яшчэ Рудніцкі, 81.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Боўдзіла 1 ’жэрдка, якой заганяюць рыбу ў сетку’ (З жыцця). Не вельмі ясны шлях утварэння гэтага слова. Няясна нават, ад якой асновы можна вывесці гэту назву. Паколькі ‑іла ўказвае на аддзеяслоўнае паходжанне слова, а адпаведнага дзеяслова няма, то, можа, трэба думаць пра зыходнае *боўціла (да боўт ’рыбалоўная прылада’, гл.). Але і ў гэтым выпадку марфалогія слова астаецца няяснай. Можна, праўда, думаць пра нейкі зыходны дзеяслоў тыпу *боўдзець, *баўдзець, *баўдзіць, які меў бы гукапераймальны характар. Параўн. рус. дыял. балди́ть гультайнічаць; часта паўтараць адно і тое ж’. Але параўн. і ўкр. бовдур ’комін; густы дым, хмара; жэрдка ў рыбаловаў (!); дурань’. Параўн. яшчэ літ. дзеяслоў báldyti ’стукаць’ (інтэнсіўная форма ад bélsti ’тс’, гл. Фрэнкель, 39). Версія пра зыходнае *боўціла, здаецца, падтрымліваецца словам бо́ўціла ’лаянкавае слова’. Параўн. баўдзі́ла.
Бо́ўдзіла 2 ’дурань’. Гл. баўдзі́ла.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)