РЭ́РЫХ Святаслаў Мікалаевіч (23.10.1904, С.-Пецярбург — 30.1.1993),
расійскі і індыйскі мастак, мастацтвазнавец, грамадскі дзеяч. Сын М.К.Рэрыха і А.І.Рэрых. Ганаровы чл.АМСССР (1978) і Балгарскай АМ (1978), чл.Інд.нац. акадэміі прыгожых мастацтваў (1987). Вучыўся на арх. курсах Калумбійскага і Гарвардскага ун-таў (ЗША, 1920—23). З 1923 узначальваў Міжнар. цэнтр мастацтваў «Карона Мундзі», з 1928 віцэ-прэзідэнт Музея М.Рэрыха ў Нью-Йорку, чл.-заснавальнік Пакта Рэрыха, таксама кіраваў даследаваннямі па батаніцы, аюрведычнай і тыбецкай медыцыне, вывучэннем гімалайскага і тыбецкага мастацтва і фальклору ў Міжнар.НДІ «Урусваці». З 1931 жыў у Індыі. У 1980-я г. ў г. Бангалор заснаваў культ.-асв. «Цэнтр мастацтваў», у які ўваходзяць школа выяўл. мастацтваў, музей стараж.-інд. мастацтва, выставачныя залы і маст. галерэя імя М.Рэрыха. Па яго ініцыятыве створаны Міжнар. цэнтр Рэрыхаў з Цэнтрам-музеем імя М.Рэрыха (1989, Масква) і Міжнар. мемарыяльны трэст імя М.Рэрыха (1992, Індыя). Яго творчасць як мастака і як грамадскага дзеяча прасякнута глыбокім гуманізмам. У творчасці абапіраўся на лепшыя традыцыі рас.рэаліст. мастацтва, заходнееўрап. жывапісу, стараж. традыцыі Індыі. Сярод лепшых твораў: «Чаша Буды» (1938), трыпціх «Укрыжаванне чалавецтва» (1939—40), «Гірнар» (1944), серыя «Свяшчэнная флейта» (1946—48), «Дэвіка Рані Рэрых» (1951), «Чырвоная зямля» (1953), «Вечнае жыццё» (1954), «Вясна» (1958), «П’ета», «Вогненны дракон» (абодва 1960), «Папярэджанне чалавецтву» (1962), «Дажджы» (1971), «Мая краіна цудоўная» (1974), «Палюбі бліжняга свайго» (1976). Маст. мова партрэтаў, пейзажаў, жанравых карцін і кампазіцыйных фантазій вылучаецца поліфанічным гучаннем колеру, светланоснасцю. Філас. светапогляд Р. складаўся на аснове гуманіст. традыцый эпохі Адраджэння і вывучэння Жывой Этыкі. Лічыў, што прыгажосць з’яўляецца эвалюцыйнай сілай, якая пераўтварае жыццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКІ ТЭА́ТР БЕЛАРУ́СКАЙ ДРАМАТУРГІ́І Створаны ў снеж. 1990 у Мінску як падраздзяленне Бел.т-ра імя Я.Купалы па рабоце з.драматургамі. З 1993 атрымаў статус рэсп.т-ра і сучасную назву. Заснавальнік і першы маст. кіраўнік т-ра В.Мазынскі. З вер. 2000 т-р узначальвае В.Анісенка.
Гал. мастак В.Цімафееў (да 2000). З вер. 1994 працуе з пастаяннай трупай, сфарміраванай з выпускнікоў акцёрскага аддзялення Бел.АМ (маст. кіраўнік Мазынскі). Спектаклі ідуць на бел. мове. Першы спектакль — «Ку-ку» М.Арахоўскага. Т-р аддае перавагу творам пачынаючых драматургаў, у рабоце з якімі выкарыстоўваюцца індывідуальныя формы, праводзяцца семінары, сцэн. чытанні п’ес па ролях і інш.Найб. ўвагу надае фарміраванню бел. рэпертуару: «Барбара Радзівіл» Р.Баравіковай, «Галава» І.Сідарука, «Нагавіцы святога Георгія» і «Чорны квадрат» М.Клімковіча і М.Адамчыка, «Паваліўся нехта» У.Галубка і Л.Родзевіча, «Містэр Розыгрыш» С.Кандрашова, «Пеўчыя» Г.Марчука, «Заложніца кахання» і «Стомлены д’ябал» С.Кавалёва, «Дзіця з Віфлеема» М.Пінігіна, «Апошняя пастараль» А.Адамовіча, «Развітанне з Радзімай» А.Паповай і інш. Сярод твораў рус. і замежнай класікі: «Рычард III» і «Макбет» У.Шэкспіра, «Лекар паняволі» Мальера, «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць...» Б.Брэхта, «Шампань-скага!» паводле А.Чэхава («Прапанова», «Юбілей») і інш. Рэпертуар вызначаецца жанравай разнастайнасцю: фарс-абсурд, камедыя жахаў, паэт. драма, прытча, сцэны з рыцарскіх часоў, фарс-рэпетыцыя; асветніцкі спектакль для старэйшых школьнікаў («Бог Дыяніс — тэатра Бог» — І.Чаркаса). Спектаклі ставілі і ставяць рэжысёры А.Гарцуеў, А.Гузій, М.Дзінаў (Гавядзінаў), У.Осіпаў, Пінігін, В.Растрыжэнкаў, Т.Сулімава, Р.Таліпаў. Значны ўклад у дзейнасць т-ра Т.Мархель.
І.І.Чаркас.
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Апошняя пастараль» А.Адамовіча.Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Галава» І.Сідарука.Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сцэна са спектакля «Стомлены д’ябал» С.Кавалёва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКА́РГА (Павенскі) Пётр
(люты 1536, г. Груец Мазавецкага ваяв., Польшча — 12.9.1612),
царкоўны і паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай; пачынальнік польскай аратарскай прозы. Скончыў Кракаўскую акадэмію (1555), удасканальваў адукацыю ў Рыме. З 1569 чл. ордэна езуітаў. З 1574 у ВКЛ. Заснавальнік і першы рэктар (1579—84) Віленскай езуіцкай акадэміі. Заснаваў Полацкі езуіцкі калегіум, калегіумы ў Рызе і Дэрпце (цяпер Тарту, Эстонія). Вёў актыўную барацьбу супраць Рэфармацыі. Дзякуючы аратарскаму таленту заўсёды перамагаў сваіх апанентаў у дыспутах. Здолеў вярнуць уплывовага прыхільніка кальвінізму М.К.Радзівіла (Сіротку) у каталіцызм. З 1584 у Кракаве, з 1588 прыдворны прапаведнік караля Жыгімонта III Вазы. Ініцыятар і прапагандыст Брэсцкай уніі 1596. Аўтар рэліг.-паліт. твораў «Пра еднасць Божай царквы» (1577), «Жыціі святых» (1579), «Брэсцкі сінод» (1597), «Сеймавыя казанні» (1600), «На трэны і лямонт Тэафіла Арталога» (1600) і інш. Выступаў за моцную цэнтралізаваную дзяржаву на чале з каралём з абсалютнай уладай; аднак дзеянні манарха, на яго думку, павінны абмяжоўвацца правам і радай. Разам з тым паліт. ідэалам лічыў тэакратыю, пад якой разумеў кіраванне царк. улады пры дапамозе караля. Абгрунтоўваў ідэю царк. уніі для ўмацавання духоўнага адзінства дзяржавы. Рэзка крытыкаваў анархізм і разбэшчанасць шляхты, яе класавы эгаізм, сац. няроўнасць і прыгнёт сялянства. Папярэджваў, што прамаруджванне з рэформамі па цэнтралізацыі дзяржавы можа прывесці да падзення Рэчы Паспалітай. У 19 ст. С. разглядаўся польскай інтэлігенцыяй як прарок трагічнага лёсу краіны. Творы С., у т. л. «Брэсцкі сінод» і «Абарона Брэсцкага сінода», пераклаў на бел. мову і выдаў І.Пацей пад агульнай назвай «Апісанне і абарона сабору рускага брэсцкага» (1597).
Тв.:
Pisma wszystkie. T. 1—4. Warszawa, 1923—26.
Літ.:
Шалькевіч В.Ф. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі. Мн., 1999;
Tazbir I. Piotr Skarga: szermierz kontrreformacji. 2 wyd. Warszawa, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРО́ГАНАВЫ,
расійскія купцы і прамыслоўцы, буйныя землеўладальнікі, дзярж. дзеячы і мецэнаты 16 — пач. 20 ст. З паморскіх сялян. У 1515 Анікей Фёдаравіч С. (1497—1570) засн. на р. Вычэгда саляны промысел. У 1558 цар Іван IV падараваў яму і яго нашчадкам землі па рэках Кама і Чусавая. Пазней С. захапілі і асвоілі новыя тэр. на Урале і ў Сібіры, дзе будавалі гарады і крэпасці, развівалі земляробства, солеварэнне і інш. промыслы. Унукі Анікея Максім Якаўлевіч (?—1620-я г.) і Мікіта Рыгоравіч (?—1620) спрыялі паходу ў Сібір у 1581—82 Ермака (гл.Ярмак), у 1610 атрымалі званне «імянітых людзей». У 1680-я г. ўсе ўладанні С. аб’яднаў Рыгор Дзмітрыевіч С. (1656—1715), які значна дапамог дзяржаве ў час Паўночнай вайны 1700—21, за што яго сыны Аляксандр, Мікалай і Сяргей атрымалі ад Пятра I тытул баронаў (1722) і ўвайшлі ў склад рас. арыстакратыі. Сярод іх нашчадкаў найб. вядомыя: Аляксандр Сяргеевіч С. (1733—1811), граф «Свяшчэннай Рым. імперыі» (1761), рас. граф (1798), прэзідэнт Акадэміі мастацтваў, чл.Дзярж. савета; яго сын граф Павел Аляксандравіч С. (1772—1817), таварыш (нам.) міністра ўнутр. спраў (1802—07); Сяргей Рыгоравіч С. (1794—1882), граф (1817), папячыцель (кіраўнік) Маскоўскай навуч. акругі (1835—47), маскоўскі ген.-губернатар (1859—60), старшыня Маскоўскага таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх (1837—74), заснавальнік Строганаўскага маст. вучылішча (1825, цяпер Маскоўскі маст.-прамысл.ін-т); Рыгор Аляксандравіч С. (1770—1857), граф (1826), рас. пасланнік у Швецыі (1812—16) і Турцыі (1816—21); Аляксандр Рыгоравіч С. (1795—1891), граф, чарнігаўскі, палтаўскі і харкаўскі ген.-губернатар (1836—38), міністр унутр. спраў (1839—41). Многія са С. цікавіліся мастацтвам, л-рай, гісторыяй, археалогіяй, былі ўладальнікамі багатых бібліятэк і маст. калекцый. З іх прозвішчам звязана назва Строганаўскай школы 16 — пач. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЕАДЗІ́НСТВА,
філасофскае паняцце, якое характарызуе цэласнасць і арганічнае адзінства універсальнага сусветнага быцця, узаемапранікненне і раздзельнасць яго састаўных элементаў, іх тоеснасць адзін аднаму і цэламу пры захаванні якаснай спецыфічнасці і індывідуальнасці. У гісторыі філасофіі ідэя У. знайшла адлюстраванне ў неаплатанізме, хрысц. платанізме, рэліг.-містычных дактрынах (кабала, тэасофія, антрапасофія), ням. класічнай філасофіі (Г.Гегель, Ф.Шэлінг). Найб. поўнае выяўленне ідэя У. атрымала ў рус. «філасофіі У.» ў 19—20 ст.Заснавальнік «філасофіі У.» — У.С.Салаўёў; яе развівалі С.М.Трубяцкой, Я.М.Трубяцкой, П.А.Фларэнскі, С.Л.Франк. Л.П.Карсавін, С.М.Булгакаў, М.А.Лоскі і інш. Паняцце У. ў «філасофіі У.» мае найперш анталагічны змест, але закранае і гнасеалагічныя, этычныя, сацыялагічныя, антрапалагічныя і інш. аспекты. Пры распрацоўцы вучэння пра У. Салаўёў імкнуўся да стварэння цэласнага светапогляду, у аснову анталогіі ён паклаў прынцып станоўчага У., пад якім разумеў адзінства састаўных элементаў быцця ў Абсалюце. Існаванне рэальнай множнасці рэчаў і іх раз’яднанасць ён тлумачыў унутр. дыялектыкай Абсалютнага-Звышіснага. Пад адзінствам элементаў быцця Салаўёў разумеў дыялектычна супярэчлівае ўзаемадзеянне мноства сіл і тэндэнцый, дзе гал. роля належыць фактарам інтэграцыі: Сусв. душы, Сафіі і Богачалавецтву. У аснове гнасеалагічнага абгрунтавання «філасофіі У.» — ідэя існавання 2 тыпаў ведаў і адпаведных ім тыпаў быцця: абстрактных лагічных ведаў у выглядзе паняццяў, суджэнняў і інш. (у анталагічным плане ім адпавядае прадметная рэальнасць) і «жывых ведаў» (у анталагічным плане ім адпавядае сапраўднае быццё, звышрэальнасць). Калі абстрактныя веды жорстка падпарадкоўваюцца законам логікі, то «жывыя веды» характарызуюцца зліццём суб’екта пазнання з аб’ектам, адкрытасцю і незавершанасцю. «Філасофія У.» як самаст. кірунак развівалася да сярэдзіны 20 ст.; яе ідэі пра сутнасць сусв. быцця, пра ўзаемадзеянне духоўнага і матэрыяльнага пачаткаў паўплывалі на далейшае развіццё рас. філасофіі.
Літ.:
Зеньковский В.В. История русской философии. Т. 1—2. Л., 1991;
Гайденко П.П. Диалектика «теокосмического всеединства» // Идеалистическая диалектика в XX столетии. М., 1987;
Хоружий С.С. После перерыва. Пути русской философии. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІЯКРА́ТЫ (франц. physiocrates ад грэч. physis прырода + kratos сіла, улада, панаванне),
прадстаўнікі аднаго з кірункаў класічнай школы палітэканоміі і сацыялогіі эканамічнай 18 ст.
Школа Ф. узнікла ў Францыі, тэорыі Ф. распрацоўваліся таксама ў Італіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Швецыі і інш.Заснавальнік кірунку Ф. — Ф.Кенэ, асн. прадстаўнікі — А.Р.Ж.Цюрго, П.С.Дзюпон дэ Немур, В.Мірабо, Г.Летрон, П.Мерсье дэ ла Рыўер. Філас. аснова вучэння Ф. — ідэя натуральнага права. У процівагу меркантылізму Ф. лічылі, што асн. багацце дзяржавы паходзіць з вытв-сці, найперш сельскагаспадарчай, а не з грашовага абарачэння. Абсалютызуючы эканам. і сац. значэнне с.-г. працы, яны вылучалі ў грамадстве класы вытворчыя (працаўнікі сельскай гаспадаркі, землеўладальнікі) і непрадукцыйны (бясплодны, які аб’ядноўваў сац. слаі, што не мелі непасрэднага дачынення да земляробства). Ф. адстойвалі ідэю неўмяшання дзяржавы ў эканоміку, крытыкавалі спробы ўлады рэгуляваць прам-сць, асабліва з дапамогай падаткаабкладання.
На Беларусі вучэнне Ф. пашырылася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Прыхільнікам ідэі натуральнага парадку выступаў І.Страйноўскі, які разумеў пад ім адзінства фіз. і маральнага парадку, законаў прыроды і грамадства; прынцыпы натуральнага права ён разглядаў у якасці крытэрыяў дасканаласці сац.-паліт. ладу, крыніцы правоў асабістай свабоды, узаемнай дапамогі, прыватнай уласнасці. Ідэю натуральнай абумоўленасці грамадскіх адносін падтрымліваў І.Я.Масальскі, які падкрэсліваў неабходнасць больш эфектыўнага выкарыстання зямлі і сял. працы як адзінай крыніцы ўсіх багаццяў, выступаў за паляпшэнне матэрыяльных умоў жыцця і ўзроўню адукацыі сялян. І.І.Храптовіч звязваў магчымасць пастаяннага росту забяспечанасці і асветы для ўсіх з арганізацыяй грамадскага жыцця ў адпаведнасці з патрабаваннямі натуральнага парадку, згодна з якім кожны павінен працаваць на тым месцы, якое яму наканавана. Погляды Ф. развівалі М.Ф.Карповіч, В.Калінскі, якія лічылі, што ўзровень дзярж. дабрабыту залежыць ад земляробаў — асн. стваральнікаў багаццяў, а ўсе сац. супярэчнасці яны звязвалі з цяжкім эканам. становішчам і нізкім узроўнем адукацыі сялянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАПЭ́Н (Chopin) Фрыдэрык (22.2 ці 1.3.1810, Жалязова-Воля, каля Варшавы — 17.10.1849),
польскі кампазітар, піяніст; заснавальнік польскай муз. класікі. Вучыўся ў Гал. школе музыкі ў Варшаве пад кіраўніцтвам Ю.Эльснера (1826—29). Быў звязаны з удзельнікамі паўстання 1830—31. З 1831 у Парыжы. Яго творчасць рамант. па характары, глыбока нар., мае акрэсленую патрыят. накіраванасць, увасабляе абагульнены вобраз Польшчы (карцін яе гераічнага мінулага і сучаснага Ш. нар. побыту, матывы нац. л-ры, фальклору), раскрывае ідэі нац.-вызв. барацьбы. Пісаў пераважна фартэпіянную музыку, пашырыў маст. магчымасці інструмента, адыграў ролю ў развіцці фп. фактуры: меладызаваў муз. тканіну, узбагаціў яе спецыфічна фп. поліфаніяй, сінтэзаваў розныя віды тэхнікі, раскрыў выразнае значэнне дэмпфернай педалі. Яго наватарства выявілася ў галіне гармоніі, мелодыкі, рытмікі, у трактоўцы класічных жанраў і муз. форм. Стварыў жанр фп. балады, паглыбіў змест жанраў накцюрна, эцюда, прэлюдыі, скерца, узняў на высокі маст. ўзровень нац.-танц. жанры; мазурку, паланэз; надаў рысы рамант. паэмы фантазіі, санаце, баладзе, скерца. Сярод асн. твораў: 2 канцэрты для фп. з аркестрам (1829, 1830), 3 санаты (1827—28, 1839, 1844), фантазія (1841), 4 балады (1835—42), 4 скерца (1832—42), 4 экспромты (1834—42), 16 паланэзаў, 58 мазурак, 17 вальсаў, 21 накцюрн, 26 прэлюдый (у т. л. цыкл з 24 прэлюдый, 1839), 27 эцюдаў, п’есы для фп., фп. трыо (1829), саната для віяланчэлі і фп. (1846), 19 песень, баркарола, калыханка і інш. З 1927 у Варшаве праводзіцца міжнар. конкурс піяністаў імя Ш.
Тв.:
Рус.пер. — Письма. Т. 1—2. 3 изд. М., 1982—84.
Літ.:
Лист Ф. Ф.Шопен: Пер. с фр. 2 изд. М., 1956;
Бэлза И.Ф. Шопен. М., 1968;
Мазель Л.А. Исследования о Шопене. М., 1971;
Николаев В. Шопен-педагог. М., 1980;
Szulc M.A. F.Chopin i utwory jego muzyczne... Kraków, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКС (Marx) Карл (5.5.1818, г. Трыр, Германія — 14.3.1883),
мысліцель, грамадскі дзеяч, рэвалюцыянер, заснавальнікмарксізму. Д-р філасофіі (1841). Вучыўся на юрыд. ф-це ун-таў Бона і Берліна (1835—41). Яго філас. погляды фарміраваліся пад уплывам младагегельянцаў. З 1842 супрацоўнік, гал. рэдактар газ. «Rheinische Zeitung» («Рэйнская газета») у Кёльне. У 1843 пераехаў у Парыж (высланы), у 1845 — у Брусель. У 1846 М. і Ф.Энгельс стварылі Брусельскі камуніст. карэспандэнцкі к-т, наладзілі сувязь з Саюзам справядлівых у Лондане, які ў чэрв. 1847 рэарганізавалі ў Саюз камуністаў. Лозунг Саюза справядлівых «Усе людзі браты» замянілі «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!». У 1848 М. высланы з Бельгіі, пераехаў у Парыж, дзе выбраны старшынёй ЦК Саюза камуністаў, потым — у Кёльн, дзе засн. «Neue Rheinische Zeitung» («Новая Рэйнская газета», чэрв. 1848 — май 1849) і стаў яе гал. рэдактарам. У 1849 М. высланы з Прусіі, паехаў у Парыж, але высланы і адтуль; пасяліўся ў Лондане, дзе і жыў да канца жыцця.
Пераход М. да матэрыялізму і сацыялізму адбыўся ў сярэдзіне 1840-х г. і адлюстраваны ў яго ранніх творах (асабліва «Да крытыкі гегелеўскай філасофіі права. Уводзіны», 1844). У першай сумеснай працы М. і Энгельса «Святая сям’я» (1845) абгрунтаваны погляд на гіст. ролю пралетарыяту ў грамадскім жыцці. распрацаваны асн. палажэнні тэорыі і практыкі рэв. барацьбы. У іх працы «Нямецкая ідэалогія» (1846) распрацавана канцэпцыя матэрыяліст. разумення гісторыі, абгрунтавана ідэя змены грамадска-эканам. фармацый і замены капіталізму сацыяліст. ладам. У працах «Класавая барацьба ў Францыі з 1848 па 1850 г.» (1850) і «Васемнаццатага брумера Луі Банапарта» (1852) М. развіў тэорыю класавай барацьбы, выказаў думку пра неабходнасць саюза з сялянствам пры заваяванні пралетарыятам паліт. улады. М. — заснавальнікІнтэрнацыянала 1-га і кіраўнік яго Ген. савета. Парыжскую камуну 1871 ён разглядаў як першую спробу стварэння дыктатуры пралетарыяту. У працы «Да крытыкі палітычнай эканоміі» (1859) і ў гал. сваёй працы «Капітал» (т. 1, 1867; т. 2 і 3 падрыхтаваў да друку і выдаў Энгельс у 1885 і 1894) М. сфармуляваў асн. палажэнні гіст. матэрыялізму, дыялектыкі ўзаемаадносін базісу і надбудовы ў развіцці грамадства, закон прыбавачнай вартасці і інш. заканамернасці, якія на яго думку, вядуць да змены адной сац.-эканам. фармацыі другой і ў канчатковым выніку — да ўсталявання камуніст. грамадства. У працы «Крытыка Гоцкай праграмы» (1875, апубл. 1891) ён сфармуляваў палажэнне аб пераходным перыядзе і 2 фазах такога грамадства (сацыяліст. і камуністычнай). М. падтрымліваў цесныя сувязі з многімі рус. рэвалюцыянерамі. У яго працах ёсць звесткі пра Беларусь. Творы М. пачалі распаўсюджвацца на Беларусі ў 1870-я г. (Мінск, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў, Барысаў і інш.). Першая кніга М. і Энгельса ў перакладзе на бел. мову — «Маніфест Камуністычнай партыі» («Камуністычны маніфест»), выдадзена ў 1924.
Філас. светаўспрыманне М. і яго вучэнне значна паўплывалі на развіццё сац. думкі 19 ст., сталі тэарэт. і арганізац. асновай сацыяліст. рэвалюцый 20 ст. ў розных краінах свету, у т. л.Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, ажыццёўленай у Расіі бальшавікамі на чале з У.І.Леніным. Разам з тым М. абсалютызаваў ролю класавай барацьбы, адмаўляў магчымасць прагрэс. эвалюцыі бурж. грамадства, рамантызаваў гіст. ролю пралетарыяту, сцвярджаў неабходнасць ліквідацыі прыватнай уласнасці на асн. сродкі вытв-сці. Шэраг ідэй М. ў дастасаванні да новых гіст. умоў знайшлі адлюстраванне ў стварэнні СССР, а пасля 2-й сусв. вайны — сацыяліст. дзяржаў ва Усх. Еўропе, Азіі і на Кубе. Паміж прыхільнікамі і праціўнікамі М. ўвесь час вядзецца барацьба, асабліва па пытаннях разумення грамадска-паліт. жыцця, ажыццяўлення сац.-эканам. і дэмакр. пераўтварэнняў у грамадстве (гл.Марксізм, Марксізм-ленінізм).
Тв.:
Бел.пер. — Маркс К., Энгельс Ф. Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1951—52;
Рус.пер. — Маркс К., Энгельс Ф. Соч.Т. 1—50. 2 изд. М., 1954—81.
Літ.:
Ленін У.І. Гістарычны лёс вучэння Карла Маркса // Тв. Т. 18. (Полн. собр. соч. Т. 23);
Карл Маркс: Биогр. 3 изд. М., 1989;
Меринг Ф. Карл Маркс: История его жизни: Пер. с нем. 2 изд. М., 1990;
Фридрих Энгельс о Карле Марксе: [Сб.]. М., 1990;
Максимова Л.П., Меднова Е.С. Их стихией была борьба: Очерки о жизни и деятельности К.Маркса и Ф.Энгельса. Мн., 1991;
Лобок АМ. Подсознательный Маркс, или Евангелие, которое не состоялось: Книга-гипотеза. Екатеринбург, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ХЕР (Becher) Іаганес Роберт (22.5.1891, г. Мюнхен, Германія — 11.10.1958),
нямецкі пісьменнік, тэарэтык мастацтва, дзярж. і грамадскі дзеяч. Вучыўся ва ун-тах Берліна, Мюнхена, Іены. Першы міністр культуры ГДР (1954—58). Заснавальнік і прэзідэнт Культурбунда (з 1945), прэзідэнт АМ ГДР (1953—56). Творчая эвалюцыя Бехера супярэчлівая, звязана з пошукам ідэі гуманнага грамадства і дасканалага чалавека. Дэбютаваў як паэт-экспрэсіяніст (зб-кі «Распад і трыумф», 1914; «Да Еўропы», 1916, і інш.). Зб-кі «Галодны горад» (1927), «Шэрыя калоны» (1930), «Чалавек, які ўсяму верыў» (1935) і інш. пра жыццё і барацьбу пралетарыяту. За антымілітарысцкі зб. «Труп на троне» (1925) і раман «Люізіт...» (1926, бел.пер. у час. «Полымя», 1928) абвінавачаны ў дзярж. здрадзе. У 1933—45 у эміграцыі. У паэзіі гэтага перыяду — матыў «пошукаў радзімы», пакутлівыя разважанні пра вайну і адказнасць ням. народа (зб-кі «Германія кліча», 1942; «Падзяка Сталінграду», 1943, і інш.). Звяртаўся да класічных паэт. формаў: оды, гімна, балады, санета, ліра-эпічнай паэмы. Напісаў аўтабіяграфічны раман «Развітанне» (1940). Аўтар прац па тэорыі і гісторыі культуры («Абарона паэзіі», 1952; «Паэтычны прынцып», 1957, і інш.). З 1927 супрацоўнічаў у час. «Полымя», друкаваўся ў інш.бел. выданнях, падтрымліваў сувязі з Ц.Гартным, П.Галавачом, М.Чаротам, К.Крапівой. На бел. мову творы Бехера перакладалі П.Бузук, С.Дзяргай, М.Дуброўскі, А.Зарыцкі, А.Звонак, А.Клышка, Я.Семяжон. Нац. прэмія імя І.В.Гётэ 1949, 1950.
Тв.:
Бел.пер. — Люізіт, або Адзіная справядлівая вайна. Мн., 1931;
[Вершы] // Пярэднія выйшлі ў заўтра. Мн., 1968;
Вяртанне да сябе. Мн., 1985;
Рус.пер. — Сонеты. М., 1960;
Стихотворения;
Прощание;
Трижды содрогнувшаяся земля. М., 1970;
Избранное. М., 1974;
О литературе и искусстве. 2 изд. М., 1981.
Літ.:
Мотылева Т. Роман Иоганнеса Р. Бехера «Прощание». М., 1976;
Яе ж. Духовная драма Бехера // Иностр. Лит. 1988. № 11;
Сакалоўскі У.Л. Іаганес Бехер і беларуская літаратура // Полымя. 1972. № 11;
Яго ж. Тыпалагічная агульнасць і нацыянальная адметнасць: (М.Чарот і І.Бехер) // Сакалоўскі У.Л. Пара станаўлення. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВО́РЖАК (Dvořák) Антанін (8.9.1841, в. Нелагазевес, каля Прагі — 1.5.1904),
чэшскі кампазітар, дырыжор, педагог; заснавальнік (разам з Б.Сметанам) чэш.муз. класікі, стваральнік нац. сімфоніі. Чл. Чэшскай акадэміі навук і мастацтваў (1890). Вучыўся ў Пражскай школе арганістаў (1857—59). У 1862—73 альтыст у аркестры Часовага т-ра, у 1873—77 царк. арганіст у Празе. Выступаў як дырыжор з выкананнем уласных твораў у Вялікабрытаніі, Расіі. З 1891 праф. Пражскай кансерваторыі (з 1901 яе кіраўнік). У 1892—95 у ЗША, праф. і дырэктар кансерваторыі ў Нью-Йорку, дзе перабудаваў сістэму муз. навучання. Амер. ўражанні адлюстраваў у сімфоніі «З Новага Свету» (1893) і інш. творах, у якіх на аснове своеасаблівага індывід. стылю ўзнавіў характар і некат. інтанацыйныя асаблівасці негрыцянскага і індзейскага муз. фальклору. Д. развіваў нац. традыцыі і зацвердзіў сусв. значэнне чэш. музыкі. Яго творы адметныя меладычным багаццем, разнастайнасцю рытму і гармоніі, маляўнічасцю інструментоўкі, стройнасцю формы. Жанравыя і рытмаінтанацыйныя асаблівасці чэш. і мараўскага муз. фальклору найб. выявіліся ў камічнай оперы «Кароль і вугальшчык» (1871), патрыятычным гімне «Нашчадкі Белай Гары» (1872), вак. «Мараўскіх дуэтах» (1875—81), асабліва ў «Славянскіх танцах» (1878—87) і «Славянскіх рапсодыях» (1878).
Гіст. мінуламу Чэхіі і нац.-вызв. імкненням народа прысвечаны араторыя «Святая Людміла» (1886), «Гусіцкая уверцюра» (1883), музыка да драм. спектакляў. Яго оперы складаюць аснову нац.муз.-тэатр. рэпертуару: «Ванда» (1876), «Чорт і Кача» (1899), «Русалка» (1901) і інш.Найб. каштоўны ўклад у сусв.муз. культуру — яго 9 сімфоній (1865—93), якія заклалі фундамент нац. сімфанізму, канцэрты для скрыпкі (1880) і для віяланчэлі (2-і, 1895) з аркестрам. З інш. твораў: сімф. паэмы «Вадзяны», «Паўдзённіца» (абедзве 1896), камерна-інстр., у т. л. 12 стр. квартэтаў, 3 квінтэты, фп. трыо «Думкі» (1891), фп. мініяцюры; для хору з арк. «Stabat Mater», Псалм 149, Імша, Рэквіем, Te Deum і інш. Сярод вучняў Д.: І.Сук, О.Недбал, В.Новак.