(люты 1536, г. Груец Мазавецкага ваяв., Польшча — 12.9.1612),
царкоўны і паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай; пачынальнік польскай аратарскай прозы. Скончыў Кракаўскую акадэмію (1555), удасканальваў адукацыю ў Рыме. З 1569 чл. ордэна езуітаў. З 1574 у ВКЛ. Заснавальнік і першы рэктар (1579—84) Віленскай езуіцкай акадэміі. Заснаваў Полацкі езуіцкі калегіум, калегіумы ў Рызе і Дэрпце (цяпер Тарту, Эстонія). Вёў актыўную барацьбу супраць Рэфармацыі. Дзякуючы аратарскаму таленту заўсёды перамагаў сваіх апанентаў у дыспутах. Здолеў вярнуць уплывовага прыхільніка кальвінізму М.К.Радзівіла (Сіротку) у каталіцызм. З 1584 у Кракаве, з 1588 прыдворны прапаведнік караля Жыгімонта III Вазы. Ініцыятар і прапагандыст Брэсцкай уніі 1596. Аўтар рэліг.-паліт. твораў «Пра еднасць Божай царквы» (1577), «Жыціі святых» (1579), «Брэсцкі сінод» (1597), «Сеймавыя казанні» (1600), «На трэны і лямонт Тэафіла Арталога» (1600) і інш. Выступаў за моцную цэнтралізаваную дзяржаву на чале з каралём з абсалютнай уладай; аднак дзеянні манарха, на яго думку, павінны абмяжоўвацца правам і радай. Разам з тым паліт. ідэалам лічыў тэакратыю, пад якой разумеў кіраванне царк. улады пры дапамозе караля. Абгрунтоўваў ідэю царк. уніі для ўмацавання духоўнага адзінства дзяржавы. Рэзка крытыкаваў анархізм і разбэшчанасць шляхты, яе класавы эгаізм, сац. няроўнасць і прыгнёт сялянства. Папярэджваў, што прамаруджванне з рэформамі па цэнтралізацыі дзяржавы можа прывесці да падзення Рэчы Паспалітай. У 19 ст. С. разглядаўся польскай інтэлігенцыяй як прарок трагічнага лёсу краіны. Творы С., у т. л. «Брэсцкі сінод» і «Абарона Брэсцкага сінода», пераклаў на бел. мову і выдаў І.Пацей пад агульнай назвай «Апісанне і абарона сабору рускага брэсцкага» (1597).
Тв.:
Pisma wszystkie. T. 1—4. Warszawa, 1923—26.
Літ.:
Шалькевіч В.Ф. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі. Мн., 1999;
Tazbir I. Piotr Skarga: szermierz kontrreformacji. 2 wyd. Warszawa, 1983.