УСЕАДЗІ́НСТВА,

філасофскае паняцце, якое характарызуе цэласнасць і арганічнае адзінства універсальнага сусветнага быцця, узаемапранікненне і раздзельнасць яго састаўных элементаў, іх тоеснасць адзін аднаму і цэламу пры захаванні якаснай спецыфічнасці і індывідуальнасці. У гісторыі філасофіі ідэя У. знайшла адлюстраванне ў неаплатанізме, хрысц. платанізме, рэліг.-містычных дактрынах (кабала, тэасофія, антрапасофія), ням. класічнай філасофіі (Г.​Гегель, Ф.​Шэлінг). Найб. поўнае выяўленне ідэя У. атрымала ў рус. «філасофіі У.» ў 19—20 ст. Заснавальнік «філасофіі У.» — У.С.Салаўёў; яе развівалі С.​М.​Трубяцкой, Я.​М.​Трубяцкой, П.​А.​Фларэнскі, С.​Л.​Франк. Л.​П.​Карсавін, С.​М.​Булгакаў, М.​А.​Лоскі і інш. Паняцце У. ў «філасофіі У.» мае найперш анталагічны змест, але закранае і гнасеалагічныя, этычныя, сацыялагічныя, антрапалагічныя і інш. аспекты. Пры распрацоўцы вучэння пра У. Салаўёў імкнуўся да стварэння цэласнага светапогляду, у аснову анталогіі ён паклаў прынцып станоўчага У., пад якім разумеў адзінства састаўных элементаў быцця ў Абсалюце. Існаванне рэальнай множнасці рэчаў і іх раз’яднанасць ён тлумачыў унутр. дыялектыкай Абсалютнага-Звышіснага. Пад адзінствам элементаў быцця Салаўёў разумеў дыялектычна супярэчлівае ўзаемадзеянне мноства сіл і тэндэнцый, дзе гал. роля належыць фактарам інтэграцыі: Сусв. душы, Сафіі і Богачалавецтву. У аснове гнасеалагічнага абгрунтавання «філасофіі У.» — ідэя існавання 2 тыпаў ведаў і адпаведных ім тыпаў быцця: абстрактных лагічных ведаў у выглядзе паняццяў, суджэнняў і інш. (у анталагічным плане ім адпавядае прадметная рэальнасць) і «жывых ведаў» (у анталагічным плане ім адпавядае сапраўднае быццё, звышрэальнасць). Калі абстрактныя веды жорстка падпарадкоўваюцца законам логікі, то «жывыя веды» характарызуюцца зліццём суб’екта пазнання з аб’ектам, адкрытасцю і незавершанасцю. «Філасофія У.» як самаст. кірунак развівалася да сярэдзіны 20 ст.; яе ідэі пра сутнасць сусв. быцця, пра ўзаемадзеянне духоўнага і матэрыяльнага пачаткаў паўплывалі на далейшае развіццё рас. філасофіі.

Літ.:

Зеньковский В.В. История русской философии. Т. 1—2. Л., 1991;

Гайденко П.П. Диалектика «теокосмического всеединства» // Идеалистическая диалектика в XX столетии. М., 1987;

Хоружий С.С. После перерыва. Пути русской философии. СПб., 1994.

В.​І.​Боўш.

т. 16, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)