ро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў кроўнай роднасці па прамой лініі. Родны бацька. Родная цётка. Родны брат. □ Я хачу, каб называўся камуністам Родны сын мой, а таксама сынаў сын. Куляшоў.

2. у знач. наз. ро́дныя, ‑ых. Сваякі. Кожны год праводзяцца сустрэчы партызан з былымі кіраўнікамі партызанскага руху на Беларусі або з роднымі і блізкімі герояў-землякоў. Кулакоўскі.

3. Звязаны з месцам нараджэння каго‑н. (пра горад, край і пад.). Родная вёска. Родны лес. □ Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас. Не вецер лісцем шастае, Не рыпае кара — Лявон глухою сцежкаю Ідзе ў родны край. Панчанка. Вобразы прыроды былі для Багдановіча сімвалам вечнасці чалавека на зямлі, магутнасці народа, неўміручасці роднага краю. Лойка.

4. Дарагі, блізкі сэрцу. Напалоханыя вочы мацеры... І радасць, і страх на яе такім жа родным, такім жа блізкім твары... Лынькоў. Родным далёкім іржаннем адклікаецца Віхор з цемры хвойніку. Бядуля. Побач з ёй бясконца родны голас кажа: — Лепш, табе, Валя? Брыль. // (у звароце). Любы, дарагі, мілы. [Свякруха:] — Што ж гэта ты такая сумная, нявестачка? Замар[д]авалася, родная? Мележ.

•••

Родны склон гл. склон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падмяні́ць, ‑мяню, ‑меніш, ‑маніць; зак., каго-што.

1. Тайна, непрыкметна замяніць адно другім. [Васіль:] — Туды завезяце ячмень, а там пагрузіце льнасемя. Ды прасачыце, каб гатунак не падмянілі. Шашкоў. // перан. Перайначыць нейкім чынам. Нібы хто падмяніў хлапца: на ўроках сядзіць разгублены, заклапочаны. Якімовіч. Сымона падмянілі ў палацах. Ён зусім не той, якім быў раней... Бядуля. // перан. Напоўніць іншым зместам. Падмяніць шчырую размову выкрыкамі.

2. Замяніць каго‑н., узяць на сябе часова чые‑н. абавязкі. З-за хаціны паявілася Прусава з вінтоўкай і ў.. плашч-палатцы. Мабыць, выйшла падмяніць вартавога. Асіпенка. Як толькі навучыўся я ўзбірацца Буланчыку на спіну, бацька мне сказаў: — Ну, сынок, давай падмяні мяне, звадзі сёння [каня] на начлег. Ляўданскі. // Разм. Прадоўжыць чыю‑н. справу. Хведар.. ужо даўно памагае Цімоху запальваць ліхтары. Ён надзейна робіць гэтую справу. «Вучуся пакуль. А там і вас падмяню, бакеншчыкам стану», — не раз гаварыў Хведар. Ваданосаў. // Узяць на сябе чые‑н. абавязкі, не маючы на гэта права. [Камароўскі:] — Я лічу, што мне .. у [лесе] няма чаго рабіць, таму і не еду. У следстве пан падмяніў мяне, дык, калі ласка, вядзіце да канца. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; зак.

1. Прабрацца праз што‑н. з цяжкасцю, пераадольваючы перашкоды. Люба чула, што гаварылі конныя чырвонаармейцы, і старалася прабіцца да іх праз натоўп. Чорны. Прамень сонца прабіўся ў каюту праз вузкую шчыліну, весела затрапятаў на асколку шкла, што ляжаў на падлозе. Гамолка.

2. Выступіць на паверхню. Калі пушок прабіўся над губою І ў сны прыйшло дзявочае імя, Я ні аб чым не раіўся з табою, матуля адзінокая мая. Грахоўскі. // перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуцці, перажыванні і пад.). Мне стала горача — праз крыўду прабілася дурная рэўнасць. Савіцкі.

3. Захаваць здольнасць біцца на працягу якога‑н. часу (пра сэрца, артэрыі і пад.). Сэрца прабілася дзесяць мінут.

4. Разм. Біцца некаторы час.

5. Разм. Пражыць да якога‑н. часу, пераадольваючы цяжкасці, пракідацца. Суцяшаюць маму хлопцы: — Мы вясной усё здабудзем! — Як прыгрэе добра сонца, пойдзем зноў тады мы ў людзі. Нам абы зіму прабіцца! Дубоўка. — А як ты адна, калі бацька жыў, была? Ты ж упраўлялася з усім? Так і без мяне праб’ешся. Мележ.

•••

Не прабіцца — аб вялікай цеснаце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

персо́на, ‑ы, ж.

1. з азначэннем. Кніжн. і іран. Асоба, чалавек. На сцяне вісеў партрэт міністра шляхоў зносін, але Блок, здавалася, касаваў яго сваёю персонаю. Колас. // Важная, значная асоба. Расказваюць, аднаго разу па чыгунцы праз горад праязджала нейкая вельмі важная персона. Айзік ніяк не мог прабіцца ў вагон, сфатаграфаваць яе. Сабаленка. Не ляжыць да яго, пэўна, сэрца яе. Але ж бацька хлапца не малая персона. І дзяўчына надзею хлапцу падае. Вялюгін.

2. Чалавек, асоба (за сталом). Накрыць стол на пяць персон.

•••

Персона грата (лац. persona grata — пажаданая асоба) — а) дыпламат, кандыдатура якога на дыпламатычны пост адобрана ўрадам той краіны, куды ён накіраваны; б) (уст. і іран.) пра чалавека, які карыстаецца асобымі прывілеямі, прыхільнасцю з боку высокапастаўленай асобы.

Персона нон грата (лац. persona non grata) — дыпламатычны прадстаўнік, які не карыстаецца давер’ем з боку ўрада дзяржавы, куды ён назначаецца.

Уласнай персонай (жарт.) — сам, асабіста. — Вось ён, уласнай персонай, — пачуўся ў гэты час з парога мужчынскі голас. Васілевіч. [Камендант] часам сам, мінаючы кур’ера, прыносіць ёй паперы, уласнай персонай заходзіць да яе. Лынькоў.

[Лац. persona.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суня́цца, сунімуся, сунімешся, сунімецца; заг. суніміся; зак.

1. Перастаць шумець, крычаць, плакаць і пад.; супакоіцца. Я захліпаюся — суняцца не магу. Здаецца, нічога на свеце няма смяшнейшага за стрыжаную Кацю. Сяркоў. // Разм. Спыніць якія‑н. дзеянні, учынкі; уціхамірыцца. — Зося, суніміся! Ты ўжо занадта! — устаў са свайго месца Ігнат Цыдзік. Дуброўскі.

2. Спыніцца ў сваім праяўленні; перастаць дзейнічаць. Дождж суняўся. Кашаль суняўся. □ Суняўся бой. Прывал у лесе на гадзіну. Пад’ехала і пошта палявая. Броўка. Ты [Алеся] горка плачаш... Слёзы, слёзы! Калі ж сунімуцца яны?.. Трус. Пад раніцу завіруха сунялася, але бацька не пайшоў на сядзібу. Навуменка. // Прайсці (пра пачуцці), перастаць турбаваць каго‑н. Цяпер трывогі [у Анастасіі Мікалаеўны] крыху суняліся, а радасць не мінае дом. «Работніца і сялянка».

3. Спыніць рух, ход; перастаць рухацца. Нарэшце недзе за мастком машыны нашы павярнулі ўлева і суняліся. Скрыган. Змораны важак, які даганяў .. [ваўкоў] і не мог дагнаць, на момант суняўся пад ялінай. Чорны. // Затрымацца, прыпыніцца (пра ход, цячэнне, развіццё чаго‑н.). Тое, што мы гаворым сёння, — толькі працяг нашае ранейшае спрэчкі, якая, аказваецца, не сунялася, а жыве, набірае сілу. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хварэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. на што, чым і без дап. Быць хворым на якую‑н. хваробу. [Оля:] — Бацька здаўна хварэе на сэрца. Мележ. Стары жыватом хварэў. Лось. [Нахлябіч] пеша ў горад хадзіў.., аж хварэў пасля гэтакай нялюдскай дарогі. Чорны.

2. перан.; за каго-што. Трывожыцца, непакоіцца аб кім‑, чым‑н. Хварэць за план. □ Тое, што .. [Наташа] хварэла за поспехі і няўдачы брыгады, было звычайным праяўленнем яе натуры. Краўчанка. Усім, хто меў дачыненне да калгаса і хварэў за яго лёс, зрабілася не па сабе. Ясна, сіласу было мала. Ермаловіч. // чым. Востра перажываць што‑н. Сапраўдны паэт, на думку Янкі Лучыны, неразлучны са сваім народам, ён тужыць яго тугою, хварэе яго хваробамі. Ларчанка. // на што, чым. Мець які‑н. недахоп, якую‑н. слабасць. Я быў нехлямяжы, сарамлівы і гарачліва, затоена хварэў на самалюбства. М. Стральцоў. [Максім:] — Можа, [Сашка] проста хварэе нездаровай цікавасцю. Машара.

3. перан.; за каго-што. Хвалявацца за чые‑н. спартыўныя поспехі. Па тэлевізары перадавалі футбольны матч. Клаўдзія Пятроўна пачала бурна хварэць за мінскае «Дынама». Васілёнак.

•••

Хварэць душой — трывожыцца за каго‑, што‑н.

Хварэць на пана — весці сябе фанабэрыста, высакамерна ў адносінах да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́хнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. чах, ‑ла; незак.

1. Расці дрэнна, слаба; сохнуць, вянуць. А мох, што ўсё лета чах і рыжэў, зараз стаяў зялёным, сакавітым. Карпюк. А на полі пахлі нівы, Дзікім пырнікам цвілі. Броўка. // Абл. Глухнуць, пераставаць гучаць. Так ён [Юхім] шаптаў гарачкава, і чах Ягоны шэпт у тр[ысняг]овым шуме. З. Астапенка.

2. Станавіцца слабым, нядужым, хваравітым. Бацька мой — царства яму нябеснае — чах, чах ад тых пабояў, ды не вытрымаў: слабое было здароўе. Даніленка. // Мучыцца, пакутаваць, нудзіцца. Чахне, сохне, адарваны Ад роднае нівы, Пад салдацкай царскай палкай Тарас нешчаслівы. Купала.

ча́хнуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. чахнуў, ‑нула; зак.

Разм. Гучна, нечакана стрэліць, ударыць і пад. — Чахні паўзверх галоў, разбягуцца, — параіў Лазавік. — Кароткай чаргой. Хомчанка. [Тата:] — А Рыжуха як ірване ўбок, цераз канаву ды ў кусты. А тут — як чахне! Далей нічога не памятаю... Каліна. // Хуткім рухам адрэзаць, ссячы што‑н. — Гэтай сасне год дзевяноста, .. а мы з табою, Санкоўскі, за пяць хвілін яе чахнулі — і няма. Дзіўна... Пестрак. Прымерыўся і чахнуў [Казік] лязом [брытвы] па валасінах. Шыловіч.

ча́хнуць 3, ‑не; незак.

Паступова астываць. Прысак чахне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. што і без дап. Перамешваць у топцы палаючае паліва, увесь час падкідаючы новае. Стараваты ўжо чалавек у ботах, галіфэ і ніжняй кашулі шураваў у топцы доўгай жалезнай качаргой. Нядзведскі. // Ачышчаць паверхню дна, каласнікі печкі, топкі і пад. ад шлаку, попелу. Хлапец завіхаўся з жалезнай лапатай, падкідваў у палаючую топку вугаль, шураваў каласнікі і ўсё ўсміхаўся. Лынькоў.

2. што і без дап. Разм. Старанна, энергічна мыць, церці, скрэбці, чысціць што‑н. [Валодзька:] — Бяры [Надзя] во швабру і шуруй. Падобраму — і я памог бы. Гроднеў.

3. перан. Разм. Развіваць бурную, энергічную дзейнасць; дзейнічаць, рабіць што‑н. энергічна, з запалам. І вось шуруюць — ездзяць [камісіі] на палі, Кароўнікі ды свірны правяраюць, Гросбух у бухгалтэрыі гартаюць... Корбан. Васіль шуруе граблямі — Працуе ля капніцеля. Ставер. // Хутка куды‑н. рухацца, крочыць, ісці і пад. [Алег:] — Аддайце яму ўсё... А ты, бацька, шуруй адсюль, чуеш? Радкевіч. Умова была простая: паставіш на ногі [грузавік] — сядай і шуруй!.. Ракітны.

4. перан.; што. Садзейнічаць хутчэйшаму развіццю чаго‑н., падштурхоўваць, паскараць наступленне чаго‑н. І каб «справа» не заглухла, ён [Іван Іванавіч] узмоцнена яе «шураваў». «Вожык».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вось², часц. указ.

1. Ужыв. для ўказання на ўсё, што знаходзіцца або адбываецца ў непасрэднай блізкасці, непасрэдна перад вачамі або нібы перад вачамі.

Вось і наш аўтобус.

Вось тут прысядзем.

Вось гэтыя рэчы.

2. Ужыв. для ўказання на паслядоўную змену падзей, з’яў і пад., на раптоўнае і нечаканае іх паяўленне.

Усё сціхла, але вось зноў пачуўся нейкі шум.

3. Ужыв. пры выкананні якіх-н. эмоцый у клічных сказах разам з указаннем на прадмет, з’яву.

Ах, вось які ён чалавек!

Вось здарэнне дык здарэнне!

4. У спалучэнні з пытальным займеннікам і прыслоўем надае ім сэнс указання на што-н. у адпаведнасці з іх знач. (з націскам на слове «вось»).

Вось што я вам скажу.

Вось у чым сутнасць.

Вось якая справа.

Вось куды трапіў.

5. Ужыв. для большай выразнасці, звычайна ўзмацняючы, падкрэсліваючы значэнне наступнага слова.

Вось вы мне і патрэбны.

Вось і я пра гэта кажу.

6. Ужыв. замест звязкі пры іменным выказніку.

Добрасумленная і высокапрадукцыйная праца — вось гарантыя нашых поспехаў.

Вось-вось (разм.) —

1) вось іменна, менавіта так;

2) зараз, неўзабаве.

Бацька вось-вось павінен прыйсці.

Вось вам! — атрымай(це) па заслугах.

Вось дык (разм., іран.) — ужыв. для выражэння агульнай ацэнкі чаго-н.

Вось дык гулец!

Вось дык сіла!

Вось...дык (разм.) — афармляе сказ са знач. ацэнкі або вялікай ступені праяўлення чаго-н.

Вось спецыяліст дык спецыяліст!

Вось стараецца дык стараецца!

Вось іужыв. пры ўказанні на завяршэнне чаго-н., наступленне чаго-н. жаданага, чаканага.

Вось і прыйшлі.

Вось і мы.

Вось і ўсё (ужыв. пры заканчэнні гаворкі ў знач. больш няма чаго дадаць).

Вось табе і... (разм.) — пачынае гаворку пра тое, што аказалася не такім, як чакалася.

Вось табе і адпачылі!

Вось табе і свята!

Вось табе і на або вось табе і раз або вось табе і маеш (разм.) — вокліч з выпадку чаго-н. нечаканага, выказванне здзіўлення, расчаравання.

Вось такужыв. пры выказванні пагарды, знявагі.

Вось яно што! або вось яно як! — выражэнне здзіўлення або ўразумення.

Вось яшчэ! (разм.) — ужыв. пры адмаўленні чаго-н., пры нязгодзе з чым-н. або пры адмоўных адносінах да чаго-н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Малжэнскі ’шлюбны’, ’сямейны’, малжэнства ’шлюб’, ’сям’я’ (Нас.). Насовіч (278) мяркуе, што яны запазычаны з польскай мовы. Жураўскі (Гіст. лекс., 94), Булыка (Лекс. запазыч., 125) ст.-бел. малжонокъ ’муж’, малжонка, малженка ’жонка’ (XV ст.) таксама адносяць да паланізмаў. Філін (Происх., 584) тлумачыць польскім уплывам існаванне рус. малжонки ’муж і жонка’ і ст.-рус. малъжена (н. скл. парнага ліку). Аднак харв. malžena (в. скл. парнага ліку), якое Скок (2, 364) лічыць багемізмам, ст.-чэш., валаш. malžen, чэш., славац. manžel ’муж’, manželé ’муж і жонка’, в.-луж. mandźelska ’жонка’, н.-луж. manźelska ’тс’, manźelski ’муж’, ст.-польск. manżel, manżenka, суч. małżonek, małżonka, małżeństwo ’муж і жонка’ значна пашыраюць распаўсюджанне лексемы. Міклашыч (36), Бернекер (2, 13), Варш. сл. (2, 867) і інш. тлумачаць паходжанне лексемы як частковую кальку ст.-в.-ням. mâlwîp або mâlkona ’жонка’; першая частка mâl, ‑mahal ’шлюбная ўмова’, ст.-в.-ням. gimahalo > новав.-ням. Gemahl (Gemahlin) ’жаніх’ (’невеста’), другая — пераклад žena, з гэтай формы malъžena пазней утварылася malъženъ ’муж’ (Фасмер, 2, 562). Ваян (RÉS, 19, 102) прапанаваў замест ням. mâl зыходным лічыць слав. mǫžь (тады разам mǫžьžena) як ст.-слав. братъсестра ’брат і сястра’. Махэк₂ (351), выходзячы са славац. mladoženstvo з mladoženka ’нявеста’ і mladoženník (mladoženich), меркаваў, што ўжо ў дагістарычны перыяд чэшскай мовы існавала зах.-слав. *maldo‑żenьstvo (< прасл. moldo‑), у якім пасля выпаў склад ‑do‑. Так узнікла malženstvo, malzenstvie, а ад іх — malžen і malženka, у якіх пазней адбылася перастаноўка ln > nl. Скок (2, 364) дапускае магчымасць словаскладання mǫžь + žena, прыводзячы аналагічныя прыклады: вагульск. nēχum ’жонка і муж’, баскск. aitamekбацька-маці’ > ’бацькі’. Гэтак жа і Атрэмбскі (Gr., 2, 8) адносна літ. vyr‑moteriai. Шаўр (Slavia, 56, 4, 372–374) не згаджаецца з тым, што асновай для першай часткі слав. malъžena з’яўляецца ст.-в.-ням. ‑mahal‑, таму што яшчэ доўга пасля XI ст. інтэрвакальнае ‑h‑ жыве ў герм. словах гэтага кораня, а ў Рыльскіх глагалічных лістках ужо сустракаецца форма Д. скл. парнага ліку malъženoma, тым больш што mâl ’умова’ вядома на поўначы герм. тэрыторыі. Ён прапануе ўзяць крыніцай запазычання ст.-в.-ням. mȃ̃l ’імгненне’, ’хвіліна’, вырашальныя для ўзнікнення шлюбу (да прыняцця хрысціянства ў славян шлюбы не заключаліся, было пашырана выкраданне нявест і палігамія — паліандрыя), параўн. і mâlôn ’абазначаць, намеціць’. Запазычанне адбылося на Мараве ў IX ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)