падсадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.

1. Памагчы каму‑н. сесці, узабрацца на што‑н. высокае. Бацька вывеў мне каня, падсадзіў, бо сам я яшчэ не мог ўскочыць каню на спіну. Дамашэвіч. Падсадзіла [бабка] Віцю на воз,.. перахрысціла ўнука і доўга выцірала вочы ражкамі падвязанай пад бараду хусткі. Нядзведскі.

2. Пасадзіць разам, у адно месца з кім‑н. Цяпер.. [Максім] клаўся спаць адзін і, засынаючы, думаў: каго ж, якога таварыша падсадзяць да яго ў камеру? Машара. // Разм. Узяць на воз, у машыну і пад. падарожнага. — Сюды мяне прывёз інвалід з пратэзам замест правай нагі. Па дарозе падсадзіў знаёмую. Лужанін.

3. і чаго. Пасадзіць дадаткова. Падсадзіць капусты на градзе.

4. Разм. Змясціць, падсунуць пад што‑н. ці ў што‑н. [Алена і Міхась] падсадзілі насілы пад капу і панеслі яе з балота на поплаў. Дайліда. Суджана хлапцу: быў малым — дурным, падсадзіў пальцы ў сячкарню, дык яму іх адцяла. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)