спя́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. цяпер. ад спаць.

2. у знач. наз. спя́чы, ага, м.; спя́чая, ‑ай, ж. Той (тая), хто спіць, знаходзіцца ў стане сну. Ходзіць май па свеце, Сонцамі ірдзіцца, Закаваных, спячых Кліча ўстаць, збудзіцца. Купала.

спячы́, спяку́, спячэ́ш, спячэ́; спячо́м, спечаце́, спяку́ць; пр. спёк, спякла́, ‑ло́; зак., каго-што.

1. і чаго. Прыгатаваць вырабы з мукі выпяканнем; выпечы. Спячы хлеб. Спячы пірагоў. □ [Зоя:] — Ведаеце, што зробім? Адну маленькую булку спячом на гэтым лісціку. Няхай клёнам пахне. Даніленка. // Прыгатаваць яду смажаннем; сасмажыць. Спячы яечню. □ Наклалі .. [Іван і ваўчыха] агню, спяклі гуску. Якімовіч.

2. Пашкодзіць агнём або чым‑н. гарачым скуру чаго‑н. Спячы руку прасам. // Апячы (пра адчуванне, выкліканае чым‑н. пякучым). — Ліха матары тваёй! — падумаў Халуста. — Увесь рот спёк ды яшчэ грошы табе плаціць! Чарнышэвіч. // Спаліць скуру на сонцы, загараючы. Спячы спіну.

3. Разм. Спаліць, знішчыць агнём. Так усю вайну і была ў Лонве малатарня, аж пакуль, ужо ў блакаду, немцы з самалёта, калі агонь лілі на вёску, не спяклі Міхалаву пуньку з прыводам. Пташнікаў. [Сцяпан:] — Каўпак пайшоў далей, а тыя гітлераўцы, што ўчора спяклі нас, сягоння спалілі наша раённае мястэчка. Пестрак.

4. перан. Разм. Зрабіць што‑н. паспешліва, на скорую руку. [Тарас:] — Ты што там пішаш? Вершы, можа?.. [Лоўгач:] — Ат, вершы! Паэму пра зелянгас. Газета загадала артыкул. Пачытай вось. Спёк. Чаго дзівуешся? Праўду кажу! Пачытай... Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. стары.

2. Той, якому больш гадоў у параўнанні з кім‑н.; самы дарослы сярод каго‑н. Старэйшая сястра. □ Андрэй, старэйшы Пракопаў сын, быў у Чырвонай Арміі. Колас. Петрусю, старэйшаму брату Шурыка, споўнілася сем год, і ён пайшоў у школу. Арабей. / у знач. наз. старэ́йшы, ага, м.; старэ́йшая, ‑ай, ж. За ўсё сваё жыццё, якое пачало адкладвацца ў памяці пасля смерці маткі, .. [Данік] прывучыўся слухаць старэйшых. Грамовіч. // Ужываецца пры прозвішчы для таго, каб падкрэсліць розніцу ў пакаленнях, у гадах. Заехалі да старэйшага Крушынскага, які піша вершы пад псеўданімам Антон Цярэшка. Бядуля.

3. Які даўно існуе, узнік, утварыўся. Старэйшы тэатр краіны. □ Стамбул лічыцца адным са старэйшых еўрапейскіх гарадоў: ён быў заснаваны візантыйцамі дзве тысячы семсот гадоў назад. «Полымя». Добрушскі цэлюлозна-папяровы камбінат «Герой працы» — старэйшае прадпрыемства Беларусі. «ЛіМ». // Які даўно займаецца чым‑н.; вопытны, спрактыкаваны. П’ер Паола Пазаліні — старэйшы майстар італьянскага кіно. «Маладосць». // Найстарэйшы. [Жэня:] — А ты [Васіль] пагавары з самымі старэйшымі бабулямі і дзядулямі. Якімовіч.

4. у знач. наз. старэ́йшыя, ‑ых. Дарослыя; проціл. дзеці. Пад Сталінград на выручку старэйшым Мы не спазніліся ні на хвіліну. Аўрамчык. Маруся кажа, што над старэйшымі нельга насміхацца. Мыслівец.

5. Які стаіць вышэй у параўнанні з кім‑н. па званню, пасадзе, службоваму становішчу. Веставы стараўся не дыхаць, шукаў вачыма старэйшага па званню. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суча́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цяперашняга часу, да сваёй эпохі. У сучаснай беларускай мове шмат службовых слоў для ўстанаўлення сувязей паміж членамі сказа. Цікоцкі. Для сучаснага чытача гэта ўжо ў значнай ступені мастацкі дакумент пачуццяў і спраў мінулых дзён. Гіст. бел. сав. літ. Раіса іграла мелодыі сучасных песень, а гэта было зразумела і проста. Шамякін.

2. Які знаходзіцца на ўзроўні свайго веку, адпавядае патрабаванням свайго часу. Дасягненні сучаснай навукі. Сучаснае абсталяванне. Сучасныя хуткасці. □ Калхіду асушыць можна, сучасная тэхніка здолее гэта здзейсніць. Самуйлёнак. Значыць, мы з табой адсталыя, Значыць, несучасныя: Месім гурбы не расталыя Напрадвесні ў лесе часта мы .. І зрываем на праталінах Сонтравы зеанкі зубчастыя... Гэта значыць: не адсталыя, Значыць, мы з табой сучасныя. Жычка. // Важны для цяперашняга моманту; выкліканы патрабаваннямі свайго часу; актуальны. Сучасная тэма.

3. Які адбываецца цяпер, у дадзены час; цяперашні. [Міколка:] — Сучаснае жыццё, яно ў нашых руках! Нікановіч. Сучаснымі крыніцамі жыўлення азёр з’яўляюцца дажджавыя, снегавыя, рачныя і грунтавыя воды. «Прырода Беларусі».

4. у знач. наз. суча́снае, ага, н. Цяперашні час; падзеі, якія адбываюцца цяпер, у дадзены час. Гадае той аб прышласці далёкай, Хто верыць у сучаснае душой. Глебка. [Якаў] расказаў мне пра ўсё сваё мінулае, а тое сучаснае, пра што будзе ісці гаворка далей, адбылося, як кажуць, на маіх вачах. Кулакоўскі.

•••

Сучаснае пяцібор’е гл. пяцібор’е.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убо́гі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў беднасці, бедны. Зімняя ночка. Стужа ў полі. Вецер сярдзіты гудзе... К вёсцы ўбогай ціха, паволі Хтось незнаёмы ідзе. Чарот. Калісьці гэта быў убогі шляхецкі засценак. С. Александровіч. // Які сведчыць аб беднасці; уласцівы бедняку. Аднойчы, прыгнаўшы з пашы карову, Антон убачыў у сваёй убогай хаціне двух салдат. Сабаленка. Адкупнік агледзеў убогі хатні скарб, скрывіўся. Якімовіч.

2. Разм. Які мае калецтва, фізічны недахоп. Пышная душа ва ўбогім целе. Прыказка. / у знач. наз. убо́гі, ага, м.; убо́гая, ‑ай, ж. [Андржаяка:] Па дарозе я спаткаў Ці то ўбогую, ці проста багамолку. Клімковіч.

3. Нязначны (па аб’ёму, колькасці); небагаты. Убогія сродкі. □ Хмары, балоты... Над збожжам убогім Вецер гуляе на волі. Багдановіч. // Недасканалы, прымітыўны. Убогая тэхніка. // Пазбаўлены раскошы і ўпрыгожанняў; просты. Паўлюк нёс аднекуль з запечча маленькую ўбогую газовачку. Зарэцкі. // Варты жалю. [Валодзя:] — Бачыш, які ў .. [вёскі] цяпер убогі выгляд. А глянула б ты перад вайной на яе з гэтага ўзгорка! Стаяла цэлая града дубоў. Федасеенка.

4. Бедны па зместу. Убогі спектакль. Убогая фантазія. // Абмежаваны духоўна. Слухайце музыку .. Прымайце яе праз свае ўяўленні, праз вобразы свайго жыцця!.. Толькі злыя і ўбогія душы ніколі не спазнаюць музыку. Вітка. Які мізэрны і ўбогі Той недалёкі чалавек, Што цягне да сваёй бярлогі Набыткі розныя ўвесь век. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хво́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Які хварэе на якую‑н. хваробу. Хворы кухар стагнаў на ложку ў сваёй каморцы. Гарэцкі. / у знач. наз. хво́ры, ага, м.; хво́рая, ‑ай, ж. Пра чалавека. Агледзеўшы хворага, Наташа пераканалася, што яе дапамога сапраўды была тэрмінова неабходная. Краўчанка. Дактары па два разы на суткі прыходзілі да хворай. Пальчэўскі.

2. Пашкоджаны хваробай (пра цела і яго часткі). Цягнучы хворыя ногі ў валёнках, ідзе да Юркі бабуля. Брыль. [Люба] памачыла халоднай вадой хворае месца і завязала хустку. Чорны. Голас чароўны з тугою звінеў Пра птушку маленькую з хворымі грудкамі. Панчанка. // перан. Растрывожаны, неспакойны. Далёкае неба, сіняе неба!.. Чаму не асушыш нашы горкія слёзы? Не супакоіш хворую душу і сэрца? Колас. // Які сведчыць аб хваробе, хваравітым стане. Сымоніха.. ціха, слабым, хворым голасам кажа: — Сымонка! што ты робіш? Бядуля. // Пашкоджаны хваробай (пра расліны і іх плады). [Андрэй] бачыў перад сабою.. Калхіду — гнуткае трапяткое трысцё, хворыя лясы, ўзвышшы курганоў. Самуйлёнак. // (звычайна з адмоўем «не») у знач. вык. Разм. Магчы, быць здольным (зрабіць што‑н.). [Гарлахвацкі:] Ты б рамізніка ўзяла. [Анна Паўлаўна:] Не хворы і сам занесці. Крапіва.

3. Ненатуральны, ненармальны, празмерны. Хворае.. ўяўленне [Вялічкі] ўзнімала аслабелыя сілы да раптоўных парываў, якія тут жа ападалі. Чорны.

•••

Венерычны хворы — той, хто хварэе венерычнай хваробай.

Валіць (зваліць) з хворай галавы на здаровую гл. валіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

элемента́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Пачатковы, які датычыцца толькі асноў чаго‑н. Элементарная матэматыка. □ — Каб вы [Андрэй] пазнаёміліся, ну, хоць бы з самымі элементарнымі асновамі палітграматы, вы зусім іначай глядзелі б на папоў і на іх шкодную для працоўных прафесію, — заўважыў Кузьма. Колас. Элементарную тэорыю музыкі ўсе абітурыенты павінны ведаць не ніжэй праграмы дзіцячай музычнай школы. «Маладосць».

2. Нескладаны, прасцейшы. Я не разумеў, ды, мусіць, і рэдактар таксама не разумеў, бо мы перакінуліся позіркамі, навошта гэта сакратар гаркома кінуўся ў такія тэарэтычныя разважанні, быццам перад ім сядзелі якія невукі, якіх ён павінен быў, лічыў сваім абавязкам навучыць, растлумачыць ім самыя элементарныя палітычныя пытанні. Сабаленка. // Павярхоўны, спрошчаны; абмежаваны. Элементарны погляд на рэчы. Элементарная схема. // Зразумелы кожнаму без тлумачэнне. Адна бяда аўтара ў тым, што ягонаму герою часам не стае элементарнай тактоўнасці. Марціновіч. — Толькі за прыгажосць! Бач, які шчасліўчык, — неадабральна смяецца Марынчук. — Ніякай элементарнай логікі... Ракітны. / у знач. наз. элемента́рнае, ага, н. Неабходна пачынаць работу над сабой з элементарнага. Асіпенка.

3. Асноўны, самы неабходны. Паэт [Я. Купала] паказвае жудасную бытавую прыніжанасць сялянства, пазбаўленага элементарных правоў, даведзенага да становішча жывёлы. Івашын.

4. У хіміі — звязаны з вызначэннем саставу элементаў у чым‑н. і іх суадносін паміж сабою. Элементарны аналіз. Элементарны састаў рэчыва.

5. У фізіцы — найменшы з тых, што існуюць, што ёсць. Элементарныя часціцы. Элементарны зарад.

[Ад лац. elementārius.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

далёкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, адбываецца на вялікай адлегласці; проціл. блізкі. Далёкія зоры. Водгулле далёкага грому. □ Паімчыць цягнік на поўдзень, У казахскі стэп далёкі. Аўрамчык. На далёкай планеце ўзаўецца наш сцяг — Нашай доблесці сведка праўдзівы. Гілевіч. // Які мае вялікую працягласць у прасторы. Далёкі паход. □ Калі пайду ў далёкую дарогу, З табой на час расстануся ізноў. Прыходзька. [Шлях] .. параходаў непамерна далёкі, на другі ускрай зямлі. Самуйлёнак.

2. Аддзелены ад сучаснага моманту вялікім прамежкам часу. Далёкае мінулае. Далёкая будучыня. □ Чаму ж я далёкай назваў тую восень? Дванаццаць гадоў — мо не так ужо многа. Гілевіч. Надакучыла ноччу марознаю Вішням сніць аб далёкай вясне. Лойка. / у знач. наз. далёкае, ага, н. Як цяжкі сон прыгадваецца іншы раз чалавеку далёкае перажытае. Пальчэўскі.

3. Які не мае блізкіх кроўных сувязей. Далёкі сваяк. Далёкая радня.

4. перан. Які мае мала агульнага з кім‑, чым‑н.; не падобны, інакшы. У формуле матэматычнай залежнасцю звязаны такія, здавалася б, далёкія ад матэматыкі «велічыні», як ціск крыві, пульс, пругкасць артэрый. Матрунёнак. // Чужы, абыякавы да ўсяго. [Надзя] стаяла на беразе, склаўшы на грудзях рукі, задумлівая, далёкая. Ваданосаў. А Віктар, чужы і далёкі ад усяго, што вакол яго адбывалася, стаяў, прысланіўшыся плячамі да сцяны хаты. Палтаран.

5. ад чаго. Які не мае намеру рабіць што‑н., думаць аб чым‑н. і пад. Скарына быў далёкі ад думкі гвалтоўнага знішчэння існуючага ладу, карэннага змянення становішча працоўных мас. Алексютовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. каго-што. Прайсці, праехаць каля каго‑, чаго‑н., пакінуўшы яго ззаду або збоку. Мінуў Сцёпка сяло, у поле выйшаў. Колас. [Рыгор і Ліба] зацішылі хаду, каб абысці роў, і моўчкі мінулі першыя дзве хаты. Гартны. // (часта з адмоўем). Прайсці, праехаць міма. Ехаў .. [Васіль Іванавіч] у Турчу, але не мінуў ніводнай вёскі, дзе .. прадаваліся кнігі. Дубоўка. // перан. Не закрануць, абысці. Няшчасце мінула мяне. Куля мінула салдата. □ Будзь шчасліва, дзяўчынка, ў нядолі Хай пацеха цябе не міне! Купала.

2. безас. каго-чаго (ужываецца з адмоўем). Пазбегнуць чаго‑н. Чула сэрца, што праборкі І папругі не мінуць. Колас. А калі б я парушыў прысягу, Гнеў сяброў хай мяне не міне. Астрэйка.

3. Скончыцца, прайсці (пра час, пару, падзеі і пад.). Ішлі спачатку месяцы; потым мінуў год, другі. Ракітны. Вось і лета мінула, пастав восень... Краўчанка. Як бы там ні было, небяспека мінула. Мележ. / Пра пачуцці, перажыванні. Хваля страху мінула. Бядуля.

4. Споўніцца (пра ўзрост). І мужны юнак з непакорнай душою — Яму яшчэ толькі семнаццаць мінула — Прабег да пшаніцы шырокай мяжою, І родная ніва яго захінула. Гілевіч.

•••

Не мінуць (маіх, тваіх, яго і г. д.). рук — а) стаць чыім‑н. незаконным набыткам; б) не пазбегнуць каго‑н., апынуцца ў чыім‑н. распараджэнні. Ага! Папаўся такі, не мінуў маіх рук! Лынькоў. — Пойдзе [Іліко] ў парабкі да таго ж Сімона! Ён не міне яго рук! Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вялі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Значны па велічыні і памерах; проціл. малы. Вялікі горад. Вялікі будынак. Вялікія вокны. // Значны па колькасці. Вялікая сям’я. Вялікія грошы. □ Яны — байцы вялікай раці, Іх хата там, дзе ёсць прастор. Чарот.

2. Значны па сваёй сіле, інтэнсіўнасці, якасцях. Вялікі бой. Вялікі энтузіязм, уплыў. Вялікія здольнасці.

3. Выдатны па свайму значэнню. Вялікія падзеі. // Геніяльны, таленавіты. Вялікі палкаводзец. Вялікі вучоны.

4. Большы, чым патрэбна; які перавышае звычайную меру. Вялікі каўнер. Вялікая нагрузка.

5. Дарослы. Быў у аднаго чалавека сын. Вялікі ўжо вырас, а ніколі бацьку бацькам не назваў. Якімовіч.

6. Састаўная частка назваў, тытулаў. Вялікая зямля. Вялікае княства Літоўскае. Вялікі князь.

7. у знач. наз. вялі́кія, ‑іх. Дарослыя. Малыя і вялікія. □ Праз паўгадзіны, пасля першай шклянкі чаю, паміж вялікімі за сталом ішла жывая і вясёлая гаворка. А дзеці завялі патэфон. Чорны. // вялі́кае, ага, н. Значнае, важнае.

•••

Вялікая калорыя гл. калорыя.

Вялікая Мядзведзіца гл. мядзведзіца.

Ад (з) вялікага розуму гл. розум.

Ад малога да вялікага гл. малы.

Вялікай рукі гл. рука.

Вялікая галава гл. галава.

Вялікая дарога гл. дарога.

Вялікі клопат гл. клопат.

Вялікая песня гл. песня.

Вялікая штука гл. штука.

Вялікі свет (уст.) гл. свет.

(Зрабіць) вялікія вочы гл. вока.

З вялікай ласкі чыёй гл. ласка.

На (вялікі) жаль гл. жаль.

Не вялікая штука гл. штука.

Не вялікі хлеб гл. хлеб.

Сам вялікі — сам сабе гаспадар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гара́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае высокую тэмпературу; моцна нагрэты. Гарачая вада. Гарачая печ. □ Поўныя тугія каласы важка пагойдваюцца пад гарачым павевам ветру, пругка выгінаючы спелыя сцябліны. Мележ. // Спякотны, душны. Гарачае летняе сонца. □ Дзень быў сухі, гарачы. Усё жывое хавалася ў цень. Ваданосаў. // З павышанай тэмпературай (пра цела, часткі цела). Дыханне Волкава было цяжкае, гарачае. Такія ж гарачыя выпі яго рукі, лоб. Шамякін. // Паўднёвы, трапічны. Гарачы клімат. Гарачыя краіны.

2. перан. Страсны, палкі. Гарачы прыхільнік. □ У асобе Купалы мы бачым вернага паслядоўнага і гарачага абаронцу той тэндэнцыі ў паэзіі, сутнасць якой была вызначана Някрасавым. Івашын. // Які вызначаецца глыбінёй пачуццяў, выражае глыбокія пачуцці. Гарачае прывітанне. Гарачае жаданне. □ Вочы .. [Ганны], сухія, гарачыя.., глядзелі на малую. Мележ. Толькі той заваёўвае заслужаны поспех, хто аддае творчай працы гарачае сэрца. Макаёнак.

3. Вельмі моцны, напружаны; інтэнсіўны. Гарачы бой. Гарачая работа. Гарачыя спрэчкі. // Які патрабуе выкарыстання ўсіх сіл і сродкаў (аб часе). Гарачая пара ўборкі.

4. перан. Запальчывы, нястрыманы. Характар у Юры і сапраўды не зусім удалы. Юра гарачы, упарты. Бяганская. // Рэзвы, шпаркі, імклівы (пра коней). Грымела зямля пад гусеніцамі магутных танкаў, слаўся пыл пад капытамі гарачых коней. Дамашэвіч.

5. Які робіцца пры высокай тэмпературы, апрацоўваецца з дапамогай высокай тэмпературы. Гарачая апрацоўка дэталей.

6. у знач. наз. гара́чае, ага, н. Разм. Гарачая страва. З’есці гарачага.

•••

Гарачая галава гл. галава.

Гарачая кроў гл. кроў.

Па гарачых слядах гл. след.

Пад гарачую руку гл. рука.

Усыпаць гарачых гл. усыпаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)