жа́варанак і жа́ўранак, ‑нка, м.

Невялікая пеўчая птушка атрада вераб’іных, якая водзіцца пераважна на полі. Кожную раніцу аж разлягаўся жаваранак, упарта напамінаючы, што вясна такі — вось яна. Крапіва. Ясны блакіт вам, прасторы зялёныя, Хай жа над вамі з зары да зары Радасна жаўранкі звоняць натхнення, Сонца гарыць! Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́вень, пеўня, м.

1. Свойская птушка з чырвоным грэбенем на галаве і шпорамі на нагах; самец курыцы.

2. перан. Разм. Задзірысты чалавек, забіяка.

3. толькі мн. (пе́ўні, ‑яў). Спеў пеўняў як прыкмета пары сутак. Уставаць з пеўнямі. Сядзець пры лямпе да трэціх пеўняў.

•••

Пусціць чырвонага пеўня гл. пусціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расшчабята́цца, ‑бячуся, ‑бечашся, ‑бечацца; зак.

1. Пачаць моцна і многа шчабятаць (пра птушак). Сарокі расшчабяталіся. □ Галя думае: мабыць, будзе дождж, бо чаго б так расшчабяталася гэтая птушка. Сабаленка.

2. перан. Пачаць многа, ахвотна гаварыць, расказваць. Дзяўчаты расшчабяталіся і павялі гутарку аб розных здарэннях, якія бачылі на працягу дня. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Аўгу́р (БРС). Кніжнае запазычанне з рус. авгур (Крукоўскі, Уплыў, 76), што ў сваю чаргу з лац. augur (ад avisптушка’ і gur < gurgulio — горла’), першапачаткова ’той, хто гадае на птушках’, гл. Шанскі, 1, А, 27.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

і́біс

(лац. ibis, ад гр. ibis, з егіп.)

птушка атрада буслападобных з доўгімі нагамі і доўгай загнутай дзюбай, якая жыве ў балоцістых месцах трапічнага і ўмеранага паясоў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гаацы́н

(н.-лац. opisthocomus hoazin, з індз.)

птушка атрада курападобных з кіпцюрамі на пальцах крыла, што дапамагае ёй лазіць на дрэвах; пашырана ў прырэчных лясах Паўд. Амерыкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АРЛА́Н-БЕЛАХВО́СТ (Haliaeetus albicilla),

птушка сямейства ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі надзвычай рэдкі гнездавальны від, вядома каля 20 пар, якія гняздуюцца, з іх палова ў Віцебскай вобл. Трапляецца спарадычна. Жыве каля вял. азёраў, у далінах рэк, на вял. балотах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. цела 0,8—1 м, маса да 6,5 кг, размах крылаў да 2,5 м. Апярэнне цёмна-бурае. Хвост у дарослых белы (адсюль назва), кароткі, клінападобны. Дзюба і лапы жоўтыя. Прылягае ў сак.—красавіку. Гнёзды масіўныя, на верхавінах высокіх (15—25 м) дрэў. Утварае пастаянныя пары. Нясе звычайна 2 (радзей 1, 3) белыя яйцы. Птушаняты вылятаюць у канцы чэрв.пач. жніўня. Здабыча на Беларусі забаронена з 1978. Ахоўваецца ў шэрагу краін.

Арлан-белахвост.

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЯМІ́НАЎ (Марын Петраў) (н. 21.9.1908, г. Кюстэндзіл, Балгарыя),

балгарскі кампазітар, педагог, дырыжор. Нар. арт. Балгарыі (1965). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Дзярж. акадэмію музыкі ў Сафіі (1930; цяпер Балг. кансерваторыя), з 1939 выкладаў у ёй (у 1955—57 рэктар). У 1936—38 кіраўнік створанага па яго ініцыятыве камернага аркестра Радыё ў Сафіі. З 1943 дырыжор Акад. сімф. аркестра (цяпер аркестр Сафійскай філармоніі). У 1965—67 дырэктар Сафійскай нар. оперы. Аўтар опер «Івайла» (1959) і «Захарый Зограф» (1973), балетаў «Несцінарка» (1942). «Дачка Калаяна» (паст. 1975), аперэты «Залатая птушка» (1961), араторыі «Тытан» (1972), 4 сімфоній (1963—78), інш. аркестравых і камерна-інстр. твораў, хар. песень. Яго творы сталі балг. класікай. Муз.-тэарэт. працы, у т. л. па інструментоўцы. Дзімітроўская прэмія 1964.

т. 5, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧАРО́ВА (Наталля Сяргееўна) (4.6.1881, в. Ладышкіна Тульскай вобл., Расія — 17.10.1962),

рускі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Вучылася ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (з 1898). Удзельнічала ў выстаўках аб’яднанняў «Бубновы валет», «Асліны хвост», «Мішэнь». Зазнала ўплыў імпрэсіянізму, кубізму і футурызму. Разам з мужам М.Ларыёнавым была адным са стваральнікаў рус. прымітывізму («Маскоўская вуліца», 1909; «Мыццё палатна», 1910) і т.зв. «лучызму» (спроба дэкар. абстракцыянізму). З 1915 жыла ў Парыжы. Афармляла спектаклі ў антрэпрызе С.Дзягілева («Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава, 1914; «Жар-птушка» І.​Стравінскага, 1926). Яе творам уласцівы дэкар. маляўнічасць і выразнасць, блізкая да рус. лубка.

Літ.:

Художники русской эмиграции (1917—1941): Биогр. словарь. СПб., 1994. С. 162—166;

Chamot M. Natalia Gontcharova. Paris, 1972.

Н.Ганчарова. Маскоўская вуліца. 1909.

т. 5, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБ ШЫ́ЗЫ (Columba livia),

птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Паўн. Афрыцы, на Пд Еўразіі. Насяляе скалы, горныя цясніны, яры, абрывістыя берагі рэк. Паўсвойскія галубы шызыя жывуць у паселішчах і пабудовах чалавека ўсюды. На Беларусі трапляецца шматлікі аселы паўсвойскі падвід — голуб шызы звычайны (C.l. livia).

Даўж. цела 33—37 см, маса 240—360 г. Апярэнне шызае, на шыі з металічна-зялёным і фіялетавым адценнем, на паясніцы белая паласа. На крылах 2 папярочныя чорныя палосы, на канцы хваста адна шырокая. Гняздуецца ў трэшчынах скал, норах па абрывах, пад стрэхамі, у нішах пабудоў, на балконах, карнізах. Нясе 2 яйцы. Расліннаедны, корміцца насеннем дзікіх і культ. раслін, рэшткамі ежы чалавека. Ад голуба шызага паходзяць шматлікія пароды дэкар. і паштовых галубоў.

Голуб шызы.

т. 5, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)