род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 40 відаў. Пашырана пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі, таксама ў гарах Паўд. Амерыкі (Анды). Ва ўмераных шыротах утварае альховыя лясы. На Беларусі па ўсёй тэр. трапляецца вольха чорная, або клейкая (Alnus glutinosa), утварае чорнаальховыя лясы; у паўн.ч. — вольха шэрая, або белая (Alnus incana), якая мае ў цэнтр.ч. рэспублікі паўд. мяжу суцэльнага пашырэння, утварае другасныя (вытворныя пасля яловых) шэраальховыя лясы. Зрэдку трапляецца гібрыд паміж гэтымі відамі — вольха апушаная (Alnus pubescens). У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны 14 відаў і формаў вольхі (барадатая, пушыстая, сібірская, японская, цвёрдая, чырвоная, камчацкая і інш.).
Аднадомныя лістападныя ветраапыляльныя дрэвы і кусты. Лісце круглаватае, эліптычнае або адваротнаяйцападобнае, цэласнае (у садовых формаў бывае рассечанае). Тычынкавыя кветкі падоўжаныя, звіслыя, у каташках; песцікавыя — у «шышачках», летам зялёных, шчыльных, пры выспяванні чорна-бурых, дравяністых, якія ператвараюцца ў суплоддзі. Плады — аднанасенныя арэшкі з 2 перапончатымі крылцамі. На каранях часта ўтвараюцца клубеньчыкі з азотфіксавальнымі бактэрыямі. Тэхн. (драўніна выкарыстоўваецца ў вытв-сці мэблі, фанеры, тары, як буд.матэрыял), лек. (суплоддзі і кара вяжучы, кроваспыняльны і процізапаленчы сродак), дубільныя, фарбавальныя, дэкар., меліярацыйныя (глебапаляпшальныя) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЙ (лац. Aluminium),
Al, хімічны элемент III групы перыядычнай сістэмы Мендзялеева, ат. н. 13, ат. м. 26,98. Прыродны алюміній складаецца з аднаго стабільнага ізатопа 27Al (100%). У літасферы алюміній складае 8,8% па масе (першае месца сярод металаў). Атрыманы ў 1825 дацкім вучоным Х.К.Эрстэдам. Галоўныя носьбіты алюмінію — алюмасілікаты, асн. крыніцы атрымання — баксіты, алуніты, нефелін-апатытавыя руды.
Лёгкі серабрыста-белы метал, добра праводзіць цеплыню і электрычнасць, пластычны, шчыльн. 2,7∙103кг/м³, tпл 660 °C. Хім. актыўны: на паверхні стварае ахоўную аксідную плёнку, аднаўляе металы і неметалы з іх аксідаў, узаемадзейнічае з галагенамі, пры высокіх т-рах з азотам, вугляродам і серай. На алюміній не дзейнічаюць разбаўленыя і моцныя азотная, саляная і серная к-ты. Алюміній з шчолачамі ўтварае алюмінаты. Прамысловы спосаб атрымання заснаваны на электролізе раствору гліназёму (Al2O3) у расплаўленым крыяліце (Na3AlF6) пры t 950 °C. Выкарыстоўваецца ў авіяцыі, буд-ве (канструкцыйны матэрыял), электратэхніцы, металургіі (гл.Алюмінатэрмія), хім. і харч. прам-сці (тара, упакоўкі), вытв-сці выбуховых рэчываў (аманал, алюматол). Як мікраэлемент уваходзіць у склад тканак жывых арганізмаў і раслін; лішак алюмінію шкодны, акумулюецца ў печані, падстраўнікавай і шчытападобнай залозах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЫЯЛЕКТАЛАГІ́ЧНЫ А́ТЛАС БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ»,
сістэматызаваны набор лінгвістычных карт, на якіх пры дапамозе ўмоўных знакаў адлюстравана пашырэнне ў межах беларускай мовы разнастайных асаблівасцей яе гаворак. Выдадзены ў 1963. Адзін з найб. поўных лінгвістычных атласаў, адлюстроўвае стан развіцця бел. гаворак у іх прасторавых узаемаадносінах у сярэдзіне 20 ст. Ствараўся на аснове метадалагічных прынцыпаў і метадычных прыёмаў, прынятых сав. школай лінгвістычнай геаграфіі. Яго складанню папярэднічаў працяглы перыяд абследавання жывых гаворак у межах нац.тэр. Беларусі па спец. праграме, арыентаванай на выяўленне сістэмна звязаных дыялектных адрозненняў. У аснове Атласа — тэорыя акад. Р.І.Аванесава. Складаецца з 2 раздзелаў. У 1-м змешчаны 7 гіст.-адм. і 338 лінгвістычных карт, якія даюць максімальную інфармацыю пра фанет. сістэму, грамат. структуру і лексічныя асаблівасці бел. гаворак. 2-і раздзел уключае ўступныя артыкулы, каментарыі да карт, даведачны і фактычны матэрыял. Калектыву аўтараў (Г.У.Арашонкава, М.В.Бірыла, Н.Т.Вайтовіч, І.М.Гайдукевіч, А.П.Груца, З.Ф.Краўчанка, А.А.Крывіцкі, Ю.Ф.Мацкевіч, А.Р.Мурашка, Я.М.Рамановіч, А.І.Чабярук, В.М.Шэлег) і рэдактараў (Аванесаў, К.Крапіва, Мацкевіч) за комплекс работ прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬТЭБРА́НТ (Пётр Андрэевіч) (8.5.1840, в. Пер’і Разанскай вобл., Расія — 12.12.1905),
рускі археограф, этнограф, фалькларыст, гісторык. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1861—62). Працаваў у пецярбургскай газ. «Голос», з 1895 пам. архіварыуса Віленскага цэнтр. архіва стараж. актавых кніг, заг. аддзела рукапісаў Віленскай публічнай б-кі, з 1871 у Археаграфічнай камісіі ў Пецярбургу, з 1884 у сінадальнай друкарні, з 1897 у Мін-ве асветы. Арганізаваў шэраг экспедыцый на Беларусь для выяўлення рукапісных матэрыялаў і рэдкіх кніг. Пры абследаванні нясвіжскага архіва Радзівілаў выявіў урывак Слуцкага летапісу 16 ст. У 1869 упершыню надрукаваў з каментарыямі Тураўскае евангелле. У «Виленском вестнике» і «Литовских епархиальных ведомостях» змяшчаў артыкулы па нар. творчасці, музейнай і бібліятэчнай справе, археалогіі. З матэрыялаў, сабраных навучэнцамі Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, выдаў «Зборнік помнікаў народнай творчасці ў Паўночна-Заходнім краі» (Вільня, 1866; 300 песень, 151 прыказка, 93 загадкі), у прадмове да якога выявіліся шавініст. і антысеміцкія настроі аўтара. Бел. фальклорны матэрыял, які Гільтэбрант збіраўся выдаць у 2-м выпуску зборніка, зберагаецца ў Нац.Рас. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Літ.:
Гілевіч Н.С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970. С. 37—38;
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НІЙ (лац. Germanium),
Ge, хімічны элемент IV групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 32, ат. м. 72,59. Прыродны складаецца з 5 стабільных ізатопаў, найб. колькасць 74Ge (36,54%). У зямной кары 1,5∙10−4% па масе. Належыць да рассеяных элементаў. Адкрыты ў 1886 К.А.Вінклерам, названы ім у гонар яго радзімы (Германія).
Цвёрдае крохкае рэчыва серабрыстага колеру з метал. бляскам, tпл 938,25 °C, шчыльн. 5323 кг/м³ (25 °C), шчыльн. вадкага 5557 кг/м³ (1000 °C). Паўправаднік, шырыня забароненай зоны 0,66 эВ. Пры звычайных умовах устойлівы да ўздзеяння вады, кіслароду, разбаўленых к-т. Узаемадзейнічае з азотнай к-той, царскай гарэлкай, растворамі шчолачаў у прысутнасці акісляльніку (утварае солі германаты, пры награванні — з большасцю неметалаў. У паветры пры 700 °C акісляецца да германію дыаксіду. Пры сплаўленні з металамі ўтварае германіды — крохкія цвёрдыя рэчывы з метал. бляскам (напр., германід цырконію Zi5Ge3, tпл 2330 °C). Атрымліваюць з пабочных прадуктаў пры перапрацоўцы руд каляровых металаў, з попелу некаторых відаў вугалю, адходаў коксахім. вытв-сці. Выкарыстоўваюць у паўправадніковай тэхніцы для вырабу дыёдаў, транзістараў, тэрма- і фотарэзістараў; як кампанент сплаваў, матэрыял для лінзаў у прыладах інфрачырвонай тэхнікі і дэтэктараў іанізавальнага выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЫЙ (лац. indium),
In, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 49. ат. м. 114,82. У прыродзе 2 ізатопы: 113In(4,3%) і слаба радыеактыўны (b-выпрамяняльнік, перыяд паўраспаду 5∙1014 гадоў) 115In (95,7%). Рассеяны элемент, у зямной кары 10−5% па масе. Адкрыты ў 1863 ням. вучонымі Ф.Райхам і Т.Рыхтэрам пры спектраскапічным даследаванні цынкавай падманкі, названы па сіняй (колеру індыга) лініі спектра.
Серабрыста-белы мяккі метал tпл 156,78 °C, tкіп 2024 °C, шчыльн. 7310 кг/м³ Устойлівы ў паветры, не ўзаемадзейнічае з азотам, вадародам, вугляродам. Пры т-ры вышэй за 800 °C гарыць з утварэннем сэсквіаксіду In2O3 (светла-жоўтае крышт. рэчыва, tпл 1910 °C). Узаемадзейнічае з мінер. і арган. к-тамі, пры награванні — з хлорам, бромам, ёдам. Пры сплаўленні з халькагенамі (сера, селен, тэлур) утварае халькагеніды (паўправадніковыя матэрыялы). Атрымліваюць з адходаў і паўпрадуктаў свінцова-цынкавай і алавянай вытв-сці. Выкарыстоўваюць у вытв-сці легкаплаўкіх сплаваў, паўправадніковых матэрыялаў, як матэрыял для герметызацыі ў вакуумных прыладах і касм. апаратах. Таксічны, пыл І. і яго злучэнняў выклікае пашкоджанне лёгкіх, шкодна ўплывае на печань і селязёнку.
Літ.:
Яценко С.П. Индий: свойства и применение. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКРУСТА́ЦЫЯ (лац. incrustatio ад incrusto пакрываю чым-н.),
від дэкарыравання вырабаў узорамі ці сюжэтнымі кампазіцыямі з кавалачкаў дрэва, косці, металу, перламутру, якія ўразаюцца ў паверхню вырабаў і адрозніваюцца ад яе колерам ці матэрыялам; творы, выкананыя ў гэтай тэхніцы. Пашырана І. дрэвам па дрэве (інтарсія), металам па метале (насечка), каменем па камені; часта выконваецца інш. матэрыялам, чым матэрыял прадмета, што ўпрыгожваецца. І. выкарыстоўвалі ў скульптуры і рэчах дэкар.-прыкладнога мастацтва Стараж. Усходу і антычнасці, у аздабленні зах.-еўрап. мэблі рэнесансу і барока. На Беларусі ў 12—13 ст. была пашырана І. залатымі і сярэбранымі пласцінамі па жалезе і медзі, косцю па дрэве (наканечнік кап’я 12 ст., інкруставаны серабром, знойдзены на Мінскім замчышчы). Часам насечка спалучалася з чарненнем. У 17—18 ст. І. аздаблялі зброю, мэблю, посуд, літургічнае начынне і інш.Бел. майстры-інкрустатары працавалі ў Маск. дзяржаве пры царскім двары і ў Аружэйнай палаце, дзе выраблялі мэблю, інкруставалі перламутрам ці насякалі золатам і серабром шаблі, мячы, пішчалі і інш. зброю. У 18—19 ст. І. заняпала. Сёння ў тэхніцы І. працуюць некат. мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Я.М.Сахута.
Куфэрак. Інкрустацыя перламутрам. Карэя. 18—19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫВІЧА́НІН»,
бел. палітычна-літ. часопіс. Выдадзены ў кастр. 1918 у Вільні на бел. мове (лацініцай). Выйшаў 1 нумар. Рэдактар-выдавец В.Ластоўскі. Меў на мэце тэарэт. распрацоўку бел.нац. пытання і яго папулярызацыі сярод грамадзянства. Увага акцэнтавалася на эканам. аспекце пазнання Беларусі і духоўнай сферы, у т. л. прыгожага пісьменства і мастацтва. Апублікаваў арт. «Нацыянальнае пытанне», гіст. нарыс «Тураўскае княства», стат. агляд тэр. і насельніцтва Беларусі ў яе этнагр. межах, кароткі аналіз этнічнай сітуацыі на Віленшчыне, маст. творы (прытчу Ластоўскага «Прыповесць аб старым мужу і гожай дзеве», ананімную паэму «Энеіда навыварат», апавяданне «Русалкі» З.Бядулі, «Санет» М.Багдановіча і яго пераклад оды Гарацыя «Помнік»), Змясціў аналіт. разбор легенды «Жалезны воўк» пра заснаванне Вільні і нататак пра герб «Пагоня», пра наданне ў 1274 на 2-м Ліёнскім саборы імя патронкі Беларусі Праксэдзе-Ефрасінні Полацкай. Апублікаваў інфарм.матэрыял пра заснаванне ў Вільні арг-цыі «Сувязі культурна-нацыянальнага адраджэння беларускага народу», пра з’езд каталіцкіх святароў Дзісенскага дэканата. На вокладцы час. змешчаны графічны і тэкставы план эвакуацыі з У ад Бярэзіны герм.акупац. войск паводле Брэсцкага міру 1918. «К.» — правобраз час.«Крывіч».
горныя пароды, якія ўтварыліся з расплаўленай магмы пры яе зацвярдзенні і крышталізацыі. Складаюць (паводле Ф.Кларка) 95% аб’ёму зямной кары. У залежнасці ад умоў зацвярдзення магмы ў нетрах Зямлі або на яе паверхні адрозніваюць інтрузіўныя горныя пароды і эфузіўныя горныя пароды. М.г.п. звычайна складзены з сілікатаў. Па колькасці крэменязёму (SiO2) падзяляюцца на групы: ультраасноўныя (SiO2 < 40%, дуніты, алівініты, перыдатыты і інш.), асноўныя (40—55%, піраксеніты, габра, базальты і інш.), сярэднія (55—65%, гранадыярыты, дыярыты, андэзіты і інш.) і кіслыя (SiO2 > 65%, граніты, рыяліты, дацыты і інш.). Па колькасці шчолачаў у кожнай групе вылучаюць нармальны, субшчолачны і шчолачны рады. Спалучэнні групы і рада вызначаюць сем’і гэтых парод. М.г.п. развіты ў складкавых абласцях, фундаменце і чахле платформ, на шчытах, у сучасным акіяне. З імі звязаны карысныя выкапні, напр., з кіслымі М.г.п. — волава, вальфрам, золата, з асноўнымі — тытанамагнетыт, медзь, з ультраасноўнымі — хром, плаціна, нікель, са шчолачнымі — тытан, фосфар, апатыт, цырконій, рэдкія землі. М.г.п. выкарыстоўваюцца як буд.матэрыял (лабрадарыты, туфы і інш.), абразіўны і цеплаізаляцыйны (пемза, перліт), як сыравіна для вылучэння каштоўных кампанентаў (напр., алюмінію з нефелінавых сіенітаў) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКІЯ ЛЕ́ТАПІСЫ,
помнікі старажытнарускага летапісання 12—17 ст., складзеныя ў Ноўгарадзе Вялікім. Вядома 5 асобных летапісных помнікаў, якія захаваліся ў шматлікіх спісах. З іх найб.стараж. і каштоўныя — Наўгародскі 1-ы (звесткі даведзены да 1-й пал. 14 ст.) і Наўгародскі 4-ы (звесткі да 2-й пал. 15 ст.) летапісы. Вылучаюцца змястоўнасцю, дакумент. дакладнасцю і лаканічнасцю, дэмакратычнасцю мовы і стылю. Адлюстроўваюць грамадска-паліт. і культ. жыццё Ноўгарада, яго сувязі з Псковам, Полацкам, Кіевам, Масквою, ВКЛ, Лівоніяй і інш. гарадамі і землямі. Падзеі апісаны ў пагадовай форме і асветлены з пазіцый агульнанар. патрыятызму. Н.л. адкрываюцца «Аповесцю мінулых гадоў» і змяшчаюць апрача арыгінальных мясц. звестак каштоўны гіст.-дакумент. і літ.матэрыял пра мінулае Русі, запазычаны з інш.стараж.-рус. крыніц. Летапісы багатыя звесткамі па гісторыі Беларусі і ВКЛ, асабліва Наўгародскі 4-ы летапіс, які паслужыў адной з асн. крыніц 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. На падставе Н.л. складзена агульнарус. частка летапіснага зборніка 1-й пал. 16 ст., што захоўваўся і дапаўняўся гіст. запісамі ў Супраслі (гл.Супрасльскі рукапіс). У 15—17 ст. на бел. землях бытавалі і інш. летапісныя кампіляцыі наўгародскага паходжання (напр.Аўрамкі летапіс).