КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «ЯХІМО́ЎШЧЫНА» Засн. 24.10.1996 у в. Яхімоўшчына Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., дзе з восені 1906 да вясны 1907 працаваў памочнікам вінакура на бровары ў маёнтку пана Любанскага Я.Купала. Тут паэт напісаў вершы «Ворагам Беларушчыны», «А хто там ідзе?», «Што ты спіш?», «Гэта крык, што жыве Беларусь» і шэраг твораў, якія ўвайшлі ў першы яго зб. «Жалейка» (1908). Пл. 410,8 м². Захаваліся хата, у якой жыў Я.Купала, сядзіба канца 19 ст. У 1998 праведзена рэстаўрацыя хаты, у ёй ствараецца экспазіцыя (мастак Г.Чысты). У Яхімоўшчыне ўстаноўлены мемар. дошкі: на будынку б. канторы бровара (цяпер цэнтр. сядзіба калгаса «Яхімоўшчына»; 1959) і на хаце (1982), у якой жыў Я.Купала. Работу паэта на бровары адлюстравалі мастакі Э.Агуновіч, М.Гусеў, Я.Раманоўскі, К.Харашэвіч, В.Ціхановіч.
Ж.К.Дапкюнас.
Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына». Хата, у якой жыў паэт у 1906—07.Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСТО́ДЗІЕЎ (Барыс Міхайлавіч) (7.3.1878, г. Астрахань, Расія — 26.5.1927),
расійскі жывапісец, графік і тэатр.мастак. Скончыў Пецярбургскую АМ (1903), дзе вучыўся ў І.Рэпіна. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1909). Чл. Саюза рус. мастакоў (э 1907), аб’яднання «Свет мастацтва» (з 1911), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1923). У 1905—07 супрацоўнічаў з сатыр. часопісамі. З 1906 пісаў карціны на тэмы святочнага сял. і мяшчанскага побыту («Кірмаш», «Сялянскія святы», «Масленіцы», «Балаганы»), якія вызначаліся яркай шматколернасцю, жыццёвай дакладнасцю, блізкасцю да мадэрну. Стварыў збіральныя вобразы-тыпы купецкай Расіі: «Купчыхі» (1912), «Прыгажуня» (1915), «Купчыха за гарбатай» (1918) і інш. Распрацаваў жанр партрэта-карціны (аўтапартрэт, 1912; партрэты А.І.Анісімава, 1915; Ф.Шаляпіна, 1922). Аўтар інтымна-лірычных партрэтаў І.Кустодзіевай, Ю.Кустодзіевай з дачкой (абодва 1906) і інш. Звяртаўся да сав. тэматыкі («Бальшавік», 1920) і інш. Аўтар літаграфій, лінарытаў, кніжных ілюстрацый. Афармляў тэатр. спектаклі. У Нац.маст. музеі Беларусі 11 жывапісных і 16 графічных твораў К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛКІН (Барыс Яўсеевіч) (26.1.1908, г. Прылукі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.11.1972),
бел.мастак тэатра, графік. Скончыў Кіеўскую вышэйшую школу мастацтва (1929). У 1929—36 працаваў у Дзярж. выд-ве Беларусі. Аформіў спектаклі: у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «Партызаны» (1938) і «Мілы чалавек» (1945) К.Крапівы, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы, «Позняе каханне» А.Астроўскага (усе 1944), «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева (1947), «Пані міністэрша» Б.Нушыча (1956), «Востраў Афрадыты» А.Парніса (1960); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Ірынка» К.Чорнага (1941); у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі — «Аб сябрах-таварышах» У.Маса і М.Чарвінскага (1948), «Гаспадыня гасцініцы» К.Гальдоні і «Шалёныя грошы» Астроўскага (абодва 1951), «Ад казкі да казкі» (1970). Аўтар ілюстрацый да паэмы Я.Купалы «Над ракою Арэсай» (1936), зб. «Выбраныя творы» Цёткі (1967), серый «Па слядах вайны» (1942—44), «Цырк» (1960-я г.), «Рыга» (1962), і інш.
Б.Малкін. Ілюстрацыя да зб. «Выбраныя творы» Цёткі. 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКАВЕ́Ц (Віктар Пятровіч) (н. 5.8.1947, г. Докшыцы Віцебскай вобл.),
бел.мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1971). Для твораў характэрны адзінства кампазіцыйнага вырашэння і колеравых нюансаў, строгая акрэсленасць малюнка. Аўтар тэматычных кампазіцый «Беларускія нафтавікі» (1972), «Палескі матыў» (1973), «Свята ў Докшыцах», «Купалле» (абедзве 1976), «Парк Перамогі» (1980), «Партызанская кузня» (1984), «Крыніца» (1991), «Сакавік. Вайшкуны» (1997), «Цёплы вечар» (1999); серыі «Кастусь Каліноўскі» (1970-я г.), партрэтаў бабулі (1976), «Дзед Алесь і бабка Марыля», А.Пупко, П.Сергіевіча (усе 1978), «Марыя Багдановіч з сынам Максімам» (1981—82), бацькоў Я.Купалы і Я.Коласа (ўсе 1982), У.Сыракомлі, «В.Дунін-Марцінкевіч з дачкой Камілай» (абодва 1983), С.Кібіцкага (1991); пейзажаў «Рака Бярэзіна каля Докшыц», «Камяні пад Докшыцамі» (1991); нацюрмортаў, трыпціха «Спакон вякоў» (1982). У 1990-я г. стварыў карціны, прысвечаныя Заслаўю, маляваныя дываны. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Іл.гл. таксама да арт.Нацюрморт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАНО́ВІЧ (Пётра) (21.9.1902, в. Стрэмкі, Латвія — 20.12.1990),
бел.мастак. Вучыўся ў Даўгаўпілскай бел. гімназіі. Скончыў Латвійскую АМ (1937). У 1945—47 вучыўся ў АМ у Вене. З 1944 жыў у Аўстрыі, з 1950 — у ЗША. Займаўся асветніцтвам і развіццём бел. школы ў Латвіі. У ранніх творах адлюстраваны побыт латгальскай вёскі 1920—40-х г.: «У сялянскай хаце», «Жняя», «Вываз гною», «Бура ў жніво» і інш. Пазней ствараў партрэты вядомых бел. дзеячаў розных часоў: С.Сахарава, П.Крачэўскага (1966), Н.Арсенневай, Я.Купалы, Ф.Скарыны (усе 1967), Л.Сапегі (1970), К.Каліноўскага (1971) і інш. Прыгажосць краявідаў Падзвіння перадаў у працах «Гонкі на Дзвіне», «Над Дзвімою», «Другое возера», «Белая царква ў Друі» (1970-я г.), «Сплаў лесу» (1970), «Капліца ў Прыдруйску» (1971) і інш. Сярод інш. твораў «Беларускія эмігранты», «Парк у Брукліне», «У Альпах», «Касцёл св. Карлы ў Вене» (абодва 1945—46), «Хата на Лонг Айлендзе» (1970) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АРГАНІЗАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Тпа падрыхтоўцы да сустрэчы трэцяга тысячагоддзя і святкавання 2000-годдзя хрысціянства.
Створаны 4.8.1998. Узначальвае Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь У.В.Ярмошын (да 14.4.2000 С.С.Лінг); уваходзяць дзеячы культуры, прадстаўнікі органаў дзярж. кіравання, духавенства. Асн. кірункі дзейнасці: міжнар. сувязі, культ.-масавая і інфарм.-тлумачальная работа, выдавецкая дзейнасць, правядзенне навук.-практычных канферэнцый, фестываляў, конкурсаў, прысвечаных знамянальным падзеям, а таксама садзейнічанне рэліг. арг-цыям ва ўмацаванні іх матэрыяльна-тэхн. базы [буд-ва, рэстаўрацыя і рамонт храмаў, напр., праваслаўных цэркваў (комплексаў) Мінска, Віцебска, Друцка, касцёлаў у Гродне, Пінску, Нясвіжы і інш.]. Аргкамітэт мае сваю эмблему (аўтар мастак Л.І.Талбузін) з выявай узноўленага Крыжа Ефрасінні Полацкай. Рабочую групу Аргкамітэта ўзначальвае старшыня Дзяржкамітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь А.М.Білык. Рабочая група каардынуе дзейнасць міжнар., дзярж. і грамадскіх арг-цый па падрыхтоўцы да юбілеяў, падтрымлівае сувязі з аргкамітэтамі, якія створаны ў шэрагу краін свету, і з суайчыннікамі за межамі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАІЗІЕ́ЛА, Паэзіела (Paisiello, Paesiello) Джавані Грэгорыо Катальда (9.5.1740, г. Таранта, Італія —5.6.1816), італьянскі кампазітар; прадстаўнік неапалітанскай опернай школы. Чл. парыжскай Акадэміі прыгожых мастацтваў (1809). Вучыўся ў кансерваторыі «Сант-Анофрыо а Капуана» ў Неапалі (1754—63). З 1776 прыдворны кампазітар у Пецярбургу. З 1784 прыдворны кампазітар і капельмайстар караля Неапалітанскага. У 1802—03 арганізатар і кіраўнік асабістай капэлы Напалеона ў Парыжы. Майстар оперы-буфа, аўтар каля 100 опер-серыя. Стварыў яскравыя ўзоры італьян. камічнай оперы, узбагаціў яе выразныя сродкі, павялічыў ролю аркестра. Сярод твораў: оперы «Балбатун» (паст. 1764), «Ахіл на Скірасе» (паст. 1778), «Служанка-пані» (паст. 1781), «Севільскі цырульнік, або Марная засцярога» (паст. 1782), «Месяцавае святло» (паст. 1783), «Млынарыха» і «Ніна, або Звар’яцелая ад кахання» (паст. абедзве 1789), «Піфагарэйцы» (паст. 1808); 3 духоўныя араторыі, кантаты, 2 рэквіемы; 12 сімфоній; 6 стр. і 12 фп. квартэтаў; п’есы для фп., арфы і інш.
Літ.:
Крунтяева Т. Дж.Паизиелло // Крунтяева Т. Итальянская комическая опера XVIII в Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШЧА́СЦЕЎ (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 4.2.1944, г. Іжэўск, Удмурція),
бел.мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Аўтар серый «Мінск перадсвяточны», «З жыцця адной часці» (абедзве 1968), «Палеская нафта» (1970), «Днём і ноччу» (1972), «Аўтагонкі» (1975), «Палескі пейзаж» (1977), «Вучэнні «Бярэзіна» (1978), «Алжыр» (1980), «Адноўленае Палессе» (1981), «Вясковыя замалёўкі» (1984), «Масква» (1988—90), асобных лістоў. Аформіў і стварыў ілюстрацыі да кніг «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» М.Лынькова (1969), «Пучок жыгучкі» К.Крапівы (1973), «Прыгоды дзеда Міхеда» А.Астрэйкі (1974), «Тры аповесці пра Малыша і Карлсана» А.Ліндгрэн (1980), «Мы вучымся пісаць» М.Гурэвіч (1983), «Як Бог стварыў свет» У.Ліпскага (1993), буквары Н.Старажовай і Т.Шанько (1992), А.Клышкі (1999), Т.Ляшчынскай і Ю.Кісляковай (2000, у сааўт.), серыю «Аловак і Самадзелкін» У.Поснікава (1998) і інш. Творам характэрны выразнасць кампазіцыі, дакладнасць і маляўнічасць выяўленчай мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКАПЦО́Ў (Уладзімір Іванавіч) (н. 8.8.1953, в. Жгунская Буда Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастацтвазнавец, мастак. Канд. мастацтвазнаўства (1984). Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1975). З 1980 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1986 у СМ Беларусі, з 1998 дырэктар Нац.маст. музея Беларусі. Даследуе праблемы сучаснага выяўл. мастацтва. Аўтар прац: «Нінель Шчасная» (1984; у сааўт.), «У пошуках прыгажосці і гармоніі» (1988), «Мікалай Рыжанкоў» (1989), уступных артыкулаў да альбомаў «Уладзімір Масленікаў» (1995), «Леанід Дударэнка» (1998), раздзелаў у «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 4—6, 1990—94). Працуе ў станковым жывапісе ў жанрах нацюрморта, пейзажа, тэматычнай карціны. Сярод твораў: «М.Багдановіч. Апошні санет паэта» (1985), «Present Indefinite», «Мроі Нясвіжскага парку», «Маіх чаўноў скрыпучая туга» (усе 1997), «В.К.Бялыніцкаму-Бірулі. Мелодыя адыходзячай ночы» (1998), «Ноч юнага мая», «Адам Міцкевіч. Боль паэта» (абодва 1999), «Успаміны аб паланэзе» (2000), «Нараджэнне дня» (2001).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШКО́ (Аляксандр Лукіч) (19.4.1900, г. Луганск, Украіна — 6.3.1973),
расійскі кінарэжысёр, мастак. Нар.арт.СССР (1969). Вучыўся ў Маскоўскім ін-це нар. гаспадаркі. У кіно з 1927, напачатку канструктар лялек і пастаноўшчык мультыплікацыйных фільмаў. Стварыў серыю «Прыгоды Брацішкіна» (1928—30), зняў першы гукавы аб’ёмна-мультыплікацыйны фільм «Уладар быту» (1932). Сярод інш. фільмаў: «Новы Гулівер» (1935), «Казка пра рыбака і рыбку» (1937), «Вясёлыя музыкі» (1938), «Залаты ключык» (1939; выкарыстаў ігравыя, аб’ёмна-мультыплікацыйныя і камбінаваныя здымкі). З 1940-х г. ставіў фільмы-экранізацыі, пераважна казкі: «Каменная кветка» (1946, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Садко» (1953, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Ілья Мурамец» (1956; першы шырокаэкранны фільм са стэрэафанічным гукам), «Сампо» (1959), «Казка пра згублены час» (1964), «Казка пра цара Салтана» (1967), «Руслан і Людміла» (1972). Паставіў таксама фільм «Пунсовыя ветразі» (1961). Часта быў аўтарам або сааўтарам сваіх фільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1947.
Тв.:
Специальные способы киносъемки. М., 1930 (разам з Л.Сухарэбскім);