ЛІСІ́ЦКІ Лазар Маркавіч

(22.11.1890, г. Пачынак Смаленскай вобл., Расія — 30.12.1941),

расійскі архітэктар, мастак-канструктар, графік. Праф. (1921). Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў г. Дармштат (Германія; 1909—14) і Рыжскім політэхн. ін-це (у Маскве; 1915—16). Выкладаў у Вышэйшых нар. маст. школе ў Віцебску (1919—20), маст.-тэхн. майстэрнях (1921) і маст.-тэхн. ін-це (з 1926) у Маскве. У 1921—25 жыў у Германіі і Швейцарыі. Чл. груп «Стыль» і «Сцвярджальнікі новага мастацтва» (з 1921), Асацыяцыі новых архітэктараў. Вядомы пад псеўд. Эль Лісіцкі. Распрацоўваў праекты вышынных дамоў для Масквы (1923—25). У духу супрэматызму выканаў шэраг плакатаў («Клінам чырвоным бі белых», 1920), распрацоўваў праекты трансфармуемай мэблі (1928—29), новыя прынцыпы выставачнай экспазіцыі (сав. павільёны на замежных выстаўках 1925—34, Усесаюзная паліграф. выстаўка ў Маскве, 1927), вырашэння сцэн. прасторы для т-ра. У кніжным афармленні абгрунтоўВаў метад візуальна-прасторавага канструявання кнігі, выкарыстоўваў сціплую арнаментыку, кантраст друкарскіх шрыфтоў, фотамантаж (зб-кі «Украінскія народныя казкі», 1919; «Маякоўскі. Для голасу», 1922). У Віцебску падрыхтаваў кн. «Пра два квадраты» (1922).

Літ.:

Э.Лисицкий: Художник, типограф, фотограф и архитектор. Л., 1979;

Герчук Ю. Эль Лисицкий // Творчество. 1990. № 10.

М.Л.Цыбульскі.

т. 9, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)