ПЕНДАРЭ́ЦКІ ((Penderecki) Кшыштаф) (н. 25.11.1933, г. Дэмбіца, Польшча),
польскі кампазітар, дырыжор, педагог. Чл. Польскай АН у Кракаве (1994). Скончыў Акадэмію музыкі ў Кракаве (1957), з 1959 выкладае ў ёй кампазіцыю, у 1972—87 рэктар. У 1973—78 выкладаў у Іельскім ун-це (ЗША). Дырыжыруе вядучымі сімф. аркестрамі (з 1973), вядзе майстар-класы ў буйнейшых муз. цэнтрах Еўропы і ЗША і інш. Арыгінальная экспрэсіўнасць музыкі П. грунтуецца на глыбокім адчуванні магчымасцей сучасных гукавых сістэм і выкарыстанні іх ва ўсіх сферах кампазітарскай тэхнікі ад артыкуляцыі да формаўтварэння. Зрабіў адкрыцці ў гукавой каларыстыцы. Творам уласцівы глыбокі маст. змест, шырокі спектр сродкаў выразнасці, выкарыстанне традыцый каталіцкай музыкі. У творчасці звяртаецца да агульначалавечай тэматыкі («Строфы» для сапрана, дэкламатара і 10 інструментаў, 1959; «Плач па ахвярах Хірасімы», 1960; араторыя «Dies irae», 1967, памяці ахвяр Асвенціма; «Касмагонія», 1970), рэліг. музыкі («Страсці паводле Лукі», 1965; «Ютрань», 1972; «Магніфікат», 1974; «Te Deum», 1980; «Польскі рэквіем», 1984) і інш. Аўтар опер («Д’яблы з Лудэна», 1969; «Страчаны рай», 1978; «Чорная маска», 1986; «Убу кароль», 1991), арк. твораў (3 сімфоніі, у т. л. «II Christmas Symphony», 1980; «De natura sonoris I—II», 1966—70; «Пасакалія», 1988; «Адажыо», 1989), інстр. канцэртаў (2 віяланчэльных, скрыпічны, альтовы), камерна-інстр. музыкі. Дзярж. прэмія Польшчы 1968, 1984.
Літ.:
Lisicki K. Szkice o K. Pendereckim. Warszawa, 1973;
Erhardt L. Spotkania z Krzysztofem Pendereckim. Krakow, 1975;
Tomaszewski M. Krzysztof Penderecki i jego muzyka. Krakow, 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФІ́СТЫ (грэч. sophistēs мудрэц, майстар),
умоўнае абазначэнне шэрагу стараж.-грэч. філосафаў сярэдзіны 5—1-й пал. 4 ст. да н.э. Першапачаткова С. называлі мудрых людзей, дасведчаных і аўтарытэтных у пытаннях прыватнага і грамадскага жыцця. З сярэдзіны 5 ст. да н.э. С. сталі называць платных выкладчыкаў красамоўства і разнастайных ведаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці. С. былі практыкамі і тэарэтыкамі рыторыкі. У цэнтры іх увагі было слова. Яны ўпершыню заўважылі, што мова — семантычна адкрытая сістэма, якая характарызуецца зараджэннем новых і стратай устарэлых сэнсаў слова. Адрозніваюць старэйшых (Пратагор, Горгій, Гіпій, Антыфонт, Крытый) і малодшых С. (Лікафрон, Алкідамант, Трасімах). С. не былі адзінай, цэласнай групай ні па сац.-паліт. арыентацыі, ні па філас. ідэях. Агульнае, што аб’ядноўвае іх, — перанос увагі з натурфіласофіі на праблемы чалавека, яго суб’ектыўных здольнасцей, этыкі, палітыкі і тэорыі пазнання. Характэрная рыса вучэнняў С. — рэлятывізм, які знайшоў класічнае выяўленне ў тэзісе Пратагора «Чалавек — мера ўсіх рэчаў». С. лічылі, што не існуе надзейных аб’ектыўных крытэрыяў для адрознення ісціны ад маны, дабра ад зла, справядлівасці ад несправядлівасці. Рэлятывізму С. садзейнічаў характар іх дзейнасці: гал. задачай яны лічылі навучыць чалавека пераканаўча абараняць любую ідэю, якая б магла спатрэбіцца для паспяховага ўладкавання спраў. Вучэнні С. супярэчылі традыц.рэліг. вераванням: напр., Пратагор сцвярджаў, што не ведае, ці існуюць багі; Крытый абвяшчаў рэлігію выдумкай, прызначанай для таго, каб прымушаць простых людзей падпарадкоўвацца законам. Шэраг С. прапаведавалі ідэі роўнасці людзей перад богам і прыродай і абвяргалі прывілеі знаці (Алкідамант, Антыфонт, Лікафрон).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Лы́жка, ложка ’прадмет сталовага прыбора для зачэрпвання рэдкай або рассыпістай ежы’ (Яруш., Гарэц., Касп., Сцяшк., Анох., ТСБМ, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.). Укр.ложка, ли́жка, ли́шка, ли́жґа, рус.ложка, кастр.лы́жка, ст.-рус.лъжька, ложька; польск.łyżka, łyška, lyjška, łyska, łóška, łuška, leška, каш.lëška, łiška, ст.-н.-луж.łežka, чэш.lyžka, łezka, славац.lyžka, liška, усх.ložka. Прасл.паўн.lъžka ’лыжка’ (Слаўскі, 5, 441–445), якая першапачаткова рабілася з дрэва, з кары; гэта дэмінутыўнае ўтварэнне ад *lъga, і.-е. адпаведнікам якога з’яўляюцца алб.lugë ’тс’, усх.-асец.alịgd ’надрэз’, alịgdịn ’падразаць’, ст.-інд.rujati ’ламае’. Аналагічна англ.spón ’лыжка’ ∼ ст.-в.-ням.spân ’трэска’, ст.-ісл.spánn ’лыжка, трэска’, швед., дац.sked ’лыжка’ ∼ ст.-в.-ням.sceidôn ’расколваць’. Іншыя менш імаверныя версіі гл. Слаўскі (5, 444–445); Фасмер (2, 511–512), Махэк₂ (346), Скок (3, 683), Трубачоў (Ремесл. терм., 169–170). Карскі (1, 149; Труды, 501) мяркуе, што бел.лы́жка — паланізм. Сюды ж лы́жачнік ’майстар, які робіць лыжкі’ (ТСБМ), лы́жачка ’дыхавіца’ (ТСБМ; КЭС, лаг.) — у выніку пераносу значэння паводле падабенства (упадзіна ў грудной клетцы).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ДУНАЕ́ЎСКІ (Ісак Восіпавіч) (30.1.1900, г. Лохвіца, Украіна — 25.7.1955),
рас. кампазітар. Нар.арт. Расіі (1950). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1919). Кіраўнік муз. часткі Маскоўскага т-ра сатыры (з 1924), муз. кіраўнік і гал. дырыжор Ленінградскага мюзік-хола (1929—34). Старшыня Ленінградскага аддзялення Саюза кампазітараў (1937—41). Адзін са стваральнікаў і буйнейшы майстар масавай песні. Меладычны дар і высокі прафесіяналізм абумовілі папулярнасць яго песень 1930—50-х г. («Песня аб Радзіме», «Мая Масква», «Марш вясёлых рабят», «Марш энтузіястаў», «Школьны вальс», «Ляціце, галубы»), Зрабіў вял. ўклад у развіццё жанру аперэты, найб. вядомыя «Залатая даліна» (1937), «Вольны вецер» (1947, паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі ў 1971), «Белая акацыя» (1955).
Адзін з пачынальнікаў жанру муз. кінакамедыі, аўтар музыкі да кінафільмаў «Вясёлыя рабяты» (1934), «Варатар», «Цырк», «Дзеці капітана Гранта» (усе 1936), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940), «Вясна» (1947), «Кубанскія казакі» (1949), а таксама бел. «Першы ўзвод» (1933), «Двойчы народжаны» (1934), «Залатыя агні» (1935), «Шукальнікі шчасця» і «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» (1936), «Канцэрт Бетховена» (1937), «Маё каханне» (1940), дакумент. «10 год Белдзяржкіно» (1936). Быў дырыжорам і гукамантажорам бел. фільмаў, у т. л. «Паручнік Кіжэ» з муз. С.Пракоф’ева. У сваю музыку ўключаў інтанацыі бел.нар. песень, гучанне жалейкі, стварыў апрацоўку бел.нар. песні «Бульба». Дзярж. прэмія СССР 1941, 1951.
Літ.:
Пэн А. И.Дунаевский. М., 1956;
И.О.Дунаевский: Выступления, статьи, письма. Воспоминания. М., 1961;
Чернов А. И.О.Дунаевский. М., 1961;
Бондарева Е.П. Кинолента длиною в жизнь. Мн., 1980. С. 47, 56—66;
Арканов Б. Дунаевский // Музыка XX в. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВІ́ЦКІ (Дзмітрый Рыгоравіч) (каля 1735, Кіеў ? — 16.4.1822),
расійскі і ўкраінскі жывапісец; найбуйнейшы майстаррус. параднага партрэта 18 ст. З 1769 акадэмік, з 1776 саветнік Пецярбургскай АМ; у 1771—88 кіраваў партрэтным класам. Вучыўся ў бацькі, укр. гравёра Р.Лявіцкага (Лявіцкага-Носа) і А.Антропава (1752—55 і з 1758). Магчыма, разам з бацькам удзельнічаў у размалёўцы Андрэеўскага сабора ў Кіеве (1752—55). Каля 1758 пераехаў у Пецярбург. У 1762 афармляў каранацыйныя ўрачыстасці ў Маскве. У ранніх творах спалучаў агульную ўрачыстасць позняга барока з рысамі натуральнасці і штодзённасці, імкнуўся да раскрыцця характару, дакладнасці і матэрыяльнасці выявы. Работам уласцівы эфектнасць кампазіцый, інтэнсіўнасць і танальнае адзінства колеравых адценняў, выразнасць поз і жэстаў: партрэты А.Какорынава (1769—70), П.Дзямідава (1773), серыя парадных партрэтаў выхаванак Смольнага ін-та («Смалянкі», каля 1773—76). Інтымныя партрэты адзначаны паглыбленасцю і разнастайнасцю індывідуальных характарыстык, стрыманасцю маст. сродкаў (Д.Дзідро, 1773—74; М.Дзякавай, 1778; святара, магчыма, бацькі, 1779 і інш.). 3 пач. 1780-х г. пад уплывам класіцызму тонкая нюансіроўка змянілася лакальным колерам, манера пісьма стала больш гладкай: «Урсула Мнішак» (1782), «Кацярына П» (1783) і інш. З 2-й пал. 1780-х г. яго работы страцілі ранейшую цэласнасць і гарманічнасць, характарнасць вобразаў. Некаторыя творы вызначаюцца яркай выразнасцю маст. сродкаў («Невядомы са сфінксам», 1790-я г.). Пасля 1800 з-за хваробы вачэй амаль не працаваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР НА ТАГА́НЦЫ.
Створаны ў 1964 на базе Маскоўскага т-ра драмы і камедыі (арганізаваны ў 1946) і групы выпускнікоў Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна як Маскоўскі т-р драмы і камедыі на Таганцы, з 1987 сучасная назва. Маст. кіраўнікі: Ю.Любімаў (1964—84 і з 1989), А.Эфрас (1984—87), М.Губенка (1987—89). Т-р развіваў традыцыі Я.Вахтангава, У.Меерхольда, Б.Брэхта, распрацоўваў новую сцэн. мову, знаходзіў новыя формы сцэн. л-ры (паэт.т-р, т-р прозы, сцэн. публіцыстыка). Спектаклі вызначаліся адкрытым грамадз. пафасам, актыўным кантактам з публікай: «Добры чалавек з Сезуана» Б.Брэхта (1964), «Дзесяць дзён, якія ўзрушылі свет» паводле Дж.Рыда, «Антысветы» А.Вазнясенскага (абодва 1965), «Паслухайце! Маякоўскі», «Пугачоў» С.Ясеніна (абодва 1967), «Тарцюф» Мальера (1968), «Жывы» паводле Б.Мажаева (1968, 1989), «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева, «Гамлет» У.Шэкспіра (абодва 1971), «Драўляныя коні» паводле Ф.Абрамава (1974), «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1975, 1985), «Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава, «Дом на набярэжнай» паводле Ю.Трыфанава (1980), «Паэт Уладзімір Высоцкі» (1981, 1988), «Барыс Гадуноў» А.Пушкіна (1982, 1989), «На дне» М.Горкага (1984), «У вайны не жаночы твар» паводле С.Алексіевіч (1985), «Мізантроп» Мальера (1986), «Маленькія трагедыі» Пушкіна (1989), «Доктар Жывага» паводле Б.Пастарнака (1993) і інш. У складзе трупы ў розныя гады: І.Бортнік, У.Высоцкі, Губенка, А.Дзямідава, В.Залатухін, З.Славіна, В.Смехаў, С.Фарада, Л.Філатаў, Б.Хмяльніцкі і інш. У 1993 падзяліўся на 2 трупы: Т-р на Таганцы (пад кіраўніцтвам Любімава) і Садружнасць акцёраў Таганкі (пад кіраўніцтвам Губенкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Францішка Уршуля) (13.2.1705, станцыя Чартарыйск Валынскай вобл., Украіна — 23.5.1753),
пісьменніца, драматург. З роду Вішнявецкіх. Жонка М.К.Радзівіла Рыбанькі. З 1725 жыла ў Нясвіжы. Была прыхільніцай пашырэння асветы, спрыяла аднаўленню дзейнасці Нясвіжскай друкарні. Пісала на польскай, італьян., франц. і ням. мовах. Аўтар вершаваных «Лістоў да мужа», паэт.зб. «Збавенныя перасцярогі» (Нясвіж, 1755), шэрагу вершаваных эпітафій, павучальных твораў для дзяцей. У 1746 стварыла палацавы Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, дзе ставіла спектаклі паводле сваіх п’ес (пазней пастаноўкі ажыццяўляў Я.П.Фрычынскі). У 1746—52 напісала для т-ра 16 драм. твораў і оперных лібрэта. Для сваіх п’ес шырока выкарыстоўвала сюжэты з ант. міфалогіі, сярэдневяковых драм і гумарэсак, казак («Забава фартуны», «Каханне — дасканалы майстар», «У вачах нараджаецца каханне»), матывы з твораў Дж.Бакачыо, Я.Морштына і інш. Для т-ра перарабляла барочныя італьян. оперы («Дасціпнае каханне»), п’есы Вальтэра і Мальера. Творы Р. яскрава адлюстроўваюць асаблівасці мясц. культуры барока, яе своеасаблівы пераход ад сярэдневяковай л-ры і відовішчаў да тэатр. драматургіі новага часу. Збор твораў Р. «Камедыі і трагедыі» (Жоўква, 1754) багата ілюстраваны гравюрамі М.Жукоўскага з выявамі сцэн са спектакляў. На бел. мову яе камедыю «Забава фартуны» пераклалі В.Арэшка і А.Вольскі.
Тв.:
Бел.пер. — Забава фартуны // Спадчына. 1994. № 1.
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;
Арэшка В. «Вяльможная аўтарка камедый», або Спроба дэміфалагізацыі асобы Уршулі Радзівілавай // Мастацтва. 1993. № 7;
Марціновіч А.А. Хто мы, адкуль мы... Кн. 1. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЯШЧУ́К (Мікалай Міхайлавіч) (4.8.1947, в. Велікарыта Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. — 25.9.1996),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). Працаваў як жывапісец, графік, майстар экслібрыса. У творчасці імкнуўся паказаць непарыўную сувязь вытокаў нац. культуры і сучаснага мастацтва, спалучаў сюррэалістычную манеру выканання з вобразамі бел.нар. фальклору і этнаграфіі. Яго кніжная графіка адметная насычанасцю дэкар. дэталямі, фантаст. выявамі, арх. помнікамі, прадметамі побыту і адзення, гульнёй фактур і святлаценяў. Адмаўленне ад апавядальнасці ўласціва афармленню кніг «Бацькаў дар» (1984), «Прагны багацей», «Індыкала-Кудыкала» Р.Барадуліна (абедзве 1986, залаты медаль біенале кніжнай іл. ў Браціславе 1989), «Казкі беларускіх пісьменнікаў» (1988), «Сымон-музыка» (1988—90) і інш. Графічныя прыёмы, пэўныя сюжэты часта пераносіў у станковы жывапіс, якому ўласцівы алегарычнасць, метафарычнасць маст. мовы, часам філас. асэнсаванне рэчаіснасці. Вял. ўвагу ў творах аддаваў спалучэнню фактуры фону, абстрактных элементаў з колеравымі і фігуратыўнымі, што паступова ўзмацнілася ў 1990-я г.: «Наведванне сядзібы Агінскага ў Залессі» (1978), «Памяці Максіма Багдановіча» (1981), «Матылькі тут не жывуць» (1982), «Бацька памёр» (1982—84), «Канец сезона туманаў», «Позняя восень» (1984), серыя «Казачны калейдаскоп» (1984—85), «Свята IV», «Хвіліна маўчання» (абодва 1989), «Гучанне музыкі нябёсаў» (1990), «Прагулка», «Калі цвіце язмін» (абодва 1991), «Метамарфозы» (1992), «Злашчасны вечар», «Люблю цябе сустракаць» (абодва 1994), «Спякотны вечар з вясёлкай на крэсле» (1995), «Вяртанне на Радзіму. Шоп-тур» (1996) і інш. Працаваў у станковай графіцы. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Літ.:
Баразна М.Р. Беларуская кніжная графіка 1960—1990-х гг.Мн., 2001;
Каваленка В. Палёт над прасторай і часам // Мастацтва. 1997. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
спра́ўдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.
1. Ажыццявіць, здзейсніць; выканаць. Помсціць кляўся родны брат І ўсе таварышы яго. І спраўдзяць. Будзе ведаць свет Аб справе слаўных змагароў.Броўка.Валя арганізавала школу, каб толькі спраўдзіць мару.Лужанін.Хадоська выняла з хусткі гасціпчык, дала кожнаму па сушанай грушцы, спраўдзіла матчыну волю — паклала на стол нізку грыбоў.Мележ.
2. Апраўдаць што‑н. (звычайна пра надзеі і пад.). Нічога не кажучы хлопцу аб тым, што ён не спраўдзіў спадзяванняў, майстар пачаў тлумачыць, што трэба рабіць.Шахавец.«Няўжо дачка мяне пакіне?.. Не спраўдзіць бацькавых надзей?..»Аўрамчык.
3. Упэўніцца ў чым‑н., праверыць што‑н. Іван Сымонавіч спраўдзіў: на палях кнігі ажно вунь колькі разоў паўтараецца Міхасёва прозвішча.Брыль.
4.Разм. Правільна прадказаць што‑н. — Глядзіце, хоць раз спраўдзіў наш сіноптык, — сказаў камандзір палка Пішчыкаў, узіраючыся ў акно.Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГЕ́СЭ ((Hesse) Герман) (2.7.1877, г. Кальв, Германія — 9.8.1962),
нямецка-швейцарскі пісьменнік. У 1891—92 вучыўся ў Маўльбронскай семінарыі. З 1912 жыў у Швейцарыі, у 1923 адмовіўся ад герм. грамадзянства і прыняў швейцарскае. Зведаў уплыў псіхааналізу З.Фрэйда і «аналітычнай псіхалогіі» К.Г.Юнга. Пачынаў як паэт-неарамантык (зб. «Рамантычныя песні», 1899). Філас. раманы «Петэр Каменцынд» (1904), «Гертруда» (1910), «Росхальдэ» (1914), «Дэміян» (1919), «Стэпавы воўк» (1927), раман-утопія «Гульня шкляных перлаў» (1943; бел.пер. В.Сёмухі, 1992), аповесці «Пад коламі» (1906), «Кнульп» (1915), «Клейн і Вагнер» (1920), «Курортнік» (1925), «Паездка ў Нюрнберг» (1932), «Нарцыс і Гольдмунд» (1930), «Паломніцтва ў Краіну Усходу» (1932) прысвечаны праблемам сцвярджэння асобы ў дэталізаваным грамадстве, ролі мастака ў сучасным свеце, лёсу культуры, цывілізацыі, чалавека-творцы. Яго проза адметная літ. гульнёй, стылістычным поліфанізмам, іроніяй, парадыйнасцю, стылізацыяй пад трактат, навук. даследаванне і інш. Аўтар паэмы ў прозе «Сідхартха» («Індыйская паэма», 1922), паэтычных цыклаў, апавяданняў, эсэ, публіцыст. артыкулаў, дарожных нататкаў. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.Сёмуха, М.Сяднёў. Нобелеўская прэмія 1946.
Тв.:
Бел.пер. — Пра мастацкую творчасць: [Эсэ] // Сяднёў М. Масеева кніга. Мн., 1994;
Паэт;
Воўк // Крыніца. 1995. № 3;
Рус.пер. — Паломничество в Страну Востока: Повесть;
Игра в бисер: Роман;
Рассказы. М., 1984;
Последнее лето Клингзора. М., 1986;
Письма по кругу: Худож. публицистика. М., 1987;
Сиддхартха. Мн., 1993;
Собр. соч.Т. 1—8. М.;
Харьков, 1994—95.
Літ.:
Березина А.Г. Герман Гессе. Л., 1976;
Седельник В.Д. Гессе и швейцарская литература. М., 1970;
Павлова Н.С. Герман Гессе // Павлова Н.С. Типология немецкого романа, 1900—1945. М., 1982;
Каралашвили Р. Мир романа Германа Гессе. Тбилиси, 1984;
Залоска Ю. Майстар гульні // Крыніца. 1995. № 3;
Лявонава Е. Паэтыка душы ў творах Германа Гесэ // Там жа.