Ке́бка ’пячурка ў печы’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. кабиця ’круглая яма пад ганчарнай печчу, летняя кухня’, рус. кабица ’летняя кухня, будка сабакі, логава зайца’. Укр. ковбиця ’наглыбленне для попелу ў печы’, кобиця ’паглыбленне пад прыпечкам’. Украінскае слова не мае надзейнай этымалогіі. Запазычанне з тур. kabig ’вялікі кол’ неверагодна па значэнню, са шв. kabyss ’камбуз’ — па гісторыка-культурных прычынах (гл. ЕСУМ, 2, 332, 481). Бел. кебка ў гэтых этымалогіях не ўлічваецца. Існуе, аднак, рус. кибитка ў значэнні ’цагляны каркас рускай печы, у якую складаюць гаршкі пасля абпалу’. Апошняе значэнне супадае з першым значэннем укр. кабиця. Адсюль можна меркаваць, што крыніцай разглядаемых слоў і рус. кибитка была тая ж цюркская лексема kibit, käbit ’будка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аўсянка1 ’рыбка Leucaspius delineatus, вярхоўка’ (Жук., 214), укр. вівсянка, рус. овсянка, польск. owsianka, славац. ovsianka, чэш. ovesnice, ovesnička. Ад авёс ’дробныя рыбкі’, параўн. укр. овес, рус. овес, польск. owies ’тс’, названыя так з-за падабенства да рассыпанага па паверхні вады аўса, параўн. іншыя назвы — вярхоўка, маляўка (гл. Ледэр, Fischn., 69; Усачова, Этимология, 1971, 181; Брукнер, 388).

Аўся́нка2 ’птушка Emberiza’ (Бяльк., БелСЭ), укр. вівсянка, рус. овсянка, балг. овеса́рка. Ад авёс, параўн. іншыя назвы малых птушак — прасянка, канаплянка, што звязана са спосабам харчавання (гл. Федз.–Доўб., Птицы, 384).

Аўся́нка3 ’каша з аўсяных круп’ (БРС, Бяльк., КЭС, лаг., Сцяшк., Вешт.), укр. вівсянка, рус. овсянка, польск. oswianka. Сцяжэнне атрыбутыўнай канструкцыі, параўн. аўсяная каша (Сцяшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́вуза, на́ўза ’вашчына’ (паст., З нар. сл.), ’соты без мёду, вашчына’ (слаўг., Нар. сл.), ’аснова для пчаліных сотаў, вырабленая штучна’ (мядз., Нар. словатв.), ’неператоплены воск’, ’рамка для вашчыны ў калодачным вулеі’ (Сл. ПЗБ), навужваць ’рыхтаваць рамкі для мёду’ (Мат. Гом.), наву́знік, наву́жнік ’невялікі вулей у лесе на дрэве, пастаўлены для лаўлення раёў, што вылецелі са свайго пчальніка’ (Гарэц.); параўн. рус. наўза ’сухія ці пустыя канцы сотаў, падрыхтаваная вашчына без мёду’, науз, наузник ’невялікі вулей у лесе на дрэве (для лаўлення дзікіх пчол)’. Да вуза (гл.), вязаць; адносна словаўтварэння параўн. таксама рус. науз ’частка конскай збруі’, літаральна ’прывязь’; тады семантыка слова тлумачыцца як ’тое, што навязана, начэплена’, што адпавядае старажытнаму спосабу натыкання вашчыны на спецыяльныя калонкі ў калодачным вулеі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кляве́ц ’малаток для насякання млынавых камянёў, для кляпання кос’ (ТСБМ, Янк. I, Яруш., Мядзв., Гарэц., Нік. Очерки, ЭШ, рук., Бяльк., Касп., Сл. паўн.-зах.). Укр. клевець, рус. клевец, ст.-рус. клевець ’тс’, польск. klewiec ’тс’. Польская форма, відаць, са старажытнарускай. Такім чынам, можна гаварыць толькі аб усходнеславянскай інавацыі. Фармальна здаецца ўтварэннем з дапамогай вельмі прадуктыўнага суфікса ‑ьcь ад klьvati. Аднак, паколькі суфікс ‑ьcь можа ўтвараць назоўнікі ад прыметнікаў (slěpьcь < slěpъ, mъrtvьcь < mъrtvъ), верагоднай з’яўляецца і іншая этымалогія: *kъlevъ + ‑ьcь > kъlevьcь > klevьcь. У сваю чаргу *kъlevъ прыметнік, утвораны рэгулярна (суфікс ‑evъ) ад kъl ’зуб’. Цікава, што рус. клевец мае значэнне ’зуб у баране, граблях’. Адносна ўтварэнняў на ‑ьcь параўн. SP, 1, 99–100; Мартынаў, Прасл. дерив., 29.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Крок1 ’адзін рух нагой пры хадзьбе’ (ТСБМ, Нас., Янк. Мат., Гарэц., Бяльк., ТС). Укр. крок ’тс’. Ст.-бел. крокъ ’тс’ (з 1546 г.) запазычанне з польск. krok (Булыка, Запазыч., 177). Аднак польск. krok не ўзыходзіць непасрэдна да прасл. korkъ, бо іншыя славянскія формы са значэннем ’крок’ не даюць падстаў для такой рэканструкцыі: параўн. чэш. krok, славац. krok, серб.-харв. кро̑к (прасл. *krokъ). Рэгулярныя рэфлексацыі прасл. korkъ маюць іншыя, хоць і блізкія значэнні: серб.-харв. кра̑к ’голень, нага’, славен. krȃk ’нага’, балг. крак ’тс’ (параўн. Слаўскі, 3, 121; Кюнэ, Poln., 69).

Крок2 ’шырынка, месца паміж калашын штаноў’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. крок1.

Крок3 ’адкормлены кабан’ (Жд. 2). Да запазычанага з рускай мовы вокарак ’кумпяк’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кут ’частка памяшкання, прастора паміж дзвюма сценамі’ (ТСБМ, Нас., Шат., Сл. паўн.-зах., Касп., Ян., Крачк., Нік. Очерки, Яшк., П. С., Маш., Хар., Бяльк., Сцяшк., Шушк., Мядзв., Грыг.). Укр. кут, рус. кут, балг. кът, серб.-харв. ку̑т, славен. kǫ́ty польск. kąt, чэш. kout, славац. kùt, в.-луж. kut, н.-луж. kut ’тс’. Прасл. kǫtъ ’вугал, закрытая прастора’ генетычна суадносіцца з прасл. kǫtati (гл. кутаць і хутаць) ’закрываць, хаваць’. Параўн. серб.-харв. ку̑т, ску̑т ’крысо’, чэш. kout ’полаг’, серб.-харв. ску̑т ’вантробы’, бел. кутыр ’бруха’, польск. kątnica ’сляпая кішка’. Генетычна суаднесеным з прасл. kǫtъ з’яўляецца ст.-прус. pokūnst ’закрываць, берагчы’. Магчыма, прасл. kǫtъ звязана са ст.-грэч. κοντός ’шэст’ і прасл. kǫtja ’хаціна, шалаш’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жарства ’буйны пясок з дробнымі каменьчыкамі’, лёзн. жаршня́ (Яшкін), жораст (Шат.) ’тс’. Рус. дыял. зах. жерства, укр. жорства, польск. żarstwa ’тс’. Фасмер (2, 50) параўноўвае з авест. zarstva‑ ’камень’, спасылаючыся на Петарсана, Afsl Ph, 34, 380. Трубачоў (Слав. языкозн., V, 172) згаджаецца з гэтым, рэканструюючы прасл. форму žьrstva. Барталамэ (1684) параўноўвае ст.-іран. žarstva‑ ’камень’ з марсійскім і сабінскім hernae ’скала’. У Покарнага (1, 443) прадстаўлен корань *g̑her‑ ’шкрабаць’: літ. žarstýti ’зграбаць’, грэч. χαράδρᾶ ’цясніна, бездань, шчыліна ў зямлі’; Покарны, 1, 446 — корань *g̑herzd(h)‑ ’калючыя зёрны, ячмень’: ст.-в.-ням. gersta ’ячмень’, грэч. κρῑ ’тс’, а таксама яшчэ некаторыя карані са спалучэннем гутуральнага і‑r, з якімі магчыма суаднесці разглядаемае слав. слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жо́рсткі (ТСБМ), жо́сткій (Нас.). Рус. жесткий, дыял. паўд. жёрсткий ’жорсткі’, укр. жорсткий ’жорсткі, суровы’. Ст.-рус. жестый ’жорсткі’, жестокий ’жосткі, суровы’. Ст.-слав. жест‑ (у складаных словах). Паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 288), рус. жесткий, як і жестокий, запазычана са ст.-слав. Фасмер (2, 50) гэта не лічыць. Слав. *žest‑ звязана, відаць, з с.-в.-ням. kes ’цвёрды грунт, глетчар’, ст.-ісл. kǫs ’куча (камення)’, ст.-ірл. gall ’камень’ (?). Праабражэнскі, 1, 231; БЕР, 1, 538. Міклашыч (410) параўноўваў з коранем *žeg‑, абапіраючыся на дыял. жегче ’больш жорстка’. Скок (3, 667) дапускае такую магчымасць побач з папярэдняй. З’яўленне ‑p‑ у бел., укр. пад уздзеяннем шорсткі (гл.), якое магло ўплываць і на значэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зудзе́ць ’свярбець; ныць, ламаць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зудеть ’свярбець’, ’гусці’, варонеж. ’бурчаць’. Ст.-рус. (XVII ст.) зудити ’дакучаць камусьці’. Праабражэнскі (1, 258) выказаў думку пра гукапераймальны характар: гудзенне настырных насякомых, напр. камароў, укусы якіх выклікаюць сверб. Мяркулава (Этимология, 1970, 183–184) супраць гукапераймальнага тлумачэння, паколькі іншыя назвы хвароб негукапераймальныя. Не пераканаўчае семантычна і фанетычна меркаванне аб запазычаным характары слова з манг. ᶎ̌udar ’брудны’ (Праабражэнскі, 1, 258). Абаеў (1, 372) дапускае магчымасць запазычання са ст.-асец. (скіфск.) *ᶎoᶎun > асец. dūdyn ’свярбець, пячы (пра скуру)’, што выклікае пярэчанні Мяркулавай (адсутнасць ва ўкр.). Параўноўваюць з літ. žaudus ’зласлівы, раздражнёны’, магчыма, яшчэ ст.-ісл. kaun ’нарыў’. Фасмер, 2, 108; Фрэнкель, 1293. Аднак пэўнай і.-е. этымалогіі гэта не дае. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пастаро́нак, пастаро́нкі, стол. посторо́нкі; па́старанкі, пастронак, шчуч. пастронка; пастронкі, пастронькі, пастромкі, пустро́нок ’пастронкі’ (ТСБМ, Нас., Шпіл., Маш., Янк. 2, Выг., Шат., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл., Сл. Брэс.). Укр. посторо́нок, рус. постро́мка, постромки́, постро́нка, посторо́нка, польск. postronek, каш. pöstrònk, н.-луж. póstronk, в.-луж. postronk, чэш. (яшчэ ст.-чэш.) postronek, народн. p(r)ostraněk, паўд.-усх. vostraňky, славац. postranok ’тс’. Паўн.-слав. postorn‑ъkъ ’вяроўка, рамень, прывязаныя да вужоў хамута, якія ідуць збоку цяглавай жывёлы’ (Брукнер, 432; Голуб-Копечны, 287; Махэк₂, 474). Наяўнасць ‑м‑ тлумачыцца па-рознаму (гл. яшчэ Фасмер, 3, 342). Да старана́ (гл.). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 121), ст.-бел. постронокъ (пастронокъ, постромокъ) (1598 г.) запазычаны са ст.-польск. postronek ’тс’. Няма падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)