бел. акцёр. Нар.арт.Беларусі (1980). Працаваў у Т-ры Сав.ваен. адміністрацыі ў Берліне (1946—50), Казанскім драм. т-ры (1960—63). У 1964—93 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца характарных і камед. роляў. Творчасць вызначаецца самабытнасцю, праўдзівасцю сцэн. паводзін, тонкім адчуваннем стылю твора і прыроды камічнага. Сярод роляў у т-ры імя Я.Купалы: Лявон Зяблік, Сцяпан Крыніцкі («Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я.Купалы), Торгала («Брама неўміручасці» К.Крапівы), Кічкайла («Амністыя» М.Матукоўскага), Чарнушка («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Бацька («Парог» А.Дударава); у класічным рэпертуары: Лука («На дне» М.Горкага), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Хлопаў («Рэвізор» М.Гогаля) і інш. Здымаецца ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІ́ЛАЎ (Іван Пятровіч) (9.9.1811—15.7.1901),
расійскі дзярж. дзеяч, асветнік. У 1864—68 папячыцель Віленскай навуч. акругі. Заснаваў у Вільні Паўн.-Зах. аддзяленне Рус.геагр.т-ва. Кіраваў дзейнасцю Віленскай археагр. камісіі, па яго ініцыятыве камісія выдала 4 тамы Археагр. зборніка дакументаў і Тураўскае евангелле, у якіх шмат звестак па гісторыі Беларусі і Літвы 15—19 ст.Вял. ролю адводзіў выхаванню дзяцей у сельскіх школах, гімназіях і інш.навуч. установах. Пад яго рэдакцыяй апублікаваны 3 тамы матэрыялаў па гісторыі асветы ў Расіі (1893—98).
Тв.:
К истории Виленского учебного округа за 1863—1868 гг.: Памяти графа М.Н.Муравьева. СПб., 1898;
Воспоминания о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западном крае. СПб., 1900;
Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы для истории Вилен. учеб. округа преимущественно в муравьевскую эпоху. СПб., 1901.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮКАВЕ́Ц (Ларыса Піліпаўна) (н. 15.2.1939, Мінск),
бел. музыказнавец, фалькларыст, медыявіст. Канд. мастацтвазнаўства (1978). Скончыла Бел. кансерваторыю (1966). З 1965 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Даследуе кантавую культуру Беларусі, бел.нар. песню (пераважна яе стылістыку і натаванне), стараж.-рус. і бел.знаменны спеў. Прапагандуе канты ў жывым гучанні. Аўтар вучэбна-метадычных прац, радыё- і тэлеперадач на фалькл. тэмы, складальнік зб. «Беларускія канты» (1992), дапаможніка «Беларускія народныя абрады» (1994).
Тв.:
Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;
К истории рукописною сборника // Вопросы теории и истории музыки. Мн., 1976;
Из истории древнерусского знаменного пения // Вопросы музыкознания. Мн., 1981;
Ананчыцкія спявачкі // Беларусь. 1983. № 1;
Об одном типе купальских песен // Памяти К.Квитки. М., 1983;
Народные песни на стихи Янки Купалы // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1983. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́К СПАРТЫ́ЎНЫ,
участак роўнай ледзяной паверхні, прызначаны для катання на каньках і санках. Выкарыстоўваецца для вучэбных заняткаў і спаборніцтваў па канькабежным і санным спорце, фігурным катанні на каньках, хакеі, для паказу відовішчаў (балет на лёдзе, цырк на лёдзе і інш.). Масавыя каткі — месца для актыўнага адпачынку, гульняў і забаў. Паводле спосабу падрыхтоўкі ледзяной паверхні каткі падзяляюць на прыродныя (на замерзлых вадаёмах), наліўныя (на прыроднай або штучнай аснове, найчасцей на спарт. пляцоўках, стадыёнах, асфальтаваных участках) і штучныя (робяцца з дапамогай спец. халадзільных установак). З 1950-х г. будуюць штучныя К. с. Найбольшыя з іх у краінах Зах. Еўропы, Расіі, на Украіне, у ЗША, Канадзе, Японіі і інш. З высакагорных каткоў найб. вядомыя ў Германіі, Італіі, Казахстане (Медэо), Швейцарыі. На Беларусі крытыя штучныя каткі ў Гродне, Мінску, Наваполацку.
рускі паэт і перакладчык. Аўтар зб-каў паэзіі «Радзіма» (1935), «Дарогі ў свет» (1939), «Балтыйскія зоркі» (1959), «Запаветныя агні» (1962), «Шляхі-дарогі дальнія» (1970), «Дыханне зямлі» (1977) і інш. Падарожнічаў па Беларусі, напісаў арт. пра Я.Купалу «Ад сэрца» (1972), успаміны пра П.Глебку «На Няве і на Волзе» (у кн. «Пясняр мужнасці», 1976), вершы «Беларускай зямлі», «Брэст», «Беларускім паэтам» і інш. Адзін з перакладчыкаў на рус. мову «Анталогіі беларускай паэзіі» (1948), зб. вершаў бел. паэтаў «Беларусь мая» (1983), асобных твораў Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, К.Буйло, М.Калачынскага, М.Танка, У.Корбана, К.Крапівы, А.Куляшова, М.Хведаровіча. На бел. мову яго вершы пераклалі В.Вітка, Х.Жычка, Калачынскі, М.Лужанін, Р.Няхай, М.Танк, Ю.Свірка, М.Аўрамчык і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРКО́РЫ,
шляхецкі род уласнага герба «Кіркор» у ВКЛ. Першы вядомы прадстаўнік роду каралеўскі баярын Ян упамінаецца ў 1549. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду: Тадэвуш Ігнацы, паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, з 1763 ротмістр мсціслаўскі, у 1768—71 змагаўся на баку Барскай канфедэрацыі; Антоні Інацэнты (7.1.1756—1847), вайск. дзеяч Рэчы Паспалітай, палкоўнік войска ВКЛ, удзельнік паўстання 1794, у 1796—97 у Італіі ваяваў на баку Напалеона, у 1812 шэф батальёна ў штабе Часовага ўрада ВКЛ; Адам Ганоры Карлавіч, гл.Кіркор А.Г.К.; Міхал (17.10.1871—25.1.1907), лекар, за антыўрадавую дзейнасць сасланы ў Перм, пасля 1899 працаваў у санаторыі ў г. Закапанэ (Польшча); Станіслаў (17.5.1898—18.1.1983), эканаміст, гісторык, з 1939 у фін. установах ўрада Польшчы ў Парыжы і Лондане; вывучаў гісторыю Польшчы, Літвы і Беларусі напалеонаўскай эпохі, гісторыю роду К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАВІ́ЦЭПС, спарыння (Claviceps),
род сумчатых грыбоў пірэнаміцэтаў парадку спарыннёвых. Каля 30 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. На Беларусінайб. вядомы К. пурпуровы (C. purpurea). Паразіт злакавых і асаковых раслін.
Цыкл развіцця — 3 стадыі: канідыяльная, склероцыі і галоўчатыя стромы. Чорна-фіялетавыя склероцыі (рожкі) даўж. 1—5 см утвараюцца ў завязі заражаных раслін. Пасля перазімоўкі ў глебе яны прарастаюць у выглядзе стром чырв. ці жоўтага колеру з перытэцыямі. Спелыя аскаспоры выкідваюцца ў час цвіцення злакаў і распаўсюджваюцца ветрам. На заражаных раслінах развіваюцца канідыі; яны паглыблены ў кроплі цукрыстай вадкасці для прываблівання насякомых. Пры пападанні на кветку з канідый развіваюцца склероцыі. Прымесь склероцыяў у муцэ або кармах выклікае хваробу эргатызм. Алкалоіды спарынні ўплываюць на ц. н. с., гладкую мускулатуру, выкарыстоўваюцца ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАПАГО́Н (Cimicifuga),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 1 дзікарослы від: К. еўрапейскі, або чортава рабро (C. europaea), занесены ў Чырв. кнігу. 3 віды інтрадукаваныя: К. баршчэўнікалісты (C. heracleifolia), даурскі (C. dahurica), просты (C. simplex). Трапляецца на ўзлесках і палянах у лісцевых і мяшаных лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з магутным тоўстым карэнішчам і моцным баразнаватым, у верхняй ч. галінастым, сцяблом выш. да 2,5 м. Лісце буйное, чаргаванае, двойчы-, тройчынепарнаперыстае, ніжняе — доўгачаранковае, верхняе — сядзячае. Кветкі двухполыя, дробныя, белыя або крэмавыя, з прыкветнікамі, у доўгіх простых ці складаных мяцёлкападобных гронках. Чашачка 4—5-пялёсткавая. Плод — шматлістоўка. Некат. віды маюць непрыемны ўдушлівы пах, які адпуджвае клапоў (адсюль назва). Ядавітыя. Лек., дэкар. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАПЫ́, паўцвердакрылыя,
атрад насякомых. Вядомы з мезазойскай эры (каля 200 млн г. назад). 50 сям., больш за 30 тыс. відаў. На Беларусі каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на сушы (паверхня і верхні слой глебы, расліны), на паверхні вады і ў вадзе (водныя расліны, дно).
Даўж. ад 0,7 мм да 12 см. Крылаў 2 пары, пярэднія неаднародныя: верх перапончаты, аснова цвёрдая, скурыстая (адсюль назва), ёсць кароткакрылыя і бяскрылыя (пасцельны клоп) формы. Ротавы апарат колюча-сысучага тыпу, складаецца з членістага хабатка, утворанага скручанай у трубку ніжняй губой і 2 парамі стылетаў (верхнія і ніжнія сківіцы). Ёсць пахучыя грудныя залозы. Развіццё з няпоўным ператварэннем (стадыя кукалкі адсутнічае). Большасць К. корміцца сокамі раслін (у асн., генератыўныя органы і насенне), некаторыя — драпежнікі, крывасмокі, паразіты інш. жывёл. Могуць пераносіць узбуджальнікаў вірусных хвароб.