лютэранская царква; помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Полацк Віцебскай вобл. Закладзена ў 1775 (верагодна, драўляная, няскончана). На мяжы 19—20 ст. (з 1901 існаваў прыход) узведзена мураваная кірха. Да асн. прамавугольнага ў плане аб’ёму з боку гал. фасада далучаецца 2-ярусная чацверыковая вежа, завершаная высокім 4-схільным дахам (першапачаткова высокі шатровы) з пінаклямі па вуглах, з процілеглага боку — 4-гранная апсіда з рызніцай. Гал. ўваход у 1-м ярусе вежы вылучаны стральчатым парталам, над якім — круглы аконны праём. Другі ярус мае 2 злучаныя стральчатыя аконныя праёмы. Абодва ярусы вежы завершаны ляпнымі накладнымі карнізамі з ажурным арнаментальным поясам, вуглы дэкарыраваны лапаткамі. Вуглы асн. аб’ёму на гал. фасадзе і каля апсіды завершаны пінаклямі. Бакавыя фасады напачатку мелі стральчатыя аконныя праёмы, цяпер іх форма часткова зменена. У 1926 П.к. прыстасавана пад краязнаўчы музей (зроблена прыбудова да бакавога фасада, зменена ўнутр. планіроўка). Цяпер у будынку размешчаны Полацкі краязнаўчы музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. і адкрыты ў 1926 у г. Полацк у будынку Полацкага Сафійскага сабора, з 1937 у памяшканні б. лютэранскай кірхі 19 ст. Музей зберагаў стараж. рукапісы, калекцыю зброі, выданні 16—18 ст., слуцкія паясы і інш. У Вял.Айч. вайну калекцыя разрабавана. У 1948 музей аднавіў работу як абл. краязнаўчы, з 1954 раённы, з 1985 філіял Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Пл. экспазіцыі каля 550 м², 869 экспанатаў асн. фонду (2000). У экспазіцыі знаходкі з археал. помнікаў Полаччыны (крамянёвыя і каменныя прылады працы, керамічны посуд, шыйная грыўні, жаночыя ўпрыгожанні, манеты ВКЛ і Рэчы Паспалітай, бурштынавыя вырабы з Прыбалтыкі, візантыйскія рэчы са смальты і інш.), зброя і адзенне часоў вайны 1812, матэрыялы пра падзеі часоў грамадз. вайны. Этнагр. матэрыялы прадстаўлены экспазіцыяй «Куток бел. хаты канца 19 — пач. 20 ст.», нар. вырабамі ткацтва, ганчарства, пляцення і дрэваапрацоўкі. З 1997 працуе стацыянарная выстаўка, прысвечаная гораду-пабраціму Фрыдрыхсгафену (Германія). Самастойны раздзел экспазіцыі — Полацкі музей баявой славы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОР-РАЯ́ЛЬ, Пор-Руаяль (Port-Royal),
жаночы кляштар у Францыі, які ў 17 ст. быў цэнтрам асветы і л-ры. Засн. ў 1204 каля Парыжа. У 1625 ад яго аддзяліўся кляштар, які размяшчаўся ў Парыжы; кляштар у старым будынку стаў называцца П-Р. дэ Шан. Намаганнямі абатысы Анжэлікі Арно і яе братоў у 17 ст. абодва кляштары сталі цэнтрамі франц. л-ры і філас. думкі. У 1630-я г. П.-Р. — цэнтр янсенізму. Сюды з’язджалася моладзь для навук. заняткаў. Для выкладання ў П.-Р. былі складзены лепшыя на той час падручнікі па лац. і грэч. мовах, логіцы. З П.-Р. дэ Шан былі цесна звязаны філосафы, вучоныя, пісьменнікі — Б.Паскаль, Ж.Расін, да яго быў блізкі Р.Дэкарт. П.-Р. удзельнічаў у барацьбе супраць езуітаў. У 1710 П.-Р. дэ Шан паводле загаду караля Людовіка XIV разбураны. Парыжскі П.-Р. існаваў да 1790. Ш.А.Сент-Бёў напісаў «Гісторыю Пор-Раяля» (т. 1—5, 1840—59).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯРЗА́ННЕ ГЛЕ́БЫ,
працэс ахаладжэння глебы да тэмпературы ніжэй 0 °C, які суправаджаецца пераходам ч. глебавай вільгаці ў лёд і выклікае зацвярдзенне глебы. Залежыць ад т-ры паветра, часу ўстанаўлення і магутнасці снегавога покрыва, характару рэльефу, тыпу глеб і іх вільготнасці, наяўнасці або адсутнасці расліннага покрыва і інш. прыродных (часам — антрапагенных) фактараў. Глыб. П.г. ад некалькіх сантыметраў да некалькіх метраў і ўзрастае да канца зімы. П.г. пашырана ў арктычным, антарктычным, субарктычным і значнай ч. ўмеранага пояса Паўн. паўшар’я, а таксама ў многіх горных краінах. Працягласць П.г. ўзрастае ад 2—3 месяцаў у паўд.ч. ўмеранага пояса да 9—10 месяцаў і больш у арктычным і антарктычным поясе. На Беларусі ўстойлівае П.г. на ПнУ пачынаецца ў канцы ліст., на Пд і ПдЗ у 1-й пал. снежня. Самая вял, глыб. прамярзання на ПнУ і У (50—80 см), найменшая на ПдЗ (каля 40 см), дзе амаль пал. зімы глеба ўстойліва не замярзае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТУБЕРА́НЦЫ (ад лац. protubero узнімаюся),
плазменныя ўтварэнні ў кароне Сонца; больш шчыльныя і халодныя за плазму кароны. Узнікаюць у месцах павышанай актыўнасці Сонца і выцягнуты ўздоўж сілавых ліній магн. поля. На краі Сонца назіраюцца ў выглядзе святлівых воблакаў, арак, струменяў, у праекцыі на сонечны дыск — у выглядзе цёмных валокнаў.
Паводле знешняга выгляду і характару рухаў адрозніваюць: спакойныя П (даўж.каля 200 тыс.км, таўшчыня ~ 6 тыс.км, выш. над паверхняй Сонца ~ 40 тыс.км, т-ра (6—15) тыс. К. працягласць існавання ад 1—2 сут да некалькіх месяцаў); П. сонечных плям (назіраецца рух іх асобных частак, час жыцця ад некалькіх мінут да некалькіх гадзін); эруптыўныя П. (узнікаюць са спакойных. больш яркія. узмацняюцца ўнутр. рухі, т-ра (15—25) тыс.К, час жыцця ад некалькіх мінут да паўгадзіны). Колькасць П. на Сонцы і іх размеркаванне па шыротах адпавядаюць 11-гадоваму цыклу сонечнай актыўнасці. Існуе цесная сувязь паміж П. і формай сонечнай кароны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІВАГА́З,
прыстасаванне для індывідуальнай аховы органаў дыхання і твару чалавека ад уздзеяння атрутных, радыеактыўных рэчываў, бактэрыяльных сродкаў і інш. Сухі фільтравальны П. распрацаваны рас. хімікам М.Дз.Зялінскім (1915). П. бываюць фільтравальныя і ізалявальныя. Фільтравальны ачышчае заражанае паветра праз аэразольны фільтр і шыхту процівагазавай каробкі. Выкарыстоўваецца, калі ў паветры дастаткова кіслароду. Маса каля 2 кг. Ізаляваныя П. бываюць на хімічна звязаным кіслародзе і са сціснутым кіслародам (паветрам). Выкарыстоўваюцца, калі ў паветры ёсць дамешкі, якія не здольны затрымліваць фільтравальны П., калі не хапае кіслароду, а таксама пад вадой. Маса 4—16 кг. У некат. галінах прам-сці і сельскай гаспадарцы карыстаюцца П. і рэспіратарамі. Спец. П. існуюць для жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫКАСПІ́ЙСКАЯ НІЗІ́НА.
На ПдУУсх.-Еўрапейскай раўніны, на паўн. узбярэжжы Каспійскага мора, у Расіі і Зах. Казахстане. Пл.каля 200 тыс.км². Асн. яе ч. — глыбокая тэктанічная ўпадзіна на паўд.-ўсх. ускраіне Усх.-Еўрапейскай платформы. Нізкая, плоская раўніна ва ўнутр. прыморскай частцы, паўд. частка якой ніжэй узр. акіяна (ад 0 да 28 м); на ўскраінах падымаецца да 100 м, у паўн. частцы — саляныя купалы (выш. да 149 м — г. Вялікае Багдо). У зах. частцы перасякаецца Волга-Ахтубінскай поймай. Уключае дэльты рэк Волга, Церак, Сулак, нізоўі Урала, Эмбы, Кумы, Саляныя азёры. Паверхня складзена з гліністых і сугліністых, а паўд. — з пясчаных адкладаў. Характэрны бэраўскія бугры (у вусцях Кума і Эмба), западзіны і лагчыны на З ад р. Волга. Клімат сухі, кантынентальны. Колькасць ападкаў на Пд і У менш за 200 мм у год. Пераважаюць пустыні і паўпустыні. У Волга-Ахтубінскай пойме бахчаводства, садаводства, агародніцтва. Здабыча нафты і газу (Урала-Эмбінскі нафтагазаносны раён), у азёрах (Эльтон і Баскунчак) — кухоннай солі. Астраханскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКАЯ ГАЗАНАФТАНО́СНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
У Гомельскай, часткова Магілёўскай і Мінскай абл., уваходзіць у Дняпроўска-Прыпяцкую газанафтаносную правінцыю. Прымеркавана да Прыпяцкага прагіну. Пл.каля 32 тыс.км², даўж. 260 км, шыр. да 130 км. Першае Рэчыцкае радовішча нафты адкрыта ў 1964, усяго выяўлена 62 нафтавыя і 1 нафтагазакандэнсатнае радовішча (2000). Агульныя геал. запасы нафты складаюць (2000): 341,7 млн.т, у т. л. здабываемыя 72 млн.т; здабываемыя запасы кандэнсату 443 тыс.т, растворанага газу 8 млрд.м³, свабоднага газу — 1 млрд.м³. За час эксплуатацыі здабыта нафты 102,43 млн.т. Больш як палавіна астатніх запасаў адносіцца да катэгорыі цяжказдабываемых. Дадаткова прагнозныя рэсурсы нафты складаюць 191,9 млн.т, але мяркуецца, што значная частка іх нізкарэнтабельная (цяжказдабываемая, ці з запасамі меней за 0,05 млн.т, з глыб. залягання больш за 3500 м, ці на тэрыторыі з высокім радыяцыйным забруджваннем і інш.). Найбуйнейшыя па запасах (пачатковых) нафты Асташкавіцкае радовішча нафты (34,7 млн.т), Рэчыцкае (34,2 млн.т.) і Вішанскае радовішча нафты (14,2 млн.т).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНЮ́К (Міхаіл Фёдаравіч) (3.1.1944, в. Кавалі Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 4.9.1997),
бел. мастацтвазнавец, этнограф, мастак. Канд. мастацтвазнаўства (1975). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1971). З 1974 выкладаў у Бел.АМ, з 1989 заг. кафедры (з 1995 праф.). У 1982—84 адначасова гал.рэд.час. «Мастацтва Беларусі». Даследаваў пытанні нар. мастацтва і матэрыяльнай культуры Беларусі. Зрабіў мастацтвазнаўча-этнагр. раянаванне бел.нар. адзення 19 — пач. 20 ст. (альбом «Беларускае народнае адзенне», 1981), каля 100 маст.-графічных рэканструкцый традыц. рэгіянальных строяў (1990-я г.). Калекцыя бел.нар. адзення, сабраная Р., экспанавалася ў Мінску (1981), Парыжы і Ліёне (1981—82). Стварыў сцэн. касцюмы для Дзярж.акад.нар. хору імя Г.Цітовіча, ансамбля танца Беларусі і некат. самадзейных калектываў.
Тв.:
Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;
Песні і строі Піншчыны. Мн., 1994 (разам з В.Дз.Ліцьвінкам, У.І.Раговічам);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАМА́ЯНА»
(санскр. «Сказанне пра Раму»),
старажытнаіндыйская эпічная паэма на санскрыце. Створана каля 4 ст. да н.э. ва Усх. Індыі, сучасны выгляд набыла да 2 ст.н.э. Аўтарства прыпісваецца легендарнаму паэту Вальмікі. У цэнтры паэмы расказ пра подзвігі цара Рамы ў барацьбе супраць цара дэманаў-людаедаў (ракшасаў) Раваны за вызваленне сваёй жонкі Сіты, якая была ім украдзена. Эпапея складаецца з 7 частак, уключае шэраг інтэрпаляцый. У ёй фантаст. матывы паданняў і міфаў спалучаюцца з рэальнымі рысамі тагачаснай эпохі. У сярэднія вякі стала адной са свяшчэнных кніг індуізму. «Р.» — багатая крыніца сюжэтаў і вобразаў, якія атрымалі развіццё ва ўсіх інд. л-рах, найбольш у творчасці прадстаўнікоў стараж. класічнай л-ры (Калідаса, Бхавабхуці, Бхаці, Тулсідас і інш.). Вядомы яе інтэрпрэтацыі таксама ў л-рах Тыбета, Кітая, краін Паўд.-Усх. Азіі.