КРЫШКО́ЎСКІ Лаўрэнцій, дзеяч рэфармацыйнага руху, гуманіст і пісьменнік 16 ст. У 1550-я г. прыхільнік вучэння Чэшскіх братоў. У 1558 у друкарні г. Шаматулы (Польшча) выдаў кн. «Размова чатырох братоў закону хрысціянскага». З 1561 кальвінісцкі прапаведнік у Нясвіжы. У 1562 з С.Будным і М.Кавячынскім выдаў на бел. мове «Катэхізіс», «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам» і інш. творы. Каля 1563 перайшоў на пазіцыі антытрынітарызму (гл. Антытрынітарыі), пазней падтрымліваў рэліг. і сац. ідэі анабаптызму (гл. Анабаптысты). Пры дапамозе Буднага пераклаў і выдаў на польск. мове «Размову св. Юстына філосафа» (Нясвіж, 1564). У сваіх пропаведзях крытыкаваў прыгонніцтва, адстойваў прынцыпы верацярпімасці, прапагандаваў грамадска-карысную працу.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970.
Г.Я.Галенчанка.
т. 8, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)