КЛІ́НКЕР (ням. Klinker). 1) К. дарожны — высокатрывалая цэгла

(пліты),

атрыманая з спец. (клінкерных) глін абпальваннем сфармаванай масы да поўнага спякання.

Спосаб фармавання — паўсухі або пластычны, абпальванне робіцца ў тунэльных печах пры т-ры каля 1200 °C. К. вызначаецца супраціўляльнасцю да сцірання, даўгавечнасцю, дэкаратыўнасцю (звычайна цёмна-бурага або сінявата-чырвонага колеру). Выкарыстоўваецца для машчэння дарог, вуліц, падлог у прамысл. будынках, часам для муроўкі фундаментаў, абліцоўкі, у гідратэхн. збудаваннях. На Беларусі вырабляецца на цагельных з-дах і камбінатах буд. матэрыялаў.

2) К. у металургіі — тугаплаўкая запечаная маса, якая застаецца пасля перапрацоўкі (вельцавання) адходаў металург. вытв-сці ў вярчальных печах. Ідзе на далейшую высокатэмпературную перапрацоўку (для здабывання цынку, медзі, свінцу і інш. каштоўных кампанентаў).

3) К. цэментны — запечаная сыравінная сумесь (напр., вапняку і гліны або шлаку) для вырабу цэменту.

І.​І.​Леановіч.

т. 8, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)