род кветкавых раслін сям. крапіўных. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным і трапічным паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 4 віды, найчасцей трапляюцца К. двухдомная (U. dioica) і жыгучка (U. urens) на вільготных мясцінах, як пустазелле на агародах, палях, у садах.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 15—100 (150) см з паўзучым галінастым карэнішчам. Лісце супраціўнае, зубчастае або з глыбокімі лопасцямі, звычайна ўкрытае, як і сцёблы, жыгучымі валаскамі (падоўжаныя клеткі з крохкай верхавінкай, запоўненыя едкай вадкасцю). Кветкі дробныя, аднаполыя, з простым зялёным калякветнікам, у коласападобных галінастых суквеццях. Плод арэшкападобны. Маладыя парасткі ядомыя (маюць вітаміны B2, C, K, правітамін A). З лісця атрымліваюць фарбу, якую выкарыстоўваюць у фармацэўтычнай і харч. прам-сці. Са сцёблаў вырабляюць вяроўкі і грубую тканіну. Лек. і кармавыя расліны.