КА́МЕНСКАЕ ГАРАДЗІ́ШЧА,

пасяленне канца 5—3 ст. да н.э. каля г. Каменка-Дняпроўская і с. Вял. Знаменка Запарожскай вобл. (Украіна). Пл. каля 12 км². З боку стэпу было ўмацавана земляным валам і ровам, а з Пн і З ахавана ярамі над Дняпром, р. Конка і Белазерскім ліманам. У паўд.-зах. частцы знаходзіўся акропаль, дзе жыла скіфская знаць. Жыхары займаліся вырабам бронзавых і жал. прылад, ткацтвам, ганчарствам, земляробствам і жывёлагадоўляй. Рамеснікі жылі ў зямлянках і слупавых наземных пабудовах, знаць — у мураваных дамах. Паселішча з’яўлялася буйным рамесным і гандл. цэнтрам, цесна звязаным з грэчаскімі калоніямі Паўн. Прычарнамор’я і мясц. насельніцтвам Скіфіі.

т. 7, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РПЛІШЧАНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства 1-й пал. 17 ст. ў в. Порплішча Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Пабудавана ў 1627, перабудавана ў 1794 з элементамі класіцызму. Крыжова-купальны храм з планам у выглядзе лац. крыжа. Зрубы накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі. Над сяродкрыжжам масіўны 8-гранны светлавы барабан, завершаны гранёным купалам з галоўкай. Абапал 5-граннага алтарнага зруба невял. прамавугольныя ў плане рызніцы. У 1883 да гал. фасада прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца з бабінцам у ніжнім ярусе, накрытая невысокім 4-схільным шатром.

Т.​В.​Габрусь.

Порплішчанская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 12, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Накуве́сіцца ’наваліцца, навіснуць?’, параўн., Вот немец пракляты, вот ірад накувесіўся на нашу волаву (В. Поляк, ЛіМ, 19 лютага 1971 г.), наковёсіцца ’нахмурыцца (пра надвор’е)’, наковёсіць ’нахмурыць’: брові наковесіў (ТС), накуве́зіцца ’прыстаць, прычапіцца без дай прычыны’ (парыц., Янк. Мат.). Фармальна і семантычна блізкае да серб.-харв. накве̏сит се ’нагнуцца, нахіліцца, схіліцца, скрывіцца’: Што си ми се наквесио ту више главе? (Елезовніі Г. Речник косовско-метохиског диjалекта, 1. Београд, 1932, 437), натквесим се ’звесіцца, навіснуць над чым-небудзь ці над кім-небудзь’ (ђирићљ. Говор Лужнице. Београд, 1983, 147), якія Скок адносіць да kvečiti se Загібацца’ (Скок, 2, 252), аднак несумненная сувязь з беларускім словам дае падставы меркаваць пра агульнае паходжанне ці развіццё ў аднолькавым напрамку на кбжнай з адзначаных тэрыторый. Хутчэй за ўсё да прасл. *vesiti, гл. весіць, вісець, з экспрэсіўнай ko‑ (ky‑, k‑) прэфіксацыяй, адносна якой гл. Дебеляк, Slavistična revija, 5–7, 1954, 169 і інш.; Фасмер, 2, 271 і інш. З у накувёзіцца ў выніку азванчэння с у інтэрвакальным становішчы або збліжэння да вязаць, вязацца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

умыва́льнік, ‑а, м.

1. Пасудзіна з кранам або ракавіна з кранам, прызначаныя для ўмывання. У калідорчыку стаяў бляшаны ўмывальнік, а пры ім віселі ручнікі. Колас. Стоячы ўжо над умывальнікам перад люстэркам, Ліда аблівала твар вадой з поўных далоней. Галавач.

2. Разм. Тое, што і умывальня. У першыя дні Саша са сваёй сястрычкай Лідай нават не ведалі, што рабіць ад радасці: насіліся з аднаго пакоя ў другі, заглядвалі ва ўмывальнік, ванную. Даніленка. Я падхапіўся і памкнуўся бегчы ва ўмывальнік. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дакана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Давесці да знясілення, пагібелі; загубіць. Як ні мацаваўся Сулкоўскі, але настойка яго даканала. Чарнышэвіч. І памёр Тарас. Няволя З горам даканалі. Зашумелі сумна-сумна Дняпровыя хвалі. Купала. // Дакончыць што‑н., скончыць з чым‑н. — Сена ў стагах, лён у павецях, — пануе над іншымі тонкі, трошкі зрывісты голас, — засталася бульба. Даканаем яе — і баста. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кра́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да крамы. Над жалезным крамным дахам узвышаўся верх будынка і вежа. Чорны.

2. Фабрычнага вырабу, куплены ў краме (пра матэрыю, вырабы з яе і пад.). Маці косы заплятала Новым, крамным касніком! Броўка. / у знач. наз. кра́мнае, ‑ага, н. Апрануты [дзед Юрка] ва ўсё крамнае: белая вышываная сарочка з чорнай камізэлькай, картовыя штаны, увабраныя ў юхтовыя боты. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засмакта́ць 1, ‑смокча; зак., каго-што.

Уцягнуць, увабраць у сябе (пра багну, пясок і пад.). Адразу збоку грэбелькі млела дрыгва, зманліва зялёная, з буйнай травою; ступі — і не выберашся, зацягне, засмокча навек. Мележ. // перан. Уцягнуць у сваё асяроддзе, узяць пад сваю ўладу. Засмактала, закружыла жыццёвая віхура хлапчыну з глухога кутка па-над Віліяй. Мехаў.

засмакта́ць 2, ‑смакчу, ‑смокчаш, ‑смокча; зак.

Разм. Пачаць смактаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераво́зчык, ‑а, м.

1. Той, хто займаецца перавозам цераз раку, возера.

2. Той, хто займаецца якімі‑н. перавозкамі.

3. Птушка сямейства сяўцоў з шаравата-бурай спінкай і белым брушкам. (Назва дадзена за манеру пералятаць са свістам з берага на бераг над самай вадой.) Асабліва багата на Піншчыне кулікоў. Тут прадстаўлены амаль усе асноўныя іх віды — кнігаўкі, турухтаны, .. перавозчыкі. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перашэ́птвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Перагаворвацца шэптам. Людзі спярша дзівіліся, пасля пачалі перашэптвацца. І папаўзлі па вёсцы чуткі, што недзе ёсць у Андрэя прыхаванае дабро. Ваданосаў. Дзяўчаты, з затоенай хітрынкай у вачах паглядваючы на нас, паціху перашэптваліся. Лынькоў. // перан. Ледзь чутна шумець, шалясцець. Ціха перашэптваюцца між сабой дрэвы. Пальчэўскі. Па-над галавой, атрасаючы з сваіх галін іней, перашэптваліся вячыстыя прыдарожныя бярозы. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэме́нтавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цэменту; звязаны з вырабам цэменту. Цэментавы склад. Цэментавая печ.

2. Зроблены з цэменту; у склад якога ўваходзіць цемені. Хатка над балотамі стаіць на нізкім цэментавым падмурку. Колас. Пячнік кельняй размешваў у карыце цэментавы раствор і насвістваў песеньку. Лобан. // Пакрыты, змацаваны цэментам. Валодзька затушыў цыгарку аб цэментавае перакрыцце, што адкрылася паміж дошак узарванай падлогі. Радкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)