ДЗЮПІНЭ́ (Dupiney) Вінсент, французскі мастак-картаньер 18 ст. Нарадзіўся ў г. Ліёне (Францыя). Працаваў на ткацкіх прадпрыемствах Ліёна і Берліна. Вырабляў «узорнікі» для тканых паясоў. З 1768 ткач Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, дзе на «французскі манер» арганізаваў вытворчасць узорыстых тканін і паясоў (кіраўнік мануфактуры да 1780, у 1770—77 з Ж.Л.Унардам). Пры ім за першыя 2 гады колькасць варштатаў мануфактуры павялічылася з 6 да 60. Яму належыць шэраг паясоў з дэкорам па канцах у выглядзе 2 дрэў, паміж якімі кошык з кветкамі, над імі вянок, знізу ягня; таксама прыпісваюцца тканіны ў палосы з рэдкімі і дробнымі кветкавымі бутаньеркамі.

Літ.:

Pasy kontuszowe z polskich manufaktur i pracowni w zbiorach Museum Narodowego w Warszawe. Warszawa, 1995.

І.М.Каранеўская.

т. 6, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)