адна з аптычных з’яў у атмасферы. Узнікаюць гало ў перыстых, перыста-слаістых і перыста-кучавых воблаках (знаходзяцца на вышыні больш за 6 км) у выніку пераламлення святла ў ледзяных крышталях або адбіцця святла ад іх граней. Назіраюцца вакол Сонца і Месяца, маюць вуглавы радыус 22° і 46° і форму каляровых (як слабая вясёлка) ці белых кругоў, дугаў, слупоў, крыжоў, плям. Гало адрозніваюцца ад вянцоў, што ўтвараюцца пры дыфракцыі святла на дробных кроплях празрыстых, пераважна высокакучавых воблакаў і маюць меншы дыяметр. Ва ўмовах Беларусі (Мінск) гало назіраюцца каля 30 разоў за год.
Асноўныя формы гало: 1 — кругі з вуглавым радыусам 22° і 46°; 2 — слупы вышэй і ніжэй свяціла; 3 — несапраўдныя Сонцы ці Месяцы на гарызантальным крузе; 4 — датычныя дугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬЯ́НЫ (Phoxinus),
род рыб сям. карпавых атр. карпападобных. Каля 10 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы, Паўн. Азіі і Паўн. Амерыкі. Большасць гальянаў жыве ў ручаях, невял. рэчках з чыстай, празрыстай вадой. На Беларусі 2 віды: гальян звычайны (нар. назвы красаўка, гаркуша, маляўка, скамарох, залатаўка, крумела, фарэлька і інш.; Р. phoxinus) і гальян азёрны (нар. назвы аўдотка, сняток, лінёк; Р. percnurus). 1 паўн.-амер. від у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 20 см, маса да 100 г. Зрэдку ярка-афарбаваныя, на баках яркія плямкі або вял. расплыўчатыя плямы. У малявак уздоўж цела чорная палоска. Луска дробная, на бруху адсутнічае. Кормяцца водарасцямі, воднымі беспазваночнымі і насякомымі. Маюць шлюбнае ўбранне. Нераст парцыённы на быстрай плыні. Некаторыя прамысловыя.
Гальяны: 1 — звычайны (уверсе — самец у шлюбным убранні); 2 — азёрны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РНЫЯ ГЛІ́НЫ,
легка- і тугаплаўкія гліны, якія пры абпальванні даюць шчыльны чарапок. Легкаплаўкія — полімінеральныя, звычайна жалезістамантмарыланітавыя і гідраслюдзістыя з паказчыкам вогнетрываласці менш за 1350 °C; тугаплаўкія ганчарныя гліны часцей не вытрыманыя паводле мінеральнага саставу, з высокай колькасцю гліназёму (20—42%), высокай звязвальнай здольнасцю і пластычнасцю, паказчыкам вогнетрываласці 1350—1580 °C. Легкаплаўкія ганчарныя гліны выкарыстоўваюць для вытв-сці грубакерамічных вырабаў, цэглы, чарапіцы, дрэнажных труб, радзей — ганчарнага посуду, скульптуры. Тугаплаўкія з’яўляюцца сыравінай для розных керамічных вытв-сцей — сан.-тэхн. фаянсу, глазураваных вырабаў, сценавых і вонкавых камянёў, каналізацыйных труб і інш. На Беларусі сыравінная база для вытв-сці грубай керамікі ўключае 212 радовішчаў легкаплаўкіх глін для вытв-сці цэглы з агульнымі запасамі 208,1 млн.т (распрацоўваецца 113), а таксама 6 радовішчаў тугаплаўкіх глін з агульнымі запасамі 53,6 млн.т (распрацоўваюцца 3).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРЭ́НКА (па мужу Яўдошанка) Надзея Мацвееўна
(н. 1.7.1929, г. Адэса, Украіна),
бел. актрыса. Засл. арт.Беларусі (1968). Скончыла Адэскае тэатр. вучылішча (1950). У 1955—88 у Брэсцкім драм. т-ры імя ЛКСМБ. Выконвала драм. і характарныя ролі. Спалучэнне жаноцкасці з унутр. цвёрдасцю характару, эмацыянальнасць, глыбокае пранікненне ва ўнутр. свет гераінь вызначальныя ў мастацтве Ганчарэнкі. Сярод лепшых роляў: Зорына, Марына («Брэсцкая крэпасць», «Людзі і камяні» К.Губарэвіча), Інга («Чатыры крыжы на сонцы» А.Дзялендзіка), Наталля Фадзееўна («І змоўклі птушкі...» І.Шамякіна), Ганна Ісакаўна («Верачка» А.Макаёнка), Маці («Парог» А.Дударава), Яўгенія, Мамаева («На бойкім месцы», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Наташа («Тры сястры» А.Чэхава), Валька («Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава), Марсела («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Эліза («Пігмаліён» Б.Шоу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАІ́Н (Ян Непамуцэн) (1760—1820),
удзельнік паўстання 1794 у Польшчы, на Беларусі і Літве. Сын брэсцкага ваяводы Яна Антонія. У 1775 уступіў у корпус кадэтаў у Варшаве. З 1782 дэпутат сеймаў Рэчы Паспалітай, з 1786 чл. Камісіі скарбовай ВКЛ, з 1792 чл. Камісіі скарбовай абодвух народаў. У студз. 1794 удзельнічаў у працы Камісіі вайсковай ВКЛ, у крас. — у складзе Вайсковага аддзела паўстанцкай Часовай намесніцкай рады. Часовай паўстанцкай радай накіраваны ў вызваленую Вільню. Арганізатар паўстання на Брэстчыне і Падляшшы. З мая намеснік радцы (члена) Найвышэйшай нацыянальнай рады, у ліп. 1794 Т.Касцюшка прызначыў яго палкоўнікам паспалітага рушэння. Пасля задушэння паўстання жыў у Гродне, Варшаве, у 1812 бурмістр Вільні, з 1813 жыў у Дрэздэне, Парыжы. Пасля ўказа аб амністыі 10.4.1814 вярнуўся на радзіму, дзе яму былі вернуты маёнткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУНО́ВА (Святлана Рыгораўна) (н. 9.7.1954, Мінск),
бел. скульптар. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1978). Працуе ў галіне станковай і манум. скульптуры. Творы Гарбуновай вызначаюцца лаканічным вобразным строем, узнёсласцю і паэтычнасцю. Сярод манум. работ: помнік С.Буднаму ў Нясвіжы (1982, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984), мемар. комплекс на месцы спаленай в. Літавец Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. (рэльеф 1987), мемар. дошка Ф.Скарыны для Гомельскага ун-та (1990), надмагільны помнік К.Крапіве (1994); станковыя — «Мелодыя» (1975), «Рабфак» (1978); партрэты С.Цітовіч (1985), І.Чыгрынава (1995); памятныя медалі да 100-годдзя Цёткі (А.Пашкевіч, 1976), П.Броўкі (1982), У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча (1983), Ф.Скарыны (1985), Ефрасінні Полацкай (1994) і інш.
Г.Б.Сачанка.
С.Гарбунова. Мемарыяльны комплекс на месцы спаленай вёскі Літавец Дзяржынскага раёна Мінскай вобл. 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЛЯ́НКА, дуброўка (Ajuga),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца: гарлянка паўзучая (A. repens), расце пераважна ў лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках, на лугах і палянах; гарлянка жэнеўская (A. genevensis) расце на сухіх схілах і лугах, у хваёвых лясах, каля дарог і ў ярах, занесена ў Чырв. кнігу; гарлянка пірамідальная (A. pyramidalis) трапляецца каля дарог і сцежак у хвойных лясах.
Адна-, двух- і шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным сцяблом. Лісце суцэльнае, сцябловае часам трохраздзельнае, супраціўнае, ніжняе часта сабранае ў прыкаранёвую разетку, суцэльнакрайняе або зубчастае. Кветкі сінія, блакітныя, ружовыя, белыя, зрэдку жоўтыя, у несапраўдных пазушных кальчаках, сабраных у коласападобныя суквецці. Плод — шматарэшак. Лек. (вяжучы, мачагонны, ранагаючы сродак), меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭЛЬЕ́Ф (франц. haut-rélief літар. высокі рэльеф),
від рэльефнай скульптуры, у якім выявы выступаюць над плоскасцю фону больш як на палавіну свайго аб’ёму. Выкарыстоўваюцца ў манум.-дэкар. мастацтве, надмагіллях, афармленні інтэр’ераў грамадскіх, жылых і культавых будынкаў, мемар. дошках. Можа спалучацца з барэльефам. На Беларусі ў гарэльефе выкананы надмагіллі Вольскіх (пасля 1623), Сапегаў (пасля 1635), у касцёлах у в. Крамяніца Дольная (Зэльвенскі р-н) і в. Гальшаны (Ашмянскі р-н), выявы святых у Гродзенскім езуіцкім касцёле (1736) і інш. У наш час у гарэльефе выкананы надмагілле Я.Коласа, кампазіцыі манумента Перамогі, «Салідарнасць» на фасадзе Беларускага цэнтра моды (1979, скульпт. А.Арцімовіч) — абедзве ў Мінску. Гарэльеф выкарыстаны ў помніку вызваліцелям Полацка і інш.
Гарэльеф «Салідарнасць» на фасадзе Беларускага цэнтра моды ў Мінску. Скульпт. А.Арцімовіч. 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАЭНТЭРАЛО́ГІЯ (ад гастра... + энтэра... + ...логія),
раздзел медыцыны, які вывучае прычыны, механізмы і клінічныя формы захворванняў органаў стрававальнай сістэмы пераважна неінфекц. паходжання, распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі гэтых захворванняў. Найб. актыўна вывучаюцца хранічны гастрыт, язвавая хвароба страўніка і дванаццаціперснай кішкі, гепатыты, цырозы печані, халецыстыт, жоўцекамянёвая хвароба, панкрэатыт, каліты і інш. хваробы органаў стрававання.
Гастраэнтэралогія як навука сфарміравалася ў 1-й пал. 19 ст. з узнікненнем сістэматычных апісанняў хвароб органаў стрававання. Навук. асновы расійскай гастраэнтэралогіі заклалі С.П.Боткін, А.А.Астравумаў, Р.А.Захар’ін, І.П.Паўлаў, А.М.Угалёў, У.Х.Васіленка. На Беларусі развіццю гастраэнтэралогіі спрыялі працы І.І.Ганчарыка, І.Н.Бранаўца, М.Я.Фёдарава, Ю.Х.Марахоўскага і інш. Даследаванні ў галіне гастраэнтэралогіі праводзяцца ў Рэспубліканскім навук. цэнтры (Мінск). Створана рэсп. асацыяцыя гастраэнтэролагаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫ́ЛІК (Язэп Емяльянавіч) (6.4.1893, в. Калодчына Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 8.12.1937),
дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах.Беларусі. Скончыўшы Барунскую настаўніцкую семінарыю (1914), настаўнічаў. Адзін з заснавальнікаў Радашковіцкай бел. гімназіі імя Ф.Скарыны (1922), удзельнічаў у рабоце Т-вабел. школы. З 1925 чл.Беларускай сялянска-работніцкай грамады, з 1930 чл.КПЗБ. У 1928 абраны дэпутатам у польскі сейм. Адзін са стваральнікаў і старшыня рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне». У жн. 1930 арыштаваны польск. ўладамі як «дзяржаўны злачынца» і прыгавораны да 9,5 года зняволення. У выніку абмену палітвязнямі з вер. 1932 у СССР. Працаваў у Мінску заг. сектара Нар. камісарыята асветы БССР. У 1933 рэпрэсіраваны па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». 21.11.1937 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.