СХІ́ЛЫ,

нахіленыя ўчасткі зямной паверхні, што фарміруюцца ў выніку эндагенных і экзагенных працэсаў на сушы (у гарах, далінах, катлавінах, на ўзвышшах), а таксама на дне мораў і акіянаў (мацерыковы схіл, падводныя хрыбты і ўзвышшы). Характар С. вызначаецца складам і будовай парод, абсалютнымі і адноснымі вышынямі, асаблівасцямі клімату, глеб, расліннасці, іх экспазіцыяй, інтэнсіўнасцю схілавых працэсаў. Паводле паходжання вылучаюць тэктанічныя, дэнудацыйныя, акумулятыўныя, складаныя; паводле формы — прамыя, пукатыя, увагнутыя, складанай будовы; паводле стромкасці — слабаспадзістыя (нахіл 1—3°), спадзістыя (3—5°), слабапакатыя (5—7°), пакатыя (7—10°), стромкія (10—15°), вельмі стромкія (15—20°). На Беларусі каля 50% ворных зямель размешчана на С.

т. 15, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)