тэорыя і практыка развядзення і гадоўлі рыбы, павелічэння і паляпшэння якасці рыбных запасаў у прыродных і штучных вадаёмах. Як галіна нар. гаспадаркі ўключае Р. сажалкавае, садковае, індустрыяльнае, у вадаёмах натуральных і комплекснага прызначэння. Кірункі сучаснага Р. — меліярацыя і ўгнаенне сажалак для стымулявання іх прыроднай базы, удасканаленне спосабаў кармлення рыб, селекцыя высокапрадукцыйных парод, вырошчванне полікультуры рыб і інш.
На Беларусі Р. развівалася з 18 ст. (пераважна ў памешчыцкіх гаспадарках), спецыялізавалася на гадоўлі карпа і стронгі. Найб. вядомы комплекс «Альба» князёў Радзівілаў каля Нясвіжа. Да 1917 на Беларусі мелася 856 га рыбаводных сажалак, сярэдняя прадукцыйнасць якіх не перавышала 0,6 ц/га. Прамысл. Р. пашыралася ў 1920—30-я г., пабудаваны сажалкавыя гаспадаркі: у 1924 «Белае» (пл. сажалак 1268 га) Жыткавіцкага, у 1932 «Волма» (1553 га) Чэрвеньскага і «Трэмля» (400 га) Петрыкаўскага р-наў. Найб. інтэнсіўна рыбныя гаспадаркі будаваліся ў 1960—80-я г. ў сувязі з асваеннем Палескай нізіны. Макс. аб’ём прадукцыі Р. атрыманы ў 1989 (20,6 тыс.т), выхад таварнай прадукцыі — 14,3 ц/га. У 2000 працавала 18 сажалкавых гаспадарак з агульнай пл. 21,86 тыс.га, садкоў 20 тыс.м²; адна халаднаводная гаспадарка вырошчвае стронгу. Займаюцца Р. таксама калгасы і саўгасы (пл. сажалак 4,59 тыс.га), дапаможныя гаспадаркі прамысл. прадпрыемстваў і інш.Асн. аб’ект Р. — карп, дадатковыя — карась, расліннаедныя рыбы, шчупак, стронга. Вытворчасць складае каля 9,3 тыс.т (2000). Навук.-тэхн. праблемы Р. распрацоўваюць БелНДІ рыбнай гаспадаркі, ін-т заалогіі Нац.АН Беларусі.
Найб. развіта Р. ў Японіі, Кітаі, ЗША, Расіі, Даніі, Канадзе, Швецыі, Нарвегіі, Вялікабрытаніі (сумарны гадавы аб’ём перавышае 10 млн.т), якія маюць выхад да мораў і акіянаў і буйныя ўнутр. вадаёмы або сажалкі.
Т.М.Шаўцова.
Да арт.Рыбаводства: 1 — атрыманне палавых прадуктаў ад вытворнікаў; 2 — інкубацыя ікры ў апаратах Вейса; 3 — адлоў малькоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАНУКЛЕІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ (РНК),
біялагічныя палімеры, якія складаюцца з монануклеатыдаў. Абавязковы кампанент усіх жывых клетак, многіх вірусаў. Удзельнічаюць у рэалізацыі генет. інфармацыі. Першасную структуру РНК вызначае паслядоўнасць размяшчэння монануклеатыдаў у поліпептыдным ланцугу. На ўзроўні другаснай структуры малекула РНК фарміруе адзін ланцуг (асобныя ўчасткі, камплементарныя адзін аднаму, утвараюць 2 ланцугі). У фарміраванні трацічнай структуры РНК важную ролю адыгрываюць бялкі, пры гэтым узнікаюць рыбасомы, інфармасомы.
Адрозніваюць некалькі тыпаў РНК: рыбасомная (рРНК) — каля 80% клетачнай РНК, транспартная (тРНК) — 15%, матрычная або інфармацыйная (мРНК) — каля 5% усёй РНК клеткі. Гал. функцыя рРНК — структурная арг-цыя рыбасомы, дзе адбываецца зборка поліпептыднага ланцуга. Трансп. РНК актывізуе і пераносіць амінакіслоты і выконвае адаторную функцыю, якая дазваляе перакласці «мову» генет. кода (паслядоўнасць нуклеатыдаў) у «мову» структуры бялковай малекулы (амінакіслотная паслядоўнасць). Матрычная РНК — камплементарная копія генаў, якія кадзіруюць структуру бялкоў. Яна выкарыстоўваецца як матрыца пры зборцы поліпептыднага ланцуга. Асобна вылучаюць вірусную РНК. У некат. тыпаў вірусаў яна адыгрывае ролю захавальніцы генет. інфармацыі. Пранікненне такога віруса ў клеткі патрабуе папярэдняга сінтэзу дэзоксірыбануклеінавай кіслаты (ДНК) на матрыцы РНК гэтага віруса. Паток генет. інфармацыі (экспрэсія генаў) уключае транскрыпцыю — сінтэз усіх тыпаў РНК на малекуле ДНК і трансляцыю — біясінтэз бялку на мРНК (генет. інфармацыя ДНК рэалізуецца шляхам праграміраванага праз мРНК сінтэзу бялкоў, якія вызначаюць фенатыпічныя прыкметы жывых арганізмаў). Утварэнне мРНК на матрыцы ДНК у пракарыятычных клетках — адносна просты працэс і ўключае гал. чынам транскрыпцыю адпаведнага гена з дапамогай РНК-полімеразы. Біясінтэз мРНК у эўкарыётаў значна адрозніваецца шматступеньчатасцю фарміравання актыўнай малекулы. Малекулы тРНК як у эўкарыётаў, так і ў пракарыётаў сінтэзуюцца ў выглядзе вял. папярэднікаў. У клетках эўкарыётаў сінтэз рРНК лакалізаваны ў ядзерку і ажыццяўляецца РНК-полімеразай I; геном утрымлівае ад 50 да 1000 ідэнтычных копій генаў, якія кадзіруюць рРНК.
Літ.:
Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 3 изд. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЖАНКО́Ў (Мікалай Аляксеевіч) (14.3.1932, в. Гладкава Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 8.12.1994),
бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя Мухінай (1960). Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Асн. тэма творчасці — гераічная гісторыя бел. народа. Творы вызначаюцца свабоднай, але стрыманай мадэліроўкай форм, разнастайнасцю вобразна-пластычных сродкаў. Сярод манум. работ: помнікі ў гонар перамогі рус. войск у 1812 на р. Бярэзіна пад Барысавам (1962), Герою Сав. Саюза Л.М.Даватару ў в. Хоціна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. (1965), партызану М.Гойшыку каляв. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. (1968, абодва з арх. В.Занковічам і Л.Левіным), на брацкай магіле сав. ваеннапалонных у г. Барысаў (1967), мемар. комплексы Рыленкі (1973), у гонар Ветрынскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, партыз. брыгады імя Варашылава ў в. Гомель Полацкага р-на (1977), Манумент у гонар маці-патрыёткі (1975), помнік М.Горкаму ў Мінску (1981, абодва з А.Заспіцкім, І.Міско, арх. А.Трафімчуком), помнік-бюст Герою Сав. Саюза і Герою Сац. Працы К.П.Арлоўскаму ў в. Мышкавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. (1977, арх. Ю.Казакоў), помнік Герою Сав. Саюза Г.А.Нікандравай на брацкай магіле сав. воінаў і партызан у г. Дуброўна Віцебскай вобл. (1979, арх. Трафімчук). Аўтар станковых кампазіцый «Вайна 1812 года» (1962), «Партызаны» (1964), «Дзеці» (1965), «Новае Палессе» (1983), рэльефаў «Шлях героя» (1967), «Навекі разам» (1982), «Парад партызан у Мінску ў 1944» (1984), партрэтаў Дз.В.Цябута (1979, 1985), двойчы Героя Сав. Саюза К.К.Ракасоўскага (1985) і інш., стварыў шэраг памятных медалёў. Дзярж. прэмія СССР 1987.
Э.А.Петэрсон.
М.Рыжанкоў. Помнік юнаму партызану М.Гойшыку каляв. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.Арх. В.Занковіч, Л.Левін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГУЛЯЦЫ́ЙНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
выпраўчыя гідратэхн, збудаванні для рэгулявання рэчышчаў рэк. Забяспечваюць ахову населеных пунктаў, прамысл. аб’ектаў і ворных зямель ад затаплення, берагоў ад разбурэння (берагаўмацавальныя збудаванні), падтрыманне неабходнага ўзроўню вады каля водазабораў (водазаборныя збудаванні), суднаходства і лесасплаў, рэгуляванне вадкага і цвёрдага рачнога сцёку, накіраванне воднага патоку да водазліўных адтулін (вадазліваў). Бываюць масіўныя (цяжкія), скразныя (заглейвальнікі) і струмененакіроўныя (лёгкія).
Масіўныя Р.з. адносна рэчышча падзяляюцца на падоўжныя (дамбы, агараджальныя валы і інш.), папярочныя (буны, шпоры), запруды, якія перасякаюць усё рэчышча ў папярочным або касым напрамку, донныя запруды, паўзапруды і парогі. Для іх буд-ва выкарыстоўваюць каменную накідку, цюфячную або фашынную муроўку, палевыя, ражавыя і інш. канструкцыі. Скразныя Р.з. прапускаюць частку патоку, у іх асядаюць наносы, што дазваляе атрымаць рэчышча зададзенага віду. Бываюць з галін (яловых і лісцевых дрэў), шчытавыя (з фашын, дошак), сеткавыя (з жал. дроту), палевыя і стрыжнёвыя (з бярвён, пласцін, жардзін, жалезабетону і інш.). Струмененакіроўныя Р.з. дазваляюць транспартаваць донныя наносы і адкладваць іх у патрэбным месцы рэчышча. Складаюцца са шчытоў, размешчаных пад пэўным вуглом да цячэння. Бываюць стацыянарныя (на невял. рэках, вадацёках) і плывучая (донныя), якія складаюцца з струмененакіроўных шчытоў, падтрымных пантонаў, бярвён, паплаўкоў, схватак, апорных частак (фіксуюць шчыты ў патоку). Пры буд-ве донных Р.з. выкарыстоўваюць плятні, у т. л. падвойныя, з загрузкай камянямі, донныя парогі з гібонаў, ражы спец. канструкцыі і інш.
Літ.:
Корюкин С.Н. Регулирование русл рек в мелиоративных целях. М., 1972.
М.Кандрацьеў.
Схемы рэгуляцыйных збудаванняў: а, б, — берагавыя мацаванні з каменнай накідкі; в — мацаванне падводнай часткі берага сеткавай матай (2) з цыліндрам (І) каля асновы; г — буны (1 — адтуліны, 2 — струмененакіроўная дамба, 3 — траверсы); д — запруда; е — шчытавое скразное збудаванне (1 — якар, 2 — каркас, 3 — веткі); ж — струмененакіроўныя плывучыя шчыты; з — тур-канструкцыі з плятнёвымі шчытамі (1 — камяні, 2 — шчыты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬМІЗА́ЦЫЯ (італьян. solmisazione ад назвы муз. гукаў соль і мі),
сальфеджыо, сальфеджыраванне, спевы мелодый з вымаўленнем назваў гукаў, адзін з прыёмаў муз. навучання. Існуюць 2 роды С. — адносная і абсалютная. Пры адноснай С. за кожнай ступенню гукарада замацоўваецца пэўная назва незалежна ад абсалютнай вышыні. Самыя стараж. сістэмы С.: кітайская (5-ступеневая), індыйская (7-ступеневая), грэчаская (4-ступеневая), сярэдневяковая зах.-еўрап. (уведзена Гвіда д’Арэца, 6-ступеневая са складовымі назвамі ut, re, mi, fa, sol, la). Усе яны былі адносныя. У сістэме гексахордаў для С. мелодый з вял. дыяпазонам ужывалася мутацыя; пры гэтым гукі атрымлівалі назвы адносна новага вышыннага стану (увесь гукарад «надбудоўваўся» пры перамяшчэнні гексахорда на кварту ці квінту ўверх ці ўніз, адсюль паняцце адноснай С.). Італьян. тэарэтык Дж.Доні для зручнасці спеваў замяніў склад ut складам do (каля 1540). Увядзенне склада si пры дабаўленні да гукарада 7-й ступені (Х.Вальрант, каля 1547) зрабіла залішняй мутацыю ў межах адной танальнасці. У 16—19 ст. ў Германіі і Францыі існавалі адносныя сістэмы С. з назвамі лічбаў. На Беларусі выкарыстоўваецца адносная С. са складовымі назвамі ё, лэ, ві, на, зо, ра, ці. Абсалютная С. — спевы мелодыі з назвай абсалютнай вышыні гукаў. У Францыі ў пач. 18 ст. выкарыстоўвалі склады ut, re, mi, fa, sol, la, si для абазначэння гукаў c, d, e, f, g, a, h. Гэты спосаб наз. натуральным сальфеджыраваннем, бо ў ім не браліся пад увагу знакі альтэрацыі. Абсалютная С. пашырылася пасля выдання «Сальфеджый для навучання ў кансерваторыі музыкі ў Парыжы», складзеныя Л.Керубіні, Ф.Гасекам, Э.Мегюлем і інш. (1802). У 19—20 ст. распрацоўвалася мноства сістэм С. Пад С. часам разумеюць рытмізаванае чытанне нот без інтанавання, у адрозненне ад тэрміна «сальфеджыо» («Курс сальфеджый» К.Альбрэхта, 1880). Такое тлумачэнне не адпавядае сучаснаму міжнар. выкарыстанню тэрміна «С.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін з буйнейшых ун-таў Расіі, навук.цэнтр.Засн. ў 1819 у Пецярбургу на базе Гал.пед. ін-та. Адкрыты ў 1820. Меў 3 ф-ты: гіст.-філал., філас.-юрыд., фіз.-матэматычны. У 1854 адкрыты ф-т усходніх моў, у 1-й пал. 19 ст. — кафедры валашскай, арм., груз., тат. і інш. моў. У 1956 ва ун-т (на правах ф-та) увайшоў Першы ленінградскі пед.ін-т замежных моў (з 1938). З 1970-х г.ун-т працуе як сістэма двух навучальна-навук. комплексаў — у С.-Пецярбургу і Петрадварцы. У 1994/95 навуч.г. ва ун-це больш за 17 тыс. студэнтаў, больш за 4 тыс. выкладчыкаў; ф-ты: геал., эканам., юрыд., філал., усх., гіст., філас., псіхалогіі, фіз., механіка-матэм., прыкладной матэматыкі, геаграфіі і геаэкалогіі, хім., біял.-глебавы, журналістыкі, менеджменту, міжнар. адносін. Аспірантура. У складзе ун-та каля 200 кафедраў, 10 НДІ, каля 200 н.-д. лабараторый і станцый, абсерваторыя; 2 музеі, навук.б-ка (больш за 6 млн. уліковых адзінак), выд-ва. Пры ун-це працуюць Цэнтр рус. мовы, ін-ты павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў вышэйшых, сярэдніх спец. і прафес.-тэхн. устаноў, вышэйшыя пед. курсы, акад. гімназія, школы-інтэрнаты фіз.-матэм. і біял.-хім. профілю. Выдае «Вестник» (з 1946, з 1956 — у 6 серыях).
У розны час у С.-П.у. працавалі АМ.Бекетаў (рэктар у 1876—83), А.М.Бутлераў, Э.Х.Ленц, Дз.І.Мендзялееў, А.С.Папоў, І.М.Сечанаў, А.А.Шахматаў; вучыліся І.Я.Білібін, А.А.Блок, А.К.Глазуноў, М.І.Глінка, І.І.Мечнікаў, М.М.Міклуха-Маклай, І.П.Паўлаў, Дз.І.Пісараў, Я.Райніс, І.С.Тургенеў, М.А.Урубель, М.Г.Чарнышэўскі, К.А.Ціміразеў і інш.
Літ.:
275 лет. Санкт-Петербургский государственный университет: Летопись 1724—1999. СПб., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З РУ́СКАГА НАРО́ДА»,
манархічная арг-цыя чарнасоценнага кірунку (гл.Чарнасоценцы) у Расіі ў 1905—17. Засн. 8.11.1905, карыстаўся маральнай і фін. падтрымкай урада. Цэнтр (Гал. савет) знаходзіўся ў С.-Пецярбургу. Паводле ўрадавых звестак у 1907 налічваў каля 350 тыс.чл. (правасл. духавенства, чыноўнікі, памешчыкі, гандляры, сяляне, рабочыя, рамеснікі і інш.), больш як 3 тыс.мясц. аддзелаў у 66 губернях. Кіраўнікі: А.І.Дубровін, У.М.Пурышкевіч, протаіерэй Іаан Кранштацкі, акад. А.Л.Сабалеўскі, І.Я.Гурлянд і інш.Гал. друкаваны орган — газ. «Русское знамя»; У Статуце саюза (1906) пад «рускім народам» разумеліся рускія, украінцы і беларусы; паводле некат. даследчыкаў, у бел. і ўкр. губернях знаходзілася каля 50% членаў «С.р.н.». Праграма саюза прадугледжвала захаванне адзінай непадзельнай Рас. імперыі, самадзярж. ладу, прыватнай уласнасці на зямлю, пераважнае становішча рускіх у дзяржаве, барацьбу з «засіллем іншародцаў» і панаваннем бюракратыі, паляпшэнне становішча працоўных. Саюз лічыў яўрэяў гал. арганізатарамі рэв. барацьбы і носьбітамі сацыяліст. ідэй, распальваў антысемітызм, які стаў прычынай шматлікіх яўр. пагромаў (у т. л. ў 1906 у Гомелі і Беластоку). На Беларусі актывістамі «С.р.н.» былі П.Р.Бывалькевіч, Л.М.Саланевіч, епіскап гомельскі Мітрафан і інш. Буйныя арг-цыі саюза дзейнічалі ў Аршанскім, Гомельскім, Быхаўскім, Лепельскім і інш. паветах, у гарадах Бабруйск, Пінск, Рэчыца і інш. У канцы 1910 у Гродне ўзнік філіял «С.р.н.» — «Гродзенскі рускі нацыянальны саюз». «С.р.н.» выступаў супраць бел.нац. руху, які лічыў прапольскім. 1910—11 мясц. арг-цыі саюза падбухторвалі сялян супраць памешчыкаў-палякаў. У 1908 са складу «С.р.н.» вылучыўся ультраправы «Саюз Міхаіла Архангела», у 1911 — «Усерасійскі дубровінскі саюз рускага народа» на чале з Дубровіным. Пасля лют. рэвалюцыі 1917 «С.р.н.» самаліквідаваўся.
Літ.:
Политическая история России в партиях и лицах. М., 1994;
Кожинов В. «Черносотенцы» и революция. 2 изд. М., 1998.
гістарычная славянская вобласць у верхнім і сярэднім цячэнні р. Одра (Одэр). Большая частка ў складзе Польшчы (Апольскае, Дольнашлёнскае, Шлёнскае і інш. ваяводствы). Паўд. С. часткова ў складзе Чэхіі (раёны каля граніцы з Польшчай).
Назва С., верагодна, ад сілінгаў — часткі стараж.-герм племя вандалаў, якія жылі тут да 6 ст.н.э. З 6—7 ст. заселена славянамі. У пач. 10 ст. С. ў складзе Чэхіі (дзяржавы Пржэмыславічаў), з 990 — Польшчы (дзяржавы Пястаў). У 1000 насельніцтва С. прыняло хрысціянства. З 1138 С. — удзельнае княства, у 1163—73 і пасля 1241 раздроблена. З пач. 13 ст. тут сяліліся і ням. каланісты (продкі сілезскіх немцаў). У 1-й пал. 14 ст. зноў увайшла ў Чэхію. З 1526 С. (акрамя Севежскага, Асвенцімскага, Заторскага княстваў) — уладанне аўстр. Габсбургаў. У выніку Сілезскіх войнаў (1740—42, 1744—45) і Сямігадовай вайны 1756—63 большая частка С. ўключана ў склад Прусіі (акрамя княстваў Опава і Цешын, тэр. якіх засталася пад уладай Габсбургаў — т.зв. Аўстрыйская С.). У 1793 і 1844 у рэгіёне адбыліся Сілезскія паўстанні ткачоў. У 1919 пруская правінцыя С. (утворана ў 1807) падзелена на правінцыі Верхняя С. з цэнтрам у г. Опельн (Аполе) і Ніжняя С. з цэнтрам у г. Брэслаў (Вроцлаў); тут адбыліся Сілезскія паўстанні 1919, 1920, 1921. З 1920 б. Аўстрыйская С. ў складзе Чэхаславакіі. У 1922 Саветам Лігі Нацый каля 1/3 Верхняй С. перададзена Польшчы. У кастр. 1938 (пасля Мюнхенскага пагаднення 1938 аб падзеле тэр. Чэхаславакіі) польскія войскі занялі Цешынскую С. Пасля 2-й сусв. вайны рашэннем Патсдамскай канферэнцыі 1945 большая частка С. вернута Польшчы (гэта становішча прызнана герм.-польскім дагаворам аб межах 14.11.1990); у 1946 тут праведзена масавая дэпартацыя сілезскіх немцаў, частка іх вярнулася ў рэгіён у 1950-я і 1970-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЕП (ад польск. sklep скляпенне, падвал),
1) гаспадарчая пабудова для захоўвання гародніны, бульбы, квашаніны і інш. прадуктаў. Шырока бытуе ў народаў Еўропы, Зах. Азіі, Каўказа, Сібіры і інш. На Беларусі архітэктура С., а таксама назвы (пограб, пограбня, прыгрэбка, лёх і інш.) атрымалі рэгіянальныя асаблівасці. С. мае заглыбленую на 1,5—2 м падземную ч. са сценамі з камення, бетону (раней — з бярвён), над якой робяць зруб з 3—4 вянкоў, накрываюць 2- ці 3-схільным дахам. Перакрыцце з дошак па бэльках ці маналітнае з бетону, абавязкова з ацяпленнем. Знадворку робяць квадратны люк і невял. адтуліну («варонку») для засыпання бульбы і інш. Уваход у С. заўсёды ў тарцовай сцяне. Звычайна С. ставяць каля хаты, часам ён з’яўляецца падземнай ч. клеці. Здаўна С. вядомы і пад падлогай жылых памяшканняў, часцей у сенцах, каморы, пазней — у кухнях і на верандах. Пры высокім узроўні падземных вод С. робяць неглыбокім, са сценамі, прысыпанымі для ацяплення зямлёй, ці будуюць далей ад сядзібы на сухім месцы.
2) Падземнае збудаванне ў замках, палацах, мураваных будынках ці натуральная пячора, прыстасаваная для доўгатэрміновага захоўвання віна, пораху, прадуктаў, часам для трымання і катавання вязняў.
3) Мемар. збудаванне на могілках, дзе хаваюць нябожчыка. Мае невял. (у параўнанні з грабніцай ці пахавальняй) памеры, абавязкова з унутр. прасторай, звычайна з падземнай ч. і з уваходам у яе. С. для пахавання выкарыстоўваюцца са старажытнасці. Характарызуюцца манументальнасцю форм, разнастайнасцю і багаццем дэкар. аздаблення (С. на Кальварыйскіх і Вайсковых могілках у Мінску, канец 19 ст.).
4) Падземная ч. пахавальні ці буйнога культавага збудавання, крыпта якога прызначаецца для пахавання (Нясвіжскі касцёл езуітаў, 16 ст.).
С.А.Сергачоў.
Скляпы на вясковых могілках каляг. Жбейль (Ліван).Склеп у вёсцы Радунь Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл.Склеп на Вайсковых могілках у Мінску.Склеп у вёсцы Дзямянчыцы Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЧЫ,
горад абл. падпарадкавання ў Беларусі ў Брэсцкай вобл., цэнтр раёна. Размешчаны на Баранавіцкай раўніне, у міжрэччы Шчары і яе прытока Мышанкі. За 206 км ад Брэста. Вузел чыгунак (напрамкі на Брэст, Ваўкавыск, Ліду, Мінск, Слуцк, Лунінец) і аўтадарог. 172,9 тыс.ж. (1995).
Узнікненне Баранавічаў звязана з буд-вам Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. Пачатак гораду дала чыг. ст. Баранавічы (назва ад вёскі ў Навагрудскім пав.), здадзеная ў эксплуатацыю ў ліст. 1871. Вакол яе ўзнік пасёлак, які ў сярэдзіне 1880-х г. налічваў каля 1,5 тыс. жыхароў, 120 дамоў. У маі 1884 пасёлку нададзены статус мястэчка пад назвай Развадова (ад прозвішча ўладальніцы мясц. маёнтка Развадоўскай). У снеж. 1884 пачаў дзейнічаць участак чыг. Вільня—Лунінец—Пінск, новая станцыя Баранавічы Палескай чыгункі стала другім цэнтрам фарміравання горада. Пасёлак, што пачаў фарміравацца вакол станцыі, атрымаў назву Новыя Баранавічы. У 1890-я г. пасёлкі зліліся і ўтварылі Баранавічы. Паводле перапісу 1897 у Баранавічах 8718 ж., 834 будынкі, 4 прадпрыемствы, двухкласныя школы чыг. і дабрачыннага т-ва. У рэв. 1905—07 адбылося Баранавіцкае выступленне рабочых і салдатаў 1905. У 1912 у Баранавічах каля 30 тыс.ж. Напярэдадні 1-й сусв. вайны працавалі 3 цагельныя, маслабойны, 2 лесапільныя, чыгуналіцейны з-ды, 3 ф-кі млынавых жорнаў. У пач. 1-й сусв. вайны ў Баранавічаз размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага рус. арміяй. З вер. 1915 да 5.1.1919 акупіраваны герм. войскамі. У ваколіцах Баранавічаў праходзіла лінія фронту. У чэрв.—ліп. 1916 рус. войскі правялі Баранавіцкую аперацыю 1916. 5.1.1919 устаноўлена сав. ўлада. З 6.2.1919 горад, цэнтр Баранавіцкага пав. Мінскай губ. У сак. 1919 — ліп. 1920 і з вер. 1920 акупіраваны польск. войскамі. У 1921 — 39 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. З вер. 1939 у БССР, са снеж. 1939 цэнтр Баранавіцкай вобласці, каля 27 тыс.ж. Дзейнічалі Баранавіцкі абласны драматычны тэатр, Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З 27.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў ваколіцах і горадзе 127,5 тыс.чал., дзейнічалі Баранавіцкая акруговая антыфашысцкая арганізацыя і Баранавіцкае гарадское патрыятычнае падполле. З 1954 у Брэсцкай вобл., цэнтр Навамышскага, з 1957 Баранавіцкага раёнаў. У 1959 — 58,1 тыс.ж., у 1970 — 101,5 тыс.ж.
Прадпрыемствы: Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне і вытв.дрэваапр. аб’яднанне, Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод, Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, Баранавіцкі завод бытавой хіміі, Баранавіцкі завод гандлёвага машынабудавання, Баранавіцкі завод станкапрылад, з-ды санэлектразагатовак, доследна-механічны, жалезабетонных вырабаў (2); фабрыкі трыкатажная, швейная, абутковая, мэблевая, маст. вырабаў, цацак; камбінаты мясакансервавы, харч. прадуктаў, малочны, жалезабетонных канструкцый, Баранавіцкі камбінат сянажных вежаў. Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці, тэхналагічны тэхнікум, муз., мед. і пед. вучылішчы. Баранавіцкі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і падпольшчыкаў, сав. ваеннапалонных і ахвяраў фашызму. Помнікі: Вызвалення, двойчы Герою Сав. Саюза С.І.Грыцаўцу. Помнік архітэктуры — Баранавіцкі Пакроўскі сабор. Мемарыяльны комплекс «Урочышча Гай».