САЛЬМІЗА́ЦЫЯ (італьян. solmisazione ад назвы муз. гукаў соль і мі),

сальфеджыо, сальфеджыраванне, спевы мелодый з вымаўленнем назваў гукаў, адзін з прыёмаў муз. навучання. Існуюць 2 роды С. — адносная і абсалютная. Пры адноснай С. за кожнай ступенню гукарада замацоўваецца пэўная назва незалежна ад абсалютнай вышыні. Самыя стараж. сістэмы С.: кітайская (5-ступеневая), індыйская (7-ступеневая), грэчаская (4-ступеневая), сярэдневяковая зах.-еўрап. (уведзена Гвіда д’Арэца, 6-ступеневая са складовымі назвамі ut, re, mi, fa, sol, la). Усе яны былі адносныя. У сістэме гексахордаў для С. мелодый з вял. дыяпазонам ужывалася мутацыя; пры гэтым гукі атрымлівалі назвы адносна новага вышыннага стану (увесь гукарад «надбудоўваўся» пры перамяшчэнні гексахорда на кварту ці квінту ўверх ці ўніз, адсюль паняцце адноснай С.). Італьян. тэарэтык Дж.​Доні для зручнасці спеваў замяніў склад ut складам do (каля 1540). Увядзенне склада si пры дабаўленні да гукарада 7-й ступені (Х.​Вальрант, каля 1547) зрабіла залішняй мутацыю ў межах адной танальнасці. У 16—19 ст. ў Германіі і Францыі існавалі адносныя сістэмы С. з назвамі лічбаў. На Беларусі выкарыстоўваецца адносная С. са складовымі назвамі ё, лэ, ві, на, зо, ра, ці. Абсалютная С. — спевы мелодыі з назвай абсалютнай вышыні гукаў. У Францыі ў пач. 18 ст. выкарыстоўвалі склады ut, re, mi, fa, sol, la, si для абазначэння гукаў c, d, e, f, g, a, h. Гэты спосаб наз. натуральным сальфеджыраваннем, бо ў ім не браліся пад увагу знакі альтэрацыі. Абсалютная С. пашырылася пасля выдання «Сальфеджый для навучання ў кансерваторыі музыкі ў Парыжы», складзеныя Л.​Керубіні, Ф.​Гасекам, Э.​Мегюлем і інш. (1802). У 19—20 ст. распрацоўвалася мноства сістэм С. Пад С. часам разумеюць рытмізаванае чытанне нот без інтанавання, у адрозненне ад тэрміна «сальфеджыо» («Курс сальфеджый» К.​Альбрэхта, 1880). Такое тлумачэнне не адпавядае сучаснаму міжнар. выкарыстанню тэрміна «С.».

Н.​Г.​Мазурына.

т. 14, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)