сямейства двухдольных кветкавых раслін парадку міртавых. Больш за 20 родаў, каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. ва ўмераных і субтрапічных паясах. На Беларусі каля 25 відаў з родаў асліннік, двухпялёснік, скрыпень, іван-чай (капорскі чай). Шэраг відаў з родаў кларкія і фуксія культывуюць у садах, парках, аранжарэях і пакоях.
Пераважна шматгадовыя травы, радзей кусты, паўкусты ці невял. дрэвы. Лісце чаргаванае або супраціўнае, суцэльнае, звычайна ланцэтнае, суцэльнакрайняе ці зубчастае. Кветкі двухполыя, адзінкавыя або сабраныя ў суквецце ў пазухах лісця. Плод — каробачка, радзей арэхападобны ці ягадападобны. Лек., харч., дэкар., меданосныя і кармавыя расліны, некат. — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Талакня́нка1 ’вечназялёная паўзучая расліна з чырвонымі ягадамі’ (ТСБМ), ’расліна Arctostaphylos Adans.’ (Кіс., Бяльк.), ’расліна мядзведжыя вушкі, Arctostaphylos uva-ursi (L.) Spreng’ (Дары); іншыя назвы талакня́нік (Сл. ПЗБ), талако́ннік, талача́льнік (Шмярко). Параўн. укр., рус.толокня́нка ’тс’. Вытворныя ад талакно (гл.), паколькі плод расліны ўяўляе шарападобную мучністую касцянку, што адлюстравалася і ў іншай народнай назве мучаннік (гл. мучан), параўн. Кісялеўскі, Аб нек. асабл., 30–31. Спробы Штэйнгольд (Этимология–1994–1996, 135–140) вывесці назву расліны з рус.сіб.талага́нник (ад якуц.талах ’расліна гарчак’) не пераконваюць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
грана́т1
(польск. granat, ад лац. granatus = зярністы)
дрэвавая або кустовая расліна сям. гранатавых з ярка-чырвонымі кветкамі, пашыраная ў субтропіках Азіі, а таксама буйны плод гэтай расліны з вялікай колькасцю зярнят.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
памідо́р
(іт. pomidoro, ад pomo d’oro = залаты яблык)
агародная травяністая расліна сям. паслёнавых з сакавітымі чырвонымі або жоўтымі пладамі, прыдатнымі для яды, якая вырошчваецца ў розных кліматычных зонах, а таксама плод гэтай расліны.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АПЕЛЬСІ́Н (Citrus sinensis),
вечназялёнае дрэва сям. рутавых. Здаўна культывуецца ў трапічных і субтрапічных краінах (у Кітаі больш за 2 тыс. гадоў, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа з 11 ст., на Пд Еўропы з 15 ст.). На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і як пакаёвую расліну.
Выш. 7—12 м. Лісце авальнае, кветкі адзіночныя або сабраныя ў суквецці, белыя, пахучыя. Плод — шматгняздовая ягада розных памераў, формы і афарбоўкі скуркі (ад светла-жоўтай да чырвона-аранжавай), сакаўны, салодкі ці кісла-салодкі, масай 100—500 г. Багаты цукрамі, лімоннай к-той, вітамінамі C, групы B, P. У скурцы да 2% эфірнага алею, які выкарыстоўваецца ў парфумернай і кандытарскай прам-сці. Меданос. Размнажаецца прышчэпкай на трыфаліяце, памяранцы, сеянцах мясц. сартоў. Цепла- і вільгацелюбівая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́НА, таполя дрыжачая (Populus tremula),
лістападнае дрэва з роду таполя сям. вярбовых. Пашырана ў Еўропе і Азіі, трапляецца ў Паўн. Афрыцы. Утварае асінавыя лясы. На Беларусі расце па ўсёй тэрыторыі.
Двухдомнае ветраапыляльнае дрэва выш. да 35 м. Ствол дыяметрам да 60—100 см. Крона невялікая, рыхлая. Лісце чаргаванае, простае, круглаватае або круглавата-рамбічнае. Кветкі дробныя, сабраны ў адвіслыя цыліндрычныя каташкі. Плод — зеленавата-бурая каробачка. Насенне з пушыстым чубком, прыстасаванае, каб разносіцца ветрам. Хуткарослая і вельмі прадукцыйная на драўніну піянерная расліна. Жыве да 100 і больш гадоў. Драўніна лёгкая, мяккая. Выкарыстоўваюць у запалкавай і цэлюлозна-папяровай прам-сці, буд-ве і тарнай вытв-сці, кару, лісце і пупышкі — у медыцыне. Асн. корм для ласёў, зуброў і аленяў. Утварае мікарызу з падасінавікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУ́Н (Ledum),
род кветкавых раслін сям. верасовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў халодных і ўмераных паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі ўсюды трапляецца багун балотны (Ledum palustre). Расце на сфагнавых балотах і ў забалочаных хваёвых лясах, утварае зараснікі.
Шматгадовазялёны куст выш. 30—120 см з прамастойным галінастым сцяблом. Верхавінкі маладых галінак, кветаножкі і лісце знізу ўкрытыя ржава-бурым лямцам. Лісце чаргаванае, лінейна-падоўжанае, на кароткіх чаранках, шчыльнае, скурыстае. Кветкі дробныя, белыя, адурманьвальна-духмяныя, у верхавінкавых парасонападобных шчытках. Плод — сухая шматнасенная каробачка. Лек. (адхарквальны сродак), інсектыцыдная і меданосная расліна. Мае ў сабе дубільныя і фарбавальныя рэчывы, ядавіты — гліказіды арбуцін і андрамедатаксін, да 7,5% эфірнага алею з рэзкім пахам і горкім смакам, які валодае раздражняльным і наркатычным дзеяннем, у значных дозах паралізуе нерв. сістэму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАТНАКВЕ́ТНІК (Nymphoides),
род кветкавых раслін сям. бабковых. Каля 25 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных паясах абодвух паўшар’яў. Ва ўмераным поясе і на Беларусі трапляецца балатнакветнік шчыталісты (Nymphoides peltata). Вядома адзінае ізаляванае месцазнаходжанне на р. Нёман у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Расце ў стаячай вадзе заток, старыц і сажалак, утварае амаль чыстыя зараснікі. Вельмі рэдкі еўразійскі від. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шматгадовая травяністая расліна з паўзучым членістым карэнішчам, даўж. да 1,5 м. Сцёблы доўгія, дасягаюць паверхні вады. Лісце акругла-эліпсоіднае, на доўгіх чаранках, шчыльнае, скурыстае, знізу густа ўкрытае цёмнымі залозістымі плямкамі, плавае на вадзе. Кветкі ярка-жоўтыя, на доўгіх кветаносах, у пазушных парасонападобных пучках. Плод — яйцападобная каробачка. Дэкар., кармавая і харч. (як агародніна) расліна, прыдатная на аквакультуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНІК, вадзяная зорачка (Callitriche),
род кветкавых раслін сям. балотнікавых. 25 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя некаторых пустыняў і высакагор’яў. На Беларусі 5 відаў: балотнік веснавы (Callitriche verna), сажалкавы (Callitriche stagnalis), двухполы (Callitriche hermaphroditica), караткаплодны (Callitriche cophocarpa), кручкаваты (Callitriche hamulata). Растуць у вадаёмах са стаячай і павольнай вадой, лужынах, утвараюць зараснікі на паверхні вады; ёсць наземныя формы.
Адна-, шматгадовыя травяністыя расліны, голыя або ўкрытыя зорчатымі валаскамі. Сцябло тонкае, плавае ў вадзе (у наземных формаў сцелецца). Лісце супраціўнае, суцэльнакрайняе, без прылісткаў. Кветкі дробныя, адна-, радзей двухполыя, без калякветніка, па 1—2 у пазухах лісця або сабраны па некалькі адна над адной. Плод — чатырохарэшак (мерыкарпій). Насенне з мясістым эндаспермам, разносіцца насякомымі. Усе віды — корм і сховішча для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКУ́Н, буркун (Melilotus),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы; інтрадукаваны ў Паўн. Амерыку, Аўстралію. На Беларусі 3 дзікарослыя віды — баркун белы (Melilotus albus), жоўты, або лекавы (Melilotus officinalis), і волжскі (Melilotus wolgicus) — рэдкая занесеная расліна. Растуць на парушаных месцах уздоўж дарог, каля жылля, на сметніках, па далінах рэк.
Двух-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1,5—2 м. Лісце трайчастае, з дробных пілаватазубчастых лісточкаў. Кветкі дробныя, паніклыя, розных колераў (часцей белыя, бэзавыя, жоўтыя), у пазушных гронках. Плод — невялікі яйцападобны сціснуты струк. Кармавыя, лек., меданосныя, сідэратныя і араматычныя (маюць духмянае рэчыва кумарын) расліны. Выкарыстоўваюцца ў лікёра-гарэлачнай і харч. прам-сці, у медыцыне і сельскай гаспадарцы.