ВЯСЕ́ЛЬНЫЯ ПЕ́СНІ,

найбольш разгорнуты цыкл сямейна-абрадавага фальклору; муз.-паэт. кампанент цэласнай сістэмы абраду вяселля. Вядомыя многім народам свету.

Гістарычна склаліся як форма сімвалічнага выражэння сац.-прававых, маёмасных і сямейных узаемадачыненняў, вераванняў, маральна-этычных і эстэт. поглядаў і каштоўнасцей. Разам з абрадавымі дзеяннямі рытуалізуюць адзін з асн. этапаў жыццёвага шляху чалавека — пераход у іншую сям’ю (род), іншую сац. групу. Як элемент абрадавай сістэмы часта выяўляюць сваю семантыку толькі ў этнагр. кантэксце. Разам з тым муз. і паэт. бакі вясельных песень утвараюць аўтаномныя падсістэмы, кожная з якіх мае спецыфічныя заканамернасці. У паэт. сферы яны раскрываюцца пры класіфікацыі тэкстаў па функцыян.-тэматычным і жанравым прынцыпах.

У бел. вясельных песнях на функцыянальна-тэматычным узроўні выяўляюцца групы песень, якія адпавядаюць пэўным этапам вяселля; на жанравым узроўні вясельныя песні падзяляюцца на апавядальна-каменціруючыя, імператыўныя (заклінанні, распараджэнні, патрабаванні, парады), велічальныя і дакаральныя, лірычныя (з вял. цыклам сірочых песень), прыпевы і меладызаваныя прыгаворы. Паводле геагр. аспекту асн. сюжэты бел. вясельных песень падзяляюць на 3 групы: сюжэты, якія бытуюць на ўсёй тэр. Беларусі; сюжэты, якія пры захаванні асн. сюжэтных характарыстык набываюць рэгіянальныя адметнасці пераважна ў выніку вар’іравання зачынаў, часцей канцовак тэкстаў, і сюжэты, характэрныя толькі для пэўных рэгіёнаў ці мясц. традыцый.

Напевы вясельных песень тыповыя, палітэкставыя, маюць разнастайны характар гучання, утвараючы ў абрадзе 3 вобразна-эмац. сферы: рытуальна-святочную, жартоўную (паводле нар. вызначэння, «вясёлыя») і лірыка-драматычную («абідлівыя»). У розных этнагр. рэгіёнах яны суадносяцца па-рознаму ў залежнасці ад дамінуючага там комплексу вясельнага абраду і асаблівасцей мясц. песеннай сістэмы. На У Беларусі, дзе ў песеннай сістэме пануе карагодна-гульнявы комплекс, а ў вясельным рытуале стаўбавы абрад (паўн. зона), напевы вясельных песень маюць яскравы эмац.-ўзнёслы, воклічны характар, маторны тып рытмікі, тэмбравую звонкасць; асаблівай кантрастнасцю вызначаецца песенны рытуал паўн. зоны, дзе святочнаму гучанню квінтавых вясельных песень процістаяць галашэнні маладой і яе маці, напевы якіх ідэнтычныя пахавальным. У зах. рэгіёне пануе лірычны гукавы вобраз, што звязана з элегічным характарам пашыранага тут абраду зборнай суботы і перавагай у песеннай сістэме пазаабрадавых лірычных песень позняга гіст. пласта, якія часта выступаюць у функцыі вясельных. Вясельным песням Паазер’я ўласціва сказава-апавядальная, напаўрэчытатыўная манера інтанавання, пераважаюць квартавыя напевы з пластычнай меладычнай лініяй. Мясц. галашэнні маюць песенны характар (стабільную складавую муз.-рытмічную форму, адносна спакойную манеру выканання) і складаюць з песнямі адзіны тыпалагічны рад. У гэтых трох рэгіёнах вясельныя песні выконваюцца пераважна аднагалосна, з нярэдкім «адхіленнем» у двухгалоссе: гетэрафоннага тыпу на Паазер’і, квартава-квінтавага ва ўсх. і тэрцава-квінтавага ў зах. рэгіёнах. Асаблівасці вясельных песень Палесся найперш вызначаюцца разгорнутай дэталізацыяй каравайнага абраду, ствараюць атмасферу абшчыннай урачыстасці і весялосці з палкім, часам нават разгульным характарам. Песні выконваюцца ва унісонна-гетэрафонным або дыяфонным на бурдоннай аснове стылі. Іх яркае, сакавітае, часам «вострае» з доўгімі выгукамі і глісанда гучанне абумоўлена і распаўсюджанай на Палессі традыцыяй галаснога спеву. У цэнтр. рэгіёне адбываецца змяшэнне песенных традыцый усходу, захаду, поўначы і поўдня. Пры гэтым у зонах іх перакрыжавання ўтвараюцца версіі тыповых напеваў, спецыфічных для мясц. традыцый.

Заканамернасці муз. кампанента вясельных песень раскрываюцца і на ўзроўні сістэматызацыі напеваў па функцыянальна-тыпалагічным прынцыпе (тыпізуючым выступае структурна-рытмічны комплекс), што дазваляе вылучыць 8 асн. тыпаў вясельных напеваў, пашыраных на ўсёй Беларусі, і некалькі лакальных груп. Асн. тыпы, захоўваючы ўстойлівасць структурна-рытмічных комплексаў, у розных рэгіёнах мяняюць інтанацыйна-меладычны комплекс і набываюць своеасаблівы характар гучання.

Літ.:

Янчук Н.А. По Минской губернии: (Заметки из поездки в 1886 г.). М., 1889;

Беларускія народныя песні. Т. 4. Мн., 1976;

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977;

Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956;

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;

Вяселле: Песні. Кн. 1—6. Мн., 1980—88;

Варфоломеева Т.Б. Северобелорусская свадьба. Мн., 1988;

Вяселле: Мелодыі. Мн., 1990.

Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 4, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ННЫ ВЕК,

найбольш ранні перыяд у гісторыі чалавецтва, калі прылады рабілі з каменю, дрэва, косці і рогу. Пачаўся 3—2,5 млн. г. назад у Афрыцы і закончыўся ў Еўропе 2,5—1,8 тыс. г. да н.э. Адрозніваюць старажытны К.в. — палеаліт, сярэдні — мезаліт і новы — неаліт. Палеаліт працягваўся больш за 2 млн. гадоў. Традыц. перыядызацыя палеаліту на ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні) у апошнія дзесяцігоддзі значна змянілася. У раннім палеаліце вылучаюць алдувайскую (2,6 млн. — 700 тыс. г. назад) і ашэльскую (гл. Ашэль, 700 тыс. — 100 тыс. г. назад) эпохі. Ашэльскую ў сваю чаргу падзяляюць на стараж., сярэднюю і познюю. У ніжнім палеаліце найстаражытнейшыя людзі — архантрапы (пітэкантрапы, сінантрапы, гейдэльбергскі чалавек і інш.) карысталіся грубааббітымі галечнымі прыладамі (чоперамі і чопінгамі), займаліся збіральніцтвам і паляваннем. Да сярэдняга палеаліту адносіцца эпоха мусцье (70—35 тыс. г. назад), якая з’яўляецца заключным этапам фарміравання чалавека — палеаантрапа (стараж. чалавек), неандэртальца. Гэтыя людзі ўжо ўмелі будаваць прымітыўнае жыллё, здабываць агонь, вырабляць да 60 тыпаў прылад працы, займаліся паляваннем, выкарыстоўвалі скуры жывёл, каб засцерагчыся ад холаду. Позні палеаліт пачаўся 40—35 тыс. г. назад. Да яго пачатку сфарміраваўся чалавек сучаснага віду — краманьёнец. У гэты час паступова ўдасканальвалася апрацоўка крэменю, значна пашырыўся асартымент прылад працы (да 100 тыпаў), пачалі шырока ўжывацца вырабы з косці, удасканалілася паляўнічая зброя, адбыліся змены ў фарміраванні радавога ладу, значна павялічылася колькасць насельніцтва, акрамя вял. калектыўных з’явіліся жытлы малых памераў для парных сем’яў. Узніклі прымітыўныя рэлігійныя ўяўленні, рытуал пахавання, развівалася першабытнае мастацтва. Заключная фаза палеаліту прыпадае на канец ледавіковай эпохі (14—11 тыс. г. назад), т.зв. фінальны палеаліт. У гэты час у Еўропе ад Ютландыі да вярхоўяў Дняпра распаўсюдзіліся супольнасці паляўнічых, асновай існавання якіх было паляванне пераважна на паўн. аленя. Пераходны перыяд ад палеаліту да неаліту — мезаліт — у залежнасці ад кліматычных зон працягваўся з 11 тыс. г. да 7 тыс. г. назад. Крамянёвая індустрыя мезаліту адметная наяўнасцю мікралітаў і прылад працы на пласцінах, з’яўляюцца і масіўныя прылады — макраліты. Людзі сталі асвойваць паўн. прасторы, што вызваляліся ад ледавіка. Значную ролю ў жыцці чалавека пачало адыгрываць рыбалоўства, павялічылася колькасць стаянак на берагах рэк. У мезаліце шырока выкарыстоўваліся лук і стрэлы, быў прыручаны сабака, склалася племянная арганізацыя. З 8-га тыс. да н.э. пачынаецца неаліт, спачатку на Блізкім Усходзе, потым у Індакітаі, а з 6-га тыс. да н.э. — у Еўропе. Людзі пачалі займацца земляробствам, вырабляць ляпны посуд, прыручаць буйную рагатую жывёлу, свіней і інш., карыстацца драўлянымі чаўнамі, удасканалілі вытворчасць каменных прылад. У гэты час узніклі прадзенне і ткацтва, больш разнастайнымі сталі вопратка чалавека і ўпрыгожанні, развіваліся шмат якія галіны першабытнага мастацтва (арнаментаванне, аздабленне, гравіроўка на косці, рогу і абпаленай гліне, аб’ёмная скульптура), з’явіліся музычныя інструменты. Пачаўся пераход да вытв. гаспадаркі і аселасці. Мацярынска-радавы лад дасягнуў свайго апагею.

На Беларусі стаянкі чалавека ўпершыню з’явіліся ў познім палеаліце (Бердыж і Юравічы). Мезаліт тут пачаўся ў 9-м тыс. да н.э. У гэты час у асноўным заселена ўся тэр. сучаснай Беларусі. Фарміраваліся грэнская культура (Грэнск, Дальняе Ляда), днепра-дзяснінская культура (Берагавая Слабада, Краснаўка, Міхайлаўка), сожская культура (Журавель, Горкі Чэрыкаўскага р-на), свідэрская культура (Бабровічы, Опаль, Нобель, Заазер’е), Кунда культура (Замошша, Крумплева), яніславіцкая культура (Беліца-2, Нясілавічы-1), кудлаеўская культура (Азярное-1), помнікі нарачанскага тыпу (Стугалапы, Кусеўшчына). У неаліце (5—2-е тыс. да н.э.) тэр. Беларусі засялялі плямёны днепраданецкай культуры (Юравічы-3—6, Пхоў, Слабодка), верхнедняпроўскай культуры (Лоша-1,2, Цітаў Бугор), нарвенскай культуры (Асавец-2,4; Зацэнне, Сосенка), нёманскай культуры (Добры Бор, Лысая Гара, Русакова-2, Камень-2), тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культуры (Скема-1,2), шарападобных амфар культуры (Краснасельскі, Малыя Ёдкавічы), культуры помнікаў тыпу Бабінавічаў (Бабінавічы-2, Лаўкі, Мяжа-1).

Літ.:

Борисковский П.И. Древнейшее прошлое человечества. 2 изд. Л., 1979;

Елинек Я. Большой иллюстрированный атлас первобытного человека. Прага, 1983;

Палеолит СССР. М., 1984;

Мезолит СССР. М., 1989;

Археалогія Беларусі. Т. 1. Мн., 1997.

І.​М.​Язэпенка.

Каменны век. Востраканечнік і скрэблападобная прылада працы. Знаходкі каля в. Абідавічы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобл.

т. 7, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́У (белау Belau, англ. Palau), Рэспубліка Палау (белау Beluu er a Belau, англ. Republic of Palau),

дзяржава на аднайменных астравах з групы Каралінскіх астравоў, у зах. частцы Ціхага ак., на Пн ад экватара. Пл. 458 км². Нас. 18,5 тыс. чал. (1999). Афіц. мовы — белау (палау) і англійская. Сталіца, гал. эканам. цэнтр і порт — г. Корар на в-ве Бабелтуап. Краіна падзяляецца на 18 адм. адзінак. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).

Дзяржаўны лад. П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1981. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Заканад. орган — двухпалатны парламент — Нац. кангрэс, які складаецца з сената (14 сенатараў, назначаюцца на 8 гадоў прапарцыянальна насельніцтву астраўных тэрыторый) і палаты дэпутатаў (14 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам).

Прырода. Краіна займае 8 вулканічных (найб. Бабелтуап, пл. 367 км²) і каля 200 каралавых астравоў. Макс. выш. 242 м на в-ве Бабелтуап. З карысных выкапняў ёсць золата, фасфарыты, баксіты; у глыбакаводнай зоне паклады метал. канкрэцый. Клімат экватарыяльны. Сярэднемесячныя т-ры 24—28 ºС. Ападкаў больш за 3000 мм за год, найбольш з мая да лістапада. Адзначаюцца землетрасенні, з чэрв. да снеж. бываюць тайфуны. Невял. рэчкі і ручаі толькі на вулканічных астравах. Асобныя ўчасткі ўзбярэжжа заняты мангравымі зараснікамі, на горных схілах вулканічных астравоў растуць какосавая і арэкавая пальмы, бамбук; вышэй — лясы і саванны. На каралавых астравах — гаі какосавых пальмаў. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі.

Насельніцтва. Мікранезійцы белау (палау) складаюць больш за 95%. Жывуць таксама амерыканцы, філіпінцы, кітайцы. Сярод вернікаў пераважаюць католікі і пратэстанты, каля 30% мясц. жыхароў — прыхільнікі сінкрэтычнага культу Мадэкнгеі. Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², на ўзбярэжжах вулканічных астравоў да 100 чал. на 1 км² і больш. Гар. насельніцтва 72%. У г. Корар 12 тыс. ж. (1995). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам і марскімі промысламі, абслугоўваннем турыстаў.

Гісторыя. Група астравоў, на якіх размешчана П., у 1534 адкрыта іспанцамі, пасля чаго яна больш за 350 гадоў афіцыйна заставалася пад уладай Іспаніі. З 1899 калонія Германіі. У 1914 акупіравана яп. войскамі, пасля 1-й сусв. вайны з 1919—20 падмандатная тэр. Японіі. Летам 1944 у 2-ю сусв. вайну занята амер. войскамі, з 1947 частка «падапечнай тэр. Ціхаакіянскіх астравоў» пад кіраваннем ЗША. У 1981 у рамках амер. апякунскага кіравання атрымала ўнутр. аўтаномію як «Рэспубліка П.». З 9.11.1993 «свабодна асацыіраваная» з ЗША дзяржава тэрмінам на 50 гадоў. 1.10.1994 абвешчана незалежнасць (спынена апека ЗША); у распараджэнні ЗША засталіся абарона (П. не мае ўласных узбр. сіл), фінансы, замежныя справы. П. — чл. ААН (з 1994). Дзейнічаюць некалькі паліт. партый.

Гаспадарка. П. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 8800 дол. за год. Насельніцтва займаецца пераважна сельскай гаспадаркай і рыбалоўствам. Пад с.-г. культурамі і пашай каля 20 тыс. га. Гал. культура — какосавая пальма. На ўласныя патрэбы вырошчваюць маніёк, батат, ямс, тара, рыс, кукурузу, сою, сорга, цукр. трыснёг, чорны перац. Трапічнае садоўніцтва: цытрусавыя, манга, ананасы, хлебнае дрэва, бананы, панданус. Агародніцтва. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні, козы, птушка). Рыбалоўства (пераважна тунец) мае экспартны кірунак. Нарыхтоўка драўніны какосавай пальмы і пандануса. Электраэнергетыка заснавана на выкарыстанні імпартнага паліва, 15% яе даюць невял. ГЭС. У 1996 атрымана 200 млн. кВт гадз электраэнергіі. Невял. здабыча фасфарытаў і золата. У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы рыбы, копры, вытв-сці харч. прадуктаў, мыла, алею, цэглы, цэменту, лесапілавання. Буд-ва і рамонт невял. суднаў і лодак. Саматужныя промыслы, здабыча і апрацоўка каралаў, выраб сувеніраў. Транспарт пераважна марскі. На астравах 61 км аўтадарог, 3 аэрапорты. Развіваецца турызм. Замежных турыстаў (пераважна з Японіі і ЗША) прыцягваюць цёплае мора, каралавыя пляжы, экзатычнае мастацтва мясц. жыхароў. У 1996 экспарт склаў 14,3 млн. дол., імпарт — 72,4 млн. дол. У экспарце пераважаюць рыба і рыбныя прадукты, копра, маст. вырабы, у імпарце — паліва, харч. і спажывецкія тавары. Краіна атрымлівае дапамогу і арэндную плату за тэрыторыю ваен. баз ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 11, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́БСТВА,

найбольш жорсткая форма эксплуатацыі, пры якой эксплуатуемы (раб) з’яўляецца маёмасцю свайго гаспадара-рабаўладальніка. Узнікла пераважна пасля пераходу чалавека да земляробства і жывёлагадоўлі; але існавала і ў некат. паўн.-амер. паляўнічых плямёнах. Верагодна, першыя рабы былі з ваеннапалонных. Найб. прымітыўнай формай Р. было паўсюдна пашыранае патрыярхальнае Р., калі рабы лічыліся бяспраўнымі членамі сям’і. У большасці выпадкаў патрыярхальнае Р. вызначалася адносна лёгкім становішчам раба. У першых дзяржавах Стараж. Усходу 3—2-га тыс. да н.э. [Егіпет часу Стараж. царства, Шумер, Стараж. Індыя і Кітай часу Шан (Інь)] найб. пашырэнне атрымала дзярж. Р., калі рабы выкарыстоўваліся на грамадскіх працах, у палацавай і храмавай гаспадарках; прыватнае Р. было нязначным. У больш позні час пашырылася прыватнае Р., у т. л. продаж у Р. за пазыкі. Законы Хамурапі (18 ст. да н.э.) рэгулявалі Р., гарантавалі рабам некат. вызначаныя правы (шлюбу, уладання пэўнай маёмасцю і інш.). Рабы выкарыстоўваліся пераважна ў хатняй гаспадарцы рабаўладальніка і не адыгрывалі вял. ролі ў эканоміцы ўсх. грамадстваў. У Стараж. Грэцыі і Рыме склалася класічнае ант. Р., цесна звязанае з таварнай вытворчасцю. З 5 ст. да н.э. Р. набывала ўсё большае значэнне ў гаспадарцы Грэцыі, пераважна ў рамястве, горнай справе і інш. Найб. росквіту інстытут Р. дасягнуў у Рым. дзяржаве. З часу позняй рэспублікі (2—1 ст. да н.э.) праца рабоў выкарыстоўвалася ва ўсіх галінах эканомікі. Буйныя рабаўладальнікі мелі тысячы рабоў. Іх становішча было вельмі цяжкае, яны не мелі ніякіх правоў, а рабаўладальнік меў права нават забіць свайго раба. Памяншэнне прытоку рабоў у перыяд імперыі прывяло да пэўнага паляпшэння іх становішча ў 2—4 ст. н.э. Неэфектыўнасць рабскай працы вяла да паступовай замены яе ў сельскай гаспадарцы працай залежных сялян-арандатараў. У час ранняга Сярэднявечча Р. ў краінах Еўропы адыгрывала важную, але не вядучую ролю ў гаспадарцы. У Візантыі Р. мела большае значэнне, чым на Захадзе. У Кіеўскай Русі Р. існавала ў патрыярхальнай форме ў перыяд станаўлення феад. ладу ў 9—11 ст. (гл. Халопы, Чэлядзь). Да 13 ст. Р. практычна знікла ў большасці краін Еўропы, хоць некат. італьян. гарады (Генуя, Венецыя і інш.) працягвалі гандаль рабамі і пазней. У краінах Паўд. і Усх. Азіі патрыярхальнае Р. існавала да ўзнікнення капіталізму. Шырокія памеры Р. набыло ў мусульм. краінах. У 16—18 ст. продаж у Р. людзей, захопленых у выніку набегаў на ўкр., бел. і рус. землі, быў найважн. крыніцай прыбыткаў Крымскага ханства; найб. яскравы нарыс пра гандаль рабамі ў Крыме змешчаны ў творы бел. аўтара 16 ст. М.Літвіна. З 16 ст., са стварэннем буйных плантацыйных гаспадарак у еўрап. калоніях Амерыкі, пачаўся ўвоз туды рабоў з Афрыкі, што набыло асабліва вял. маштабы ў 18 — пач. 19 ст. Да канца 18 ст. негры-рабы складалі б.ч. насельніцтва а-воў Вест-Індыі, Бразіліі і некат. рэгіёнаў ЗША. У 1807 Вялікабрытанія, пазней інш. еўрап. дзяржавы і ЗША прынялі законы, якія забаранялі гандаль рабамі, хоць нелегальны ўвоз рабоў працягваўся. У 1833—38 Р. скасавана ў брыт., пасля 1848 — у франц. калоніях. У Паўн. Амерыцы Р. скасавана ў выніку грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. У 1888 апошняй з амер. краін Р. скасавала Бразілія. Брусельскі акт 1890 афіцыйна забараніў любы гандаль рабамі. Аднак Р. працягвала існаваць у некат. краінах Азіі і Афрыкі да сярэдзіны 20 ст. (напр., Эфіопія скасавала Р. ў 1942, Саудаўская Аравія — у 1962). У 1926 Ліга Нацый прыняла канвенцыю аб Р. з патрабаваннем поўнага яго скасавання. На яе аснове Міжнародная арганізацыя працы падрыхтавала Канвенцыю аб прымусовай працы 1930, якая абавязала ўсе краіны скасаваць усе формы прымусовай працы. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, прынятая ААН у 1948, забараняе Р. ва ўсялякіх формах. У 1956 міжнар. канферэнцыя ў Жэневе прыняла дадатковую канвенцыю аб барацьбе з Р., гандлі рабамі, скасаванне інстытутаў і звычаяў, падобных да Р.

Літ.:

Кузищин В.И. Античное классическое рабство как экономическая система. М., 1990;

Штаерман Е.М. Расцвет рабовладельческих отношений в Римской республике. М., 1964;

Greenidge G.W. Slavety. London, 1958.

В.​У.​Адзярыха.

т. 13, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭНДАКРЫНАЛОГІЯ

Найбольш раннія звесткі ў гэтай галіне медыцыны вядомы з рукапісных «Медыцынскіх навін» 1600 з Нясвіжскай бібліятэкі, дзе змешчаны рэцэпт «парашку ад дыябету». Першае паведамленне аб хірургічным лячэнні валляка (Л.​К.​Навумовіч, г. Магілёў) датавана 1812. Аперацыі на наднырачніках упершыню на Беларусі праводзіліся ў 1920-я г. (Орша, Гомель). Вядомыя рас. эндакрынолагі 1-й пал. 20 ст. С.​М.​Лейцес, І.​Б.​Хавін, М.​А.​Шарашэўскі, С.​М.​Эскін родам з Беларусі.

Развіццё эндакрыналогіі як навукі на Беларусі пачалося ў 1920-я г. з вывучэння эпідэміялогіі эндэмічнага валляка ў асобных рэгіёнах пад кіраўніцтвам Я.​В.​Корыца, С.​М.​Рубашова. Сістэматызавана яна развівалася пасля стварэння ў 1934 Рэсп. процівалляковай станцыі. Вывучэнне пашыранасці эндэмічнага валляка дазволіла вылучыць рэгіёны з рознай ступенню ёднай недастатковасці і распрацаваць метады процівалляковай прафілактыкі (А.​А.​Грэйман). Гэты кірунак эндакрыналогіі больш актыўна развіваўся ў пасляваенны перыяд (Л.​В.​Лапцёнак, Л.​П.​Фёдарава). Вялося хірургічнае лячэнне валляка з выкарыстаннем арыгінальных методык, прапанаваных В.​Р.​Астапенкам, М.​С.​Гапановічам, І.​М.​Грышыным, Я.​П.​Дзямідчыкам. З 1958 спецыялістаў па эндакрыналогіі рыхтавалі пры ін-це ўдасканалення ўрачоў (зараз Бел. мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі), дзе ў 1960 створана кафедра эндакрыналогіі (першы загадчык Н.​М.​Дразнін, у 1973—85 — М.​С.​Гапановіч, у 1985—98 — А.​А.​Холадава, з 1998 — Л.​І.​Данілава). Кафедра з’яўляецца рэсп. навукова-метадычным цэнтрам не толькі для эндакрынолагаў, а і тэрапеўтаў, педыятраў, рэаніматолагаў, урачоў хуткай і неадкладнай дапамогі (вядучыя спецыялісты Данілава, В.​М.​Дрозд, Г.​В.​Казюк, Холадава, В.​І.​Шутава і інш.). З пачатку 1980-х г. падрыхтоўку эндакрынолагаў вядуць у Бел. мед. ун-це (З.​В.​Забароўская), у Віцебскім (А.​М.​Окаракаў, У.​Р.​Цішкоўскі) і Гомельскім (М.​П.​Капліева) мед. ун-тах. Асноўны навукова-практычны кірунак эндакрыналогіі — праблема цукровага дыябету. Дасягнуты поспехі ў гэтай праблеме ў ранняй дыягностыцы, скрынінгу сасудзістых ускладненняў, распрацоўцы асноў прафілактыкі, мед. і працоўнай рэабілітацыі. У выніку ўкаранення дзярж. праграмы «Цукровы дыябет» на ​1/3 зменшылася колькасць выпадкаў каматозных станаў, слепаты і ампутацый ног, абумоўленых ускладненнямі цукровага дыябету, палепшыліся зыходы цяжарнасці ў жанчын, хворых на цукровы дыябет. Дзярж. праграма «Цукровы дыябет» прызнана Еўрапейскім бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў якасці мадэлі для краін Усх. Еўропы (за стварэнне навукова-практычнай школы эндакрынолагаў Беларусі ў 1999 Холадавай прысуджана званне заслужанага дзеяча навукі). Уклад у развіццё эндакрыналогіі дзіцячага ўзросту зрабілі С.​М.​Астапенка, Л.​М.​Астахава, К.​А.​Радзюк. Структура эндакрыналагічнай дапамогі насельніцтву ўключае кабінеты і спецыялізаваныя ложкі ў раённых і гар. мед. установах, дыспансеры і спецыялізаваныя аддзяленні ў абласных цэнтрах, Рэсп. кансультацыйны эндакрыналагічны цэнтр (гал. ўрач Т.​В.​Мохарт) і гал. ўпраўленне лячэбна-прафілактычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (А.​К.​Цыбін). Вывучэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і рэабілітацыю насельніцтва ажыццяўляе Рэсп. навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі ў Гомелі (дырэктар Э.​К.​Капітонава). Рэсп. навуковае таварыства эндакрынолагаў, створанае ў 1962, у 1997 пераўтворана ў Бел. асацыяцыю эндакрынолагаў, якая супрацоўнічае з адпаведнымі асацыяцыямі Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Вялікабрытаніі, Германіі, Японіі і з’яўляецца членам Еўрап. федэрацыі эндакрыналагічных таварыстваў і Міжнар. федэрацыі дыябету. У адпаведнасці з палітыкай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя «Здароўе для ўсіх у 21-м стагоддзі» перспектывы развіцця эндакрыналогіі на Беларусі — у распрацоўцы стратэгіі для забеспячэння паўнацэннага жыцця пры эндакрынных расстройствах на аснове тэхналогій даказальнай медыцыны.

Літ.:

Вопросы истории медицины и здравоохранения: Материалы 3 науч. историко-мед. конф. Белорусской ССР. Мн., 1968;

Холодова Е.А., Данилова Л.И. Болезни щитовидной железы. Мн., 1991;

Холодова Е.А., Мохорт Т.В., Билодид И.К. Сахарный диабет и беременность // Современные проблемы эндокринологии в акушерстве, гинекологии и неонатологии: Тез. докл. науч. конф. Мн., 1994;

Матвейчик Т.В. Становление и развитие эндокринологической службы в Республике Беларусь // Медицина Беларуси XX в. Тез. докл. 8 респ. науч. конф. по истории медицины. Мн., 1998;

Холодова Е.А. Развитие эндокринологической службы в Республике Беларусь // Мед. новости. 1999. №8.

А.​А.​Холадава.

т. 18, кн. 2, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОВАЗНАЎСТВА

Навуковыя даследаванні бел. мовы ўзніклі ў 16 ст., напачатку ў Выглядзе тлумачэнняў незразумелых стараслав. лексем і выразаў «простай», ці тагачаснай старабел. мовай (найперш у выданнях Ф.​Скарыны і інш. перакладчыкаў рэліг. тэкстаў — С.​Буднага, В.​Цяпінскага), а пасля ў выглядзе буквароў, граматык, слоўнікаў стараслав. мовы, дзе метамовай, або мовай апісання, служыла старабел. мова. Незразумелыя царкоўнаславянскія «глосы» (словы) Ф.​Скарына тлумачыў бел. лексемамі (напр., «кивотъ — скриня», «риторъ — мовца», «тимпанъ — бубен» і інш.). Аналагічнай бел. метамовай карысталіся С.​Будны і В.​Цяпінскі (напр., у С.​Буднага «благодарение — дякованье», «врач — лекарь», «миръ — покой»; у В.​Цяпінскага «верыга — ланцуг», «мучитель — катъ», «зло — лихо» і г.д.).

Першая граматыка ўсх. славян напісана на тэр. тагачаснай Беларусі ў Вільні — «Кграматыка словеньска языка...» (ананімная, 1586). У 1596 там жа надрукавана «Грамматіка Словенска...» Л.​Зізанія, дзе ў выглядзе пытанняў і адказаў з дапамогай старабел. мовы апісваліся фанетычныя і марфалагічныя рысы стараслав. мовы. Самай значнай лінгвістычнай працай пач. 17 ст. стала «Грамматіки славенския правилное Синтагма» М.​Сматрыцкага, выдадзеная ў 1619 у Еўінскай друкарні (пад Вільняй). Гэтая кніга амаль паўтара стагоддзя лічылася ва ўсх. славян найбольш аўтарытэтнай і глыбокай працай па мовазнаўстве. Паводле яе ўзору створаны першыя навуковыя граматыкі сербскай, балгарскай, рус. моў. «Граматыкі» Л.​Зізанія і М.​Сматрыцкага, напісаныя на аснове царкоўнаславянскай мовы, адлюстроўвалі некаторыя рысы жывой бел. гаворкі і прызначаліся для ўсяго «грэка-славянскага» свету. Калі ў гэтых лінгвістычных працах старабел мова выкарыстоўвалася пераважна ў якасці метамовы, а аб’ектам апісання служыла стараслав. мова, то створаная ў Сарбоне (Францыя) І.​Ужэвічам на лац. мове «Граматыка словенская» (1643) прысвечана апісанню ўласна старабел. і стараўкраінскай літаратурнай мовы Гэтая кніга ў 18—19 ст. была вядома славістам у 2 рукапісных варыянтах (упершыню яна надрукавана ў 1970 у Кіеве, у 1996 выдадзена ў Мінску). З інш. лінгвістычных прац, створаных беларусамі ў 17 ст., вылучаюцца «Азбука» Сімяона Полацкага, напісаная для навучання грамаце будучага расійскага цара Пятра I, і «Граматыка» І.​Капіевіча, якой карыстаюцца і цяпер тыя, хто ўжывае кірыліцкае пісьмо (балгары, беларусы, рускія, сербы, украінцы і інш.).

Адначасова з граматычнымі апісаннямі мовы на тэр. Беларусі надрукаваны першыя сярод усх. славян слоўнікі, найбольш вялікім і грунтоўным з якіх быў «Лексис...» Л.​Зізанія (1596, Вільня). У гэтым слоўніку змешчаны пераклад на старабел. мову 1061 царкоўнаславянскага слова, а для перакладу выкарыстана больш за 2000 старабел. лексем, многія з якіх захаваліся і ў сучаснай мове без змен свайго значэння («лазня», «нікчэмны», «дзякаваць», «вяселле», «чакаць», «праца», «іншы», «ручнік» і г.д.). Пісьмовы варыянт старабел. літаратурнай мовы фактычна быў выведзены з афіцыйнага ўжытку ў 1696, калі Беларусь знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай, а пасля і Рас. імперыі. У пач. 19 ст. збіральнікі бел. фальклору (Я.​Чачот, П.​Шпілеўскі, А.​Кіркор і інш.), зыходзячы з асаблівасцей гаворак, складалі слоўнікі мясцовых слоў. Цікавасць да этнаграфічнага, фальклорнага і гістарычнага матэрыялаў абумовіла з’яўленне напачатку спарадычных, несістэматызаваных навуковых апрацовак бел. мовы ў выглядзе слоўнікаў, нататак, артыкулаў і першых рукапісных граматык П.​Шпілеўскага, К.​Нядзведскага (не выдадзены). Пра бел. мову і яе асаблівасці згадвалі ў сваіх працах А.​Брукнер (Польшча), П.​Уладзіміраў, А.​Шахматаў, М.​Карпінскі (Расія), К.​Апель (Германія) і інш. Да ліку асобных прац па фанет. і марфал. адметнасцях бел. мовы належаць працы К.​Калайдовіча, Ф.​Галатузава, І.​Нядзёшава. Значныя навук. здабыткі ў 19 ст. па бел. мовазнаўстве ў лексікаграфічных працах І.​Насовіча, Ф.​Шымкевіча, М.​Гарбачэўскага і інш. У 1840 Ф.​Шымкевіч склаў слоўнік «Збор слоў літоўска-рускай (бел.) мовы», які ўключаў каля 3000 намінатыўных адзінак (слоў, устойлівых выразаў); прыведзеныя словы перакладзены на рус., англ., венг., дацкую, лат., літ., ням., польскую, сербскую, славацкую, фін., чэш., швед. і інш. мовы. «Слоўнік беларускай мовы» І.​Насовіча (1870) уключаў у сваю рэестравую (левую) частку больш за 30 тыс. слоў, сабраных аўтарам пераважна ў Магілёўскай губ. Акрамя прыведзеных лексікаграфічных прац, захаваўся рукапіс «Апісанне Крычаўскага графства, ці былога староства» А.​Меера (1786), дзе побач з гістарычнымі, этнаграфічнымі, геаграфічнымі апісаннямі гэтай мясцовасці змешчана каля 600 бел. слоў, кожнае з якіх мае лац. ці рус. пераклад або тлумачэнне; словы размеркаваны па тэматычных рубрыках, а ўнутры іх па алфавіце. Гэтую працу можна лічыць адной са спроб ідэаграфічнага апісання бел. лексікі. Рукапісны «Слоўнік беларускай гаворкі» П.​Шпілеўскага (1845) ахоплівае каля 1,5 тыс. бел. лексем. Лексікаграфічныя матэрыялы прадстаўлены ў працах Я.​Чачота, К.​Калайдовіча і інш. Выключных поспехаў у вывучэнні бел. мовы, яе гісторыі, помнікаў бел. пісьменнасці дасягнуў заснавальнік бел. мовазнаўства Я.​Карскі — аўтар шматлікіх прац па беларусістыцы, у т. л. манаграфіі «Беларусы» (кн. 1—7, 1903—22). Тры кнігі гэтай манаграфіі ён прысвяціў характарыстыцы фанетычнай сістэмы, словаўтварэння, граматычнага ладу бел. мовы ў яе гіст. развіцці. Бел. мову ён аналізаваў як самастойную слав. мову, у той час як афіцыйная навука лічыла яе дыялектным адгалінаваннем велікарускай мовы. Першыя навуковыя спробы апісання новай бел. літаратурнай мовы, заснаванай амаль цалкам на народных гаворках, сведчаць пра з’яўленне на лінгвагеаграфічнай карце свету адметнай слав. мовы, якая дзякуючы сваім глыбінным караням захавала ў найбольш чыстым выглядзе адну з самых старажытных і развітых моў Еўропы.

Унутранымі фактарамі развіцця бел. лінгвістыкі сталі з’яўленне ў пач. 20 ст. легальнага перыядычнага бел. друку (газеты «Наша доля», «Наша ніва» і інш.), а таксама літаратурных твораў Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, З.​Бядулі, М.​Зарэцкага, К.​Чорнага і інш. Гэтым было абумоўлена стварэнне прац па апісанні, унармаванні і кадыфікацыі бел. слова, самай значнай з якіх стала «Беларуская граматыка для школ» Б.​Тарашкевіча (1918, 5-е факс. выд. 1991), дзе сцісла, але навукова і грунтоўна вызначаны асноўныя моўныя нормы, якія і зараз выкарыстоўваюцца бел. дыяспарай і некаторымі сучаснымі недзярж. выданнямі Беларусі пад неафіцыйнай назвай «тарашкевіца».

У 1920-я г. на Беларусі разгарнулася шырокая лексікаграфічная дзейнасць. У 1921 створана Навукова-тэрміналагічная камісія, вынікам працы якой стала выданне 24 выпускаў бел. навуковай тэрміналогіі, апублікаваны бел.-рус. і рус.-бел. перакладныя слоўнікі, напр., «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.​Ластоўскага (1924), «Беларуска-расійскі слоўнік» М.​Байкова і С.​Некрашэвіча (1926) і інш., а таксама слоўнікі, прысвечаныя вайсковай тэрміналогіі (М.​Байкоў і А.​Бараноўскі), праву (М.​Гуткоўскі), батаніцы (З.​Верас), дыялектныя слоўнікі Віцебшчыны (М.​Каспяровіч), Чэрвеньшчыны (М.​Шатэрнік) і інш. Распрацоўваліся тэарэтычныя пытанні вывучэння і апісання бел. нар. гаворак, лінгвагеаграфіі ў публікацыях М.​Байкова, І.​Ваўка-Левановіча, Я.​Карскага, П.​Растаргуева і інш. У 1928 П.​Бузук надрукаваў манаграфію «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі», дзе разгледзеў фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці гаворак цэнтр. і ўсх. Беларусі, а таксама сумежных абласцей Расіі і Украіны. Лексічная база бел. мовы папаўнялася рознымі шляхамі: у выніку стварэння новых слоў і словазлучэнняў на ўласнай моўнай базе, шляхам запазычання, за кошт дыялектнай лексікі.

У 1922 створаны Інстытут бел. культуры, які паслужыў базай для арганізацыі АН Беларусі і ўключаў у свой склад Інстытут мовазнаўства. З адкрыццём БДУ (1921) і шэрагу пед. ін-таў пашырылася падрыхтоўка лінгвістычных кадраў і вяліся даследаванні ў галіне бел. мовазнаўства. Гэтаму спрыяла і правядзенне ў БССР беларусізацыі. У 1926 праведзена Акадэмічная канферэнцыя па рэформе бел. правапісу і азбукі, дзе акрамя айчынных спецыялістаў прынялі ўдзел замежныя лінгвісты і пісьменнікі (М.​Фасмер, Ю.​Галомбак, Я.​Райніс і інш.). Па выніках працы канферэнцыі ўтворана камісія бел. літаратурнай мовы, якая падрыхтавала і апублікавала ў 1930 праект новага правапісу. У 1933 створана асобная камісія, якая распрацавала новы праект, прыняты СНК БССР пад назвай «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». Гэтым упершыню ў гісторыі бел. літаратурнай мовы заканадаўча замацаваны пэўныя нормы бел. правапісу і граматыкі. Правіламі 1933 карысталіся ў Савецкай Беларусі да 1957, калі СМ БССР прыняў пастанову «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага бел. правапісу», скарэкціраваўшы тагачасныя моўныя нормы.

У даваенны час падрыхтаваны і выдадзены лінгвістычныя працы Ц.​Ломцева, К.​Гурскага і інш., прысвечаныя фанетыцы, арфаграфіі, марфалогіі, сінтаксісу бел. мовы і скіраваныя на збліжэнне з правіламі і нормамі адпаведных раздзелаў рус. мовы. У 1937 выдадзены самы вялікі на той час перакладны «Руска-беларускі слоўнік» пад рэд. А.​Александровіча, які ўключаў 40 тыс. рэестравых слоў. Методыцы выкладання бел. мовы прысвечаны і працы Я.​Коласа. У 1930-я г. былі рэпрэсіраваны буйнейшыя бел. мовазнаўцы М.​Байкоў, П.​Бузук, І.​Воўк-Левановіч, М.​Гарэцкі, С.​Некрашэвіч, Б.​Тарашкевіч і інш., што разам з Вялікай Айчыннай вайной істотна прыпыніла развіццё бел. мовазнаўства, многія пытанні якога ў 1950-я г. пачалі распрацоўваць фактычна на новых навуковых прынцыпах.

У 1952 у АН Беларусі адноўлены Інстытут мовазнаўства (з 1956 імя Я.​Коласа), які быў адкрыты ў 1929, але ў 1935 рэфармаваны ў Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы. З адкрыццём спецыяльнай лінгвістычнай установы звязана разгорнутае навуковае апісанне бел. мовы на ўсіх яе ўзроўнях і па ўсіх раздзелах лінгвістыкі (фанетыка, марфалогія, словаўтварэнне, лексіка, сінтаксіс, фразеалогія, стылістыка), а таксама ў моўных разнавіднасцях (дыялекталогія, мастацкая літаратура, публіцыстыка, навука і інш.). Значныя вынікі атрыманы ў апісанні дыялектаў, за кошт якіх у вялікай ступені папоўніўся лексічны фонд бел. літаратурнай мовы. Вынікам сумеснай працы акадэмічных работнікаў і выкладчыкаў ВНУ стаў «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (т. 1—3, 1957—61), падручнікі і навучальныя дапаможнікі М.​Булахава, М.​Гурскага, М.​Жыдовіч, Ц.​Ломцева, М.​Марчанкі, Ю.​Мацкевіч, П.​Юргелевіча і інш. Найбольш значныя працы пасляваеннага перыяду — фундаментальныя акадэмічныя «Граматыка беларускай мовы» пад рэд. К.​Крапівы, М.​Булахава, П.​Шубы (т. 1—2, 1962—66), «Беларуская граматыка» пад рэд. М.​Бірылы і П.​Шубы (ч. 1—2, 1985—86), энцыклапедыя «Беларуская мова» пад рэд. А.​Міхневіча (1994, Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Грунтоўнай працай у галіне лінгвістыкі стаў «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963, Дзярж. прэмія СССР 1968) — першае поўнае лінгвагеаграфічнае апісанне адной з усходнеславянскіх моў, дзе налічваецца 338 лінгвістычных карт, паказана тэр. пашырэнне фанетычных (64 карты), акцэнталагічных (15), марфалагічных (115), сінтаксічных (21), лексічных (121) з’яў бел. гаворак. Лагічны працяг гэтай працы — «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» пад рэд. М.​Бірылы і Ю.​Мацкевіч (т. 1—5, 1993—98, Дзярж. прэмія Беларусі 2000), які складаецца з 1791 карты з паказаннем геаграфічнага размеркавання дыялектных лексем. У выглядзе рэгіянальных слоўнікаў надрукаваны лексічныя матэрыялы асобных гаворак Беларусі: «Дыялектны слоўнік» Ф.​Янкоўскага (в. 1—3, 1959—70), «Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» пад рэд. М.​Жыдовіч (в. 1—3, 1970—77), «Слоўнік беларускіх гаворак Паўночна-Заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—87), а таксама шматлікія выданні слоўнікаў дыялектнай лексікі М.​Абабуркі, І.​Бялькевіча, М.​Каспяровіча, Я.​Камароўскага і Е.​Мяцельскай, П.​Сцяцко, Л.​Шаталавай, М.​Шатэрніка, Г.​Юрчанкі, Р.​Яўсеева і інш. Істотным здабыткам бел. лексікаграфіі сталі кн. «Беларуская антрапанімія» М.​Бірылы (т. 1—3, 1966—82), 6 выпускаў слоўніка айконімаў Я.​Рапановіча, працы Я.​Адамовіча, В.​Жучкевіча, В.​Лемцюговай, А.​Мезенка, М.​Судніка, Г.​Усціновіч, І.​Яшкіна і інш.

У пасляваенны час рознымі выдавецтвамі апублікавана шмат перакладных слоўнікаў, у т. л. «Руска-беларускі слоўнік» пад рэд. Я.​Коласа, К.​Крапівы, П.​Глебкі (1953), «Беларуска-рускі слоўнік» пад рэд. К.​Крапівы (1962) з пазнейшымі дапоўненымі і дапрацаванымі перавыданнямі, «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэд. А.​Абрэмбскай-Яблонскай і М.​Бірылы (Варшава, 1962), «Украінска-беларускі слоўнік» В.​Лемцюговай (1980), «Беларуска-расейскі слоўнік» Я.​Станкевіча (Нью-Йорк, 1989), «Польска-беларускі слоўнік» пад рэд. Г.​Цыхуна (2004) і інш. Выдадзены «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» пад рэд. М.​Судніка і М.​Крыўко (1996), «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.​Бардовіча і Л.​Шакуна (1975, 2-е выд. 1989), «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» А.​Бардовіча, М.​Круталевіча і А.​Лукашанца (2000), «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.​Клышкі (1976, 2-е выд. 1993), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» І.​Лепешава (т. 1—2, 1993), «Слоўнік іншамоўных слоў» А.​Булыкі (т. 1—2, 1999), «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» С.​Грабчыкава (1994), «Частотны слоўнік беларускай мовы» Н.​Мажэйкі і Я.​Супруна (т. 1—5, 1976—92), а таксама «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.​Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Скарыны» У.​Анічэнкі (т. 1—3, 1977—94), слоўнікі эпітэтаў бел. мовы М.​Пазнякова (1988), Н.​Гаўрош (1998), «Слоўнік мовы «Нашай нівы» (у 5 т.; т. 1, 2003). Працягваецца праца над шматтомнымі «Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93), «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы» (вып. 1—21, 1982—2002), «Слоўнікам мовы Янкі Купалы» (т. 1—4, 1997—2002). У працы В.​Кіпеля і З.​Саўкі «Беларускія слоўнікі...» (2002) змешчаны звесткі пра больш як 2000 бел. лексікаграфічных выданняў. Важнае месца займаюць тэрміналагічныя слоўнікі (больш як 260 найменняў), большасць з якіх надрукаваны ў 1992—95 (каля 150). Самыя вялікія тэрміналагічныя выданні — «Руска-беларускі політэхнічны слоўнік» (у 2 т.; 1997—98, каля 157 000 рэестравых слоў), «Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі» (1994, каля 75 000 паняццяў), «Руска-беларускі слоўнік для вайскоўцаў» (1996, каля 30 000 загаловачных слоў).

Асобныя манаграфіі прысвечаны апісанню фанетыкі бел. мовы (М.​Бірыла, Л.​Вардамацкі, Л.​Выгонная, Я.​Івашуціч, А.​Крывіцкі, А.​Падлужны, Э.​Смулкова, В.​Чэкман, Ф.​Янкоўскі і інш.), сярод якіх вылучаецца грунтоўная калектыўная акадэмічная праца «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989, пад рэд. А.​Падлужнага). Даследаванне прыватных марфалагічных катэгорый прадстаўлена ў манаграфіях М.​Жыдовіч і А.​Наркевіча (назоўнік), М.​Булахава (прыметнік), Ю.​Мацкевіч (дзеяслоў), Т.​Сцяшковіч (займеннік), П.​Вярхова (лічэбнік), П.​Шубы (прыназоўнік, прыслоўе, дзеяслоў) і інш. Характарыстыка сінтаксісу бел. мовы выкладзена ў працах Л.​Бурака, А.​Міхневіча, А.​Наркевіча, Л.​Падгайскага, В.​Протчанкі, П.​Сцяцко, М.​Яўневіча і інш. Пытанні словаўтварэння разглядаюцца ў кнігах А.​Лукашанца, М.​Паўленкі, М.​Прыгодзіча, Л.​Шакуна і інш. Лексіка бел. мовы з дыяхранічнага пункту гледжання асветлена ў калектыўнай працы «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970), а таксама ў кнігах А.​Баханькова, М.​Булахава. Стан сучаснай бел. лексікі даследаваны ў кнізе «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (1994, пад рэд. А.​Баханькова). Пэўныя перыяды развіцця і функцыянавання лексікі бел. мовы адлюстраваны ў даследаваннях М.​Абабуркі, А.​Булыкі, В.​Краснея, М.​Крукоўскага і інш. Фразеалагічны матэрыял прадстаўлены ў шматлікіх слоўніках дыялектнага тыпу (М.​Даніловіч, Я.​Камароўскі і Е.​Мяцельская, Г.​Юрчанка, Ф.​Янкоўскі і інш.) і літаратурнага, у т.л перакладных (І.​Кісялёў, І.​Лепешаў, З.​Санько і інш.). Тэарэтычнай распрацоўцы праблем бел. фразеалогіі прысвечаны манаграфічныя даследаванні А.​Аксамітава, М.​Даніловіча, У.​Коваля, І.​Лепешава, Г.​Параскевіч, Ф.​Янкоўскага і інш.

Гісторыя бел. мовы, пачатак вывучэння якой звязаны з дзейнасцю Я.​Карскага, В.​Ластоўскага, Я.​Ваўка-Левановіча, якія асвятлялі пераважна перыяд старабел. пісьменства, даследавалася і замежнымі славістамі А.​Мартэлем, Х.​Стангам і інш. У 2-й пал. 20 ст. гісторыя бел. мовы разглядалася ў спецыяльных працах М.​Булахава, М.​Булыкі, Н.​Вайтовіч, А.​Груцы, А.​Жураўскага, І.​Крамко, У.​Свяжынскага і інш. З фундаментальных прац па гісторыі бел. літаратурнай мовы вылучаюцца кн. Л.​Шакуна «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (1963, 2-е выд. 1984, Дзярж. прэмія Беларусі 1986) і калектыўная «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» А.​Жураўскага, І.​Крамко, А.​Юрэвіч, А.​Яновіч (т. 1—2, 1967—68). Параўнальнаму і тыпалагічнаму даследаванню бел. мовы прысвечаны працы У.​Анічэнкі, К.​Гурскага, А.​Лукашанец, Б.​Плотнікава, А.​Супруна і інш.

У 1980—2000-я г. бел. лінгвісты даследуюць практычна ўсе значныя аспекты і раздзелы сучаснага мовазнаўства; вял. значэнне надаецца пытанням культуры мовы і стылістыкі, агульнага і слав. мовазнаўства. У галіне матэматычнай і прыкладной лінгвістыкі даследуюцца праблемы лінгвастатыстыкі (М.​Лясохін, К.​Лук’яненкаў, В.​Нешытой, Б.​Плотнікаў), семіялагічных аспектаў мовы (В.​Грыб, В.​Мартынаў, Б.​Плотнікаў), камп’ютэрнай апрацоўкі моўнай інфармацыі (А.​Зубаў, В.​Мартынаў, А.​Соўпель), камп’ютэрны аналіз і сінтэз вуснага маўлення (Б.​Лабанаў). Даследаванні бел. мовы ў камп’ютэрнай лінгвістыцы прывялі да стварэння практычна дзейных сістэм праграмавання па аўтаматычным перакладзе дзелавых тэкстаў з рус. мовы на бел. (Б.​Плотнікаў, А.​Соўпель) і інш. відаў электроннай апрацоўкі тэкстаў, да складання праграм праверкі бел. арфаграфіі (У.​Вараб’ёў), напісання электронных слоўнікаў бел. мовы (А.​Дабралюбаў), распрацоўкі інфармацыйных тэхналогій па стварэнні машыннага корпуса сучаснай бел. мовы (У.​Кошчанка), энцыклапедый і падручнікаў бел. мовы (М.​А.​Ярмаш) і інш.

У наш час лінгвістычныя даследаванні праводзяцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. пед. універсітэце, Мінскім лінгвістычным універсітэце, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Гомельскім і Гродзенскім універсітэтах і інш. Дзейнічае Бел. асацыяцыя камунікатыўнай лінгвістыкі, якая выдае штогоднік «Палілог». Выходзіць навуковы штогоднік Інстытута мовазнаўства Нац. АН Беларусі «Беларуская лінгвістыка», навуковыя «Веснікі» універсітэтаў і інш. Бел. мовазнаўцы ўдзельнічаюць у міжнар. навуковых канферэнцыях і з’ездах славістаў, у рэалізацыі міжнар. праекта па стварэнні «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» і г.д.

Літ.:

Жураўскі А.І., Крывіцкі А.А. Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускага мовазнаўства. Мн., 1995;

Плотнікаў Б.А. Кароткая гісторыя беларускай мовы і мовазнаўства. Мн., 2002;

Беларуская мова: Інтэрнет і камп’ютэр. Мн., 2002;

Плотнікаў Б.А., Антанюк Л.А. Беларуская мова: Лінгв. кампендыум. Мн., 2003;

Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. давед. Т. 1—3. Мн., 1967—93.

Б.​А.​Плотнікаў.

«Грамматіки Славенския правилное Синтагма» М.​Сматрыцкага. Вільня. 1619.

т. 18, кн. 2, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

уча́стак, ‑тка, м.

1. Зямельная плошча, адведзеная для якога‑н. выкарыстання або вылучаная на аснове якіх‑н. прымет; дзялянка. Прысядзібны ўчастак. □ Усе дваццаць гектараў школьнай зямлі разбіты на маленькія доследныя ўчасткі. Пальчэўскі. Дасталіся Захару Іванавічу найбольш запушчаныя ўчасткі зямлі, горшае цягло, горшы інвентар. Кулакоўскі. // Частка паверхні чаго‑н. Пашкоджаны ўчастак скуры. // Адрэзак чаго‑н., які мае прасторавую працягласць. Участак дарогі. Сортавыпрабавальны ўчастак. □ Рака цякла з усходу на захад, і мы пайшлі па ёй, абходзячы па беразе незамёрзлыя ўчасткі. Шамякін.

2. Частка фронту, якая з’яўляецца месцам дзеяння якой‑н. вайсковай адзінкі. Загрукатаў бой. На ўчастку стралковага палка падпалкоўнік Г. Юлдашава ворагу ўдалося ўклініцца ў нашу абарону. «Звязда».

3. Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае або вытворчае падраздзяленне, якое ўтвараецца з пэўнай мэтай. Выбарчы ўчастак. Фармовачны ўчастак цэха. □ Марыя Хведараўна прыняла Палеткаўскі ўрачэбны ўчастак і рабіла аб’езд вёсак. Марціновіч. Камуністы станавіліся душою кожнай брыгады, участка, усяе будоўлі. Па іх раўнялася моладзь, за імі ішлі ўсе нафтабудаўніцы. Грахоўскі.

4. Галіна, сфера якой‑н. дзейнасці. Партыя і камсамол накіроўвалі.. [Галавача] на самыя адказныя ўчасткі работы. Хведаровіч.

5. Аддзяленне паліцыі ў дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама будынак, у якім размяшчалася такая ўстанова. Паліцэйскі ўчастак. □ Па вёсках спешна будаваліся паліцэйскія ўчасткі-пастарункі, па гарадах і мястэчках — гарнізонныя казармы. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Няве́ста ’дзяўчына, якая збіраецца пайсці замуж; жанчына ў час вяселля’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Пятк. 2), ’акрамя звычайнага значэння наогул, таксама нестарая жанчына’ (Нас.), ’нявестка, жонка сына ў адносінах да яго бацькоў’ (Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.), неві́ста ’тс’ (Булг.), няве́стка ’тс’ (Бяльк., Сцяшк., Касп., Сл. ПЗБ), неве́стка, нэві͡естка ’тс’ (Маш., ТС, Бесар.), укр. неві́ста ’жонка’, невістка ’жонка сына’, рус. неве́ста ’нявеста, маладая, замужняя жанчына ў першы год пасля вяселля’, няве́стка ’жонка сына’, польск. niewiasta ’жанчына’, чэш. nevěsta ’нявеста, нявестка’, славац. nevesta ’тс’, в.-, н.-луж. njewjesta ’нявеста, дзяўчына ў час вяселля’, славен. nevésta ’тс’, серб.-харв. нѐвјеста ’нявеста, нявестка’, макед. невеста ’нявеста (у дзень вяселля); маладзіца; нявестка’, балг. невя́ста ’нявеста, маладзіца’. Прасл. *nevěsta ’нявеста, дзяўчына на выданні’, найбольш верагодная версія: з *ne і *vědati (гл. ве́даць), г. зн. ’невядомая’, што лічыцца табуізаванай назвай (< і.-е. *neu̯oidta ’тс’), або да *vesti (гл. вадзіць весці) (< і.-е. *neu̯ou̯edta з і.-е. *neu‑ ’новы’ + *u̯ed(‑h), ’вясці, браць замуж’), гл. Фасмер, 3, 54–55 (з літ-рай). Паводле Ю. Сцяпанава (Revue roumaine de linguistique, 20, 1975, 417–419), вынік кантамінацыі названых слоў. Параўн. таксама Ондруш, Slavica Slovaca, 20, 1975; Шаўр, Přibuz., 17, 60; Макоўскі, Мир слов и знач., 137; Жалезнікер, Studien zum i.-g. Wortschatz. Innsbruck, 1987, 245–248. Гл. таксама нявесна, нявехна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карэ́ц 1 ’коўш, кубак, конаўка’, укр. корець ’мера сыпкіх цел; коўш, кубак’, рус. корец ’коўш, тара з бяросты, мера зерня’, ст.-чэш. kořec ’сасуд для сыпкіх цел’, славац. korec ’мера зерня’, ст.-польск. korzec ’тс’, ’сто літраў’, ст.-слав. корьць ’мера’, балг. коръц ’драўляная пасуда для збору вінаграду’, серб.-харв. ко̀рац ’кадачка’. Слова яўна старажытнае, узыходзіць да прасл. korьcь. Найбольш верагодная этымалогія, як здаецца, зводзіцца да паходжання ад кара. Але словаўтваральны бок выклікае сумненні (Бернекер, 580). Спасылка на gъrnьcь (Трубачоў, Эт. сл., 11. 129) не пераконвае (gъrnьcь — Nomen deminutivum ад gъrnъ, якое само азначае ’сасуд’). Да таго ж існуюць і іншыя значэнні для карэц, якія не ўкладаюцца ў гэту схему (гл. карэц 2). Больш пераканаўчым нам здаецца версія аб запазычанні і міграцыі гэтага тэрміна (Махэк₂, 277). Маецца на ўвазе ст.-грэч. κόρος ’мера’, лац. corus ’мера’, магчыма, вандроўны тэрмін. Напрамак запазычання удакладніць цяжка (Параўн. яшчэ Скок, 2, 150).

Карэ́ц 2 ’калодка з адтулінай у верхнім камяні жорнаў’ (Сл. паўн.-зах.), рус. карец ’тс’, ст.-рус. корьць ’млынавы коўш, скрынка над жорнамі, адкуль сыплецца зерне’. Апошняе значэнне сведчыць аб сувязі па паходжанню з карэц 1 і таксама аб далёкай ад кара́ (гл.) семантыцы. Агульнай семай для ўсіх значэнняў з’яўляецца ’мера’.

Карэ́ц 3 ’ручка касы’ (БДА). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Муды́ (мн. л.) ’машонка’ (астрав.), ’мужчынскія палавыя органы’ (мядз., Сл. ПЗБ), укр. мудо, рус. муде́, мудо́, му́ди, польск. mąda, mądzie, н.-, в.-луж. mud, палаб. mǫda, чэш. moud, moudí, мар. mudy, славац. muď, mudie, славен. módo, móda, рэзьянск. múda, серб.-харв. му́до, му́да, макед. маде, балг. мъдо́, ц.-слав. мѫдо, мѫдѣ. Прасл. mǫdo, і.-е. адпаведнікі якога дакладна не вызначаны. Фасмер (2, 669) лічыць няпэўным варыянт з насавым да ст.-грэч. μέδεα, μήδεα, μέζεα ’сараматныя часткі цела’, якія з *med‑do, да с.-ірл. mess (< med‑tu) ’жолуд’, блізкімі да лац. madēre ’сачыцца, быць мокрым’, ст.-грэч. μαδάω ’расцякацца, выпадаць’, а таксама адвяргае дапушчэнні Уленбека (211), Мацэнаўэра (LF, 11, 173–174). Петэрсан (RS, 8, 30) выводзіць *mun‑do з *meu‑/*mou‑ ’нешта набрынялае’. Скок (2, 476) дапускае роднаснасць прасл. mǫdo з дарымскім альпійскім словам mandius, якое ў рум. мове дало mînz ’жарабя’, італ. manzo, алб. mëzat ’бычок’, ням. (без суфікса ‑i̯o) Mann. Найбольш імаверным з’яўляецца суаднясенне прасл. лексемы з лац. mentula ’membrum virile’ (Махэк₂, 376), а таксама з лац. muttō, mūtō ’тс’, у якіх ‑tt‑ > ‑unt‑ > ‑ǫt‑. Трубачоў (История терм., 43) выводзіць прасл. mǫ‑do, ст.-слав. мѫдо з і.-е. *măn ’мужчына, муж’, Лурыя (SsiCL, 11, 1960, 553–560) збліжае mǫdo і mǫdrъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)